Для кожнага вучня свая методыка

- 12:23КОРРЕКЦИОННАЯ ПЕДАГОГИКА, Коррекционная педагогика. Опыт, Методичка

Катэгорыя дзяцей, з якімі працуе аўтар – гэта дзеці з інтэлектуальнай недастатковасцю, што навучаюцца дома. У артыкуле педагог дзеліцца сваім вопытам работы.

Вольга КАРАЛЬКОВА,
настаўнік гісторыі
ДУА Спецыяльная школа № 2 г. Магілёва

 

 

Катэгорыя дзяцей, з якімі я працую – гэта дзеці з інтэлектуальнай недастатковасцю, што навучаюцца дома. У артыкуле хачу падзяліцца сваім вопытам работы.

Кожны ўрок пачынаю з актуалізацыі ведаў пра навакольнае асяроддзе. У кожнага вучня ёсць каляндар прыроды, у якім адлюстраваны: дата, месяц, дзень тыдня, пара года.

Для навучэнцаў выбіраю наглядныя метады. На такіх уроках як чалавек і свет, сацыяльна-бытавая арыенціроўка, літаратурнае чытанне выкарыстоўваю шмат картак, якія адлюстроўваюць змест матэрыялу. Вельмі добра працуюць мнематабліцы пры пераказванні тэксту, пры неабходнасці назваць галоўных герояў твора, пры пабудове паслядоўнасці падзей апавядання, складанні плана. Асабліва цяжка дзецям вызначыць асноўную думку прачытанага, і я стараюся падабраць ілюстрацыі, якія больш поўна адлюстроўваюць змест твора.

Адзін з метадаў выкладання, які часта выкарыстоўваю ў рабоце з навучэнцамі другога аддзялення, – метад глабальнага чытання. Глабальнае чытанне – гэта прад’яўленне цэлага слова, гэта значыць дзіця абапіраецца на візуальнае ўспрыманне і здольнасць да запамінання інфармацыі. Вучань не чытае слова літаральна, а запамінае яго як карцінку, напісаную з літар. Сутнасць глабальнага чытання заключаецца ў тым, што дзіця можа навучыцца запамінаць напісаныя словы цалкам, не вывучаючы асобных літар. Аднаму з маіх вучняў за два апошнія гады, дзякуючы гэтаму метаду, удалося засвоіць каля 50 слоў, якія выкарыстоўваюцца пры канструяванні фраз, што дазваляе пашырыць поле камунікацыі. Эфектыўнасць метаду пацвярджаюць многія спецыялісты і бацькі.

З навучэнцам з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарата выкарыстоўваю разнастайныя заданні на развіццё прасторавага ўспрымання: арыентаванне ў схеме ўласнага цела, вылучэнне вядучай рукі, засваенне паняццяў “вышэй”, “ніжэй”, “паміж”, арыентаванне на лісце паперы, канструяванне зададзенага малюнка з розных матэрыялаў, заданні тыпу “паглядзі і паўтары” і г.д.

Праблемы з засваеннем пісьма і чытання вырашаю заданнямі з элементамі лагарытмічных тэхнік. Выкарыстоўваю розныя моўнарухавыя заданні: “Гудок”, “Паўтары-ка”, “Гаваркі ручаёк” і інш.; гульнявы масаж і пальчыкавую гімнастыку, ролевыя вершы, эмацыйна-валявы трэнінг і інш.

Таксама на пачатковых этапах работы выкарыстоўвала ўцяжарвальнік (1 кг солі ў палатняным мяшэчку), які змяшчала на калені дзіця (каля чатырох месяцаў). Гэта прыём дазваляе зменшыць трывожнасць дзіцяці, “супакоіць” цела ў цэлым, дапамагае сканцэнтравацца на вучэбнай задачы.

Пры пісьме аднаму з маіх вучняў была неабходна дадатковая дапамога. Я б назвала гэта “накіраваным напісаннем”, г.зн. пры працэсе напісання доўгім простым алоўкам (указкай, пэндзлікам, палачкай) я стварала лёгкі ціск у цэнтр далоні дзіцяці, што дазваляла яму пісаць практычна самастойна. На гэты момант трук з алоўкам вучню не патрабуецца, але арэчаўленне працягваю выкарыстоўваць, таму што выявы літар і лічбаў засвойваюцца вельмі павольна і вельмі няўстойліва.

Слухамоўная памяць патрабуе пастаяннай карэкцыі і трэніроўкі, у гэтым мне дапамагаюць папеўкі, чыстагаворкі, завучванне на памяць загадак, чатырохрадкоўяў.

У рабоце я дапаўняю і адаптую прыёмы навучання, арыентуючыся на патрэбы і магчымасці сваіх вучняў. Пошук патрэбных заданняў і альтэрнатыўных методык для канкрэтнага навучэнца ідзе ў маёй педагагічнай практыцы бесперапынна.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий