Ролевая гульня як сродак актывізацыі малодшых школьнікаў на ўроках беларускай мовы

- 9:53Методичка, НАЧАЛЬНАЯ ШКОЛА, Начальная школа. Проекты

У артыкуле прыводзяцца звесткі пра значнасць ролевай гульні як сродку актывізацыі ведаў малодшых школьнікаў на ўроках беларускай мовы, аналізуюцца вынікі канстатуючага эксперыменту па даследаванні ўзроўняў актывізацыі ведаў вучняў 3-га класа праз ролевыя гульні.

Аксана ШЫШОВА,
настаўнік пачатковых класаў
ДУА “Станькоўская базавая школа”
Рагачоўскага раёна,
Гомельская вобласць

 

 

 

 

Перш чым перайсці да разгляду такога феномену ў групе метадаў інтэнсіўнага навучання, як ролевая гульня, неабходна высветліць, што мы маем на ўвазе пад гэтым тэрмінам. Педагагічная літаратура гэтым тэрмінам яднае некалькі зусім адрозных з’яваў: стыхійныя ролевыя гульні дзяцей, прыкладам, “дочкі-матулі”; ролевыя гульні як жыццёвыя сцэнарыі паводзін людзей у соцыуме, паводле вызначэння Эрыка Берна; псіхалагічныя ролевыя гульні ці псіхадрамы і іншыя.

У педагогіцы існуе шмат сінонімаў да паняццяў “ролевая гульня”, “творчая гульня”, “сюжэтная гульня”, “імітацыйная гульня”, “вольная гульня”, “метад інсцэніроўкі”, “выкананне роляў”. Як бачна, адзінага тэрміна няма, адпаведна, няма адзінай дэфініцыі ролевай гульні. Вось некаторыя з іх.

Ролевая гульня – форма мадэлявання сацыяльных дачыненняў і свабодная імправізацыя, якая не абумоўліваецца жорсткімі правіламі ці нязменнымі ўмовамі. Яна мадэлюе сацыяльныя дачыненні «на даверы» ў новай матэрыяльнай форме, даступнай дзіцяці [1, c. 35].

Сітуацыйна-ролевая гульня – гэта адмыслова арганізаванае спаборніцтва ў вырашэнні камунікатыўных задач і імітацыі прадметна-практычных дзеянняў удзельнікаў, якія выконваюць зададзеныя ролі ва ўмовах уяўнай сітуацыі [1, c. 36].

Трэба адзначыць, што, на мой погляд, апошняя фармулёўка найдакладней адлюстроўвае сутнасць ролевай гульні.

Ролевая гульня мае сваю структуру.

Структурныя кампаненты гульні

 

Кампанент

Сутнасць

Імітацыйная мадэль

Штучна створаная гульнявая рэальнасць імітуе рэальнае наваколле і замяняе яго падчас гульні. Пры яе стварэнні ўлічваюцца толькі тыя з’явы ў свеце, якія неабходны дзеля дасягнення мэт гульні. Астатняе ігнаруецца.

Камплект роляў

Спіс гульнявых персанажаў і апісанне зместу іх  функцый. Камплект роляў распрацоўваецца зыходзячы з імітацыйнай мадэлі гульні і з улікам гульнявых правілаў.

Сцэнарый ролевай гульні

Уключае ў сябе апісанне зместу ўзаемадзеяння персанажаў у гульні. Акрамя таго, сцэнарый ролевай гульні можа ўключаць пакет разнастайных “нечаканасцяў” для генерацыі дынамікі і развіцця гульнявой дзейнасці.

Пакет агульных правіл гульні

Уключае ў сябе непасрэдна правілы гульні, без якіх гульня не можа адбывацца. Сюды ж уваходзяць рамачныя ўмовы, неабходныя для правядзення гульні і інструкцыі гульцам. Пакет агульных правіл можа змяшчаць сістэму ацэнкі, калі такая прадугледжана мэтамі і задачамі гульні [1, c. 54].

Адметнасці ролевай гульні абумоўліваюць яе функцыі ў навучальным працэсе. Пералічым асноўныя:

Эксперыментальна-навучальная функцыя. На думку М.В.Кларына [2, c. 54], і праз ролевую гульню вучні атрымліваюць непасрэдны досвед, уключаюцца ў працэсы і з’явы, якія вывучаюць. Гэта садзейнічае эфектыўнаму засваенню новых ведаў, творчай перапрацоўцы матэрыялу і прымяненню атрыманых ведаў у рэальным жыццёвым кантэксце, а таксама фармаванню каштоўнасных арыентацый. У працэсе ролевай гульні педагог мае магчымасць змадэляваць шматлікія сітуацыі і прапанаваць удзельнікам самастойна іх вырашыць.

У сваю чаргу, А.С.Анісімаў у працы «Методологическая культурапедагогической деятельности и мышления» называе гульню вышэйшым тыпам педагагічнай дзейнасці [3, c. 39]. У гульні пашыраецца магчымасць педагагічнага ўплыву на паводзіны ўдзельнікаў. Настаўнік не мае неабходнасці навязваць сваю думку праз шматразовае прагаворванне розных “ісцін”. Навучанне адбываецца шляхам аналізу вучнямі вынікаў гульні і рэакцыі іншых вучняў на свае паводзіны. Настаўнік проста стварае ўмовы для аналізу вучнямі сваіх паводзін і суаднясення іх з вядомымі эталонамі. У гульні быццам бы ствараецца асобны навучальны асяродак, які рэагуе на розныя дзеянні вучняў.

Функцыя матывацыі праз гульню. Ролевая гульня – эфектыўны сродак стымуляцыі матывацыі навучання. Даследаванні матываў удзелу школьнікаў у гульнях паказваюць на наступныя прычыны: рэалізацыя сваіх здольнасцей і патэнцыйных магчымасцей, якія нельга рэалізаваць у іншых відах дзейнасці; атрыманне высокай ацэнкі сваёй дзейнасці з боку іншых; дэманстрацыя сваіх магчымасцей перад класам, вырашэнне камунікатыўных праблем і г. д. [4, c. 32].

Развіццёвая функцыя. Ролевая гульня – гэта не толькі эфектыўны метад навучання, але і ўніверсальны сродак развіцця асобы вучня. Ролевая гульня накіравана на стварэнне і засваенне грамадскага досведу, спрыяе развіццю інтэлектуальных здольнасцей вучняў.

Дыягнастычна-карэкцыйная функцыя. Ролевая гульня нясе ў сабе вялізныя магчымасці па дыягностыцы ведаў вучняў і характары іх практычнага прымянення. У гульні вучні выкарыстоўваюць свае веды аналагічна рэальнаму жыццю. Настаўнік, аналізуючы свае назіранні за дзеяннямі вучняў, можа распрацоўваць далейшы ход педагагічнага працэсу з мэтай павышэння яго эфектыўнасці. Назіранне дапамагае педагогу скласці псіхалагічны партрэт вучняў, зафіксаваць іх эмацыйны стан, высветліць найбольш яскрава акрэсленыя бакі асобы вучняў. У гульні настаўнік можа назіраць за шырокім спектрам паводзінскіх рэакцый удзельнікаў у нестандартных сітуацыях. Валодаючы звесткамі па індывідуальных асаблівасцях вучняў, настаўніку лягчэй будаваць працэс навучання кожнага з іх.

Камунікатыўная функцыя. Сутнасць камунікатыўнай функцыі палягае ў фармаванні камунікатыўных здольнасцей. Вучань працуе ў групе і адначасова атрымлівае зваротную рэакцыю на свае дзеянні ад аднакласнікаў, што спрыяе выпрацоўцы здольнасцей працы ў групе. Ён вучыцца ўзаемадзейнічаць з іншымі вучнямі, вучыцца дзейнічаць сумесна, прыслухоўвацца да думкі партнёраў па гульні, прымаць узгодненае рашэнне, вучыцца весці дыскусію, правільна выказваць сваю думку і фармуляваць пытанні.

Уся праца на этапе падрыхтоўкі гульні вядзецца з абавязковым улікам узроставай спецыфікі паводзін навучэнцаў падчас гульні. Для малодшых школьнікаў характэрная лёгкасць уваходжання ў вобраз. Гэта звязана з яркім і непасрэдным успрыманнем наваколля. Адсюль лёгкасць уцягнення ў гульнёвую дзейнасць. Пастаянная арыентацыя на настаўніка і ягоны аўтарытэт значна спрашчае кіраванне гульнёю, але патрабуе станоўчай падтрымкі з боку настаўніка.

У гульнях для гэтага ўзросту пажадана прысутнасць атмасферы тайны і сакрэтнасці, што асабліва прыцягвае малодшых школьнікаў. З прычыны спецыфікі ўзросту малодшыя школьнікі не могуць прадумваць хаду гульні на ўсёй яе працягласці. Таму для паспяховага правядзення складанай сумеснай гульні мэтазгодна скарыстаць дапамогу старэйшых вучняў. Працягласць гульні для вучняў гэтага ўзросту мусіць быць абмежавана з прычыны іх хуткай стамляльнасці.

Абмеркаванне працэсу і вынікаў ролевай гульні лагічна завяршае ўрок. Пачынаецца яно заўсёды з аналізу эмацыйнага стану ўдзельнікаў гульні. Неабходна абмеркаваць такія пытанні, як “Ці спадабалася гульня вучням?”, “Якія пачуцці перажывалі ўдзельнікі падчас яе правядзення?”. Гэта дасць эфект завяршэння гульні на эмацыйным узроўні, бо эмацыйная ўключанасць захоўваецца ў навучэнцаў нейкі час пасля заканчэння гульні.

Заканчваецца абмеркаванне гульні падвядзеннем вынікаў. У канцы абмеркавання можна папрасіць гульцоў выказаць свае меркаванні па паляпшэнні сцэнарыю і правіл гульні. Галоўнае пры абмеркаванні гульні для настаўніка – не навязваць сваіх высноў, але ставіць такія пытанні, якія б садзейнічалі аналізу вучнямі прамінулай гульні і іхняй дзейнасці ў ёй [4, c. 32–35].

 

У ходзе канстатуючага эксперыменту былі выкарыстаны разнастайныя ролевыя гульні: “Крама”, “Вандроўнікі”, “Хто хутчэй”, “Замянялачка”, “Чарадзейнікі”, “Бліц-конкурс”, “Эрудыт”, “Шэрлакі Холмсы” і інш., накіраваныя на павышэнне ўзроўню актывізацыі вучняў на ўроках беларускай мовы. Даследаванне праводзілася з удзелам вучняў 3-га класа Станькаўскай базавай школы.

Да пачатку і пасля эксперыменту быў праведзены тэст на выяўленне ўзроўню актывізацыі вучняў 3-га класа на ўроках беларускай мовы.

Параўнальныя вынікі можна разгледзець у дыяграме.

Зыходзячы з вынікаў эксперыменту відаць, што ролевая гульня забяспечвае павышэнне актывізацыі вучняў на ўроку (да эксперыменту ўзровень актывізацыі вучняў быў 70 %, пасля выкарыстання ролевых гульняў ­100 %).

 

Ролевая гульня – эфектыўны сродак стымуляцыі матывацыі навучання, гэта не толькі эфектыўны метад навучання, але і ўніверсальны сродак развіцця асобы вучня, сродак актывізацыі вучняў на ўроках. Гульня спрыяе фарміраванню высокіх узроўняў камунікатыўнай культуры вучняў.

 

Спіс выкарыстаных крыніц

1 Міхайлава, А.Л. Педагагічная значнасць казачнага эпасу беларусаў // Пачатковая школа. – 2002. – № 4. – С.20–22.
2 Максимук, Н.Н. Учеба и игра? Да! / Н.Н.Максимук // Пачатковая школа. – 2010. – № 7. – С. 52–54.
3 Жарская, О. Обучаем в игре. О развитии познавательного интереса у младших школьников / О.Жарская // Минская школа сегодня. – 2014. – № 9. – С. 34–40.
4 Копшай, Е. О психологическом развитии средствами игровой деятельности. / Е.Копшай // Минская школа сегодня. – 2014. – № 6. – С. 32–35.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий