×

Змяніць да лепшага — у нашых сілах

29.08.2019 11:37,

Тыднёвы марафон добрых спраў “Малая радзіма. Будзь карысным!” прайшоў у Полацку. Арганізатарамі праекта выступілі Полацкі раённы камітэт БРСМ і Полацкі раённы цэнтр дзяцей і моладзі.

Як патлумачыла першы сакратар камітэта Ганна Сярко, марафон быў нацэлены на далучэнне моладзі горада да розных карысных відаў дзейнасці. Старт адбыўся пад дэвізам “#ЗаДело”: актывісты БРСМ добраўпарадкавалі клумбы на алеі Памяці і на тэрыторыі кургана Бессмяротнасці ў мікрараёне Марыненка.

У другі дзень маладыя палачане прынялі ўдзел у спартыўных мерапрыемствах і ўнікальным квесце на тэму здаровага ладу жыцця. У “Дзень дабра” моладзь актыўна ўключылася ў правядзенне дабрачыннай акцыі “У школу з добрым сэрцам”. Сабраныя школьныя і канцылярскія прылады будуць перададзены дзецям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, якія займаюцца ў гуртках раённага цэнтра дзяцей і моладзі. Яркімі і запамінальнымі атрымаліся акцыі “Чытаю я — чытае ўся сям’я”, “Пажаданне дня”, наведванне ветэранаў і інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны.

— Вельмі хочацца, каб маладое пакаленне ведала, якой цаной нам дастаўся мір, любіла сваю малую радзіму і рабіла ўсё магчымае для яе росквіту, — падкрэсліла Ганна Сярко. — Нашым праектам мы хочам расказаць, які цудоўны родны горад, паказаць, што мы разам адказныя за падзеі ў нашым двары, мікрараёне, горадзе, а галоўнае, менавіта ў нашых сілах мяняць усё да лепшага.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлены Полацкім раённым цэнтрам дзяцей і моладзі.