×

Юныя навукоўцы

10.06.2019 14:40,

2018/2019 навучальны год для вучняў і настаўнікаў Бароўскай сярэдняй школы Лепельскага раёна Віцебскай вобласці значны рознымі падзеямі. Так, сёлета тут адзначаць 10 гадоў работы ў міжнародным праекце “Літаратурная творчасць у сістэме сацыякультурнага развіцця асобы школьнікаў 7—12 гадоў”.

Чарговы раз да беларускіх школьнікаў завіталі прадстаўнікі міжнароднага літаратурнага праекта. Куратар нашай установы ў праекце Ліна Віктараўна Янсан прывезла дыпломы і ганаровыя граматы вучням і настаўнікам за ўдзел у чарговай навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай экалагічнаму выхаванню, а таксама ў сувязі з 10-годдзем праекта. А напярэдадні прыйшлі дыпломы вучням 3 “Б” класа і іх бацькам, класнаму кіраўніку А.В.Яраслаўцавай за актыўны ўдзел ва ўсерасійскім праекце “Читающая мама — читающая страна”.

Ва ўстанове адукацыі прайшло пасяджэнне круглага стала “Дзесяць гадоў разам”, падчас якога Л.В.Янсан прэзентавала новы зборнік навукова-метадычных артыкулаў і метадычных распрацовак “Экалагічнае выхаванне дзяцей і падлеткаў: партнёрства школ і бібліятэк”, выпушчанага пад рэдакцыяй навуковага кіраўніка міжнароднага літаратурнага праекта прафесара Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага інстытута культуры Г.У.Варганавай.

У зборніку разглядаюцца актуальныя пытанні экалагічнай адукацыі і выхавання школьнікаў. Шматаспектныя праблемы выхаваўчай дзейнасці і шляхі іх вырашэння прадстаўлены ў артыкулах педагогаў школ і выкладчыкаў вышэйшых навучальных устаноў Расіі і Беларусі. Так, у выданні  змешчаны артыкулы дырэктара Бароўскай сярэдняй школы Д.А.Мысінай  “Фарміраванне экалагічнай дасведчанасці вучняў у дзяржаўнай установе адукацыі Рэспублікі Беларусь” і Ж.Ю.Мікулёнак, намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце, — “Фарміраванне асноў экалагічнай культуры вучняў пачатковых класаў”. Педагогі атрымалі асабістыя падзякі ад куратара праек­та і дыпломы ўдзельнікаў навукова-практычнай канферэнцыі.

Творчыя работы вучняў 2—4 класаў Бароўскай сярэдняй школы пастаянна з 2007 года друкуюцца на старонках сайта літаратурнага праекта http://www.child.kodeks.ru. На гэтыя работы прыхо­дзяць водгукі ад расійскіх дзіцячых пісьменнікаў. Чарговы раз Віталь Белавусаў, член Саюза пісьменнікаў Расіі, падзякаваў школьнікам за ўдзел у праек­це, адзначыў творчыя работы вучняў 3 “Б” класа: Эльдара Бондала, Дашы Рэут, Насці Галай, Івана Калауса. Ён успамінае тыя гады, калі яму пашчасціла пабываць у Беларусі, калі адбываў тэрміновую службу, наведваў Бярэзінскі запаведнік. Пісьменнік спадзяецца на далейшыя зносіны з беларускімі хлопчыкамі і дзяўчынкамі.

У снежні выйшаў 12-ы нумар дзіцячага часопіса “Чытайка”, выдавецтва “Руская школьная бібліятэка”, пры падтрымцы асацыяцыі “Растим читателя”, на старонках якога ў рубрыцы “Ствараем казкі самі” былі размешчаны работы вучняў пачатковых класаў Аляксандры Цар і Маргарыты Сямілетавай. Створаныя нашымі вучнямі казкі адзначаны дыпломамі міжнароднага праекта, падчас уганаравання дыпламанты конкурсу атрымалі дыпломы і памятныя падарункі — кнігі.

Творчая дзейнасць вучняў працягваецца. Наперадзе ўдзельнікаў праек­та чакаюць новыя конкурсы. У гэтым годзе працуе дзіцячае аб’яднанне па інтарэсах “Літаратурная гасцёўня”, дзе вучні 3—4 класаў разам са сваім кіраўніком А.В.Яраслаўцавай вучацца складаць казкі, вершаваныя і празаічныя творы, а таксама аналізаваць творы дзіцячых пісьменнікаў, пісаць на іх водгукі. А для гэтага ў школе створаны ўсе ўмовы.

Жанна МІКУЛЁНАК,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Бароўскай сярэдняй школы Лепельскага раёна.