Практычны вопыт: праз творчасць да інклюзіі. Стварэнне інклюзіўнага адукацыйнага асяроддзя з дапамогай творчай дзейнасці

- 9:10КОРРЕКЦИОННАЯ ПЕДАГОГИКА, Коррекционная педагогика. Опыт, Методичка

Творчая дзейнасць – адзін з напрамкаў у паспяховасці дзяцей-інвалідаў, дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, дзяцей з цяжкімі і множнымі псіхічнымі і фізічнымі парушэннямі развіцця.

 

Святлана ШВАЧЫЧ,
намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці
ДУА “Кармянскі раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі”,
Гомельская вобласць

 

 

Дзецям-інвалідам, дзецям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, дзецям з цяжкімі і множнымі псіхічнымі і фізічнымі парушэннямі развіцця ва ўстановах адукацыі забяспечаны стандартны набор адукацыйных паслуг, але для іх застаецца актуальным пытанне дадатковых сродкаў рэабілітацыі, у тым ліку і рэабілітацыі з дапамогай творчай дзейнасці. З яе дапамогай можна арганізаваць інклюзіўную адукацыйную прастору, якая забяспечыць усім суб’ектам адукацыйнага працэсу магчымасць для эфектыўнага самаразвіцця.

У Кармянскім раённым цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі вядзецца пастаянная работа ў гэтым кірунку. Спецыялісты цэнтра распрацавалі і ўкаранілі ў практыку дзве мясцовыя ініцыятывы:

– “Акадэмія творчасці (сацыяльная рэабілітацыя дзяцей-інвалідаў, дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, дзяцей з цяжкімі і множнымі псіхічнымі і фізічнымі парушэннямі развіцця праз творчую дзейнасць)”;
– “Інклюзія праз арганізацыю мясцовых супольнасцей”.

У выніку ўкаранення гэтых ініцыятыў была арганізавана праца ў двух кірунках: музычным (спевы і танцавальная дзейнасць) і мастацкім (выяўленчая дзейнасць з выкарыстаннем нетрадыцыйных тэхнік малявання і інклюзіўны лялечны тэатр).

Мэтавая група, на якую былі накіраваны ініцыятывы:

– дзеці-інваліды, дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, дзеці з цяжкімі і множнымі парушэннямі развіцця, іх бацькі;
– спецыялісты цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, школы мастацтваў;
– навучэнцы ўстаноў адукацыі.

Працэс стварэння інклюзіўнага адукацыйнага асяроддзя з дапамогай творчай дзейнасці рэалізоўваўся ў чатыры этапы.

 

Першы этап – падрыхтоўчы

Рэалізацыя першага этапа пачынаецца з моманту выяўлення запытаў і пажаданняў навучэнцаў і іх бацькоў на арганізацыю творчай дзейнасці з дапамогай анкетавання. Залучаем вучняў і педагогаў школ раёна ў арганізацыю валанцёрскай дзейнасці. Для якаснай арганізацыі творчай дзейнасці папоўнілі і абнавілі матэрыяльна-тэхнічную базу. У выніку чаго зрабілі рамонт памяшканняў, адведзеных для інклюзіўных майстэрняў. Закупілі такое абсталяванне, як ноўтбук, мультымедыя, каляровы прынтар, фотакамеру, музычны цэнтр, мікшар. Набылі лялькі, шырмы, дэкарацыі для лялечнага тэатра, закупілі касцюмы для творчай дзейнасці, матэрыялы для творчасці ў студыі выяўленчага мастацтва. Арганізавалі інклюзіўныя творчыя майстэрні: “Дамісолька”, “Студыя выяўленчага мастацтва”, “Лялечны тэатр”. Для арганізацыі працы педагогі склалі планы работы, у якія ўключылі не толькі дзейнасць творчых майстэрняў, але і правядзенне семінараў, майстар-класаў, трэнінгаў, гутарак з усімі ўдзельнікамі творчага працэсу.

Для арганізацыі дзейнасці спецыялісты, якія задзейнічаны ў працы інклюзіўных творчых майстэрняў, распрацавалі праграмы заняткаў. Структура праграмы: тлумачальная запіска, мэты (навучальная, развіваючая, выхаваўчая, карэкцыйная), метады навучання, форма і структура заняткаў, матэрыяльная база, вучэбна-тэматычны план, змест праграмы, чаканыя вынікі, метадычныя ўмовы рэалізацыі праграмы.

На гэтым этапе спецыялісты ЦКРНіР распрацоўвалі крытэрыі і паказчыкі эфектыўнасці такой работы. Далей эфектыўнасць вывучалася на кожным этапе рэалізацыі праекта.  

 

Другі этап – супрацоўніцтва і ўзаемадзеянне

На пачатку гэтага этапа было арганізавана супрацоўніцтва педагогаў ЦКРНіР з валанцёрамі – педагагічнымі работнікамі ўстаноў адукацыі, школы мастацтваў, цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. У выніку праведзены тэматычныя майстар-класы, трэнінг “Роля педагога ў стварэнні інклюзіўнага асяроддзя”, на якіх валанцёры даведаліся пра асаблівасці ўзаемадзеяння з дзецьмі з асаблівасцямі і іх бацькамі. На семінары “Асаблівасці працы з дзецьмі-інвалідамі пры арганізацыі творчай дзейнасці” вывучалі асноўны прынцып работы: дзіця не прыстасоўваецца да правіл і ўмоў арганізацыі творчага працэсу, а ўключаецца ў яго на сваіх уласных умовах, якія педагогам неабходна прымаць і ўлічваць. Важным з’яўляецца разуменне прыярытэтаў індывідуальнага падыходу да дзяцей з асаблівасцямі, улік спецыфікі псіхікі і здароўя кожнага дзіцяці і забеспячэнне ўдзелу ўсіх навучэнцаў, незалежна ад ступені выяўленасці парушэнняў іх развіцця, у творчай дзейнасці.

Найважнейшым складнікам гэтага этапу з’яўляецца стварэнне спрыяльнай атмасферы ў інклюзіўных творчых майстэрнях, дзе будуць займацца дзеці. Перш чым арганізаваць узаемадзейнасць вучняў-валанцёраў з дзецьмі з АПФР, неабходна стварыць атмасферу талерантнасці і добразычлівасці. І хоць лепшы спосаб навучыць – гэта паказаць на ўласным прыкладзе стаўленне да дзяцей з асаблівасцямі, усё ж такі спачатку праводзілі тэматычныя гутаркі з навучэнцамі. Тлумачылі ім, што, на жаль, не ўсе людзі аднолькава добра ўмеюць хадзіць, бачыць, чуць ці разумець. Здароўе дзяцей з асаблівасцямі абмяжоўвае іх цела ў пэўных дзеяннях і здольнасцях, але ў астатнім яны такія ж, як і мы. Мець зносіны з імі можна і трэба, тлумачым, як гэта рабіць правільна. У гутарцы з вучнямі пазбягаелі залішняй эмацыйнасці, каб не перадаць ім скажоныя ўстаноўкі. А затым ужо педагогі ЦКРНіР арганізавалі сумесныя сустрэчы дзяцей. Яны правялі трэнінг “Мы ўсе розныя, але мы разам”, на якіх дзеці пазнаёміліся, высветлілі адно ў аднаго інтарэсы і прыхільнасці, станоўчыя рысы і моцныя бакі.

Важным на гэтым этапе з’яўляецца ўзаемадзеянне педагогаў з законнымі прадстаўнікамі навучэнцаў-валанцёраў. Праводзім бацькоўскі сход па фарміраванні інклюзіўнай культуры ў бацькоў, расказваем пра ўзаемадзеянне ў творчых майстэрнях іх дзяцей з дзецьмі-інвалідамі. Арганізуем правядзенне трэнінгу “Інклюзіўнае асяроддзе: разумею, адчуваю, падтрымліваю”. Просім бацькоў, каб яны, у сваю чаргу, размаўлялі на гэту тэму са сваімі дзецьмі.

Для педагогаў-валанцёраў і бацькоў распрацавалі памяткі з электроннымі адрасамі сайтаў, на якіх можна вывучыць інфармацыю пра інклюзіўную адукацыю.

У рамках рэалізацыі праекта пашырылі педагагічнае партнёрства з іншымі ўстановамі адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Пляцоўкамі для абмену вопытам у працы з дзецьмі названай катэгорыі сталі:

– аддзяленне дзённага і кругласутачнага знаходжання дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў “Майская кветка” установы “Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Чыгуначнага раёна г. Гомеля”;
– установа адукацыі “Дзіцячая мастацкая школа мастацтваў г. Гомеля”;
– спецыялісты Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ на базе ДУА “Кармянскі ЦКРНіР” арганізавалі і правялі выязныя семінары.

 

Трэці этап – арганізацыя інклюзіўнага асяроддзя праз творчую дзейнасць

На гэтым этапе ажыццяўляецца практычная рэалізацыя ўсіх напрамкаў праекта.

На занятках у творчых майстэрнях “Дамісолька”, “Студыя выяўленчага мастацтва”, “Лялечны тэатр” былі рэалізаваны роўныя магчымасці для кожнага дзіцяці. Педагогі арганізавалі непасрэдную творчую дзейнасць і ўзаемадзеянне ўсіх катэгорый дзяцей. Эфектыўнай стала такая форма правядзення заняткаў, калі вучні-валанцёры выступілі і як удзельнікі творчага працэсу, і як памочнікі педагогаў. Яны дапамагалі педагогам уключыць у творчую дзейнасць усіх дзяцей з АПФР. У выніку і вучні-валанцёры, і дзеці з асаблівасцямі з задавальненнем наведвалі творчыя майстэрні, працавалі разам, нават пасябравалі. Былі створаны сумесныя творчыя праекты і ў музычным, і ў мастацкім напрамках, з якімі дзеці ўдзельнічалі ў праведзеных мерапрыемствах.

Спецыялісты ЦКРНіР рэалізавалі навукова-метадычнае кансультаванне педагогаў-валанцёраў, задзейнічаных у праекце. Штомесячна праводзілі псіхолага-педагагічныя кансіліумы, практыкумы, кансультацыі.

На гэтым этапе быў арганізаваны кантроль за ажыццяўленнем працы ў дакладнай адпаведнасці з планам дзейнасці і нарматыўнымі прававымі дакументамі, а таксама за вядзеннем абавязковай дакументацыі ў рамках праекта.

Мы лічым важным своечасова адсочваць актуальную сітуацыю па такой рабоце. Для гэтага спецыялісты ЦКРНіР вывучалі гатоўнасць педагогаў-валанцёраў да ўключэння дзяцей з асаблівасцямі ў творчы працэс. Таксама ацэньвалі патрэбнасць у інклюзіўнай адукацыі як дзяцей з інваліднасцю, так і вучняў-валанцёраў; ацэньвалі стан творчага адукацыйнага асяроддзя і яго гатоўнасць да ўключэння; вывучалі стаўленне педагогаў і бацькоў да інклюзіі ў творчых майстэрнях.

 

Чацвёрты этап – выніковы

Выніковы этап мае практычную каштоўнасць. Як вынік дзейнасці, былі выдадзены інфармацыйна-метадычныя матэрыялы па стварэнні і развіцці інклюзіўнага асяроддзя для ўсіх членаў адукацыйнай супольнасці. Такія, як семінар “Асаблівасці працы з дзецьмі з АПФР пры арганізацыі творчай дзейнасці”; матэрыялы да праграмы заняткаў у творчай майстэрні “Дамісолька”; семінар “Выкарыстанне тэатралізаваных гульняў у працы з дзецьмі з асаблівасцямі”; матэрыялы да заняткаў па выяўленчай дзейнасці; матэрыялы да заняткаў па тэатральнай дзейнасці; семінары-практыкумы для спецыялістаў, якія працуюць з дзецьмі з АПФР; трэнінгі для спецыялістаў, якія працуюць з дзецьмі-інвалідамі.

На афіцыйным сайце ЦКРНіР размясцілі практычныя матэрыялы і справаздачы па працы, каталогі дзіцячых малюнкаў.

Зроблена творчая справаздача па выніках працы: арганізаваны выставы малюнкаў дзіцячай творчасці на базе школы мастацтваў, якую наведвалі выхаванцы і навучэнцы ўстаноў адукацыі раёна, паказаны лялечны спектакль “Церамок” для навучэнцаў школ і выхаванцаў дашкольных устаноў, праведзена мерапрыемства “Мы танцуем і спяваем”.

Набыты вопыт стаў вынікам разумення сучаснай тэндэнцыі інклюзіўнай адукацыі. Відавочна, што творчая дзейнасць – адзін з напрамкаў у паспяховасці дзяцей-інвалідаў, дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, дзяцей з цяжкімі і множнымі псіхічнымі і фізічнымі парушэннямі развіцця. І, што немалаважна, удзел у такіх праектах забяспечвае абсалютна ўсім суб’ектам працэсу магчымасць для эфектыўнага самаразвіцця.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий