×

З любоўю да малой радзімы...

06.07.2019 14:55,

Абласная краязнаўчая навукова-практычная канферэнцыя “Задзвінскія чытанні” штогод праходзіць у адным з самых адметных месцаў Віцебска — на тэрыторыі Задзвіння, слаўнага сваёй гісторыяй, зусім недалёка ад сярэдняй школы № 21, дзе размешчаны рэдкія кварталы таго старога Віцебска, якія назаўсёды запомніў Марк Шагал і з бясконцай любоўю адлюстроўваў практычна на ўсіх сваіх палотнах. Любоўю да роднага краю, да яго гісторыі былі напоўнены навукова-даследчыя работы юных краязнаўцаў. У канферэнцыі прымаюць удзел навучэнцы 6—11 класаў школ і гімназій вобласці, а таксама студэнты і магістранты гістарычнага факультэта ВДУ імя П.М.Машэрава.


Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Генадзь Міхайлавіч Ягораў і дырэктар сярэдняй школы № 21 Віцебска Сяргей Юр’евіч Зыбiн.

Краязнаўчая канферэнцыя “Задзвінскія чытанні” была задумана 4 гады назад сумесна гістарычным факультэтам Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава і сярэдняй школай № 21 Віцебска. З таго часу з невялікай раённай канферэнцыі “Задзвінскія чытанні” ператварыліся ў буйное абласное мерапрыемства, на якое з’язджаецца моладзь з розных куткоў Віцебшчыны. Членамі журы выступаюць вядомыя эксперты ў галіне гісторыі, краязнаўства, музеязнаўства, архіўнай справы і педагогікі. Сёлетнюю канферэнцыю ўрачыста адкрыў начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Генадзь Ягораў. Ён падкрэсліў важнасць правядзення падобных мерапрыемстваў.

— Краязнаўчая канферэнцыя “Задзвінскія чытанні” — выдатны прыклад ініцыятывы неабыякавых да сваёй малой радзімы людзей, — сказаў у прывітальным слове Генадзь Міхайлавіч. — Прыемна бачыць столькі захопленых маладых людзей, якія цікавяцца гісторыяй і краязнаўствам. Вы сапраўдныя патрыёты!

Акрамя абароны навуковых работ, канферэнцыя “Задзвінскія чытанні” ўключае і займальную практычную частку, асабліва цікавую для юных даследчыкаў: у розныя гады навучэнцы маглі паўдзельнічаць у майстар-класах, якія праводзілі такія вядомыя краязнаўцы, як Аркадзь Падліпскі, Вітольд Ермалёнак, Віктар Барысенка. Гасцямі канферэнцыі станавіліся члены клубаў гістарычнай рэканструкцыі і пошукавых клубаў. IV Задзвінскія чытанні не сталі ў гэтым сэнсе выключэннем: удзельнікаў чакаў захапляльны майстар-клас ад вядомага віцебскага краязнаўца і музеязнаўца Тамары Марчык пад назвай “Музейныя артэфакты”, а таксама краязнаўчы квест “Партызанскімі сцежкамі” ад абласнога музея Героя Савецкага Саюза М.Ф.Шмырова. Канферэнцыя аб’яднала 100 юных краязнаўцаў, і тэматыка іх даследаванняў уражвала разнастайнасцю: “Азярцы: ад панскага маёнтка да аграгарадка”, “Альгердаў тракт: міф або рэальнасць?”, “Першы трактар у пасляваеннай Глыбоччыне”, “Культуралагічная мадэль Віцебска ў паэзіі Давіда Сімановіча”... Вядома, напярэдадні 75-годдзя вызвалення Беларусі, юныя даследчыкі не маглі абмінуць тэму Вялікай Айчыннай вайны — многія працы былі прысвечаны подзвігу савецкага народа, які самааддана змагаўся з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Журы прыйшлося няпроста, паколькі ўсе работы былі па-свойму цікавыя, вельмі цяжка было аддаць камусьці перавагу. Бясспрэчнымі фаварытамі канферэнцыі, на думку журы, сталі ўдзель­нікі, якія прадставілі наступныя даследаванні: “Узнікненне і развіццё пасажырскага параходства па рацэ Заходняя Дзвіна ў віцебскім рэгіёне ў канцы XIX ст. — 20-я гг. XX ст.” (сярэдняя школа № 2 Віцебска), “Гісторыя жыцця і подзвігу аршанца Г.Савіцкага” (гімназія № 1 Оршы), “Тапонімы месцаў баёў на кірунку галоўнага ўдару Нарацкай наступальнай аперацыі ў сакавіку 1916 года пад Паставамі” (сярэдняя школа № 1 Полацка). Са­праўды, “Задзвінскія чытанні” аб’ядноўваюць вакол сябе таленавітых і захопленых людзей, неабыякавых да гісторыі сваёй роднай зямлі, і, напэўна, таму гэтая канферэнцыя заўсёды праходзіць у сяброўскай і даверлiвай атмасферы.

Алена КУТОЎСКАЯ,
настаўніца гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 21 Віцебска.
Фота аўтара.