×

Замежная мова — Году малой радзімы

11.05.2019 15:11,

Ёсць меркаванне, што замежная мова жыве і існуе сама па сабе, а родная, беларуская, аўтаномная і што так званая канкурэнцыя паміж імі відавочна не на карысць нашай мове. Нам, настаўнікам, вельмі хочацца паказаць сваім вучням: з дапамогай замежнай мовы яны і роднай авалодаюць лепш, і выхаваюць у сабе рысы полікультурнай асобы. Канцэпцыя вучэбнага прадмета “Замежная мова” ставіць перад педагогамі задачу выключыць магчымасць негатыўнага ўплыву на працэс нацыянальнай самаідэнтыфікацыі і культурнага самавызначэння навучэнцаў і павысіць іх гатоўнасць да асабістай і прафесійнай самарэалізацыі праз выкарыстанне замежнай мовы нароўні з роднай у якасці матэрыяльнай формы мыслення.

Год малой радзімы прымусіў нас асабліва глыбока задумацца над вырашэннем задачы сацыякультурнага развіцця асобы навучэнца. Як зрабіць так, каб успрыманне iншага ў яго непадобнасці ішло праз пазнанне каштоўнасцей новай культуры ў дыялогу з нацыянальнай, а супастаўленне мовы, якая вывучаецца, з роднай і культуры гэтай мовы — са сваёй, традыцыйнай? Існуе мноства апрабаваных форм і метадаў для вырашэння такой задачы. У нашай гімназіі гэта тыдзень замежных моў, мэтамі якога з’яўляюцца выхаванне ў навучэнцаў адкрытасці ў дачыненні да іншых культур, разумення і павагі да традыцый, каштоўнасцей іншых народаў, гатоўнасці да дыялогу культур; развіццё творчых здольнасцей у пазаўрочнай дзейнасці.

У бягучым навучальным годзе мы прысвяцілі мерапрыемствы тыдня Году малой радзімы. Любоўю да кутка зямлі, дзе мы нарадзіліся і жывём, былі прасякнуты разме­шчаныя на інфармацыйным стэндзе фотаздымкі, артыкулы гімназістаў і настаўнікаў пра гісторыю, культуру, традыцыі роднага краю, акцыя “З любоўю да малой радзімы”, конкурс відэаролікаў пра родны Браслаў. Хоць падзеі апісваліся на замежных мовах, але гаворка ішла пра сваё, глыбока асабістае і дарагое: пра любую бабулю, якая навучыла дабрыні і міласэрнасці, пра альма-матар — гімназію, пра бязмежную прыгажосць Браслаўшчыны. Усё гэта будзе ў памяці на працягу жыцця, куды б лёс ні закінуў...

Нават тэмы адкрытых урокаў, на якія настаўнікі замежнай мовы запрашалі сваіх калег, сведчылі пра аб’яднанне замежнага і нацыянальнага: “Беларусь — рай для турыстаў”, “Выбар прафесій. Прафесія мары для амерыканца і беларуса”, “Праблемы навакольнага асяроддзя ў Вялікабрытаніі і Беларусі”, “Нямецкія і беларускія запаведнікі”. Тыдзень стаў для ўсіх удзельнікаў не толькі добрай традыцыяй, але і пошукам новага. Адраджаць старыя традыцыі сродкамі замежнай мовы цяжэй, аднак і значна цікавей. Мы вырашылі пачац­ь з вывучэння, здавалася б, добра вядомых мясцін, фактаў, па­дзей з жыцця нашага горада. Навучэнцы 7 класа арганізавалі падчас урока-экскурсіі фотапаляванне на славутасці, амерыканскі варыянт гульні Scavenger Hunt, якую я падгледзела ў ЗША, калі ўдзельнічала ў якасці ментара групы беларускіх навучэнцаў у адукацыйнай праграме маладзёжнага лідарства, арганізаванай Дзярждэпартаментам ЗША і Пасольствам ЗША ў Беларусі. Сутнасць гульні ў тым, каб не толькі сфатаграфавацца ў месцах горада, пазначаных у заданні, але і знайсці незвычайны ракурс, паглядзець на яго з новага, непрывычнага боку. Ды і само заданне ў гэтай гульні схавана і патрабуе пэўных ведаў. Напрыклад, заданні знайсці і сфатаграфавацца там, адкуль пачынаўся Браслаў, каля сімвала Беларусі або героя пушкінскай казкі, каля браслаўскага Галівуда толькі на першы погляд здаюцца простымі. На справе навучэнцам трэба было спачатку здагадацца, што гэта за месца, зрабіць каля яго групавое фота ці відэа з кароткім апісаннем і інфармацыяй аб славутасці, а затым прэзентаваць вынікі фотапалявання ўсяму класу. Цікавасць да праекта расце па меры ўскладнення заданняў, а пры дзяленні класа на 2 групы дадаецца спаборніцкі элемент. Акрамя ўрокаў-экскурсій па тэме “Горад”, гэты прыём я выкарыстоўваю падчас правядзення экскурсій для замежных гасцей.

У рамках тыдня мы правялі конкурсы аратараў, гідаў, рэдактараў. Адной з пераможцаў у намінацыі “Гід” па тэме “Нацыянальны касцюм” стала работа “Параўнанне беларускага і амерыканскага нацыянальных касцюмаў” выпускніцы гімназіі Алены Волкавай. Дзяўчына звярнулася да гэтай тэмы дзякуючы сваёй захопленасці беларускай і англійскай мовамі. Алена звязалася з выкладчыцай з ЗША Кэйці Субра, якая працавала ў Беларусі па адукацыйнай праграме “Фулбрайт” і неаднаразова наведвала нашу гімназію, вывучыла дасланыя амерыканкай матэрыялы, а таксама матэрыялы мясцовага музея традыцыйнай культуры. Работа з нацыянальным і замежным кампанентамі дазволіла выпускніцы зрабіць простую выснову: уся гісторыя чалавецтва, у тым ліку гісторыя нацыянальнага касцюма, вучыць нас талерантным адносінам да іншых народаў і культур. Глыбокая і шчырая цікавасць Алены да тэмы была адзначана і пазней — на раённым этапе фестывалю міжкультурных камунікацый (1-е месца). Яшчэ адзін напрамак работы ў гімназіі, у якім мы фарміруем дыялог культур, — даследчая дзейнасць нашых вучняў. Група выпускніц (Аляксандра Ціхан, Ангеліна Шакель, Алена Волкава) ужо на працягу чатырох гадоў працуе над тэмамі, якія звязваюць культуру Беларусі з культурай англамоўных краін: “Рэклама ў амерыканскіх і беларускіх школах. Неабходнасц­ь ці шкода?”, “Асаблівасці англійскай, рускай і беларускай моў: моўныя адрозненні і падабенствы”. У нядаўнім даследаванні навучэнкі абгрунтавалі меркаванне, што пры ўсіх сваіх адрозненнях і асаблівасцях англійская, руская і беларуская мовы маюць шмат агульнага, асабліва ў лексічным пласце і ў агульнай структуры мовы. Лінгвістычныя асаблівасці трох моў тлумачацца асаблівасцямі кантэксту, у якім яны развіваліся, — гістарычным, геаграфічным, сацыякультурным. Напрыклад, для абазначэння паняцця “балота” дзяўчаты знайшлі 20 слоў у беларускай, 13 слоў — у англійскай і 8 слоў — у рускай мове. Гімназісткі адзначылі, што мы часта працуем з мовамі, не параўноўваючы іх, не выкарыстоўваючы міжпрадметныя веды па геаграфіі, гісторыі, грамадазнаўстве — гэта значыць не бачым агульнай моўнай карціны свету, што прыводзіць да цяжкасцей у вывучэнні і роднай, і англійскай мовы. Як вынік, акрамя пераадолення моўных цяжкасцей, мы трацім значна больш часу на вывучэнне мовы. Юныя даследчыцы прыйшлі да высновы: мы павінны вывучаць мову, гісторыю і культуру краіны, каб лепш разумець яе людзей, яе мінулае і будучыню.

Вынікам тыдня замежных моў стала ідэя стварыць “Кнігу ўспамінаў пра горад” на трох мовах. Мы плануем сабраць успаміны пра Браслаў, пра яго жыхароў і гасцей, у тым ліку замежных, пра гараджан-старажылаў, а таксама пра гімназію і яе выпускнікоў.

Праект запушчаны, лісты-ўспаміны ідуць з розных куткоў свету — Беларусі, Германіі, Польшчы, ЗША, ад нашых выпускнікоў і амерыканскіх выкладчыкаў, якія бывалі ў Браславе, давалі ўрокі, праводзілі семінары, любаваліся прыгажосцю нашага краю, удзельнічалі ў веласіпедных турах па ім. Да кнігі будзе створаны аўдыядадатак тэкстаў на англійскай мове, які ўзяліся начытаць нашы замежныя сябры. Хочацца, каб цяперашняе пакаленне навучэнцаў гімназіі бачыла, як шануюць іх родны край у Беларусі і за яе межамі, каб гэтая любоў да малой радзімы перадавалася з пакалення ў пакаленне.

Мая ДАРОНІНА,
настаўніца англійскай мовы, кіраўнік метадычнага аб’яднання настаўнікаў замежных моў Браслаўскай гімназіі, настаўнік-метадыст.