Вучым дзяцей чытаць асэнсавана

- 18:26Методичка, Начальная школа. Материалы к урокам

Святлана ЗАБОРШЧЫКАВА,
настаўнік пачатковых класаў
гімназіи імя Я. Купалы Мазыра

Вучні пачатковай школы на працягу навучання засвойваюць веды па трох мовах: рускай, замежнай і беларускай. Руская мова знаёмая дзецям з маленства, яе чуюць ад сваіх бацькоў, у дзіцячых садках, з экранаў камп’ютараў і тэлевізараў. Замежная мова – гэта сведчанне выключнасці і прэстыжнасці ў сучасным грамадстве. Калі дзіця нават няправільна спрабуе вымавіць замежнае слова, бацькі і знаёмыя пляскаюць у далоні ад замілавання і гатовыя інвеставаць у такія намаганні нямала грошай. А вось беларускамоўнага асяроддзя ў гарадскіх дзяцей няма. На беларускай мове рэдка размаўляюць дарослыя, яна ўспрымаецца як нешта дзіўнае, а не прэстыжнае і выключнае.

Першыя ўрокі беларускай мовы ў 1 класе паказваюць, што лексічны запас вучняў даволі абмежаваны, дзецям цяжка ўспрымаць беларускую мову на слых, яны выказваюць свае думкі па-руску. Вынікі дыягнастычных заданняў, выкананых першакласнікамі ў першым паўгоддзі, пацвердзілі мае назіранні, а гутарка з бацькамі дазволіла прыйсці да канчатковай высновы: беларуская мова цяжкая для ўспрымання і вывучэння, не так запатрабавана ў паўсядзённым жыцці, як руская і замежныя мовы. А навучыцца разумець мову, не маючы беларускамоўнага асяроддзя, мы можам, у першую чаргу, дзякуючы асэнсаванаму чытанню беларускіх твораў.

Навык асэнсаванага чытання можна паспяхова сфарміраваць пры сістэмным выкананні эфектыўных прыёмаў навучання, пачынаючы са знаёмства з беларускай лексікай і пашырэння слоўнікавага запасу вучняў, паступова пераходзячы да працы з мастацкім творам; гэта значыць навучанне асэнсаванаму ўспрыманню на слых і чытанню слова, затым сказа і потым тэксту.

Асэнсаванне – гэта мэта чытання, у якой адлюстроўваюцца асобасныя рысы чытача, праяўляецца чытач-суб’ект, таму галоўнае ў чытанні – што разумее чытач, што ён бярэ з тэксту. Галоўнае – што разумее чытач як асоба.

Як я ўжо адзначала, нашы дзеці амаль што не чуюць беларускай мовы і таму валодаюць вельмі абмежаваным слоўнікавым запасам для паспяховага асэнсаванага чытання па-беларуску. Як правіла, у 1 класе асноўную ўвагу я надаю знаёмству з беларускай лексікай, успрыманню яе на слых і выкарыстанню ў вусным маўленні пры складанні сказаў. З 2 класа, працягваючы пашырэнне актыўнага слоўнікавага запасу, вучу працаваць з тэкстам. Сістэма навучання малодшых школьнікаў прыёмам разумення тэксту ахоплівае перыяд з 1 па 4  клас. Але мінавіта ў 1 і 2 класах вучу вучняў працаваць над лексікай твора і асэнсоўваць беларускую мову, пададзеную ў тэкстах – ў 1 класе пры ўспрыманні на слых, у 2 – пры чытанні твораў. У 3 і 4 класах гэтыя навыкі развіваюцца і ўдасканальваюцца.  

Вывучэнне беларускай лексікі ў 1 класе падзяляю на тры этапы, якія пераплятаюцца і ўтвараюць адзін працэс – узбагачэнне лексічнага запасу вучняў. На першым этапе працую з групай слоў, вымаўленне якіх аднолькавае або блізкае ў рускай і беларускай мовах: город – горад, школа – школа, ручка – ручка. Сэнс гэтага этапу – паказаць, што беларускія словы падобныя да рускіх, якія добра знаёмыя вучням; вучыць адчуваць асаблівасці вымаўлення беларускіх слоў, зніжаць трывожнасць пры вывучэнні новага матэрыялу.

На другім этапе ідзе праца са словамі, якія нязначна адрозніваюцца ў дзвюх мовах: дождь – дождж, воробей – верабей, ласточка – ластаўка. І самы цікавы, але найбольш складаны этап – праца з уласнабеларускімі словамі, якія і з’яўляюцца адметнымі паказчыкамі мовы.

Напрыклад, у 1 класе пры вывучэнні тэмы “Я і мая кватэра” вывучаецца адпаведная лексіка. На этапе падрыхтоўкі дзяцей да ўспрымання тэксту слоўнікавую работу праводжу так.

Спачатку прапаную гульню “Знайдзі і пакажы”. На дошцы змешчаны малюнкі. Называю словы першай групы: дом, стул, стол, кухня. Вучні паказваюць адпаведны малюнак. Потым сама паказваю вучням гэтыя ж малюнкі, і яны ўжо называюць словы. Пытаюся: “Ці лёгка іх запомніць? Чаму?” Вучні робяць вывад, што гэтыя словы такія ж, як у рускай мове.

Затым працягваю працу гульнёй «Перакладчыкі» са словамі другой групы. Прапаную: “Перакладзіце на рускую мову наступныя словы: кватэра, дзверы, тэлевізар, вокны, крэсла”. Вучні з лёгкасцю выконваюць заданне. Мяняю інструкцыю: “А зараз скажыце па-беларуску: квартира, двери, телевизор, окна, кресло”. Выклікаю некалькі вучняў для паўтарэння кожнага слова, кантралюю правільнае вымаўленне, а потым паўтараем словы ўсім класам.

І толькі пасля першых двух этапаў пачынаю знаёміць з групай уласнабеларускіх слоў. Для гэтай работы мною распрацаваны прыём “Што гэта?”.

На дошцы змешчаны малюнак пакоя. Я прапаную ўважліва разгледзець малюнак. Потым пытаю: ”Пакажыце, што змешчана справа ўнізе”. Вучні паказваюць на ложак. Назавіце прадмет па-руску. Вучні адказваюць: “Кровать”. Я працягваю: ”А зараз паслухайце і адкажыце на пытанне. Справа на малюнку ложак. Што такое “ложак”?” Вучні адказваюць: “Кровать”. Далей аналагічна задаю пытанні: “Над камп’ютарам вісіць паліца з кнігамі. Што такое паліца? Пасярэдзіне пакоя ляжыць квадратны жоўты дыван. Што такое дыван? Ложак, дыван, паліца, тэлевізар, крэсла знаходзяцца ў спальным пакоі. Што такое пакой?”.  Прыём “Што гэта?” можна даваць у выглядзе задачы, а для нагляднасці выкарыстоўваць малюнкі падручніка.

Настаўнік кажа: “Паслухай і адкажы на пытанне”.

У гэтым доме 3 паверхі. Першы паверх без балконаў. Кожны паверх мае 2 акна. Што такое паверх?

Прыём “Вось які я” мною выкарыстоўваецца пры знаёмстве з малаўжывальнымі, рэдкімі словамі: дзьмухавец, бэз, жалейка і г. д. Дзякуючы выкарыстанню мультымедыйных сродкаў на вучэбных занятках, я паказваю і тлумачу дзецям незнаёмыя словы, дэманструю рэчы, якіх яны не бачылі.

         

Для запамінання новых слоў карыстаюся прыёмам “Чаму так завецца?” Пытаюся у вучняў: “Для чаго патрэбен ложак?” Вучні прапануюць: “На ложку я сплю, ляжу”. Удакладняю: “Хто здагадаўся, чаму ложак так назвалі?” Аналагічна працую са словам “пакой”. Напрыканцы прапаную завязаць “вузельчыкі” на памяць: ложак – ляжаць, спакойна – пакой.

Адным з эфектыўных прыёмаў запамінання слоў з’яўляецца “Слоўнічак сваімі рукамі”.

Вучні, пазнаёміўшыся з новымі словамі, малююць (або размалёўваюць) прадметы, адпаведныя вывучаным словам. Кожны малюнак падпісваецца зверху буйным шрыфтам. Потым гэтыя лісты збіраюцца ў адзін слоўнік па лексічных групах: кватэра, колер, асабістая гігіена, дзеянні і г. д. На наступных уроках іх можна выкарыстоўваць для гульняў “Перакладчыкі”, “Знайдзі і пакажы”, “Дапоўні сказ”.

У 2 класе для знаёмства з новай лексікай я выбіраю ўжо толькі ўласнабеларускія словы. А паколькі другакласнікі павінны ўстанаўліваць значэнне новых слоў з дапамога настаўніка, то вучу іх знаходзіць сэнс слоў у кантэксце. Такі прыём я назвала “Дапаможа сказ”.

Напрыклад, пры вывучэнні ў 2 класе верша Н. Галіноўскай “Хто жыве ў траве?” на этапе падрыхтоўкі вучняў да ўспрымання тэксту выпісваю на дошцы словы: матылёк, слімак, каптанік, конік, канюшына. Вучу чытаць гэтыя словы правільна. Потым даю заданне: “Знайдзіце на адпаведнай старонцы падручніка значэнне некаторых з гэтых слоў”. Вучні знаходзяць словы “матылёк” і “слімак” і даюць пераклад. Далей прымяняю прыём “Вось які я” – паказваю на малюнку “каптан”. А потым нацэльваю вучняў: “А значэнні слоў “конік” і “канюшына” мы даведаемся з дапамогай падказак у вершы.

На этапе першаснага чытання тэксту сама чытаю верш і пытаюся: “Ці спадабаўся вам верш? Які настрой выклікаў?”

На этапе другаснага чытання твора даю заданне: “Прачытайце верш і знайдзіце сказы са словамі “конік” і “канюшына”. Працую са словам “конік”.

     – Як вы думаеце, хто такі “конік” ? (Звычайна дзеці адказваюць “конь”.)

     – Знайдзіце яго на малюнку. (Дзеці губляюцца, таму што “каня” там няма.)

     – Прачытайце сказ пра коніка. (Рэкардсмен па скоках – конік.)

     – Што робіць конік? (Скача.)

     – Хто з насякомых можа скакаць? (Кузнечик.)

     – Значыць, як па-беларуску «кузнечик»? (Конік.)

Далей выкарыстоўваю прыём «Чаму так назвалі?».

     – Чаму яго так называюць беларусы? (Конік скача, як конь.)

     – Які завязваем «вузельчык»? (Конік – конь.)

Шукаем значэнне слова «канюшына».

     – Прачытайце сказ са словам «канюшына». (Пчолка шэпча з канюшынай.)

     – Паглядзіце на малюнак. На чым сядзіць пчолка? Што гэта за кветачка? (Клевер).

     – Што такое «канюшына»? Чаму беларусы так назвалі гэту кветку? (Канюшынай любяць ласавацца коні.)

     – Які яшчэ адзін «вузельчык» са словам «конь»? (Конь – канюшына.)

У 2 класе пашыраецца магчымасць прымянення прыёма «Слоўнічак сваімі рукамі». Для кожнай групы слоў, вывучаных ў першым класе, прызначаецца «рэдактар» – вучань, які пасля кожнага ўрока дапаўняе свой слоўнік новымі словамі. Акрамя таго, у час «моўнай размінкі» ён можа выконваць ролю настаўніка, прапануючы для гульні «Перакладчыкі» словы са свайго слоўнічка.

Для замацавання вывучаных слоў я сістэматычна арганізоўваю паўтарэнне. На этапе актуалізацыі ведаў і ўменняў выкарыстоўваю прыёмы “Знайдзі пару”, “Збяры слова”, “Падпішы фота”, “Знайдзі шпіёна”. А гульню “Перакладчыкі” прапаную як для калектыўнай работы, так і парнай.

На этапе праверкі дамашняга задання арганізоўваю рыфмаваныя моўныя размінкі, устаўляючы словы, вывучаныя на папярэднім уроку:

     Студзіць, студзіць, студзіць – першы месяц… (студзень),

     Вельмі, вельмі ён надзьмуты гэты зімні месяц …(люты),

     Чык-чырык, чык-чырык – прыйдзе месяц… (сакавік).

Фарміраванне навыку асэнсаванага чытання патрабуе і работы над сказам. Паралельна з работай па ўзбагачэнні актыўнага слоўнікавага запасу, я вучу складаць сказы з новымі словамі, шукаць словы з групы для дадзенага сказа. Для гэтага я выкарыстоўваю прыём “Дапоўні сказ”. Так, пры вывучэнні тэмы “У родным горадзе” ў час “моўнай хвілінкі” ў 1 класе я прапаную заданне: “Паўтары і дадай слова, якое падыходзіць”:

     Ры-ры-ры – я жыву ў …(Мазыры).

     Ры-ры-ры – мая школа на…(гары).

     Ці-ці-ці – горад мой на … (Прыпяці).

     Гі-гі-гі – вакол горада…(лугі).

     Гі-гі-гі – мне Мазыр мой …(дарагі).

     Чы-чы-чы – побач з ім Калінкавічы.

Або прапаную прачытаць (паўтарыць) сказ, дадаўшы слова, замененае малюнкам.

З дапамогай прыёма“Будаўнікі” я вучу першакласнікаў будаваць адказ, абапіраючыся на пытанне. Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Я і мая школа. Вучэбныя рэчы” на этапе аналізу фактычнага зместу тэксту на дошцы змяшчаю надрукаваныя пытанні, разрэзаныя на словы, словазлучэнні:

      Які/ ўрок/ быў/ у дзяцей?

      Што/ маляваў/ Вадзік?

     Што/малявала/ Верачка?

     Што здарылася/ ў яе?

     Што/ сказаў/ Вадзік?

     Хто/прыйшоў/ на дапамогу Верачцы?

Прапаную дзецям пераставіць словы так, каб атрымаўся пачатак адказу, а пытальныя словы заключаю ў дужкі. На дошцы з’яўляюцца перабудаваныя сказы:

     У дзяцей/ быў/ урок (які)?

     Вадзік/ маляваў (што)?

     Верачка/ малявала (што)?

     У яе (што здарылася)?

     Вадзік/ сказаў (што)?

     На дапамогу Верачцы/ прыйшоў (хто)?

Потым вучні замяняюць пытальныя словы словамі з тэксту:

     У дзяцей/ быў/ урок малявання.

     Вадзік/ маляваў мухамор.

     Верачка/ малявала рабіну.

     У яе зламаўся чырвоны аловак.

     Вадзік/ сказаў што тачылку новую не дасць, бо яна хутка ступіцца.

     На дапамогу Верачцы/ прыйшоў увесь клас: настаўніца і дзеці.

Такім чынам праводзіцца не толькі фарміраванне асэнсаванага чытання сказаў, а і вядзецца падрыхтоўка да пераказу.

Асэнсаванне сказа, часткі тэксту развіваю з дапамогай выбарачнага чытання. Прапаную прыёмы «Падпішы малюнак словамі з тэксту», «Дакажы словамі з тэксту». Так, пры аналізе фактычнага зместу апавядання «Чырвоныя гронкі рабіны» Р. Ігнаценкі карыстаюся прыёмам «Дакажы словамі з тэксту» і прапаную пытанні: «Чаму снегіры не прыляталі на кармушку?» (Вераб’і дзяўбуць хлебныя крошкі ў кармушцы. Снегіры хлеба не ядуць. Яны любяць ягады: бузіну, рабіну, крушыну.) «Што трэба зрабіць, каб бачыць снегіроў кожную зіму?» (Давайце вясной шмат сваіх рабінак пасадзім каля школы.)

Праца над асэнсаваннем усяго тэксту ў 2 класе пачынаецца з прагназавання зместу не толькі па ілюстрацыях, як у 1 класе, але і па загалоўку. Мною распрацаваны прыём «Візітоўка». Для твора запаўняецца «дакумент», з указаннем наступных дадзеных: назва твора, аўтар, жанр, дзеючыя асобы.

Напрыклад, на этапе падрыхтоўкі да ўспрымання тэксту казкі «Каза-манюка» (2 клас) навучэнцы чытаюць прозвішча аўтара, загаловак твора, разглядаюць ілюстрацыі, якія сустракаюцца ў тэксце, затым запаўняюць «Візітоўку»: назва – «Каза-манюка», аўтар – беларускі народ, жанр – казка, дзеючыя асобыі – каза, дзед, воўк, заяц, певень. Пасля першаснага чытання ўносяцца карэктывы ў «дакумент».

На этапе другаснага чытання тэксту выкарыстоўваю прыём “Адкажы на пытанне”: задаю пытанні, якія дапамагаюць вучням зразумець падзеі, асэнсаваць іх, зразумець прычынна-выніковыя сувязі, усвядоміць пазіцыю аўтара, а таксама выпрацаваць уласнае стаўленне да прачытанага. Мае каментарыі кароткія, але ёмістыя. Вучні бачаць сутнасць працэсу «асэнсаванага чытання» і самі ўдзельнічаюць у ім: ідуць па тэксце услед за аўтарам, адначасна думаюць над сэнсам слоў, назіраюць, як разгортваюцца перад намі характары герояў, працуюць над мовай, уяўляюць карціны, якія намаляваў аўтар, бачаць, як паступова «назапашваюцца сэнсы» ў тэксце. У час чытання перыядычна я прапаную прыём “Чароўнае люстэрка”: вучні прагназуюць далейшыя падзеі.

Пасля чытання адбываецца асэнсаванне прачытанага з дапамогай плана для пераказу. У гэтым выпадку я прымяняю прыёмы “Знайдзі частку твора да пункту плана”. На этапе абагульнення прачытанага я прымяняю прыём “Я ведаю адказы на 5 пытанняў”, падчас якога вучні выконваюць кароткую тэставую работу па змесце твора.     

Работа па фарміраванні навыку асэнсаванага чытання на ўроках беларускай літаратуры праз выкарыстанне апісаных прыёмаў дае станоўчы вынік. Назіраючы за вучнямі, я заўважыла, што яны сталі больш ахвотна размаўляць па-беларуску, з цікавасцю дапаўняюць малюнкавыя слоўнічкі, шукаюць “вузельчыкі” для запамінання новых слоў. Гэта гаворыць аб тым, што беларуская мова становіцца для маіх вучняў больш зразумелай і цікавай.

Але трэба адзначыць, што адной з умоў паспяховага прымянення апісанага вопыту з’яўляецца добрае валоданне настаўнікам вуснай беларускай мовай, а таксама пастаянны кантроль за правільным і дакладным ужываннем вучнямі беларускай лексікі.

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий