×

Знаёмы, новы, непаўторны

23.05.2019 11:51,

Уразілі майстэрствам навучэнцаў і іх выкладчыкаў, здзівілі выступленнямі юных артыстаў, дапамаглі сарыентавацца з выбарам будучай прафесіі, супаставілі і параўналі вынікі работы, атрымалі важкі матэрыяльны прыбытак і падарылі цудоўны настрой: у Віцебску з нязменным поспехам прайшла выстава-продаж вырабаў устаноў адукацыі вобласці.

Хто не быў на “Вясновым карагодзе”, той не можа сказаць пра сябе, што ён ведае Віцебшчыну. Традыцыйная выстава-продаж ніколі не абыходзіцца без адкрыццяў, і сёлета яна поўнасцю апраўдала спадзяванні. З раніцы да пляцоўкі каля Палаца спорту падцягваліся пакупнікі — а прадаўцы ўсё ж іх апярэдзілі: зрабілі прывабную выкладку тавараў, аформілі гандлёвыя рады, палаткі і фотазоны. З усіх бакоў загучалі музыка і спевы, выйшлі забаўляць народ скамарохі і аніматары. І пачалося…

Вясна парадавала добрым надвор’ем: цёплая, сонечная радасць панавала навокал, свяцілася яна і ў вачах гаспадароў, гасцей выставы-продажу. Без пакупак з “Карагоду” не выйшаў ніводзін. Людзі спяшаліся набыць расаду, садовы інвентар, керамічны посуд. Хтосьці ўпадабаў мангал для загараднага адпачынку, хтосьці прыладкаваўся да чаргі ля машын з бульбай, агароднінай і насеннем, хтосьці захоплена ахаў ля моднай калекцыі адзення. Інакш і быць не магло: пры дэмакратычных цэнніках усе тавары, вырабленыя ва ўстановах адукацыі, заўсёды адрозніваюцца высокай якасцю. Практычна да ўсіх сувеніраў, мэблі, абутку, галантарэі, адзення падыходзяць эпітэты “арыгінальны”, “эксклюзіўны” і “ўнікальны” — нават у вядомых шоу-румах не факт, што падобнае сустрэнеш. Многія ­наведвальнікі, асабліва моладзь, далучыліся да майстар-класаў, якія праводзілі навучэнцы. Натаміўшыся, побач можна было падсілкавацца смачнай выпечкай, знакамітай відзаў­скай юшкай, духмяным шашлыком ці дранікамі, пратэсціраваць прадукцыю на шматлікіх дэгустацыях.

Да дзясятай гадзіны раніцы, калі загучалі афіцыйныя пазыўныя “Вясновага карагоду”, самыя спрактыкаваныя ўжо ўпакавалі па машынах буйныя пакупкі ды вярнуліся, каб не прапусціць яшчэ што цікавае. Эпіцэнтр падзей змясціўся на галоўную сцэнічную пляцоўку, вакол якой сабраліся дзясяткі лю­дзей. З прывітальным словам да ўдзельнікаў і гасцей выставы-продажу звярнуўся начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцеб­скага аблвыканкама Дзмітрый Хома. Ён пажадаў поспеху прадаўцам і пакупнікам, падзякаваў педагагічным калектывам за праведзеную работу, расказаў пра новыя яркія дасягненні рэгіянальнай сістэмы прафесійнай адукацыі.

Матывацыя да росту і ўдасканальвання, зацікаўленасць вынікам у іх кіраўнікоў, педагогаў, навучэнцаў сапраўды непадробныя. Вось і па кірмашы праходзілі, паглядаючы на суседзяў не толькі па-сяброўску, але і крыху раўніва, запамінаючы лепшыя ідэі, знаходкі. З гордасцю маладыя прадаўцы раз-пораз пачыналі абмяркоў­ваць між сабой лідарст­ва альма-матар па тым ці іншым напрамку — да падобных размоў асабліва чуйна прыслухоўваліся сённяшнія школьнікі і іх бацькі. Мэтанакіравана шукалі і потым надоўга спыняліся ля прадстаўленых экспазіцый (адразу ві­даць, чаму змогуць навучыць), удакладнялі пералік спецыяльнасцей, звярталіся за буклетам або кансультацыяй.

Па інфармацыі галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама, у выставе-кірмашы паўдзельнічалі 28 устаноў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, а таксама ўстановы агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі з 16 раёнаў вобласці. Па традыцыі істотныя скідкі ўсе прадаўцы прапаноўвалі ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і прыроўненым да іх асобам, ветэранам педагагічнай працы. Святочны настрой падтрымалі выступленні дзіцячых сама­дзейных мастацкіх калектываў.

Таццяна БОНДАРАВА.