Праца ў полі. Факультатыўны занятак “Вытокі роднай мовы” ў 4-м класе

- 9:46Методичка, НАЧАЛЬНАЯ ШКОЛА, Начальная школа. Сценарии

 

Алена УЛАНОЎСКАЯ,
настаўнік пачатковых класаў,
ДУА “Тракельская базавая школа”
Воранаўскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

 

Мэты: 

– пашырыць і канкрэтызаваць веды вучняў пра прафесіі людзей, якія працуюць у полі;
– развіваць мысленчую дзейнасць, памяць, увагу, маўленне; узбагачаць слоўнікавы запас вучняў;
– выхоўваць пачуццё гонару, павагу і пашану да людзей сельскагаспадарчых прафесій, да іх працы, да сваёй Радзімы.

Абсталяванне: прэзентацыя, малюнкі па тэме, заданні на картках (прыказкі, словы – назвы прафесій), крыжаванка, абсталяванне для інсцэніроўкі казкі.

 

Ход занятку

I Арганізацыйны момант

Стварэнне псіхалагічнага настрою

– Празвінеў ужо званок,
Пачынаем наш урок.
Будзем дружна працаваць,
Будзем веды здабываць.

– А зараз паглядзіце адно на аднаго і падарыце свае ўсмешкі, таму што ўсмешка – залог добрага настрою, настрою на працу.

 

II Паўтарэнне ведаў

– Цяпер давайце ўспомнім, чым мы займаліся на прошлым занятку?

– Адкажыце, якія спартыўныя секцыі вы ведаеце?

– Усе вы ў нас у класе вельмі любіце спорт, добрыя спартсмены. Расціце здаровымі, дужымі, каб сваёй вучобай, а потым і працай прыносіць карысць нашай Радзіме, нашай любімай Беларусі! (Слайд 1)

 

III Увядзенне ў тэму занятку

– У кожнага чалавека ёсць і свая маленькая радзіма, той куточак, дзе ён нарадзіўся, дзе жывуць яго бацькі і сябры, дзе знаходзіцца яго родны дом. Для вас гэта – наша вёска Тракелі, простая, звычайная, але такая мілая і дарагая сэрцу, дзе ланцужком размясціліся хаты; побач з хатамі раскінуліся прыгожыя кветнікі і сады, палоскамі цягнуцца агароды, і здалёк віднеюцца неабсяжныя палеткі. А колькі людзей з карыснымі і неабходнымі прафесіямі жыве ў нашай вёсцы! (Слайд 2)

 

IV Пастаноўка вучэбнай задачы

– Штодня кожны з нас некалькі разоў бярэ ў рукі хлеб, спрабуе яго з задавальненнем. Хлеб! Якое кароценькае слова, але колькі сіл, колькі працы патрэбна для таго, каб вырасціць колас. (Слайд 3)

Перамацаў хто зямлю рукамі,
І сказаў ёй шмат пяшчотных слоў,
Будуць яе вернымі сынамі,
Да Радзімы ў сэрцы іх любоў!

– Можа хто здагадаўся, пра што мы будзем гаварыць сёння на нашым занятку?

– Так, мы ўзгадаем прафесіі людзей, якія абралі працу на зямлі, якія ў спякоту і праліўны дождж змагаюцца за кожны колас, дзякуючы якім хлеб апынуўся на нашым стале. (Слайд 4)

 

V Работа па тэме занятку (Слайд 5)

Чытанне вучнем верша А.Дзеружынскага “Хлебная скарынка”.

– Чаму аўтар адчуў такія пахі?

– Нельга ўявіць сабе будзённы ці святочны стол без хлеба, без іншых сельскагаспадарчых прадуктаў. Але гэтаму папярэднічала нялёгкая праца хлебароба.

Чытанне вучнем  верша М.Пазнякова “Хлеб”.

 

Работа ў парах. Заданне “Адгадайце слова” (Слайд 6)

– А людзей якіх прафесій называюць хлебаробамі, вы даведаецеся, калі складзяце словы. Кожная пара атрымае картку з наборам літар, з якіх патрэбна скласці словы на тэму прафесіі, што звязаны з хлебам, і запісаць іх на дошцы. (Словы: раткатрытс, макабйрен, ганамор, еханарімзат.)

– Якія словы атрымаліся ў вас? (Чытаюць на дошцы: трактарыст, камбайнер, аграном, механізатар).

– Паслухайце зараз легенду. Аднойчы заспрачаліся араты, сейбіт і пекар. Араты сцвярджаў, што хлеб стварае зямля. Сейбіт казаў – сонца. Пекар – агонь. “Вы забыліся пра чалавека, – сказаў мудрэц, – хлеб – дзіця чалавечае”.

Сапраўды, прадстаўнікі розных прафесій працуюць над нараджэннем хлебнага бохана. Гэта і аграном, які кантралюе якасць палявых работ, наглядае за станам насення, і механізатар, які сочыць за тым, каб тэхніка заўсёды была ў добрым стане, і трактарыст, які рыхтуе зямлю для пасеваў, і камбайнер, які “вядзе бітву” за ўраджай. Як вы лічыце, чалавек якой прафесіі пачынае працу першым, каб хлеб быў на стале? 

Загадка:

Ледзь прачнецца наваколле
Ад зімовых сноў,
Я сваю машыну ў поле
Выведу ізноў.
Узару яго любоўна,
Каб, пакуль цяпло,
Сонечна, з калоссем поўным
Жыта нарасло. (Трактарыст)

 

Выступленне падрыхтаванага вучня пра трактарыста

Круглы год для трактарыста знаходзіцца работа. Вясной і восенню ён арэ зямлю, рыхтуе яе для пасеву. Пасля заканчэння ворыва трактарыст прымаецца за баранаванне палёў. Потым да трактара прымацоўвае сеялку. У разоры сыплецца зерне, прысыпаецца ўгнаеннем. Праз некалькі дзён поле пакрываецца зялёнымі ўсходамі. Удзельнічае трактар і ў праполцы пасеваў. Інакш пустазелле адбярэ ў маладых, слабых усходаў вільгаць, святло і пажыўныя рэчывы.

Чытанне вучнем верша К.Свіркі “На трактары”.

– Якую параду даў тата юнаму трактарысту?

– Наступіць дзень, калі на ўзараным полі паспее хлеб, які трэба сабраць, не страціўшы ні зярнятка! Гэтую задачу выконваюць камбайнеры.

Жаўранак звініць над жытам.
Сонца ўстала з-за лясоў.
Жне камбайн з вялікім спрытам
Промні спелых каласоў.

Выступленне падрыхтаванага вучня пра камбайнера

Камбайн – гэта складаная збожжаўборачная машына, якая працуе выключна на ўборцы збожжа. Камбайн косіць хлеб, абмалочвае яго, высыпае зерне ў асаблівы бункер. Калі бункер запоўніцца зернем, пад’язджае грузавая машына, і зерне перасыпаюць у яе кузаў.

Камбайн называюць “караблём палёў”. Наверсе размешчана пляцоўка кіравання агрэгатам. Яна і надае камбайну падабенства з караблём – ні даць ні ўзяць капітанскі масток. Пляцоўка размешчана не для рамантычнага выгляду машыны. Камбайнеру трэба добра бачыць ураджай, які патрэбна сабраць.

– Сёння ўсе асноўныя работы на сяле выконваюцца машынамі: камбайнамі, трактарамі, сеялкамі, касілкамі. Абслугоўваць іх могуць толькі добра падрыхтаваныя спецыялісты. Вельмі важна, каб сельскагаспадарчая тэхніка заўсёды была своечасова гатова да працы, бо менавіта ад яе спраўнасці залежыць, наколькі хутка пройдзе пасеў або збор ураджаю.

Выступленне падрыхтаванага вучня пра механізатара

Магутная тэхніка даверана сельскім механізатарам. Механізатар – гэта рабочы сельскай гаспадаркі, які працуе на сельскагаспадарчых машынах, займаецца іх рамонтам. Як толькі з палёў сыходзіць снег, механізатары прымаюцца за работу. І так да самых замаразкаў. Яны ведаюць, што ўсё залежыць ад іх старання, умення і жадання працаваць на агульны вынік. Той, хто выбірае прафесію механізатара, павінен абавязкова любіць зямлю і ўмець рамантаваць тэхніку.

 

Фізкультхвілінка

– Хлеб мы сеем, сеем.
А ён рунню зелянее.
Спіць пад снегам, узрастае.
Цягнецца да сонца, наліваецца.
А затым на стол спяшаецца.

– Давайце цяпер узгадаем машыны, якія выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы? (Работа на картках). (Слайд 7)

– Важны чалавек на вёсцы – аграном. Ад яго ведаў залежыць якасць і ўрадлівасць насення. (Работа са сшыткам. Чытанне артыкула “Аграном”).

– А зараз нам трэба выканаць заданне: саставіць партрэт хлебароба, выбраўшы тыя словы, якімі павінен валодаць хлебароб (словы і магніты ляжаць на стале ля дошкі). (Слайд 8)

– Сёння хочацца ўспомніць хлебаробаў нашых, з нашай вёскі Тракелі. Нам здаецца, што героі толькі ў кнігах, у кіно. Не, яны могуць быць і побач – працавітыя людзі, якія сваёй працай робяць подзвіг, любяць сваю зямлю, руплівыя і старанныя. (Настаўнік расказвае пра рэальных, вядомых усім  жыхароў вёскі, якія працуюць у полі).

 

Заданне “Злучы прыказку”

– Народ склаў нямала прыказак і прымавак пра працу. Давайце іх успомнім. Вам трэба злучыць іх часткі – пачатак і канец.

– На чорным полі … (бела пшаніца родзіць).
– Дзе пасееш густа, … (там не будзе пуста).
– Ліха не знаць – … (на сваім полі араць).

– Дзе гультай ходзіць, … (там зямля не родзіць).
– Выходзь на поле з расою, … (дык будзеш з ядою).
– Будзь да зямлі з ласкай … (будзеш з хлебам і каўбаскай).
– У каго чорна глыба, … (у таго і хлеба скіба).

 

Крыжаванка

– А зараз разгадаем крыжаванку. Вы ўжо шмат даведаліся пра працу на зямлі. Я буду чытаць загадкі, а вы разгадвайце іх. Разгадкі мы ўпішам у нашу крыжаванку.

1. Не шкадуюць мяне, мнуць,
у печ гарачую кладуць.
А як дастануць,
дык есці стануць. (Хлеб)

2. Хоць топчуць яе,
і рэжуць, і б’юць –
яна не злуе анічуць.
А толькі багаццем
усім шчодра плаціць. (Зямля)

3. У зямлю цёплую ўпаду,
да сонца коласам узыду,
у ім тады такіх, як я,
будзе цэлая сям’я. (Зерне)

4. Полем, ніваю паўзе,
Аж зямля пад ім гудзе.
А навокал стук і грук,
Жне, малоціць на сто рук.
Што гэта за машына,
Што разам жне і малоціць,
А ідзе – ажно зямлю
калоціць? (Камбайн)

5. Што два тыдні зеляніцца, два тыдні квітнее, два тыдні наліваецца, два тыдні падсыхае? (Жыта)

6. Што за конь?
Цяжар ён возіць
I арэ аж гул ідзе.
Ён аўса зусім не просіць,
Не ваду, салярку п’е. (Трактар)

7. Возьме ў доўг зерне, верне каравай. (Поле)

8. Землеапрацоўчая прылада ў выглядзе рамы з вертыкальнымі зубамі або дыскамі, пры дапамозе якой разрыхляюць глебу. (Баразна)

 

– Дык хто самы галоўны на зямлі? (Хлебароб.)

– Галоўны той, хто вырошчвае хлеб, хто арэ бязмежнае поле, сее збожжа ў зямлю, а восенню збірае каласы, налітыя залатым зернем.

– Ці лёгка дастаецца хлеб?

– А вось воўк з казкі “Лёгкі хлеб” думаў інакш. Давайце паглядзім.

 

Інсцэніроўка казкі“Лёгкі хлеб”

(Слайды 9–16)

 

VI Падвядзенне вынікаў. Рэфлексія

– Як, на вашу думку, трэба адносіцца да хлеба? Да людзей працы?
– Што вы можаце расказаць пра сельскагаспадарчыя прафесіі?

– Кожны дзень, узяўшы ў рукі кавалак хлеба, успомніце, колькі сіл, колькі працы патрэбна, для таго каб яго вырасціць. Зерне не прарасце без цяпла і святла, вады і паветра, клапатлівага сэрца і працавітых рук, без людской цярплівасці, без любові да працы, да выспеўшага хлебнага коласа і павагі да хлеба.

Калі выпадзе з рук – абдзьмухніце,
Не кідайцеся ім, не тапчыце!
Наядайцеся змалку ўволю,
Каб ён вечна вам пах
Родным полем!

– Закончыце, калі ласка, фразу:

– Сёння я даведаўся…
– Было цікава…
– Мяне здзівіла…
– Мне захацелася…

– А зараз станьце ў кружок. Паглядзіце на сваю далонь. Уявіце, што на ёй ляжаць веды, з якімі вы прыйшлі на ўрок. А на другой далоні – веды, якія вы атрымалі на сённяшнім занятку. Давайце возьмемся за рукі і злучым нашы веды. А цяпер злучаныя рукі паднімем угору і ўтворым сонейка, якое сагравае сваім святлом і цяплом нашу зямлю, нашу Радзіму, наш працавіты беларускі народ.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий