Я.Колас “Песня ляснога жаваранка”. Урок беларускай літаратуры ў 5-м класе

- 16:16II И III СТУПЕНИ, БЕЛАРУСКАЯ МОВА І ЛІТАРАТУРА, Беларуская мова і літаратура. Сцэнарыі, Методичка

Я.Колас пісаў : “Я заўсёды імкнуўся адгадаць, пра што спяваюць жаўранкі: я быў упэўнены, што ў іх свае патрэбы, з якімі яны звярталіся да неба. Іншы раз мне здавалася, што я правільна разумею сэнс песень. Помню такі выпадак. Была вясенняя раніца. Я стаяў пасярод двара, увесь аддаўшыся песні жаваранка. Спяваў ён неяк асабліва. У гуках чулася нешта важнае і сур’ёзнае. І спяваў ён вельмі доўга. Раптам мне здалося, што жаваранак размаўляе з Богам і аб нечым яго просіць. Ах, як хочацца ведаць мову птушак…”

 Аксана ВАНЧУК,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Гімназія № 1 г. Дзятлава”,
Гродзенская вобласць

 

Мэты:

– пазнаёміць з цікавымі звесткамі пра Я.Коласа;
– дапамагчы дзецям “угледзецца” ў апісанне прыроды;
– “услухацца ў песню” ляснога жаваранка;
– развіваць творчае ўяўленне вучняў, вучыць бачыць сувязь апісанняў прыроды з настроем і характарам чалавека;
– пазнаёміць з паняццем “эпітэт”, вучыцца знаходзіць эпітэты ў творах;
– развіваць вуснае маўленне.

 

Ход урока

І Арганізацыйна-матывацыйны этап

1. Прадоўжыць сказ

Я люблю ўрокі літаратуры, таму што… .
На ўрок я прыйшоў з… настроем.

– Урокі літаратуры вельмі незвычайныя, таму што менавіта на іх адбываецца наша знаёмства з лепшымі пісьменнікамі Беларусі, іх творчасцю. А які пісьменнік ці паэт вам падабаецца і чаму?

2. Злучыць прозвішча аўтара з назвай твора:

М.Багдановіч     Я.Колас    А.Грачанікаў   

“Крыніца”    “Зоры спяваюць”    “Зімой”    “Песня ляснога жаваранка”

3. Аўтарам урыўка “Песня ляснога жаваранка” з трылогіі “На ростанях” з’яўляецца Я.Колас. А што вы ведаеце пра Якуба Коласа?

 

ІІ Вывучэнне новага матэрыялу

Рубрыка “Ці ведаеце вы, што…”

На кожную парту раздаюцца інфармацыйныя лісткі з заданнямі. Дзеці працуюць, шукаючы адказы на пытанні, затым запаўняюць табліцу рубрыкі.

Якуб Колас (1882–1956)

Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч – такое сапраўднае імя Я.Коласа – нарадзіўся 3 лістапада 1882 года ў засценку Акінчыцы (сёння гэта горад Стоўбцы, што каля Мінска). Бацька пісьменніка – малазямельны селянін з Мікалаеўшчыны, жыў рознымі пабочнымі заробкамі, пакуль не наняўся на службу лесніком да князя Радзівіла. Служба давала кавалак хлеба. Лесніку прыходзілася пераязджаць разам са сваёй сям’ёй з месца на месца. Таму дзяцінства будучага паэта праходзіла ў розных невяліках мястэчках Мінскай вобласці (Ласток, Альбуць). 

Вучыўся Кастусь спачатку дома, у хатніх настаўнікаў, затым у чатырохкласным вучылішчы, якое скончыў за два гады. Будучаму пісьменніку было 12 гадоў, калі ён дома прачытаў свой першы верш “Вясна”, за які бацька даў яму рубель.

Жыццё на ўлонні прыроды выхоўвала ў маленькага Кастуся назіральнасць, дапытлівасць, любоў да ўсяго жывога. Некаторыя прыхільнасці засталіся на ўсё жыццё. Напрыклад, ён вельмі любіў збіраць грыбы і ягады, слухаць спевы жаўранкаў. А яшчэ Якуб Колас вельмі любіў раку Нёман, таму часта пісаў пра яе ў сваіх творах.

 

– Сёння ў нас ёсць магчымасць пазнаёміцца з прыгажосцю наднёманскіх лугоў і ўслухацца ў незвычайны спеў жаваранка. Уявіце, што вы трапілі на радзіму Я.Коласа, гуляеце па лесе, любуецеся маляўнічым пейзажам і раптам чуеце…

– Я.Колас пісаў : “Я заўсёды імкнуўся адгадаць, пра што спяваюць жаўранкі: я быў упэўнены, што ў іх свае патрэбы, з якімі яны звярталіся да неба. Іншы раз мне здавалася, што я правільна разумею сэнс песень. Помню такі выпадак. Была вясенняя раніца. Я стаяў пасярод двара, увесь аддаўшыся песні жаваранка. Спяваў ён неяк асабліва. У гуках чулася нешта важнае і сур’ёзнае. І спяваў ён вельмі доўга. Раптам мне здалося, што жаваранак размаўляе з Богам і аб нечым яго просіць. Ах, як хочацца ведаць мову птушак…”

– Свае адчуванні ад спеваў жаваранка пісьменнік перадаваў у творах, па-майстэрску валодаючы беларускім, вельмі меладычным словам.

Сапраўднае імя пісьменніка  
Дзе і калі нарадзіўся?  
Кім быў бацька паэта?  
Дзе атрымаў адукацыю?  
Як называўся першы верш Я.Коласа?  
Якія рысы характару ўласцівы паэту?  

 

Зварот да твора

Выразнае чытанне.

– У тэксце сем абзацаў. Пры чытанні давайце паспрабуем даць загаловак кожнай частцы.

1. Дубы на наднёманскіх лугах.
2. Старадрэвіна-хвоя.
3. Світанне.
4. Старасвецкі сад.
5. Стужка Нёмана паміж лугам і полем.
6. Песня жаваранка.
7. Мелодыя спеваў.

 

Фізкультхвілінка

Вы стаміліся ці не,
Адкажыце зараз мне…
Значыць, дзеля адпачынку,
Пачынайма фізкультхвілінку!
Мы па лесе ішлі? Ішлі!
І шышачкі там знайшлі? Знайшлі!
Ля іх прыпыніліся, да іх нахіліліся,
Шышачкі сабралі, у кошыкі паклалі.
Мы па лесе ішлі? Ішлі!
І рабінку знайшлі…
На дыбачкі ўсталі, ручкі ўверх узнялі,
Рабінку сабралі, у кошыкі паклалі.

 

Лексічная хвілінка

– Дайце тлумачэнне незразумелым словам.

Гай –
Камель –
Чарапіца –
Лука –

 

Праца над зместам

– Чым незвычайным усхвалявала прырода Я.Коласа? Якім паўстае наднёманскі луг? З чым ён параўноўваецца?

– Звярніце ўвагу на апісанне старой хвоі. Якое пачуццё выклікала яна ў мастака?

– Што парушае цішыню і спакой лугу?

– Перачытайце апісанне Нёмана на досвітку. Вызначце месцазнаходжанне аўтара. Які настрой пануе на прасторах?

– Якія пачуцці выклікала апісанне песні ляснога жаваранка?

– Што адчуў аўтар, слухаючы песню?  

 

Самастойная праца з артыкулам (с. 146–148)

– Які мастацкі сродак называецца эпітэтам?

– Якая роля іх у творы? (Дапамагаюць адчуць прыгажосць і непаўторнасць спеваў ляснога жаваранка.)

Знайдзіце эпітэты да слоў:

прасторы  
дрэвы  
хвоя  
дубы  
баравіны  
мелодыя спеваў  
пагоркі  

 

– Прапаную вам дадатковае заданне. Параўнайце апісанне песні жаваранка ў творах Якуба Коласа і Дануты Бічэль-Загнетавай.

Абсыпана густое поле
жаўруковай песняй.
Ліецца песня з-пад блакіту
На жыта, усё на жыта,
Жывое срэбра нібыта,
Як я, расой абмыта.
             Д.Бічэль-Загнетава

 

Я.Колас

Д.Бічэль-Загнетава

Агульнае

1.

1.

Рознае

1.

1.

 

2.

2.

 

3.

3.

 

4.

4.

 

ІІІ Вынікі ўрока. Рэфлексія

– Пра што новае вы даведаліся на ўроку?

– Што здалося цяжкім?

– Што спадабалася на ўроку?

Працягніце выказванні:

1. Песня ляснога жаваранка прыносіць (задавальненне, радасць, заспакаенне, задуменне, трывогу), калі…

2. Песня ляснога жаваранка даходзіць да самых глыбінь чалавечага сэрца, бо…

3. Мы вельмі часта не заўважаем прыгажосці родных краявідаў, бо…

 

IV Дамашняе заданне

Выразнае чытанне твора; прачытаць артыкул (с. 146–148).

Дадатковае заданне (па жаданні): скласці міні-сачыненне “І загучала песня ляснога жаваранка…”

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий