×

Юбілей у коле сяброў

16.12.2019 15:19,

Расонская сярэдняя школа імя П.М.Машэрава 14 студзеня адсвяткавала 150-годдзе.

Установа адукацыі — сярод старэйшых у Беларусі. Свой летапіс яна адлічвае з 1869 года. У 1870 годзе на базе царкоўнапрыходскага было адкрыта жаночае народнае вучылішча, а ў 1924 годзе пачатковая школа пераўтварылася ў школу моладзі для сялян. Першы выпуск сярэдняй школы адбыўся ў 1937 годзе. З 1939 года ў школе працаваў настаўнікам Пётр Машэраў. Са жніўня 1941 года ў Расонах пачала сваю дзейнасць падпольная патрыятычная група, якую ўзначаліў Пётр Міронавіч. У 1971 годзе ўведзены ў строй сучасны школьны будынак. Пастановай Савета Міністраў Беларускай ССР ад 5 студзеня 1981 года № 11 Расонскай сярэдняй школе было прысвоена імя П.М.Машэрава. Са знамянальнай датай землякоў павіншавала дачка Героя Наталля Пятроўна. “Школа з’яўляецца сапраўдным сімвалам вялікай гісторыі нашай Беларусі, — гаворыцца ў віншавальным лісце. — Гэта шчасце, што імя Пятра Міронавіча Машэрава моцна звязана з расонскай зямлёй. Тут вызначыліся лёс і жыццёвы шлях Машэрава, які працаваў для свайго народа і які аддаў жыццё ў імя будучыні нашай краіны. Вы працягваеце і развіваеце вялікую ідэю майго бацькі. П.М.Машэраў завяшчаў любіць сваю зямлю, захапляўся таленавітым беларускім народам, паважаў чалавека і верыў у стваральны патэнцыял кожнага, бачыў Беларусь высокаразвітой, духоўна і інтэлектуальна багатай краінай, паважанай ва ўсім свеце. Ваш таленавіты педагагічны калектыў на працягу многіх гадоў і сёння ў поўнай меры рэалізоўвае гэтыя цудоўныя мэты. Мы верым у вашу будучыню! Гэта і ёсць будучыня Беларусі!” У ліку тысяч беларусаў, каму школа дала надзейную пуцёўку ў жыццё, — настаўнікі, урачы, інжынеры, афіцэры, кандыдаты навук. За апошнія 30 гадоў з залатымі і сярэбранымі медалямі школу скончылі 139 выпускнікоў.

Ганаровымі гасцямі ўрачыстасці, што праходзіла ў раённым Доме культуры, сталі старшыні Расонскага райвыканкама Уладзімір Быкаў і Расонскага раённага Савета дэпутатаў Генадзь Фёдараў, галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Алена Сенчанка, ваенны камісар Полацкага, Расонскага раёнаў і Наваполацка палкоўнік Аляксандр Скальзаеў, старшыня грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз афіцэраў” Віцебскай вобласці, капітан II рангу Сяргей Дзянісаў, кіруючыя работнікі і спецыялісты раённых органаў дзяржаўнай улады, прадстаўнікі ўстаноў адукацыi краіны, якім прысвоена імя Героя Савецкага Саюза, Героя Сацыялістычнай Працы П.М.Машэрава: Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта, Брэсцкага абласнога ліцэя і сярэдняй школы № 137 Мінска, грамадскіх арганізацый і працоўных калектываў раёна, а таксама педагогі, ветэраны педагагічнай працы і выпускнікі школы. Незвычайны старт святу далі незвычайныя навучэнцы школы: права падаць званок да пачатку ўрачыстага вечара было дадзена тым, хто падаваў першыя званкі 1 Верасня на працягу апошніх 11 гадоў.  Гаспадары падрыхтавалі цудоўную канцэртную праграму з яркімі творчымі выступленнямі дзіцячых самадзейных калектываў, педагогаў і выпускнікоў. На працягу некалькіх гадзін са сцэны гучалі віншаванні і шчырыя словы падзякі школе-юбіляру. Ад імя міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Алена Сенчанка ўручыла калектыву сертыфікат на два новыя мультыборды.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.