Курыца з куранятамі. Занятак па адукацыйнай галіне “Мастацкая літаратура” для дзяцей першай малодшай групы (2–3 гады)

- 12:28ДОШКОЛЬНОЕ ОБРАЗОВАНИЕ, Дошкольное образование. Сценарии, Методичка

Занятак па адукацыйнай галіне “Мастацкая літаратура” для дзяцей першай малодшай групы (2–3 гады).

 

Вольга КАЗАКОЎСКАЯ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Д
зіцячы сад № 40 г. Ліды”,
Гродзенская вобласць

 

 

Праграмныя задачы:

– пазнаёміць са зместам верша В.Шніп “Кураняты”;
– фарміраваць уменне сачыць за развіццём дзеяння ў кароткіх вершах, актыўна выказваць свае ўражанні, адказваць на элементарныя пытанні па змесце;
– працягваць фарміраваць уяўленні “адзін”, “шмат”, “вялікі”, “маленькі”;
– развіваць уменне слухаць чытанне літаратурнага твора, эмацыянальна ўспрымаць верш, разумець яго змест;
– выхоўваць пачуццё суперажывання, чуласць да твору.

Матэрыялы і абсталяванне: дыдактычны матэрыял “Курыца з куранятамі” (фігуркі), ілюстрацыі прадметныя і сюжэтныя “Курыца і кураняты”, аўдыязапісы, місачкі з фасоллю і гарохам (зерне) на кожнае дзіця, місачкі вялікага і маленькага памеру на кожнае дзіця.

 

Ход занятку

 

Гучыць аўдыязапіc (крык курыцы).

Выхавальнік. Дзеткі, хто гэта так крычыць? (Курачка) Давайце пойдзем спытаемся, што здарылася? (Падыходзяць да курачкі.)

Добрай раніцы, курачка, чаго так крычыш, што ў цябе здарылася?

Аўдыязапіс: Дарагія дзеткі! Гулялі мы з кураняткамі каля хаткі, я адышла на хвілінку, а калі вярнулася, нікога ўжо не было, згубіла я куранятак, не ведаю, дзе яны. Дапамажыце!

Выхавальнік. Каго згубіла курачка? (Куранят) Давайце дапаможам ёй знайсці іх. Але, перад тым як пойдзем шукаць, мы павінны ведаць, як яны выглядаюць. Для гэтага я вам прачытаю верш “Кураняты”. (Дзеці сядаюць.)

З раніцы ля хаты
Ходзяць кураняты
Курыцыны дзеткі
Жоўтыя, як кветкі.
Клічу куранятак,
сыплю ім зярнятак.
Ды яны не чуюць —
Між сабой ваююць.

Хто ходзіць каля хаты? (Кураняты)

Выхавальнік паказвае карцінку маленькіх куранят.

Кураняты чые дзеткі? (Курачкі) Паказвае карцінку курыцы.

Якога колеру кураняты? (Жоўтага)

Чым курачка корміць сваіх куранят? (Зярняткамі) Паказвае зярняткі.

Гучыць аўдыязапіс “галасы куранят”.

Ой, а хто гэта так крычыць?(Кураняты)

Гэта, напэўна, кураняты клічуць нас. Як яны клічуць нас? (Пі-пі-пі)

Падыходзяць да стала з місачкамі з зернем і шукаюць у зярнятах куранят.

Дзеці дастаюць па адным кураняці з зярнятак, ставяць на стол і разглядаюць іх.

Выхавальнік яшчэ раз чытае верш (суправаджае паказам ілюстрацый) і прапануе дзецям паўтараць апошнія словы ў вершы:

З раніцы ля хаты
Ходзяць кураняты
Курыцыны дзеткі

Жоўтыя, як кветкі.
Клічу куранятак,
сыплю ім зярнятак.
Ды яны не чуюць
Між сабой ваююць!

Вось і знайшлі мы з вамі куранят, давайце аднясём іх курачцы.

Гульня “Кураняты”

Ішлі кураняты па дарожцы, (Ідуць адно за адным)
Скакалі на правай ножцы, (Скачуць)
А яшчэ кружыліcя смела (Кружацца)
Крыламі махалі ўмела. (Махаюць рукамі)
Яны спяшаліся дахаты,

Да мамы – курыцы чубатай. (Ідуць да курачкі)
(Прыносяць куранят да курачкі)

Паглядзіце, дзеткі, мама курыца адна, а куранят шмат. Паўтарыце, калі ласка. (Курыца – адна, куранят – шмат.)

Мама курыца вялікая, а кураняты… (маленькія).

Каб кураняты хутчэй выраслі, давайце пакормім іх.

Сядаюць за сталы з місачкамі зярнятак.

Гульня “Раскладзі зярняткі па памеры”

Выхавальнік. У вашых місачках есць вялікія зярняткі для курыцы. Іх трэба пакласці ў місачку – вялікую. А маленькія, для куранят, кладзіце ў місачку – маленькую. (Дзеці раскладваюць зярняткі па розных місачках і нясуць частаваць птушак.)

Цяпер кураняткі пачастуюцца і скарэй падрастуць.

Гучыць запіс голасу курыцы:

Ко-ко-ко! Ко-ко-ко!
Вы зрабілі мне дабро!
Дзякуй дзеткі за дзяцей,
Буду ўважлівай цяпер!
А яшчэ скажу я вам:
Не губляйцеся ад мам!

Выхавальнік. Ну вось, дзеткі, цяпер вы ведаеце, што нельга губляцца ад мам і тат. Мама курыца дзякуе нам, што мы дапамаглі знайсці яе дзетак.

Давайце скажам ім “Да пабачэння”.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий