Па якіх законах жылі нашы продкі. Урок па прадмеце “Чалавек і свет” у 4-м класе

- 11:07I СТУПЕНЬ, Методичка, НАЧАЛЬНАЯ ШКОЛА, Начальная школа. Сценарии

Мэта ўрока: фарміраванне ў свядомасці вучняў уяўлення пра законы ў жыцці людзей.

Наталля ЧЫЖ,
настаўнік пачатковых класаў
ДУА “Сярэдняя школа № 2 г. Мсціслаўля”,
Магілёўская вобласць

 

 

Тэма: Па якіх законах жылі нашы продкі.

Мэта: фарміраванне ў свядомасці вучняў уяўлення пра законы ў жыцці людзей.

Задачы:

– садзейнічаць засваенню вучнямі першапачатковых звестак пра законы, па якіх жылі ў мінулыя часы нашы продкі, іх віды;
– стварыць умовы для фарміравання ўмення параўноўваць, рабіць вывады, вылучаць галоўнае;
– выхоўваць грамадзян, якія паважаюць законы Рэспублікі Беларусь, цікавасць да гістарычнага мінулага беларускай зямлі.

Вучэбна-метадычнае забеспячэнне: вучэбны дапаможнік “Чалавек і свет. Мая Радзіма – Беларусь” (С.В.Паноў, С.В.Тарасаў), тэст для праверкі дамашняга задання, рэбус, гексы, стужка часу для замацавання, тэкст для работы ў парах, мультымедыйная прэзентацыя.

Тып урока: урок атрымання новых ведаў.

 

Ход урока

1 Арганізацыйна-матывацыйны этап

Вось ужо звінеў званок,
Запрасіў нас на ўрок.
Добры дзень, я вас вітаю,
Да заняткаў запрашаю.
Хай занятак будзе плённым,
І цікавым, і натхнёным.
Поспехаў я вам жадаю,
Калі што – я паспрыяю.

 

2 Этап праверкі дамашняга задання

Тэст “Пад сценамі старажытных замкаў”.

Адзнач літару, пад якой запісаны правільны адказ.

1. Ад якога слова паходзіла назва “замак”?

А) замок
Б) дом
В) горад

2. Вызначы замак па апісанні. Гэты замак з’яўляецца самым багатым і прыгожым у Беларусі. Належаў Радзівілам.
         А) Гродзенскі замак
         Б) Гальшанскі замак
         В) Нясвіжскі замак

3. Адзнач назву замка, з якім было звязана паданне пра выратаванне князя Вітаўта з падзямелля князя Ягайлы.
         А) Лідскі
         Б) Крэўскі
        
В) Гродзенскі

4. Славуты Нясвіжскі замак быў узведзены ў 1580-х гадах на сродкі Мікалая Крыштафа Радзівіла. У якім стагоддзі гэта адбылося?
         А) XV ст.
         Б) XVI ст.
        
В) XVII ст.

5. У XVI стагоддзі Вялікае Княства Літоўскае і Польскае Каралеўства аб’ядналіся ў новую дзяржаву. Як яна называлася?
         А) Беларусь
         Б) Вялікае Княства Літоўскае
         В) Рэч Паспалітая

6. Якія замкі называлі замкамі-блізнятамі?
         А) Лідскі і Крэўскі
        
Б) Гродзенскі і Нясвіжскі

         В) Навагрудскі і Лідскі

7. Як называецца пабудова, дзе схаваўся ад пагоні князь Вітаўт?
         А) Лідскі замак
         Б) Сынкавіцкая царква-крэпасць
        
В) Крэўскі замак

 

3 Этап актуалізацыі ведаў і мэтавызначэння

Якую прыгожую назву мае наша краіна – Беларусь! А яшчэ мы завём яе Радзіма. А яшчэ – Бацькаўшчына. Яна засталася нам ад бацькоў нашых, а ім ад – нашых дзядоў. І так – аж да самых далёкіх продкаў.

Трэба ведаць, сэрца просіць,
Як бацькам, дзядам жылося.

Сёння мы з вам даведаемся пра тое, што дапамагала нашым продкам жыць у згодзе і павазе. Адказ на гэта пытанне вы знойдзеце, калі разгадаеце рэбус.

ЗАМАК – МАК + КОНЬ – Ь (ЗАКОН)

А ці ведаеце вы, што такое закон? А якія законы былі ў нашых продкаў? Гэта праблемныя пытанні, над якімі мы будзем сёння працаваць.

 

4 Этап паведамлення тэмы ўрока

Мы будзем працаваць над тэмай урока “Па якіх законах жылі нашы продкі” (запісана на дошцы).

 

5 Этап засваення новых ведаў

Вось вы прапаноўвалі розныя тлумачэнні слова “закон”. Для больш дакладнага ўяўлення значэння гэтага слова звернемся да тлумачальнага слоўніка.

Закон – гэта абавязковыя для ўсіх правілы, зацверджаныя вышэйшым органам дзяржаўнай улады.

У свеце існуюць розныя законы. Ёсць, напрыклад, законы прыроды. Гэта змена дня і ночы, пор года. Гэтыя законы незалежныя ад чалавека.

З цягам часу ў людзей з’явіліся свае законы. Яны былі заснаваны на правілах штодзённага жыцця. Напрыклад, павага да старэйшых, бабуль і дзядуль, дапамога ім. Гэта няпісаныя законы.

Фізічныя законы. Напрыклад, чаму пры закіпанні вады выдзяляецца пара?

Рыначна-эканамічныя, якія разглядаюць пытанні цаны, канкурэнцыі.

 

Фізкультхвілінка

 

Грамадскія законы. У часы Полацкага і Тураўскага княстваў існаваў звычай склікаць на сход дарослых мужчын для абмеркавання якога-небудзь ваеннага пытання. Такі народны збор называўся веча. У час галасавання людзі не паднімалі руку, а проста крычалі. У каго былі галасы мацнейшыя, тыя і перамагалі. Такія законы спачатку не запісваліся.

Пасля з’явіліся дзяржаўныя законы. З адным з іх вы ўжо знаёміліся. Успомніце, калі ласка, як называўся першы пісаны закон ва ўсходніх славян. (“Руская праўда”.) Хто быў стваральнікам гэтага закона? (Яраслаў Мудры.) Паслядоўнікам Яраслава Мудрага стаў выдатны дзяржаўны дзеяч Леў Сапега. Гэты Статут быў настолькі дасканалым законам, што дзейнічаў ажно 250 гадоў.

А вось інфармацыю больш дакладную пра Статут вы знойдзеце самі. Адкрывайце с. 68 вучэбнага дапаможніка, знайдзіце трэці абзац, прачытайце інфармацыю і знайдзіце адказы на пытанні, якія запісаны на слайдзе.

1. У якім стагоддзі з’явіўся Статут?
2. Што такое Статут?
3. На якой мове ён быў напісаны?
4. Што вызначалася ў Статуце?

Праверка.

 

6 Этап замацавання ведаў

Работа ў парах са стужкай часу.

 

7 Этап кантролю атрыманых ведаў

Гульня “Летапісец”

Дапоўніце сказы:

Абавязковыя для ўсіх правілы, зацверджаныя вышэйшым органам дзяржаўнай улады – …
Агульнанародны збор у часы Полацкага княства – …
Першы ў Еўропе збор законаў, адным са складальнікаў якога быў Леў Сапега, называўся…
Гэты закон дапамагаў людзям жыць у…

 

8 Этап падвядзення вынікаў урока

Як называлася тэма ўрока?
Ці знайшлі мы адказ на праблемныя пытанні?

 

9 Этап інфармавання пра дамашняе заданне

А) Прачытаць тэкст на с. 67–69, выканаць заданне ў рабочым сшытку на с. 26–27;
Б) Дадатковае: даведайцеся, як называецца галоўны закон нашай краіны і ў якім годзе ён пачаў дзейнічаць.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий