Жыватворнай духоўнай крыніцай для народа з’яўляецца яго спадчына: мова, культура, гісторыя, фальклор. Праблемы захавання, развіцця і адраджэння традыцыйнай народнай культуры набываюць вялікую актуальнасць.
Святлана АЛIСАВА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Сярэдняя школа № 1 г. Чавусы”,
Магілёўская вобласць
Ход свята
Імправізаваная сцэна. Насустрач адна адной выходзяць дзяўчаты.
Першая дзяўчынка. Добры дзень, дзяўчаткі, сёння ў нас Тройца.
Другая дзяўчынка. Не Тройца, а Сёмуха.
Трэцяя дзяўчынка. Зелянец на дварэ.
Чацвёртая дзяўчынка. Зялёныя святкі.
Пятая дзяўчынка. Вялікі май.
Шостая дзяўчынка. Кіньцеся вы спрачацца, і Тройца, і Зелянец, і Сёмуха, і Зялёныя святкі, і Май – усё гэта назвы аднаго свята, якое святкуецца на сёмым тыдні пасля Вялікадня. Гэта свята найвышэйшага росквіту прыроды, усёй расліннасці і ўраджайнасці. Праводзіны вясны, сустрэча лета.
Першая дзяўчынка. Зелянец – вясны канец.
Другая дзяўчынка. На Зелянец – хлебу канец.
Трэцяя дзяўчынка. Хто летам ножкай топ, той зімой ручкай хоп.
Чацвёртая дзяўчынка. Хто летам халадку шукае, той узімку галадае.
Пятая дзяўчынка. А хто з вас ведае, шаноўныя мае, гэта свята лічыцца мужчынскім ці жаночым?
Шостая дзяўчынка. Гэта свята лічыцца жаночым, а дакладней, дзявоцкім, таму што іменна дзяўчына сімвалізуе маладосць прыроды. Давайце ж, дзяўчаткі будзе вадзіць карагоды, спяваць песні, варажыць на лёс.
Гучыць песня
Шостая дзяўчынка. А зараз станавіцеся ў круг, будзем у гульню гуляць. Як гульня называецца, даведаецеся, калі адгадайце загадку.
Не агонь, а пячэцца?
Першая дзяўчынка. Сонца.
Шостая дзяўчынка. Ды, не. Не з клыкамі, а баяцца да яе дакрануцца.
Другая дзяўчынка. Іголка.
Шостая дзяўчынка. Паспрабуеш голай пяткай затаптаць, будзеш войкаць і да вечара скакаць.
Трэцяя дзяўчынка. Крапіва.
Пятая дзяўчынка. Ну што ж, будзем у Крапіву гуляць.
Дзяўчаты.
У карагодзе мы хадзілі, ай-люлі, мы хадзілі.
А што там відзелі, ай-люлі, мы відзелі.
Сядзіць бабка на траве, ай-люлі, на траве.
Прытварылася – драмле, ай-люлі, драмле.
Баба стараецца апячы крапівою ўдзельнікаў.
Пятая дзяўчынка. Падыходзьце тыя, каго я зачапіла крапівою. Вам вельмі пашчасціла. Ведаеце чаму?
Трэцяя дзяўчынка. Троіцкая крапіва выратоўвае чалавека ад злых духаў, розных нягод, вылечвае ад хвароб.
Першая дзяўчынка. Давайце ўпрыгожым нашу бярозку.
Другая дзяўчынка. Заўём яе галінкі.
Трэцяя дзяўчынка. Наўём вяночкаў.
Чацвёртая дзяўчынка. Пакумуемся.
Пятая дзяўчынка. Пагадаем на лёс.
Шостая дзяўчынка. Пойдзем, дзяўчынкі, мы ў гай гуляць. У гай гуляць, вянкі завіваць.
Дзяўчаткі спяваюць траецкую песню “Ай не радуйся, зялён дуб”.
Пятая дзяўчынка. Ой, дзяўчаткі, сёння ж свята якое – Троіца. Гэта ж сёння куміцца можна, каб быць сяброўкамі.
Шостая дзяўчынка. Каб ніколі не сварыцца і заўсёды ўсе сакрэты адна адной расказваць, і на вяселле адна адну запрасіць, трэба менавіта сёння прайсці з сяброўкамі праз завітыя бярозкі.
Першая дзяўчынка. Давайце куміцца.
Другая дзяўчынка.
Кумушкі – галубушкі, куміцеся – не бараніцеся,
А раскуміўшыся, хоць пабіцеся.
Першая пара.
Ты мне кума, а я табе.
З кумкай скуміліся – душа з душою змірыліся.
Другая пара.
Не хадзі кума вясной замуж – вясной хлебца няма.
А хадзі, кума, замуж восенню – восенню пірагоў напякуць.
Трэцяя дзяўчына. Вось цяпер мы сапраўдныя сяброўкі.
Чацвёртая дзяўчына. А зараз пойдзем красачкі збіраць, вянкі віць, долю спагадаць.
Пятая дзяўчына. Няхай усім нам будзе добрая хвіліна ў момант варажбы, няхай здзейсняцца ўсе пажаданні.
Першая дзяўчына. Дай жа, Божа каб гэты вяночак быў на год добры, на жыта густое, на ячмень каласісты, на авёс расісты, на грэчку ядраную, на капусту белую, на добры ўраджай.
Другая дзяўчына.
Бярозцы маладзенькай вяночак даравала,
Вяночак даравала, долю спагадала.
Ой, якую долю пазнаю?
Скажы пра мілага, якога кахаю.
Трэцяя дзяўчына.
Вяночак, вяночак, ты мне прадкажы:
Ці буду з мілым я, ці сяброўка мая?
Чацвёртая дзяўчына. Вось праз тыдзень, калі прыйдзем развіваць бярозку, паглядзім на свае вяночкі: чый вяночак застанецца зялёным, у таго жаданні спраўдзяцца.
Пятая дзяўчынка. Калі ж галінкі не звянуць, то можна чакаць багатай восені і шчаслівага жыцця.
Траецкія абрады і традыцыі на Чавускай зямлі
Жыватворнай духоўнай крыніцай для народа з’яўляецца яго спадчына: мова, культура, гісторыя, фальклор. Праблемы захавання, развіцця і адраджэння традыцыйнай народнай культуры набываюць вялікую актуальнасць.
Спадчына плённа ўплывае на працэсы сацыяльнага адраджэння. Уключае веды, працоўныя навыкі, звычаі і традыцыі, розныя віды мастацтва, народнай творчасці, уяўленняў і вераванняў, што перадаюцца ад пакалення да пакалення і забяспечваюць цэласнасць і стабільнасць этнасу.
Выключна вялікае значэнне ў развіцці традыцыйнай духоўнай культуры беларусаў мелі народныя абрады. Імі суправаджаліся асноўныя падзеі грамадскага і сямейнага жыцця. Асабліва паэтычнымі і маляўнічымі былі каляндарна-абрадавыя святы.
На багацце беларускага фальклору звярнулі ўвагу ў свой час вядомыя даследчыкі: А.М.Богнева, М.А.Антропава, Т.В.Водзіна, В. Ліцьвінка.
Традыцыйная культура Чавускага раёна вылучаецца своеасаблiвай рэгіянальнай адметнасцю і ўяўляе сабой сапраўдную скарбонку народнай мастацкай спадчыны.
Вывучэнне фальклорнай спадчыны адкрывае вялікія магчымасці па даследаванні свайго краю, яго традыцый, абрадаў. Аднак не ўсе фальклорныя творы трапілі на старонкі кніг. Носьбітамі такой інфармацыі з’яўляюцца жыхары вёсак Чавускага раёна. У ходзе даследвання мы запісалі шмат інтэрв’ю з удзельніцамі гурта, сабралі фальклорны матэрыял, апрацавалі яго і апісалі ў гэтым праекце.
Краязнаўчая і этнаграфічная дзейнасць даюць нам магчымасць глыбей пазнаёміцца з родным краем, мінулым сваёй краіны, пачынаючы з малой радзімы, далучыцца да культурных, духоўна-маральных, працоўных традыцый нашага народа.
Праект з’яўляецца адной з першых спроб даследавання і мастацкай рэканструкцыі элементаў каляндарна-абрадавых свят вёсак Чавускага раёна.
Актуальнасць тэмы праекта відавочна. Нягледзячы на тое, што мы сёння жывём у век камп’ютарызацыі, мы павінны ведаць гісторыю сваёй Бацькаўшчыны і беражліва ставіцца да яе, бо без ведання мінулага краіны не можа быць добрай будучыні. Светаўспрыманне нашых продкаў нельга зразумець, не вывучаючы народных звычаяў, абрадаў.
Таму вывучэнне, асэнсаванне рэгіянальнага свята “Зялёныя святкі” як мясцовай традыцыі на аснове мастацка-гістарычнай спадчыны беларусаў і ўкараненне яго ў сучаснае жыццё з’яўляецца актуальным і сацыяльна значымым.
Узнікненне і традыцыйныя асаблівасці траецка-сяміцкага свята
Старажытнаславянская культура і рэлігія, а адпаведна і абрады і звычаі старажытных славян носяць ярка выражаны аграрны характар і караняцца ў іх земляробчай практыцы.
Апошнім, завяршаючым звяном вясенняга каляндарна-абрадавага цыкла было траецка-сяміцкае свята, якое прыходзілася на канец вясны – пачатак лета.
Свята найвышэйшага росквіту прыроды, якое вядома пад назвай Сёмухі, Тройцы, Семік (Сеймік, Сямік) святкуецца на сёмым і восьмым тыдні пасля Вялікадня.
Назва “Сямік” паходзіць ад лічбы сем, якая абазначала, што гэтае свята спраўлялася нашымі продкамі на сёмым тыдні пасля першай веснавой поўні, у хрысціянскую эпоху – на сёмым тыдні пасля Пасхі.
У народзе яго яшчэ называюць “Зялёныя святкі”, па той прычыне, што ў сёмушныя дні асабліва вялікая ўвага надавалася зеляніне. Цяпер у народнай лексіцы захаваліся іншыя назвы гэтага цыкла – Зелянец, Граны тыдзень, Куста, звязаны з уяўленнямі нашых далёкіх продкаў аб прыродзе і ўвогуле навакольным свеце. “Зелянец – вясне канец” – так здавён ахарактарызываў чалавек гэтыя дні. Вясна ўступала свае правы лету, адсюль і назва Граны тыдзень (грань – мяжа паміж вясною і летам). Хоць свята адзначалася тры дні, увесь Сёмушны тыдзень звалі Клечальным і нічога не рабілі.
В.Ліцьвінка раскрывае не толькі сэнс народнага свята Сёмуха, але і закранае такое пытанне свядомасці ўяўлення чалавека аб Зялёных святках, якое перш за ўсё звязана з хрысціянскай Тройцай.
Гэта свята ў гонар вясны як апекуна шлюбаў, вясны-нявесты, упрыгожанай кветкамі і зеленню, якая ішла насустрач свайму жаніху – Сёміку. Таму і свята гэта лічылася лепшым у годзе часам для кахання і для варажбы аб будучым сямейным шчасці. Сам Сёмік, па паданнях, паказваўся юнаком, а святкаванні прысвечаныя яму, пачыналіся з таго, што дзяўчаты выходзілі на луг з зялёнымі галінкамі ў руках, танцавалі каля Сёміка, упрыгожанай зеленню і кветкамі, і пелі песні ў гонар кахання, якія прыносілі ім асалоду.
Няма сумнення, што выдатная эстэтыка Зялёных святак па сваёй тэатралізаванасці не ўступае Зімовым святкам, свайму адпаведніку сонцавароту зімой, але ў нейкім сэнсе з’яўляецца ягонай супрацьлегласцю. Калі там у цэнтры татэмныя жывёлы-продкі ў вобразах Мядзведзя, Казы, Бусла, то тут непадзельна пануе Дрэва Сусвету – усеагульнае ўяўленне аб космасе і чалавеку, у якое ўкладваюцца нашы прадстаўленні аб навакольным свеце.
Лакальна-рэгіянальныя асаблівасці свята “Зялёныя Святкі ” ў Чавускім раёне
У выніку экспедыцыйнай дзейнасці намі сабраны багаты матэрыял па мясцовым аўтэнтычным фальклоры, які актыўна выкарыстоўваецца пры правядзенні традыцыйнага вясковага свята, якое захавалася да гэтага часу ў вёсках Чавускага раёна. Гэтае свята мае старажытныя каранi, і мае дачыненне да жыцця сялян у час вясенніх палявых работ, а кульмінацыя іх прыходзілася на лета.
Надзея Казлова – удзельніца аўтэнтычнага гурта “Незабудкі” распавядала, нягледзячы на тое, што ў сярэдзіне мінулага стагоддзя традыцыя святкавання Траецкага тыдня была прыпынена, каля 10 гадоў назад работнікі культуры раёна ўзнавілі на чавускай зямлі старажытнае земляробчае свята, якое пакладзена ў аснову міжрэгіянальнага фестывалю “Зялёныя святкі”.
Па словах Надзеі Данілаўны, у чэрвеньскі дзень беларусы вітаюць росквіт прыроды карагодамі, песнямі, танцамі і варажбой. Галоўным атрыбутам свята з’яўляюцца бярозавыя галінкі (сімвал жыцця) і першыя кветкі. Пачынаецца старажытнае свята “Зялёныя святкі” з выступленняў розных калектываў, у якіх кожны выкарыстоўваў традыцыі сваёй мясцовасці, абрадавыя спевы.
Надзея Данілаўна адзначыла, урачыстае адкрыццё свята адбываецца на пляцоўцы каля Байкаўскіх крыніц.
Лакальна-рэгіянальнай асаблівасцю свята “Зялёныя святкі” з’яўляецца абрад ваджэнне “Куста”.
Праведзенае намі даследаванне дазволіла акрэсліць арэал абраду куста, рэшткі якога захаваліся ў нашым рэгіёне.
Асноўныя рытуальныя дзеянні абраду адбываюцца ў межах вясковага соцыуму.
Абрад пачынаецца з рытуальнага “апранання” Куста ў зеляніну адпаведна мясцовай традыцыі, прычым у песнях акцэнт робіцца на клён.
І як звычайна спачатку жанчыны па старажытным звычаі, наладжвалі ўрачыстае шэсце па пляцоўцы. Абрадавая група на чале з “кустом” імправізавана абходзіць падвор’і. Выканаўцы абраду, якія суправаджаюць “куста”, уступаюць у рытуальны дыялог з гаспадаром, падчас якога спяваюць куставыя песні, у якіх усхваляўся куста і абрадавая група.
Карагодныя песні
Ды цераз сяло Галавенчыцкае
Ішло войска ўсё ж дзявоцкае,
Ды дужаўчане не здзівіліся,
Што ў Галавенчыцах нарадзіліся,
Бог вам дасць дзяўчатачкі,
Што ў вас усе кусты кляновыя,
А вяночкі ўсе ж пярловыя,
А ў нас кусты ўсе лазовыя,
А вяночкі ўсе ж бярозавыя
Песнямі быццам збіралі ўсё дрэннае ў вёсцы – спрэчкі, нагаворы. Старажытную аснову куставых песень складае імкненне выклікаць рост раслін (“дзе куста ходзіць, там жытачка зародзіць”), паўплываць магіяй слова не толькі на ўрадлівасць нівы, але і на лёс чалавека, яго асабістае шчасце і добрую волю, жадалі ім здароўя і дабрабыту.
“Куста” лічылася сімвалам ураджаю, спявалі песню “Прывялі мы Кусту з зеляненькага клёну”. Звычайна “Кусту” прымаюць усе гаспадары, бо лічылася, што” калі каго “Куста” мінае, то той гаспадар у тым годзе ўраджаю не мае”. Калі ж не прымалі, жартоўна пракліналі: “Каб усё жыццё жаніліся ды з торбаю валачыліся”…
Найбольш добра захаваўся ў куставых песнях матыў шчаслівага шлюбу. Любоўна-шлюбныя элементы і месца, якое ім адводзілася ў тэматыцы куставых песень, вызначаюцца іх цеснай узаемазвязнасцю з аграрна-магічнымі матывамі.
Нягледзячы на тое, што абрад узнаўляўся па адным сцэнарыі, у кожнай вёсцы (нават аднаго куста – Галавенчыцы, Дужаўка) ёсць свае адметнасці ў правядзенні гэтага старажытнага абраду.
Так, напрыклад, у Галавенчыцах спадніцу і камізэльку рабілі з кляновых і ліпавых галінак і лістоў, галаву дзяўчыны ўпрыгожвалі зялёным вянком з дубовых лістоў і кветак. Куста, упрыгожаная зеленню, ішла насустрач Сёміку, вакол якога жанчыны танцавалі з галінкамі дрэў.
А ў вёсцы Дужаўка, наадварот аснова строю – бярозавыя галінкі. Менавіта, у гэтай вёсцы Куставы абрад мае жаночы характар, падкрэсліваюць самі ўдзельніцы аўтэнтычнага абраду – гэта жаночае свята. Адметнасць абраду – мужчыны не пяюць, не водзяць“Кусту”, адзначаюць старажылы вёскі Дужаўка.
Рэгіянальнай асаблівасцю з’яўляецца пляценне вянкоў: у вёсцы Гарбавічы вянок пляла сама дзяўчыны, у вёсцы Галавенчыцы, жанчына – удзельніца абрадавай групы, а ў вёсцы Дужаўка плялі вянкі сумесна: і дзяўчаты, і жанчыны.
Ваджэнне “Куста” грунтуецца на двух шчыльна звязаных паміж сабою старажытных культах – расліннасці і продкаў. У мінулым даследчыкі ўлічвалі адно значэнне слова ‘куст’ – расліна. Як паказала даследаванне, у моўнай сістэме лексема ‘куст’ характэрна і для такой з’явы штодзённасці, як прымаўкі: “Дзе стары куст, там двор не пуст”, дзе слова куст выкарыстоўваецца ў значэнні ‘ гаспадар, род’. Такім чынам, з улікам прыведзеных даных, ёсць падставы лічыць, што галоўны персанаж сімвалізуе не “дух расліннасці”, а выражае пэўную сацыяльную ідэю, якая знаходзіць сваё выражэнне ў абрадзе, – ідэю роду.
Ваджэнне “Куста” – унікальны прадуцыраваны абрад, характэрны для сумежных тэрыторый, помнік духоўнай культуры.
На вялікі жаль, амаль не засталося ў вёсках жывых сведак мінуўшчыны, але абрад ваджэнне “Куста” жыве і сёння, з’яўляючыся мосцікам паміж мінулым і сучасным.
Вывучэнне і асэнсаванне свята як мясцовай традыцыі дапамагае зазірнуць у мінулае і зразумець светапогляд нашых продкаў, якія стараліся жыць у гармоніі з прыродай.
Абрад “Завіванне бярозы”
У час экспедыцыі было даследавана: адносна мясцовых асаблівасцей траецкай абраднасці на тэрыторыі Чавушчыны вылучылі, што ў розных вёсках можна заўважыць лакальныя адметнасці асобных абрадаў. Напрыклад, завіванне бярозы, завіванне вянкоў і варажба на іх аб шлюбе. Заўважылі, што экспедыцыйныя матэрыялы дазваляюць умоўна рэканструяваць траецкі абрадавы комлекс Чавушчыны, які, можна меркаваць, меў у мінулым цэласны характар.
Абрад здзяйснялі маладыя жанчыны і дзяўчаты, якія накіроўваліся ў лес для выбару рытуальнага дрэва. Пры гэтым дзяўчаты выконвалі песні. У гэтых песнях адлюстраваліся анімістычныя погляды продкаў.
Бяроза, клён, дуб персаніфікуюцца, да іх спявачкі звяртаюцца як да жывых істот.
Дзяўчаты ўсё разам завівалі адно дрэва, плялі вянкі з галінак бярозы, упрыгожвалі стужкамі.
Пры гэтым маладыя жанчыны каля завітых бяроз вадзілі карагоды, ілюстраваўшы ход абраду. Карагоды насілі абрадна-магічны характар, мелі важны рытуальны сэнс, бо былі непарыўна звязаны з уяўленнем аб коле як сонечным сімвале (сонца круглае і рухаецца па крузе) і з асэнсоўваннем круга ў якасці містычнага засцерагальнага сродку.
У аснове карагодных песень ляжаць не толькі працоўныя земляробчыя, але і сямейна-шлюбныя матывы, калі сілу зямлі праз пладавітасць раслін імкнуліся выкарыстаць для пладавітасці, і наадварот, праз чалавечую пладавітасць імкнуліся ўздзейнічаць на ўраджайнасць зямлі.
У вёсках нашай мясцовасці ёсць рэгіянальныя асаблівасці правядзення абраду. Напрыклад, у вёсцы Галавенчыцы колькасць вянкоў адпавядала колькасці ўхажораў, што заляцаліся да дзяўчыны, а ў вёсцы Дужаўка плялі вянкі адпаведна колькасці членаў сям’і, але кожны вяночак адпавядаў канкрэтнаму чалавеку, а ў вёсцы Гарбавічы ўпляталі стужкі ў вянкі.
Важна заўважыць, што такія элементы рытуалаў, як завіванне бярозы, былі зафіксаваны ў другой палове XIX стагоддзя, у апісаннях П.В.Шэйна. (Смаленская, Магілёўская губ.)
Абрад “Кумленне”
З завіваннем вянкоў на бярозе ў нашым рэгіёне цесна звязаны абрад “Кумленне”.
У час свята ўдзельніцы з вёскі Галавенчыцы завівалі вяршыні дзвюх бярозак, перапляталі іх паміж сабою. Потым разбіваліся па парах і, прайшоўшы тры разы пад аркаю гэтых бярозак, абдымаліся і цалаваліся. У час кумлення дзяўчаты мяняліся стужкамі, спявалі.
Песня “Пакумімся, кума, пакумімся”
Пакумімся, кума, пакумімся,
Штобы нам с табой не сварыцца,
А вечна дружыцца.
Вы, кумушкі, вы галубушкі,
Куміцеся, любіцеся.
Не ругайцеся,не сварыцеся.
Сыйдзіцеся, палюбіцеся.
Палюбіцеся, падружыцеся.
Падружыцеся, пацалуйцеся.
Кумушкі, галубушкі,
Куміцеся, любіцеся,
Пакуміўшыся, станавіліся ў адзін вялікі карагод і спявалі, а дзяўчыны-сяброўкі, якія “куміліся” ў гэты дзень, павінны былі спрыяць адна адной да наступнай Сёмухі. Гэты рытуал і сімвалізаваў змену сацыяльнага статусу іх удзельнікаў.
А ў вёсцы Дужаўка крыху па — іншаму адбываліся рытуальныя дзеі пасля кумлення: старэйшая з жанчын садзілася на зямлю з крапівою, прывязанай да кія, і выдавала сябе за драмлівіцу. Дзяўчаты, узяўшыся за рукі, танцавалі вакол яе, спяваючы. Затым жанчына падхоплівалася з зямлі, падскоквала як мага вышэй, рабіла розныя прыкрыя грымасы і біла па руках дзяўчат крапівою. Як адзначае ўдзельніца гурта, таму пашчасціла, каго зачапілі крапівою. Па старажытных павер’ях у вёсцы лічылі, што троіцкая крапіва выратоўвае чалавека ад розных нягод, вылечвае ад хвароб.
З цягам часу абрад “Кумлення” пераасэнсоўваўся і стаў успрымацца як своеасаблівае духоўнае ачышчэнне, як дараванне за былую абразу, крыўду. Таму пасля “Кумлення” дзяўчаты станавіліся сяброўкамі і затым прымалі ўдзел у вяселлі, калі адна з іх брала шлюб.
Сярод навукоўцаў ёсць меркаванні, што абрад “Кумленне” мае даўнюю гісторыю, а асноўнае яго прызначэнне зводзілася да прыняцця дзяўчат у асяроддзе жанчын – прадаўжальніц роду. Рытуал сімвалізаваў сабой павышэнне статусу моладзі.
Адным з яскравых магічных дзеяў рытуалу, якія адбываліся ў час абраду была варажба.
Па завітых вянках варажылі: калі вянок не ссохне да часу, як трэба развіваць яго, то гэта добры знак – таму доўга жыць, а калі рана ссохне, то дрэнная прыкмета. Акрамя таго, дзяўчаты пускалі на ваду бярозавыя вянкі, каб паваражыць пра свой далейшы лёс (“Калі вянок плавае па вадзе – добрая прыкмета, калі тоне – благая”).
Адметнасцю варажбы, як адзначае Надзея Казлова, у вёсцы Галавенчыцы вылучаюць тое, што вянкі на Тройцу трэба было кідаць “па старому звычаю” – без дапамогі рук, павярнуўшыся да вады, рухам галавы. Часам дзяўчына пускала два вянкі і загадвала адзін на сябе, а другі – на хлопца, якога яна хацела б мець сваім мужам. Глядзела, ці сходзяцца іх вянкі, ці не. Па гэтым жа яна і вырашала, збудуцца яе жаданні ці не. Бярозавы вянок выконваў ролю не толькі прадказальніка, але і засцерагальніка.
Такім чынам, нашы продкі праз абрад імкнуліся зазірнуць у будучае і дабратворна паўплываць на яго.
Старажытнае земляробчае свята “Зялёныя святкі” досыць разнастайнае, у кожнай мясцовасці мае свае асаблівасці. Абрады сыходзяць сваімі каранямі ў нашае мінулае і з невытлумачальнай сілай прыцягвае нас і сёння, таму для яго разумення і асэнсавання неабходны абрадавыя кантэксты і тлумачэнне.
Такім чынам, траецкія абрады даюць магчымасць адчуць подых стагоддзяў, уявіць і зразумець светапогляд нашых продкаў, іх непарыўную сувязь з прыродай, а таксама асэнсаваць залежнасць ад стыхійных з’яў і імкненне да згоды і гармоніі суіснавання з навакольным асяроддзем.
Свята заснавана на нацыянальных традыцыях з мэтай адраджэння, захавання самабытнай фальклорнай культуры рэгіянальнага характару, іх папулярызацыя ў сучасным грамадстве, а таксама далучыць падрастаючае пакаленне да традыцыйнай культуры.
У выніку даследавання можна зрабіць выснову, што традыцыйныя абрады Чавушчыны могуць заняць пачэснае месца ў духоўнай скарбонцы беларускага народа.
Лічу, што свята “Зялёныя святкі” можна разглядаць як свайго роду помнік аўтэнтычнага фальклору Чавушчыны, як своеасаблівую культурную спадчыну.
Гістарычны лёс Беларусі складаўся так, што не заўсёды народ звяртаўся да сваіх уласных каранёў, да роднай культуры і мовы, але ж у наш час ёсць магчымасць вяртання ў пошуках шляхоў самазахоўвання сваіх абрадаў і традыцый. Старажытнае свята “Зялёныя Святкі” адлюстроўвае багацце традыцыйнай культуры беларускага народа і мае пазнавальнае, выхаваўчае, жыццёва-эстэтычнае значэнне.
Абрадавыя святы дапамагаюць зразумець светапогляд нашых продкаў, іх сувязь з прыродай, а таксама асэнсаваць залежнасць ад стыхійных з’яў і імкненне да згоды і гармоніі суіснавання з навакольным асяроддзем.
Чавуская зямля мае багатую этнаграфічную культуру. Падчас даследчай працы было адзначана, што свята “Зялёныя святкі”, якое бытуе ў вёсках Галавенчыцы, Дужаўка, Гарбавічы Чавускага раёна, мае свае адметныя рысы.
Тэма з’яўляецца актуальнай таму, што яна спрыяе пашырэнню цікавасці да культуры свайго краю. Народныя абрады, гульні дапамагаюць зразумець характар, каштоўнасці, асаблівасці побыту нашых продкаў, а таксама нясуць пэўную інфармацыю аб роднай зямлі.
У рабоце прадстаўлена магчымасць атрымаць новыя звесткі пра культуру народа праз вывучэнне сабранага матэрыялу, так як менавіта ў гульнях, абрадах адлюстроўваецца свядомасць народа.
Можна зрабіць выснову, што народныя гульні, традыцыйныя абрады Чавушчыны могуць заняць пачэснае месца ў духоўнай скарбонцы беларускага народа. Без ведання сваіх вытокаў, каранёў немагчыма стаць сапраўдным грамадзянінам, патрыётам сваёй Радзімы.
Прымаючы ўдзел у вывучэнні мастацкай спадчыны роднага краю, мы будзем адчуваць непарыўную сувязь са сваёй Радзімай. Вельмі важна, каб старэйшыя жыхары – носьбіты гэтай культуры паспелі яе перадаць.