Аўтар дае агляд папулярных сэрвісаў для стварэння дыдактычных заданняў, прапануе ўласна распрацаваныя ў гэтых сэрвісах інтэрактыўныя практыкаванні па беларускай літаратуры да раздзела “За смугою стагоддзяў” (5-ы клас).
Наталля КУЛЯШОВА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Касцянёўская базавая школа Слонімскага раёна”,
Гродзенская вобласць
Якіх толькі інструментаў няма сёння ў распараджэнні настаўніка, які рызыкнуў разам са сваімі вучнямі апрабаваць новыя адукацыйныя методыкі: спецыяльныя навучальныя пляцоўкі, бясплатныя вэб-сэрвісы, і, вядома, платформы для блогаў, выкарыстанне якіх для выканання самастойных заданняў можа ператварыць руцінны навучальны працэс у займальную гульню.
Сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі – гэта не проста новая тэхніка, якая дазваляе павысіць, палепшыць, зацікавіць. Актуальнасць выкарыстання сэрвісаў Web 2.0 у тым, што яны даюць магчымасць змяніць формы і стыль узаемадзеяння вучня і настаўніка і эфектыўна дамагацца асноўных вынікаў навучання і выхавання. Сёння сэрвісы Web 2.0 актыўна выкарыстоўваюцца ў педагагічнай практыцы. Дзякуючы сацыяльным сэрвісам працэс навучання можа стаць не проста больш цікавым для настаўнікаў і дзяцей, але і падняцца на чарговую прыступку свайго развіцця.
Паняцце «Web 2.0» даволі шырокае. Што ж яно азначае?
Web 2.0 – тэрмін, які ахоплівае другое пакаленне сеткавых сэрвісаў, што дазваляюць карыстальнікам не толькі падарожнічаць па сетцы інтэрнэту, але і сумесна працаваць і размяшчаць у ёй тэкставую і медыйную інфармацыю.
Распрацоўка і прымяненне на ўроку рэсурсаў Web 2.0 з’яўляецца адным з дзейсных метадаў, які актывізуе працэс пазнання, дапамагае вучням зразумець жыццёвую неабходнасць набываемых ведаў.
Сучасны ўрок беларускай літаратуры скіраваны на комплекснае фарміраванне ў вучняў прадметных, метапрадметных і асобасных кампетэнцый. Інтэлектуальнае і культурнае развіццё вучняў забяспечваецца такім упраўленнем вучэбным працэсам, пры якім ствараюцца адпаведныя ўмовы для задавальнення адукацыйных запатрабаванняў кожнага вучня, яго бацькоў, соцыума. Па гэтай прычыне настаўніку трэба пераасэнсоўваць мадэль традыцыйнага ўрока, напаўняць яго інавацыйным зместам, рабіць урок асобасна арыентаваным, дзе цэнтральнае месца займае асоба вучня, яго адукацыйныя запыты.
Актыўнасць, крытычны характар мыслення, адкрытасць усяму новаму і ўменне ў ім арыентавацца, камунікатыўныя навыкі, уменне карыстацца інфармацыйнымі рэсурсамі для рашэння розных задач, дасканалае веданне гістарычных фактаў, традыцый беларускага народа – вось характэрныя рысы чалавека новага “інфармацыйнага грамадства”. Як настаўніку навучыць дзяцей выбіраць свае інфармацыйныя маршруты? Як фарміраваць і развіваць інфармацыйную культуру вучняў?
Выкарыстанне электронных сродкаў навучання значна ўздзейнічае на формы і метады выкладання вучэбнага матэрыялу, на характар узаемадзеяння настаўніка і вучня, на выхаваўчы патэнцыял урока, на методыку ў цэлым. Між тым, электронныя сродкі навучання не замяняюць традыцыйныя падыходы да навучання, але значна павышаюць іх эфектыўнасць. Важна знайсці правільнае месца для іх выкарыстання на ўроку.
Прымяненне сэрвісаў Web 2.0 у адукацыйнай дзейнасці адкрывае перад настаўнiкам дадатковыя магчымасці: ахапiць вялiкi па аб’ёме матэрыял, глыбей раскрыць яго, удакладнiць раней засвоенае, актывiзаваць увагу і мысленне вучняў, актуалiзаваць раней набытыя веды, што стануць грунтам для новых.
Прыкладам прымянення Web 2.0 рэсурсаў у маёй паўсядзённай дзейнасці як настаўніка сталі ўласна распрацаваныя інтэрактыўныя практыкаванні па беларускай літаратуры да раздзела “За смугою стагоддзяў” у 5-м класе.
Сэрвісы Web 2.0, якія выкарыстоўваліся пры стварэнні дыдактычных заданняў да раздзела:
http://puzzlecup.com
https://learningapps.org
http://wordcloud.pro/ru
https://onlinetestpad.com
http://rebus1.com
http://wizer.me
https://www.qrcode-monkey.com
Сэрвіс Рuzzlecup.com выкарыстоўваецца пры складанні анлайн-крыжаванак па зададзенай тэме, а таксама па разгадванні крыжаванак іншых карыстальнікаў сайта. Рэсурс актывізуе пазнавальную дзейнасць навучэнцаў, садзейнічае развіццю кемлівасці, назіральнасці, увагі, самаўдасканаленню асобы вучня. У сэрвісе распрацаваны крыжаванкі да ўрока па тэме “Загадкі” (Дадаткі 1, 2), якія прывучаюць навучэнцаў гумарыстычна ставіцца да асобных жыццёвых з’яў і чалавечых недахопаў, у загадках часта неадушаўлёныя рэчы надзелены якасцямі жывых істот.
http://puzzlecup.com/?guess=65C4F6ECF3452F23
http://puzzlecup.com/?guess=E9E863D00AC7E08B
Сэрвіс LearningАpps.org з’яўляецца ўніверсальным інструментам для якаснага стварэння дыдактычных матэрыялаў: практыкаванняў, віктарын, пазлаў. Ствараць інтэрактыўныя модулі па гатовых шаблонах з лёгкасцю можа не толькі настаўнік, але і сам вучань. Асноўная мэта інтэрактыўных заданняў, якія могуць быць створаны дзякуючы гэтаму рэсурсу, заключаецца ў тым, што навучэнцы могуць праверыць і замацаваць свае веды ў форме гульні, што садзейнічае фарміраванню іх пазнавальнага інтарэсу да вывучаемага прадмета. Распрацаванае ў сэрвісе інтэрактыўнае заданне “Краязнаўчы калейдаскоп” (народная казка “Залаты птах”) прызначана для навучэнцаў з павышанай матывацыяй і садзейнічае паглыбленаму вывучэнню спрадвечна беларускіх слоў, якія сёння сустракаюцца рэдка.
https://learningapps.org/5665496
Вызначыць каштоўнасць прыказак, прыкмет і павер’яў, звярнуцца да традыцый продкаў і прыслухацца да іх парад дапамогуць інтэрактыўныя модулі “Беларускія народныя прыказкі”, “Народныя прыкметы і павер’і”, распрацаваныя да адпаведных тэм раздзела.
https://learningapps.org/display?v=ptcehkwtk22
https://learningapps.org/display?v=pjf63fn4522
“У старажытнасці вусная народная творчасць была непарыўна звязана з іншымі відамі мастацтва: танцамі, народнымі гульнямі, святамі і відовішчамі. Нацыянальны фальклор і сёння жывіць творчасць беларускіх пісьменнікаў сваімі сюжэтамі і вобразамі”, – уступнае слова настаўніка да раздзела “За смугою стагоддзяў”. Пры дапамозе сэрвісу Wordcloud.pro/ru настаўнік прапануе навучэнцам узгадаць традыцыйныя святы беларускага народа, творча адлюстраваць узноўленыя факты ў рэальнасць з абавязковым каментарыем.
Адукацыйны анлайн-сэрвіс Оnlinetestpad.com з’яўляецца шматфункцыянальным канструктарам тэстаў, апытванняў, філвордаў, крыжаванак, лагічных гульняў. Улічваючы ўзрост навучэнцаў, настаўнік можа скласці класічную, скандынаўскую ці венгерскую крыжаванкі, стварыць комплексныя заданні любой складанасці. Праверыць веды па змесце народнай казкі “Музыкі”, прааналізаваць паводзіны персанажаў, ахарактарызаваць уласцівыя героям рысы характару, выказаць свае адносіны да персанажаў можна па распрацаваным у сэрвісе тэсце “Казка “Музыкі”.
https://onlinetestpad.com/sk6trpliw7mck
На ўроку абагульнення ведаў па раздзеле “За смугою стагоддзяў” можна выкарыстаць распрацаваны філворд “Жанры фальклору”, які дапамагае вызначыць узровень усведамлення навучэнцамі пройдзенага матэрыялу.
https://onlinetestpad.com/5idgnlqmh2slk
Генератар рэбусаў Rebus1.com – сэрвіс, які імгненна прапануе гатовыя рэбусы па запыце. Рэбус – своеасаблівая загадка, у якой фраза або слова адлюстраваны ў выглядзе малюнка ў спалучэнні з літарамі і лічбамі, іншымі знакамі. Разгадаць рэбус – значыць правільна прачытаць зашыфраванае слова. Рэбусы развіваюць мысленне і інтэлект, садзейнічаюць самаўдасканаленню асобы навучэнца. Распрацаванае ў сэрвісе практыкаванне выкарыстоўвалася на этапе замацавання вывучанага матэрыялу ўрока па тэме “Загадкі” (Дадатак 3).
Сэрвіс Wizer.me прадстаўляе сабой своеасаблівы інструмент, які дапамагае ствараць неверагодныя па дызайне рабочыя лісты з інтэрактыўнымі заданнямі, што дазваляе настаўніку наладзіць хуткую адваротную сувязь з навучэнцамі пры праверцы дамашняга задання, пры выніковым ацэньванні. Заданні, прапанаваныя навучэнцам, могуць мець і творчы характар. Рабочы ліст “Народная казка “Залаты птах”, напрыклад, патрабуе ад вучняў не толькі ідэальнага ведання зместу казкі, але і праяўлення самастойнасці падчас размежавання маральных якасцей герояў на станоўчыя і адмоўныя, сцвярджэнне дабрыні і спагадлівасці, працавітасці і сумленнасці, адданасці і вернасці ў сяброўстве.
https://app.wizer.me/category/worksheet/9V2U1Q-narodnaya-kazka-zalaty-ptah
QR-код – інтэрактыўны сродак навучання ў сучаснай школе. Рэсурс, створаны для ўмоўнага абазначэння зашыфраванага задання па змесце народнай легенды “Нарач”, якое неабходна выканаць навучэнцу: запоўніць “белыя плямы” ва ўрыўку. Падабраны ўрывак тэксту распавядае пра апошнія хвіліны жыцця дзяўчыны Найрыты. Вучні суперажываюць гераіні легенды, захапляюцца яе душэўнай чысцінёй і прыгажосцю, вернасцю каханню, маральнай перавагай перад панам, лічаць яе ўчынак гераічным, таму апошнія радкі твора з лёгкасцю запамінаюцца імі амаль даслоўна. QR-код дазваляе навучэнцам літаральна за 10 секунд атрымаць заданне на свой смартфон і прыступіць да яго выканання. Заданні такога кшталту павялічваюць матывацыю вучняў да самастойнай вучэбна-пазнавальнай дзейнасці за кошт элементаў гульні і спаборніцтва.
Умоўнае абазначэнне |
Тэкст зашыфраванага задання |
Заданне. Запоўніце “белыя плямы” ў тэксце ўрыўка з легенды “Нарач”. |
Выкарыстанне сэрвісаў Web 2.0 з’яўляецца неабходным на ўроках беларускай літаратуры, таму што яны садзейнічаюць удасканаленню практычных уменняў і навыкаў, павышаюць цікавасць да прадмета, актывізуюць пазнавальную дзейнасць навучэнцаў, фарміруюць метапрадметныя, прадметныя і асобасныя кампетэнцыі навучэнцаў, выхоўваюць жыццёва неабходныя маральныя якасці.
Дадатак 1
Загадкі пра з’явы прыроды
Па гарызанталі
3. Без рук, без ног, а вароты адчыняе.
5. Ехала пані ўначы, згубіла ключы, сонца ўхапіла, а месяц бачыў.
6. Бегла ліска каля лесу блізка, ні сцежкі, ні дарожкі, толькі залатыя рожкі.
7. Жыве без цела, гаворыць без языка, ніхто ні бачыць, а ўсякі чуе.
Па вертыкалі
1. Стукае, грукае, а нідзе яго не відаць.
2. Белым пухам замяло і палеткі, і сяло… Мост цераз рэчку хутка ляжа. А што гэта, хто падкажа?
3. Цераз палі, цераз лугі спусціліся канцы дугі.
4. Распластала птушка крылы, ажно сонца засланіла.
Дадатак 2
Загадкі пра жывёл
Па гарызанталі
1. Семсот муляроў збудавалі дом без вуглоў.
4. Невялікі рыжаваты, а хвост доўгі і калматы, на дрэве жыве, шышкі грызе.
7. Галодная – мычыць, сытая – жуе, усім дзеткам малако дае.
8. Раніцай каля двара раптам вырасла гара. Майстар земляных работ нам вядомы: гэта…
Па вертыкалі
1. Ходзіць цар па градзе, носіць блін у барадзе.
2. Што гэта: ідзе ў лазню чорны, а з лазні чырвоны?
3. Без станка і без рук, а кросны тчэ.
5. Сярдзіты недатыка жыве ў глушы лясной, іголак вельмі многа, а ніткі ні адной.
6. Лёг вусаты, а ўстаў гарбаты.
Дадатак 3
Загадкі-рэбусы
1. Што нас корміць, а есці не просіць?
2. Касматы, вусаты, есці пачынае – песенькі спявае?
3. Невялікая рыжая дзяўчынка скача па ялінках?
4. Ляцяць птушкі без крылаў, садзяцца без ног?
5. Хто ходзіць зранку на чатырох нагах, удзень – на двух, а вечарам – на трох?