У пошуках кветкі Дабрыні. Канспект занятку па адукацыйнай галіне “Дзіця і грамадства” для дзяцей 4–5 гадоў

- 9:15ДОШКОЛЬНОЕ ОБРАЗОВАНИЕ, Дошкольное образование. Сценарии, Методичка

Алёна БАЛЫШ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Смаргонскі дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці”,
Гродзенская вобласць

 

Праграмныя задачы:

– замацаваць уменне выбіраць правільную лінію паводзін у адносінах да людзей;
– вучыцца добразычлівасці, чуласці, суперажыванню, узаемаразуменню;
– развіваць уменне даваць ацэнку дзеянням герояў літаратурных твораў;
– выхоўваць дабрыню, жаданне дапамагчы.

Абсталяванне: кветка, зайчык, мікрафон, макеты дрэў з лісцем, шырма, паштоўка, сігнальныя карткі, сэрцайкі.

 

Ход занятку

 

Арганізацыйны момант

Дзеці заходзяць у групу і становяцца ў кола.

Калі ласка, дзякуй, (выстаўляюць правую руку суседу)
Добры дзень –

Ветлівыя словы (выстаўляюць левую руку суседу)
Чую ад людзей…
Я таксама буду (бяруцца за рукі)
Імі даражыць:
З ветлівымі словамі (пляскаюць у далоні)
Лёгка жыць.

Выхавальнік: Кожны новы дзень трэба пачынаць з добрым настроем. Возьмемся за рукі, заплюшчым вочы і перададзім адно аднаму сваю дабрыню, што жыве ў нашым сэрцы. (Бяруцца за рукі) Адчуйце, як па вашых руках, з далонькі ў далоньку, перадаецца ваша цеплыня і дабрыня. А цяпер адкрыйце вочы і ўсміхніцеся.

Выхавальнік: Давайце ўсе разам скажам слова “Дабрыня”. Незвычайнае, чароўнае слова. Падумайце і адкажыце, пра каго або пра што можна сказаць што ён добры?

Дзеці: Пра чалавека, пра ўчынак.

Выхавальнік: А калі чалавек не добры, ён які?

Дзеці: Злы, скупы, грубы, усіх б’е.

Выхавальнік: Я падрыхтавала вам сюрпрыз і зараз яго пакажу. Гэта незвычайная, асаблівая кветка, якая называецца кветка Дабрыні. Калі на яе глядзіш, то сэрца напаўняецца дабрынёю і любоўю, а на твары з’яўляецца ўсмешка.

Гучыць гук грому.

Выхавальнік глядзіць за шырму:

Выхавальнік: Дзеці, кветка Дабрыні знікла. Дзе ж яе шукаць?

Большасць людзей, якія жывуць у свеце, – гэта добрыя, тыя, хто любіць адно аднаго. Але, нягледзячы на гэта, у нашым свеце існуе царства зла, гаспадыняй якога з’яўляецца ведзьма Злюка. Ёй не падабаюцца вясёлыя і добрыя людзі, і яна спрабуе іх пасварыць, зрабіць злымі, страшнымі, непрыгожымі. Вось і цяпер, каб нам нашкодзіць, яна скрала кветку Дабрыні.

Але заўсёды знойдуцца людзі, якія здольныя перамагчы ведзьму Злюку. Сёння гэта можам зрабіць мы. Мы можам паказаць, што не баімся яе, а наша дабрыня, смеласць, знаходлівасць дапамогуць нам у пошуках і вызваленні кветкі Дабрыні. А для гэтага нам трэба знайсці маленькія сэрцайкі. Іх мы зможам адшукаць, калі выканаем заданні. Вы гатовы? Тады ў дарогу. Я бачу стрэлкі, па якіх нам трэба ісці.

Дзеці з выхавальнікам рухаюцца па стрэлках і сустракаюць дзяўчынку.

Выхавальнік: Дзеці, паглядзіце, гэта дзяўчынка. Яе Злюка ператварыла ў злую. Нам трэба зрабіць яе добрай.

 

1-е заданне. Гульня з мікрафонам “Замяні добрымі словамі”

(Выхавальнік называе слова і дае мікрафон дзіцяці, а той называе супрацьлеглае слова)

Злы – добры
Грубы – ласкавы
Адняць – падарыць
Палаяць – пахваліць
Лянівы – працалюбівы
Скупы – шчодры
Пакрыўдзіць – абараніць
Засмуціць – узрадаваць
Сумны – вясёлы
Абыякавы – клапатлівы
Неахайны – акуратны
Зламаць – пабудаваць
Парваць – заклеіць
Крыклівы – маўклівы

Выхавальнік: Малайцы, паглядзіце, мы атрымалі пяць сэрцайкаў. Значыць, мы выканалі заданне правільна. Ідзём далей. (Рухаюцца па стрэлках) Паглядзіце, Злюка раскідала лісце дрэў. Нам трэба выправіць гэта.

2-е заданне. “Добрыя і дрэнныя ўчынкі”

На мальберце размешчаны два дрэвы: адно – сухое, а другое – “жывое”. Дзеці па чарзе падымаюць па адным лісце дрэва, разглядваюць намаляваны ўчынак, вызначаюць, які гэта ўчынак. Калі добры – ліст вешаюць на “жывое” дрэва, а калі дрэнны – ліст вешаюць на сухое дрэва.

Выхавальнік: Я ўпэўнена, што вы будзеце рабіць толькі добрыя ўчынкі. Бо толькі дабро ўпрыгожвае чалавека. А вось і сэрцайкі. Перад тым, як рухацца далей, трэба трошкі адпачыць.

Фізкультхвілінка:

Устаньце, дзеткі, усміхніцеся, (усміхаюцца)
Зямлі нашай пакланіцеся, (нахіл уперад)

За шчаслівы дзень учарашні (падымаюць рукі ўгору і цягнуцца)
Усе да сонца пацягніцеся,
Улева, управа нахіліцеся, (нахілы ўлева, управа)
Верацёнцам пакруціцеся, (рухаюцца вакол сябе)
Раз прысядзьце, два прысядзьце (прысядаюць)
І на крэслы ціха сядзьце (сядаюць на крэслы)

3-е заданне. “Казачныя героі”

Выхавальнік: У казках таксама ёсць добрыя і злыя героі, але заўсёды перамагае дабро. Вам трэба з дапамогай сігнальных карт ацаніць учынак казачнага героя. Калі ўчынак добры, трэба падняць жоўтую картку, а калі дрэнны – сінюю, а таксама адказаць, чаму вы так лічыце.

Матэрыял для разважанняў:

Змей павесіў на варотах братоў Ясані.
Гарошак перамог Змея і выратаваў братоў дзяўчыны.
Пан украў жаронцы.
Пеўнік дапамог дзеду з бабай.
Лісіца падкінула шышкі замест пірага.
Мыш падманула вераб’я.
Сокал дапамог вераб’ю пераадолець мышынае войска.
Мядзведзь хацеў задушыць вала.
Кот Максім прынёс гасцінец цару.
Воўк праглынуў Муху-пяюху з каляскаю і падарожнымі.

Выхавальнік: Дзеці, вы такія малайцы. Выканалі і гэта заданне. Пагладзіце, мы атрымалі яшчэ сэрцайкі. Колькі сэрцайкаў мы сабралі! А цяпер давайце з гэтых маленькіх сэрцайкаў выкладзем адно вялікае.

4-е Заданне. “Сэрца дабрыні”

Маленькія сэрцайкі размяркоўваюцца паміж дзецьмі. Дзеці выкладаюць адно вялікае сэрца з малых.

Выхавальнік: Паглядзіце, якое сэрца ў нас атрымалася. Яно будзе пасылаць нам цеплыню, жадаць дабра. Пакладзіце рукі на ваша сэрца, адчуваеце, як дабро ўваходзіць у вас, у вашу душу. Змясціце ў вашыя сэрцы як мага больш дабрыні, і вы заўсёды будзеце шчаслівыя.

Давайце ўспомнім прыказкі і прымаўкі пра дабрыню. (Дзеці называюць прыказкі і прымаўкі, якія ведаюць)

Чуецца чароўны гук. За шырмай з’яўляецца кветка Дабрыні

Выхавальнік: Мы выратавалі кветку, якая будзе зноў дарыць людзям дабро і любоў. Цяпер зла на зямлі стане менш, таму што мы перамаглі ведзьму Злюку. Дабро перамагае зло.

Рэфлексія.

Пытанні:

– Пра што мы гаварылі на занятку?
– Што добрага мы зрабілі на занятку?
(Дзецям раздаюцца кропелькі)
– Калі ў вас добры настрой і вам спадабаўся занятак, прымацуйце кропельку на пялёсткі кветкі. А калі вам было нецікава, пакладзіце кропельку пад кветку ў вазон.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий