Падарожжа ў мінулае. Занятак-экскурсія па адукацыйнай галіне “Дзіця і грамадства” у старшай групе (5–6 гадоў)

- 12:09ДОШКОЛЬНОЕ ОБРАЗОВАНИЕ, Дошкольное образование. Сценарии, Методичка

Занятак накіраваны на развіццё цікавасці да самабытнасці беларускага народа, да яго традыцый і культуры, выхаванне дзяцей на духоўных скарбах народа і далучэнне іх да нацыянальнай спадчыны.

 

Ніна БЕНЮШ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Дзіцячы сад № 14 г.Слоніма”,
Гродзенская вобласць

 

 

Мэта: азнаямленне дзяцей дашкольнага ўзросту з культурай і традыцыямі беларускага народу.

Задачы:

– далучаць дзяцей да крыніц народных традыцый і звычаяў беларускага народу;
– знаёміць дзяцей з прадметамі беларускага побыту;
– пашыраць уяўленні дзяцей аб малых фальклорных жанрах;
– развіваць мову, пазнавальныя працэсы і творчыя здольнасці дзяцей;
– выхоўваць патрыятычныя пачуцці.

Папярэдняя работа: завучванне твораў малых фальклорных жанраў, гульняў, знаёмства з беларускім узорам, арнаментам, разгляданне адзення, хатняга абсталявання.

 

Ход занятку

Выхавальнік.  

Мой родны край! Мая Радзіма!
Хто б ведаў, як ты мне міла!
Як я люблю тваю прыроду,
Лясы, палі, у рэках воду.
Я ганаруся чыстым небам,
Бусламі, кветкамі, паветрам!
Ты назаўсёды ў маім сэрцы
Людскога шчасця ў люстэрцы!

                                                                                              

Выхавальнік. Адкажыце, калі ласка, пра што гэты верш? (Пра Радзіму, пра любоў да Радзімы)

А што такое Радзіма? (Гэта месца, дзе нарадзіўся і жывеш, дзе жывуць нашы родныя і блізкія людзі, гэта месца, па якім сумуюць, калі знаходзяцца ў чужой краіне)

Так, а ці ведаеце, як называюць чалавека, які вельмі любіць сваю Радзіму, ганарыцца яе дасягненнямі. (Патрыёт)

А вы любіце сваю Радзіму? За што? (Прыгожая прырода, дамы, многа магазінаў, шырокія вуліцы)

Усё так! Малайцы! Але сапраўдным патрыётам можа быць толькі той чалавек, які ведае вытокі, свае карані, памятае традыцыі і святы свайго народа. І сёння я вас запрашаю здзейсніць незвычайнае падарожжа – у мінулае нашай краіны. А дапаможа нам туды трапіць “Кола часу”.

(Круцяць “кола”, прыгаворваюць: Кола кручу, кручу. У мінулае папасці хачу. Падыходзяць да беларускай хаткі. Іх сустракае гаспадыня – бабка Марылька).

Бабка Марылька. Шчыра вас вітаю, мае даражэнькія! Я запрашаю вас у беларускую хату. Тут вы ўбачыце цікавыя і невядомыя вам рэчы. У беларускай хаце будзем разам гуляць, працаваць і весяліцца. Згодны? Ну вось і добра. Прашу ў хату! Дзе цясней, там весялей!

Паглядзіце, колькі тут розных цікавых рэчаў, як тут утульна. Людзі таго часу стараліся ўпрыгожваць сваё жыллё, каб у хаце было заўсёды чыста і прыгожа. Звярніце ўвагу – усе рэчы зробленыя з натуральнага матэрыялу: дрэва, гліны, саломы, ільну. Давайце пагуляем у гульню і адкажам, якія прадметы ў адносінах да матэрыялу, з якога яны зроблены.

Гульня “Якія, якая, якое”

Падлога з дрэва – якая падлога? – драўляная.
Посуд з гліны – гліняны.
Абрус з лёну – ільняны.
Цацка з саломы – саламяная.
Паліца з дрэва – драўляная.
Стол з дрэва – драўляны.
Качарга з жалеза – жалезная.

Бабка Марылька. Малайцы! Усё правільна назвалі.

Паслухайце загадку:

Яна галодная – хата халодная.
Яна пад’ела – у хаце пацяплела. (Печ)

А ці ведаеце, для чаго патрэбна печ? (Абагравае хату, у ёй гатавалі ежу, пяклі духмяны хлеб, на ёй узімку спалі, сушылі лекавыя травы, грыбы, садавіну, вопратку, абутак).

Каля печы знаходзіўся качарэжнік. Тут стаяў пячны інвентар: качарга, вілы, чапяла і абавязкова – хлебная лапата (паказваем лапату). Лапата займала асобнае месца сярод хатніх рэчаў. Магчыма таму, што яна мела дачыненне да хлеба. Ёй надавалі ахоўную якасць: у час навальніцы, каб зберагчы свае будынкі ад маланкі, хлебную лапату выстаўлялі на двор.

Дзе печ, там і тое, што з печы, гарачая і смачная ежа. І ў першую чаргу – хлеб. Хлеб выпякалі жытні, вельмі духмяны. Пшанічны ў нас гатавалі радзей. Беларусы любяць чорны хлеб і сумуюць па ім, калі трапляюць туды, дзе яго няма. Хлеб дае сілы чалавеку для працы, жыцця.

А ці ведаеце вы прыказкі і прымаўкі пра хлеб?

– Хлеб – усяму галава.
– Будзе дождж ісці, будзе хлеб расці.
– Колас добра не спее, калі сонца не грэе.
– Якая зямля – такі і хлеб.

А зараз давайце пагуляем у гульню.  

Гульня “Кашка

Задача: удасканальваць навыкі бегу па крузе, развіваць увагу.

Апісанне гульні: дзеці выбіраюць вядучага – “кашавара” і становяцца тварам у круг. Кашавар бяжыць за спінамі дзяцей і непрыкметна падкідвае да ног каго-небудзь “лыжку” (хустачку, шышку, каменьчык). Пасля гэтага бяжыць яшчэ круг і падштурхоўвае іграка, якому падкінута лыжка, гаворачы: “Кашку вары!”. Ігрок становіцца ў сярэдзіну круга, дзе павінен знаходзіцца да канца гульні. Калі ігрок заўважыць падкінутую яму лыжку, ён падымае яе і сам становіцца кашаварам. Па меры таго як дзеці ідуць “варыць кашку”, круг звужаецца. Гульня заканчваецца, калі ў крузе застанецца не больш як чатыры ігракі.

Бабка Марылька. У кожнай хаце ў той час было многа рознага посуду, які трымалі на драўляных паліцах. Для чаго чалавеку патрэбны посуд? (Гатаваць ежу, есці, захоўваць прадукты, піць).

Калі добра прыглядзецца, то можна здагадацца, якая пасудзіна для чаго патрэбна.

Гульня “Што для чаго”

Дзеці разглядаюць посуд і называюць для чаго ён выкарыстоўваўся.

Бабка Марылька. Якія вы малайцы, усё адгадалі. А паглядзіце вось на гэты цікавы прадмет. (Дзеці разглядаюць, з чаго зроблены, якой ён формы, што ўнутры). Як вы думаеце што гэта? Гэта – бойка. Калі малако адстойвалася ў збанках, гаспадыня збірала зверху смятану – густы, тлусты слой. Назапашвала смятаны ўдосталь і біла з яе ў бойцы масла. Масла білі ўручную. Калатоўка шпарка бегала зверху ўніз, зверху ўніз. Бегала доўга і без перадыху, каб смятана ў бойцы не астыла. Збіўшы масла, злівалі ў збанкі маслёнку. Кіславатая, з залацістымі крупінкамі масла, яна смачна сёрбалася потым з цёплай бульбай.

Здаўна людзі трымалі вялікую гаспадарку, і я хачу вас запрасіць на жывёльны двор. Паглядзіце, колькі тут розных жывёл. Як можна ўсіх іх назваць адным словам? (Свойскія). Чаму іх так называюць? (Чалавек іх даглядае, корміць, будуе ім жыллё, прыбірае за імі).

Дыдактычная гульня “Для чаго патрэбны жывёлы?”

Дзеці стаяць у крузе, у каго апынуўся мяч, той і адказвае.

Кошка – ловіць мышэй;
Карова – дае малако;
Свіння – дае мяса;
Конь – арэ зямлю, перавозіць людзей, грузы;
Каза – дае малако;
Авечка – дае поўсць.

Бабка Марылька. А ці любіце вы працаваць? Каб дарэмна часу не губляць, давайце, дзеці, працаваць.

Пальчыкавая гімнастыка “Прыляцелі куры”

(“Прыляцелі куры” сл. народныя, апрацоўка А.Рашчынскага)

Дзеці ходзяць па пакоі

Люлі, люлі, люлі,              Памахванне рукамі ўнізе
Прыляцелі куры,               Рухі кісцямі рук –“крыльцы”.

Селі на варотах                “Ліхтарыкі” рукамі.
У чырвоных ботах.          “Вяртушка” кулачкамі.
Сталі шчабятаці,               Сцісканне і расцісканне кулачкоў.
Нечага ім даці.                  Вярчэнне далонямі.

Дала б я ім бобу,               Пастукванне пальцам аб палец.
Ды не маю дробу.             Плясканне ў далоні.
Дала б ім аўсу,                  Пастукванне пальцам аб палец.
Ды не маю каўша.            Плясканне ў далоні.
Дала б ім грэчкі,               Пастукванне кулачком аб кулачок.
Каб неслі яечкі.                 Плясканне ў далоні.

Бабка Марылька. Зараз я прапаную вам пакарміць жывёл. Памацайце мяшочкі і паспрабуйце здагадацца, што ў гэтых мяшочках і хто з жывёл гэта есць. Якія вы малайцы! З вас атрымаліся б добрыя гаспадары.

Каб праверыць вашу кемлівасць, я прапаную адгадаць рэбусы.

https://docs.google.com/presentation/d/1UEeChNnxq6n3J6GCOvepOjdXabsHZwJN/edit#slide=id.p1

Бабка Марылька. Добра мы сёння гулялі і працавалі. Ці спадабалася вам хата? А што спадабалася больш за ўсё рабіць ці гуляць? Дык вось, дзеці, за добрую працу – добрая і плата. (Дастае з печы пірог. Дзеці дзякуюць.)

Выхавальнік. А нам трэба вяртацца назад. (Круцяць “кола”, прыгаворваюць: Кола кручу, кручу. У дзіцячы сад папасці хачу).

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий