Сцэнарый правядзення школьнай творчай ініцыятывы “Да Міжнароднага дня роднай мовы” для вучняў І ступені агульнай сярэдняй адукацыі

- 9:09Воспитательная работа, Методичка

Творчая ініцыятыва прысвечана Міжнароднаму дню роднай мовы.

 

Марына ЖЫДКО,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
ДУА “Сярэдняя школа № 4 г. Навагрудка”,
Гродзенская вобласць

 

Ход мерапрыемства 

Настаўнік. Добры дзень, паважаныя прысутныя. 21 лютага – Сусветны дзень роднай мовы. Мы пяшчотна называем нашу мову роднай, непаўторнай, мілагучнай, матчынай. Назаўжды западаюць словы маці ў сэрца. Іх нельга забыць, яны нам нагадваюць пра родную старонку, дзе мы нарадзіліся. Генадзь Бураўкін лічыў, што дзе не шануюць і не ахоўваюць мову, там “мялеюць рэкі, нішчаюць дубровы”, там не даглядаюць магілы продкаў, і такі народ “мёртвы”. Беларускія пісьменнікі і паэты працягваюць развіваць і ўзбагачаць беларускую літаратурную мову. Вы, маладое пакаленне беларусаў, не павінны стаяць убаку, вы павінны шанаваць мову, ганарыцца ёю, не цурацца яе.

Сёння ва ўстанове ў чарговы раз ладзіцца творчая ініцыятыва, прысвечаная роднай мове, конкурс беларускай паэзіі, песні, тэатральнага майстэрства “Маладзічок”. 

 

Вядучы 1. Шчыра вітаем удзельнікаў, гледачоў, педагогаў установы.

Вядучы 2.

Трапяткая яна і цымбальная,
Кожным словам зіхціць, як раса.
Мілагучная, непараўнальная,
Як птушыныя песні ў лясах…

Вядучы 1. Прадстаўляем вашай увазе нізку вершаў пра мову, родную зямлю, Бацькаўшчыну.

Вершы ў выкананні вучняў.

Вядучы 2. Самымі роднымі людзьмі для кожнага з нас былі, ёсць і будуць нашы бацькі. Іх любоў да нас, дзяцей, – бясцэнны дар, моцная падтрымка, надзея і арыенцір на будучыню. Мы, у сваю чаргу, павінны паважаць, любіць і шанаваць сваіх родных мам і тат.

Вядучы 1. Наступная нізка вершаў прысвечана менавіта ім.

Вершы ў выкананні вучняў.

Вядучы 2. Беларуская народная песня… Яна бывае тужлівая і вясёлая, бадзёрая і самотная, ад яе хочацца плакаць і хочацца радавацца… У народнай песні адлюстравана само жыццё з яго радасцямі і нягодамі, з марамі і спадзяваннямі, з вялікімі пачуццямі. Менавіта народная песня з’яўляецца крыніцай, адкуль мы чэрпаем роднае слова, прыгожае, мілагучнае, ласкавае.

Вядучы 1. Сустракаем выканаўцаў беларускай песні, юных музыкантаў. Вучні выконваюць песні, музычныя кампазіцыі.

Вядучы 2. Наступная наша сустрэча з беларускай байкай. Колькі ў ёй глыбокай мудрасці, гумару і высокай паэзіі. Цікавасць да жанру байкі з цягам часу не змяншаецца, народ любіць гэты жанр. Як не змяншаецца і цікавасць паэтаў да яе. Чаму?

Вядучы 1. А таму што і наша мова, і нашы пачуцці, думкі ў байцы можна выказаць жыва, цікава, з гумарам. І гэта блізка беларусу. Спадзяваемся, гэта і дакажуць сваімі выступленнямі нашы ўдзельнікі. Запрашаем на сцэну… Выступленне творчага калектыву.

Вядучы 1. Дзякуй за творчасць. За любоў да роднага слова.

Вядучы 2.

Сто гадоў шукай другой красы,
А тым больш, што свет зусім не вузкі.
Ды калі ты не бязродны сын,
Гавары са мной па-беларуску. 

Вядучы 1. Паважаныя гледачы, а зараз ваша чарга паказаць свой спрыт у валоданні беларускай мовай.

Вядучы 2. Прадстаўляем вашай увазе віктарыну (Дадатак).

Вядучы 1. Вялікі дзякуй за ўдзел. А зараз слова арганізатару творчай ініцыятывы.

Уручэнне дыпломаў удзельнікам.

 

Дадатак

Пытанні віктарыны

– Вядомая асветніца зямлі беларускай (Еўфрасіння Полацкая)
– Каго мы называем беларускім першадрукаром? (Францыска Скарыну)
– Што адгукаецца, але не называецца? (Рэха)

– Закончыце прымаўку: “Не той сябра, хто мёдам мажа, а той … (хто праўду скажа”).
– Назавіце сапраўднае імя і прозвішча Якуба Коласа, Янкі Купалы (Канстанцін Міцкевіч, Іван Луцэвіч)
– Кавалак тканіны, якім засцілаюць стол (Абрус)
– Як сказаць “вусная народная творчасць” адным словам? (Фальклор)
– На якія тры віды падзяляюцца казкі? (Чарадзейныя, бытавыя, казкі пра жывёл)
– Як называецца самы напружаны момант у творы? (Кульмінацыя)
– Як называецца прыдуманае імя і прозвішча, якімі аўтары падпісваюць свае творы? (Псеўданім)

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий