Мяркуецца, што напрыканцы ўрока вучні будуць умець ствараць анімацыю руху па прамой і анімацыю руху, выкарыстоўваючы накіравальны слой. Дадзены ўрок быў праведзены ў рамках пасяджэння раённага вучэбна-метадычнага аб’яднання.
Марына КУДРЫЦКАЯ,
настаўнік інфарматыкі,
ДУА “Шылавіцкая сярэдняя школа”
Ваўкавыскага раёна,
Гродзенская вобласць
Тып урока: урок засваення новых ведаў.
Дыдактычныя мэты ўрока
Мяркуецца, што напрыканцы ўрока вучні будуць
ведаць:
– што называюць анімацыяй руху;
– алгарытм стварэння анімацыі руху па прамой і руху з выкарыстаннем накіравальнага слоя (руху па траекторыі);
умець:
– ствараць анімацыю руху па прамой;
– ствараць анімацыю руху, выкарыстоўваючы накіравальны слой.
Задачы асобаснага развіцця:
– садзейнічаць развіццю ўмення аналізаваць і супастаўляць інфармацыю, выказваць думкі;
– садзейнічаць развіццю навыкаў самастойнай работы пры выкананні практычных заданняў на камп’ютары і работы са структурна-лагічнай схемай;
– фарміраваць навык самааналізу (пры падвядзенні вынікаў урока і ў ходзе рэфлексіі);
– садзейнічаць фарміраванню здаровага ладу жыцця, цікавасці да спорту, павагі і гонару за дасягненні беларускіх спартсменаў.
Праграмнае і метадычнае забеспячэнне ўрока: рэдактар Flash, навучальны дапаможнік “Інфарматыка. 8 клас”, § 10, прэзентацыя “Анімацыя руху”, тэст (Дадатак 1), ацэначныя лісты (Дадатак 2), карткі з практычнымі заданнямі (Дадатак 3), структурна-лагічная схема алгарытму стварэння анімацыі руху (Дадатак 4), файлы для практычнай работы Практычная работа “Анімацыя руху”, музычнае суправаджэнне: музычны фрагмент 1, музычны фрагмент 2.
Ход урока
1 Арганізацыйны момант
– Добры дзень! Я рада вас вітаць на ўроку інфарматыкі. Рада, што вы прыйшлі з добрым настроем. А гэта ўжо палова поспеху.
2 Праверка засваення тэмы папярэдняга ўрока
– Паколькі мы сустракаемся толькі раз на тыдзень, давайце ўспомнім матэрыял мінулага ўрока. Але не проста ўспомнім, а атрымаем свае першыя заліковыя балы ў ацэначныя лісты, якія знаходзяцца ў кожнага на парце.
– Калі ласка, падключаемся на мабільных тэлефонах па кодзе на экране манітора. Помнім, што ўлічваецца і хуткасць адказу.
Вучні працуюць у праграме Kohoot! на мабільных тэлефонах. Выстаўляюць атрыманыя балы ў ацэначны ліст. Пры адсутнасці інтэрнэт-сувязі пісьмова ў сшытку з самаправеркай у парах.
Тэст (Дадатак 1).
– Дзякуй, вы паспяхова справіліся з заданнем.
3 Мэта-матывацыйны этап
– Перад вамі анімацыйныя ролікі, створаныя ў праграме Macromedia Flash (Слайд 1).
– Прааналізуйце і адкажыце, чым яны адрозніваюцца і што ў іх агульнае?
– Тэма нашага ўрока – “Анімацыя руху” (Слайд 2). (Вучні запісваюць дату і тэму ўрока ў сшытак)
– Якую мэту кожны з вас ставіць для сябе? (Слайд 3).
Варыянты адказаў вучняў:
– умець ствараць анімацыю руху;
– прымяняць веды;
– аналізаваць, супастаўляць сітуацыю.
– Наш урок пройдзе пад дэвізам “Хутчэй, вышэй, мацней, разам” (Слайд 4).
– Што гэта за словы? Дзе вы іх сустракалі ці чулі?
– Якія зімовыя алімпійскія віды спорту вы ведаеце?
– Хто памятае, калі Беларусь упершыню ўдзельнічала ў Алімпійскіх гульнях як незалежная дзяржава? (1994, Лілехамер, Нарвегія.)
– Калі ласка, назавіце нашых беларускіх чэмпіёнаў зімовых алімпіяд. (Лыжная акрабатыка – Дзмітрый Дашчынскі; біятлон – Сяргей Новікаў, Надзея Скардзіна, камандны мас-старт – Дзінара Алімбекава, Ірына Крыўко і Надзея Скардзіна; фрыстайл – Аляксей Грышын, Антон Кушнір, Ала Цупер, Ганна Гуськова.)
– З некаторымі відамі зімовага спорту мы сёння пазнаёмімся бліжэй.
Заданне 1. “Хакей”. Вам давядзецца забіць шайбу ў вароты каманды “Дынама” на Мінск-арэне (Слайды 5–6).
Заданне 2. “Лыжныя гонкі”. З’ехаць з крутога снежнага схілу Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту “Раўбічы” (Слайд 7).
Заданне 3. “Фрыстайл”. Выканаць складаныя фігуры ў паветры з фрыстайлістамі Антонам Кушнірам ці Алай Цупер.
Вашы медалі – гэта набраныя высокія балы і выніковыя адзнакі (Слайд 8). І, як на любых спаборніцтвах перад выступленнямі, – “размова з трэнерам”.
Прэзентацыя спыняецца (Слайд 9, зацемнены колер слайда).
4 Засваенне новых ведаў і спосабаў дзеянняў
Кароткае тлумачэнне выканання заданняў настаўнікам з дэманстрацыяй на экране праектара. Настаўнік тлумачыць выкананне заданняў 1 і 2.
5 Фізкультхвілінка
– Вы таксама прымаеце ўдзел у зімовых раённых спаборніцтвах “Снежны снайпер”. А зараз іх неаднаразовы ўдзельнік Андрэй правядзе з вамі размінку перад стартам.
Пад музычны фрагмент вучань паказвае некалькі практыкаванняў, астатнія паўтараюць.
6 Замацаванне вывучанага матэрыялу на практыцы
– Калі ласка, прыступаем да выканання заданняў за камп’ютарам. Час выканання – 15 мінут. Пасля выканання кожнага задання правяраем заданне і ставім балы ў ацэначны ліст. Захоўваем файлы з заданнем ва ўказаныя папкі. Пры ўзнікненні пытанняў звяртаемся да настаўніка.
Ціха гучыць музычны фрагмент 2. Яго спыненне – сігнал заканчэння часу выканання задання. Вучні вяртаюцца за парты.
7 Дамашняе заданне
§ 10, выпісаць асноўныя паняцці (Слайд10).
8 Падагульненне, падвядзенне вынікаў урока. Выстаўленне адзнак
– Калі ласка, падлічыце агульную колькасць балаў, выстаўце адзнаку, выкарыстоўваючы прапанаваную табліцу (Слайд 11).
Вучні вылічваюць суму балаў і па табліцы самастойна выстаўляюць адпаведную адзнаку.
– А зараз устаюць тыя, хто атрымаў “10”. Хто атрымаў “9”? Хто атрымаў “8”? Вось прызёры нашых “алімпійскіх гульняў”. Сядайце, калі ласка.
– Звернемся да пачатку ўрока. Ці дасягнулі мы мэты? (Слайд 12. Паўтараем мэты, якія ставілі ў пачатку ўрока).
9 Этап рэфлексіі
– А цяпер дапоўніце прапанаваныя фразы (Слайд 13).
– Урок закончаны. Дзякуй за прадуктыўную працу. Поспехаў у вучобе і спорце. Да пабачэння.
Дадатак 1
Тэст “Асновы анімацыі”
1. У камп’ютарнай анімацыі апорныя кадры называюць…
А) генерыраванымі
B) галоўнымі
C) асноўнымі
D) цэнтральнымі
E) ключавымі
2. Уласным фарматам рэдактара Flash з’яўляецца фармат…
A) .png
B) .jpg
C) .swf
D) .fla
E) .bmp
3. Кадры – гэта…
A) загрузка малюнка фаз руху аб’ектаў;
B) відарысы паслядоўных фаз руху аб’ектаў або іх частак;
C) намаляваныя або сфатаграфаваныя выявы паралельных фаз руху аб’ектаў або іх частак;
D) запіс малюнка паслядоўных фаз руху аб’ектаў або іх частак.
4. Анімацыя – гэта…
A) від мастацтва, творы якога ствараюцца шляхам запісу асобных малюнкаў або сцэн;
B) від мастацтва, творы якога ствараюцца шляхам малявання асобных малюнкаў або сцэн;
C) працэс змянення памеру, становішча, колеру або формы аб’екта з цягам часу;
D) від мастацтва, творы якога ствараюцца шляхам аўтаматычнай здымкі асобных малюнкаў або сцэн.
5. Для стварэння ілюзіі без перапыннага руху частата змены кадраў павінна быць не менш…
A) 10 кадраў у секунду;
B) 24 кадраў у секунду;
C) 25 кадраў у секунду;
D) 12 кадраў у секунду;
E) 14 кадраў у секунду.
Адказы: 1 – Е; 2 –D; 3 – B; 4 – С; 5 –D.
Дадатак 2
Дадатак 3
Практычная работа “Анімацыя руху”
Заданне 1. Хакей
Стварыць анімацыю руху шайбы ў вароты. Фон імпартаваць з папкі Заданне 1 Шайбу намаляваць на новым слаі і размясціць у бібліятэку сімвалаў. Запусціць анімацыю на прагляд.
Файл захаваць пад імем Хакей.fla у папку Заданне 1.
Заданне 2. Лыжныя гонкі
Стварыць анімацыю руху лыжніка па выбранай адной трасе. Фон і лыжніка імпартаваць з папкі Заданне 2 і размясціць на розныя слаі. Запусціць анімацыю на прагляд.
Файл захаваць пад імем Лыжня.fla у папку Заданне 2.
Заданне 3*. Фрыстайл
Стварыць анімацыю руху фрыстайліста па прарысаванай траекторыі. Фон і фрыстайліста імпартаваць з папкі Заданне 3 і размясціць на розныя слаі. Запусціць анімацыю на прагляд.
Файл захаваць пад імем Фрыстайл.fla у папку Заданне 3.
Указанне: Пры стварэнні анімацыі на слаі Фрыстайліст, адкрыць Панэль уласцівасцей выбраць Движение. У спісе Вращение выбраць прымусовае вярчэнне на Пр чс (супраць гадзіннікавай стрэлкі)