Тэма вывучаецца ў канцы IV чвэрці ў раздзеле “Лексіка і фразеалогія”.
Аксана КАРПОВІЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Поразаўская сярэдняя школа”
Свіслацкага раёна,
Гродзенская вобласць
Мэты:
– паглыбіць і сістэматызаваць веды вучняў па раздзеле “Фразеалогія”;
– удасканальваць уменні знаходзіць фразеалагізмы, адзначаць падабенства і адрозненне фразеалагізмаў ад слоў і словазлучэнняў, тлумачыць значэнні фразеалагізмаў;
– вучыцца падбіраць сінонімы, антонімы, беларускія адпаведнікі да рускіх фразеалагізмаў;
– ужываць фразеалагічныя выразы ў вусным і пісьмовым маўленні;
– садзейнічаць узбагачэнню слоўнікавага запасу, развіццю пазнавальнай актыўнасці і інтэлектуальных здольнасцей вучняў, навыкаў самакантролю, самаацэнкі, узаемакантролю;
– спрыяць выхаванню любові і цікавасці да моўнага багацця беларускага народа.
Тып урока: вывучэнне новага матэрыялу.
Эпіграф: “Фразеалагізмы – самародкі, самацветы роднай мовы, залацінкі народнай мудрасці” (І.Я.Лепешаў).
Ход урока
І Арганізацыйны этап
Задача: арганізаваць і падрыхтаваць вучняў да працы, стварыць атмасферу супрацоўніцтва.
Настаўнік: Добры дзень, дзеці! І няхай ён сапраўды будзе добрым, цікавым, радасным, насычаным пазітывам і новымі адкрыццямі.
Стварэнне праблемнай сітуацыі.
Настаўнік: У кнізе К.І.Чукоўскага “Ад двух да пяці” ёсць такія назіранні: “Калі хлопчык пачуў, што іх госця, бабуля, “сабаку з’ела” ў нейкіх справах, ён схаваў ад яе сваё любімае шчаня”.
– Як вы думаеце, хлопчык спалохаўся дарэмна?
Настаўнік: Устойлівы выраз “сабаку з’есці ў чымсьці, на чымсьці” азначае “мець багаты вопыт, навыкі, веды ў чым-небудзь”. Спадзяюся, што сённяшні занятак будзе цікавым, займальным і карысным, а ваша старанная праца, кемлівасць і ўважлівасць дапамогуць кожнаму з вас у канцы занятку смела сказаць: “Я сабаку з’еў на тэме “Фразеалагізмы”.
II Арыентацыйна-матывацыйны этап. Паведамленне тэмы. Вызначэнне задач
Задача: актуалізаваць апорныя веды і ўменні вучняў, сфарміраваць пазнавальныя матывы, стварыць умовы для самавызначэння вучняў на дзейнасць.
Зварот да эпіграфа.
Настаўнік: Звярніце ўвагу на эпіграф да нашага занятку. Гэтыя словы належаць Івану Якаўлевічу Лепешаву, вучонаму-лінгвісту, даследчыку беларускай фразеалогіі, складальніку фразеалагічных слоўнікаў, майму выкладчыку і проста добраму чалавеку.
– Як вы разумееце значэнне гэтых слоў?
Самародак – рознай велічыні кавалкі металу (звычайна каштоўнага), якія сустракаюцца ў прыродзе ў хімічна чыстым выглядзе.
Самацвет – каштоўны або штучны камень з чыстым тонам афарбоўкі ці бясколерны, празрысты, з яркім бляскам.
Залацінка – разм. крупінка золата, залатая пылінка.
Настаўнік: Значыць, фразеалагізмы – вялікая каштоўнасць роднай мовы. Ці так гэта? Якую ж ролю адыгрываюць фразеалагізмы ў маўленні. Ці так ужо патрэбна іх ведаць ?
ІІІ Аперацыйна-пазнавальны этап
Задача: арганізаваць мэтанакіраваную пазнавальную дзейнасць вучняў па тэме.
Настаўнік: Прачытайце прапанаваныя выразы і знайдзіце ў кожным радку лішняе.
– Злосць бярэ, смех бярэ, рукой бярэ, страх бярэ.
– Даць есці, даць жару, даць бой, даць волю.
– Задзіраць нос, пайсці на свой хлеб, сядзець на шыі, пайсці ў кіно.
Настаўнік: Што такое фразеалагізм? (Устойлівае спалучэнне слоў, якое ўжываецца як гатовая моўная адзінка з непадзельным, цэласным значэннем.)
Настаўнік: Што такое фразеалогія? (Раздзел навукі пра мову, які вывучае і апісвае фразеалагізмы, іх паходжанне, значэнне і класіфікацыю.)
Настаўнік: Чым фразеалагізмы адрозніваюцца ад свабоднага словазлучэння? (Фразеалагізм, як і слова, не ствараецца кожны раз у час размовы ці пісьма, а выкарыстоўваецца ў гатовым выглядзе як трапныя, вобразныя сродкі выказвання думак і пачуццяў.)
Настаўнік: Знешне фразеалагізмы падобныя да такіх сінтаксічных адзінак, як словазлучэнне (лёгкі хлеб, падаць голас), спалучэнне слоў(і смех, і грэх), сказ (ліха яго ведае, як скрозь зямлю праваліўся), аднак істотна ад іх адрозніваюцца.
Настаўнік: Што агульнага паміж словам і фразеалагізмам? (Запаўненне табліцы, змешчанай на дошцы).
Свабоднае словазлучэнне |
Фразеалагізм |
Прыклад |
Кожнае слова захоўвае сваё самастойнае лексічнае значэнне і можа ўступаць у разнастайныя сувязі з іншымі словамі. |
Словы цалкам ці часткова страчваюць сваё лексічнае значэнне і аб’ядноўваюцца ў адзінае сэнсавае цэлае. Значэнне вынікае не са слоў, якія ўваходзяць у яго склад, а з усяго словазлучэння. |
Цёплы дзень, ісці лесам, любавацца ракой. |
Ствараецца з асобных слоў у момант гутаркі ці ў час пісьма. |
Ужываюцца як непадзельныя моўныя адзінкі. |
|
Кожны кампанент выконвае сваю сінтаксічную функцыю. |
Выступаюць у ролі аднаго члена сказа. |
Творчае заданне
Настаўнік: Складзіце сказы, каб словазлучэнні ў адным выпадку ўжываліся як свабодныя словазлучэнні, а ў другім – як фразеалагізмы.
Намыліць шыю (выгаварыць з дакорам) – Калі стораж зрабіў памылку, яму добра намылілі шыю, не далі нават апраўдацца.
Паставіць на ногі (вырасціць, давесці да самастойнасці) – Мне б толькі старэйшага паставіць на ногі, а там лягчэй будзе.
Прыкусіць язык (раптоўна замоўкнуць) – Добра, што я своечасова прыкусіў язык і не назваў свайго ім.
Настаўнік: На працягу двух тыдняў вы выконвалі заданні вэб-квеста “У свеце фразеалагізмаў” (https://belmova-5.blogspot.com; вучні працавалі ў групах “Тэарэтыкі”, “Даследчыкі”, “Аналітыкі” і “Мастакі”).
Групы прадстаўляюць вынікі сваёй працы (https://belmova-5.blogspot.com).
Настаўнік: На сённяшнім занятку мы пашырым веды пра фразеалагізмы.
Заданне “Фразеалагізмы як члены сказа”
Знайдзіце фразеалагізмы і падкрэсліце іх як члены сказа.
Нечаканае пытанне збіла яго з панталыку (выказнік). Уцякалі тады што было сілы (акалічнасць). Дзень зімой з заечы хвост (выказнік). Было вялікае жаданне даць дзёру (азначэнне). У спрэчцы ўсе стараліся абыходзіць вострыя вуглы (дапаўненне). Вярнуліся ўчора ў свіныя галасы (акалічнасць). Гэтая гульня ў хованкі (дзейнік) ўжо зацягнулася.
Гульня “Канструктар” (даецца тлумачэнне слова)
Канструктар – гэта спецыяліст, які займаецца праектаваннем рознага віду тэхнікі ці канструкцый. Іншая назва – інжынер-канструктар. У Беларусі рыхтуюць спецыялістаў у Мінскім БНТУ(звярнуцца да сайта БНТУ https://bntu.by/faculties/msf/specialties).
Аднавіце “рассыпаныя” фразеалагізмы. Назоўнікі, што змешчаны ў правым слупку, злучыце стрэлкамі з прыметнікамі з левага слупка.
Белая каша
бярозавая язык
барані вока
доўгі рог
чортава варона
малочныя вуліца
леташні рэкі
зялёная снег
Фізкультхвілінка
Кожную раніцу я выцягваюся ва ўвесь рост з думкаю: “Я чалавек”. Заўсёды гатовы працягнуць руку дапамогі, лёгка нахіліцца да малога ці слабога, павярнуцца да тых, хто адстаў, дацягнуцца да мары, пераступіць цераз стомленасць, глыбока ўздыхнуць і ўсміхнуцца таму, што збудзецца. Я памятаю, што я – чалавек!
Заданне “Эрудыты”
Аднавіце фразеалагізмы, уставіўшы патрэбныя па сэнсе словы.
Куды вочы…(глядзяць);
як дзве кроплі…(вады);
ні жывы…(ні мёртвы);
хоць кол…(на галаве чашы);
кату …(па пяту);
з вялікага грому…(малы дождж);
за нос …(вадзіць);
надзьмуўся як …(мыш на крупы);
за дзедам…(шведам);
мядзведзь …(на вуха наступіў);
кусаць сабе …(локці).
Праца з тэкстам
Прачытайце прапанаваны тэкст. Устаўце прапушчаныя літары. Растлумачце свой выбар.
Звычайна на ўроках Віця Сініцын лічыў варон або кляваў носам. Але ў гэты дзень ён прыбе_ у родную школу ні свет ні зара. Хлопчыку было вельмі сорамна перад с_брамі за дрэн_ыя адзнакі ў сваім дзённіку, і ён вырашыў выправіць іх.
Каля дошкі Віця доўга збіраўся (з, с) думкамі, але потым а_казаў дамашняе заданне так, што камар носа не па_точыць.
Атрымаўшы д_ўгачаканую дз_сятку, хлопчык быў на сёмым небе ад шчасця.
1. Знайдзіце ў тэксце фразеалагізмы, растлумачце значэнне.
2. З якой мэтай яны выкарыстаны? (Выкарыстанне фразеалагізмаў узбагачае і ўпрыгожвае маўленне, надае яму выразнасць, вобразнасць, маляўнічасць, непаўторнасць. Калі чалавек умее выкарыстоўваць фразеалагізмы ў маўленні, гэта гаворыць пра яго адукаванасць, глыбокае веданне мовы. У фразеалогіі ярчэй усяго выяўляецца багацце, сіла і прыгажосць мовы).
Жарт з жыцця (на слайдзе)
– А чаму ж мы не ўзялі з сабой касу? – спытала малая Верачка, калі машына спынілася.
– А навошта нам каса ў лесе? Мы ж за грыбамі прыехалі! – здзівіўся тата.
– Я чула, як ты ўчора казаў бабулі, што грыбоў сёлета хоць касой касі!
Настаўнік: Чаму дзяўчынка задала такое пытанне? (Непаразуменне выйшла па прычыне ўжывання фразеалагізма “хоць касой касі”, значэнне якога дзяўчынка не ведала.)
Настаўнік: Дзе ў тэксце схавалася граматычная памылка? (Форма “за грыбамі” ўжыта няправільна. Правільна гаварыць “у грыбы”.)
Настаўнік: Якія правілы павінны выконваць людзі, калі ідуць у грыбы? (Не парушаць цішыню ў лесе. Асцярожна зрэзваць грыб, а не зрываць, каб не разбурыць грыбніцу. Не браць грыб, калі не ведаеш, што за ён. Не чапаць атрутныя грыбы. Пакінуць іх для жывёл.)
Вывад: фразеалагізмы ажыўляюць маўленне, робяць яго выразным, вобразным, каларытным. Побач з іншымі сродкамі стварэння выразнасці(метафарамі, эпітэтамі, параўнаннямі) фразеалагізмы з’яўляюцца сродкам характарыстыкі герояў, стварэння яркіх малюнкаў рэчаіснасці.
Заданне “Растлумач”
Запішыце, якіх людзей характарызуюць наступныя фразеалагізмы.
Жаба на языку не спячэцца – балбатлівы;
з ветру вяроўкі ўе – сцвярджае што-небудзь без усялякіх падстаў, выдумшчык, пляткар;
з мухамі ў носе – упарты, капрызны;
вецер гуляе ў галаве – несур’ёзны.
Настаўнік: Фразеалагізмы могуць уступаць паміж сабой у сінанімічныя і антанімічныя адносіны. Фразеалагізмы-сінонімы адрозніваюцца адценнямі значэння, стылістычнай афарбоўкай. Фразеалагізмы-антонімы абазначаюць супрацьлеглыя паняцці.
Некаторыя фразеалагізмы могуць уступаць у аманімічныя адносіны са свабоднымі словазлучэннямі (гучаць аднолькава, але абазначаюць рознае): заткнуць за пояс (сякеру, рукавіцы, шапку) і заткнуць за пояс – перасягнуць, перавысіць у чым-небудзь. (Гаварыў гладка, любога за пояс заткне).
Праца ў групах
1-я група
Падбярыце сінонім:
1) павесіць галаву– засумаваць;
2) біць лынды– гультаяваць;
3) кроў з малаком – прыгожы, дужы;
4) пад бокам– блізка;
5) хоць гаць гаці– многа;
6) у свіныя галасы– позна;
7) лахі пад пахі– хутка.
2-я група
Падбярыце з матэрыялу для даведак антонімы да прыведзеных фразеалагізмаў:
Ні свет ні зара –
блізкі свет –
у вочы –
пустая галава –
гарыць у руках –
з вуха на вуха –
пайсці на свой хлеб –
трымаць язык за зубамі –
Для даведак: у свіныя галасы, за вочы, сядзець на шыі, пад бокам, светлая галава, як мокрае гарыць, на ўвесь свет, малоць языком.
3-я група (вучні, якія займаюцца на IV–V узроўнях)
Ці можна перакласці фразеалагізмы на беларускую мову? (Нельга. Можна знайсці фразеалагізмы – адпаведнікі ў рускай мове.)
Падбярыце да фразеалагізмаў левага слупка іх адпаведнікі з рускай мовы ў правым слупку:
Беларуская мова |
Руская мова |
збіць з панталыку |
язык проглотить |
цыркаць па кропельцы |
белены объелся |
адзін другога варты |
сбить с толку |
цяляты язык аджавалі |
пустить по миру |
па самыя вушы |
в час по чайной ложке |
блёкату аб’еўся |
два сапога пара |
пусціць з торбай |
по горло |
Рубрыка “У гасцях у слова”
Фразеалагізм даць гарбуза звязаны з народнай беларускай традыцыяй. Падчас сватання жаніху альбо сватам жаніха маглі даць гарбуз як сімвал (знак) адмовы ад шлюбу. Растлумачце, чаму менавіта гарбуз, а не яблык, агурок, груша абраны як сімвал (знак) адмовы.
Выступленне падрыхтаванага вучня (апераджальнае заданне).
На думку некаторых даследчыкаў, выраз “даць гарбуза” запазычаны беларускай мовай з украінскай. Ёсць меркаванне, што негатыўнае ўспрыманне гарбуза звязана з тым, што расліна ў спелым выглядзе мае ўнутры парожнюю поласць, яна часткова пустая. У некаторых мясцінах Беларусі нявесты ў знак адмовы жаніхам даюць ім пусты круг сланечніку ці нават пусты кошык. Вядома, што пустыя прадметы маюць устойлівыя адмоўныя асацыяцыі. Напрыклад, шырока распаўсюджана прыкмета, згодна з якой сустрэча з чалавекам, які нясе пустыя вёдры, прадвяшчае няўдачу, няшчасце. Пустыя вёдры атаясамліваліся не толькі з цяжкім жыццём, але і з рознымі канкрэтнымі ўяўленнямі пустаты. З пустымі прадметамі звязаны і некаторыя забароны: не дазвалялася нагой калыхаць пустую люльку дзяцей, бо дзіця можа памерці.
IV Падвядзенне вынікаў. Зварот да задач. Зварот да эпіграфа
Задача: мабілізаваць навучэнцаў на вызначэнне ступені засваення ведаў.
Ліст самакантролю
|
10 “магу” |
+ |
+ – |
– |
1 |
Магу даць азначэнне, што такое фразеалагізм |
|
|
|
2 |
Магу адказаць, чым фразеалагізм адрозніваецца ад свабоднага словазлучэння |
|
|
|
3 |
Магу знайсці фразеалагізмы ў сказах, тэкстах |
|
|
|
4 |
Магу растлумачыць значэнне некаторых фразеалагізмаў |
|
|
|
5 |
Магу вызначаць сінтаксічную ролю фразеалагізмаў у сказах |
|
|
|
6 |
Магу падбіраць фразеалагізмы-сінонімы і фразеалагізмы-антонімы |
|
|
|
7 |
Магу падбіраць да беларускіх фразеалагізмаў адпаведнікі з рускай мовы |
|
|
|
8 |
Магу даць адказ на пытанне: “Якая роля фразеалагізмаў у маўленні?” |
|
|
|
9 |
Магу ўжываць фразеалагізмы ў сваім маўленні |
|
|
|
10 |
Магу растлумачыць тэму іншым |
|
|
|
V Рэфлексія
Задача: стварыць умовы для самаацэнкі дзейнасці вучняў на занятках і ўсведамлення імі асобасных сэнсаў у вывучанай тэме.
Настаўнік: Усе вы, дзеці, вялікія малайцы. Мне было вельмі прыемна з вамі працаваць. Нездарма гавораць: лёгка таго вучыць, хто хоча ўсё ведаць. Гэта пра вас. Дзякуй вам.
Зварот да эпіграфа.
Настаўнік: Ці пацвердзілі словы І.Я.Лепешава?
Вучань: І сапраўды, фразеалагізмы – самародкі, самацветы роднай мовы, залацінкі народнай мудрасці. Існаванне трапных выразаў сведчыць пра творчасць народа, яго светапогляд, культуру. У іх адлюстравана карціна навакольнага свету, сацыяльнае і бытавое жыццё чалавека, сам чалавек з яго эмацыянальным, унутраным светам.
Вучань: Каб залацінкі гэтыя свяцілася ў пісьмовым тэксце, у вусным маўленні, іх трэба выкарыстоўваць умела і дарэчы. А для гэтага неабходна ведаць вытокі, гісторыю ўзнікнення гэтых выразаў, мець уяўленне пра жыццё пэўных фразеалагізмаў у часе і прасторы.
Спіс выкарыстанай літаратуры
1 Баханькоў, А.Я. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы : для сярэд. Школы / А.Я.Баханькоў, І.М.Гайдукевіч, П.П.Шуба. – 2-е выд., перапрац. і дап. – Мінск : Нар. асвета, 1972. – 376 с.
2 Гаўрош, Н.В. Фразеалагічны слоўнік / Н.В.Гаўрош, І.Я.Лепешаў, Ф.М.Янкоўскі; пад рэд.Ф.М.Янкоўскага. – Мінск : Нар. асвета, 1973. – 352 с.
3 Лепешаў, І.Я. Моўныя самацветы / І.Я.Лепешаў. – Мінск, 1985. – 74 с.