На ўроках беларускай літаратуры ў працэсе вывучэння мастацкіх твораў фарміруецца функцыянальная адукаванасць, найперш чытацкая. Асаблівае месца сярод усіх вучэбных навыкаў займае чытанне і работа з атрыманай інфармацыяй. Узровень авалодання чытацкай граматнасцю з’яўляецца найважнейшай характарыстыкай сучаснага школьніка. На прапанаваным уроку выкарыстоўваюцца прыёмы, якія фарміруюць уменні пошуку пэўнай інфармацыі ў тэксце, яе інтэрпрэтацыі і выкарыстання, ацэнкі зместу апавядання.
Алена ПРАКАПОВІЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Дакурнішская сярэдняя школа”,
Ашмянскага раёна,
Гродзенская вобласць
Мэты ўрока:
– пазнаёміць з прыёмамі псіхалагічнай абмалёўкі характараў;
– развіваць уменні вучняў вызначаць асноўныя эпізоды і эпізоды, важныя для характарыстыкі герояў, звяртаць увагу на спосабы абмалёўкі чалавечых характараў;
– фарміраваць навыкі характарыстыкі герояў;
– выхоўваць пачуццё адданай дружбы, добразычлівасці ў паводзінах.
Абсталяванне: вучэбны дапаможнік па беларускай літаратуры для 6-га класа (2022 г.), карткі з заданнямі, прэзентацыя, лісты для рэфлексіі, выстава кніг.
Эпіграф: “Толькі сапраўдны сябар можа цярпець слабасці свайго сябра” (Уільям Шэкспір).
Ход урока
І Арганiзацыйны момант
– Прывітанне, праверка падрыхтаванасці вучняў да ўрока, праверка адсутных.
ІІ Стварэнне псіхалагічнага настрою
– Добры дзень тым, хто…
— рады зіме,
— сумуе па сонейку,
— любіць беларускую літаратуру,
— добра падрыхтаваўся да ўрока.
ІІI Паведамленне тэмы ўрока і мэтавызначэнне
– Сёння мы будзем размаўляць аб тым, што такое сапраўдная дружба і што яна дае чалавеку.
– Давайце ўспомнім, аб чым мы размаўлялі на мінулым уроку.
– Як вы думаеце, што новага мы пазнаем, чаму навучымся сёння?
– Эпіграфам будуць словы Шэкспіра. Як вы іх разумееце?
ІV Праверка дамашняга задання
1 Прыказкі і прымаўкі пра дружбу
Заданне. Зачытайце, калі ласка, прыказкі і прымаўкі пра дружбу, якія вы выпісалі.
Напрыклад: Той не можа быць другам, хто ў бядзе абыдзе кругам.
Не той сябар, хто мёдам мажа, а той, хто праўду кажа.
Новых сяброў набывай, а старых не забывай.
Скажы мне, хто твой сябар, і я скажу, хто ты.
З разумным сябрам павядзешся – розуму набярэшся.
2 Праца на картках у парах (прыём “Лаві памылку”)
Заданне. Прачытайце скарочаны тэкст, знайдзіце памылкі і выправіце іх.
Лёня і Грыша былі сябрамі, вучыліся ў адным класе і жылі на адной кватэры. Грыша вучыўся слабей за Лёню.
Усё адбылося ў суботу. На перапынку хлопцы пасварыліся з прычыны таго, што Лёня атрымаў незаслужаную адзнаку за кантрольную работу.
Па дарозе дадому Лёня аступіўся і зламаў нагу, таму адстаў ад Грышы. Непаразуменне паміж сябрамі стала прычынай таго, што Лёня заначаваў у лесе. Нягледзячы на тое, што на дварэ была ранняя восень, хлопчык Лёня ўсё ж такі захварэў на запаленне лёгкіх.
Грыша адчуваў сябе няёмка з-за сваіх паводзін, таму прыйшоў і папрасіў у сябра прабачэння. Але Лёня не дараваў.
Зачытванне тэкстаў.
VI Работа па тэме ўрока
– Сёння мы з вамi пагаворым пра сапраўднае сяброўства. Паспрабуем адказаць на пытанне, чаму так называецца апавяданне.
1 Аналітычная гутарка
– Што мы разумеем пад паняццем “партрэт героя”?
– Якую ролю адводзіць аўтар у апавяданні апісанню знешнасці герояў?
– Выкажыце адносіны аўтара да герояў.
– У якую пару года адбываецца дзеянне ў творы?
– Ці прымае прырода ўдзел у стварэнні эмацыянальнага настрою?
2 Знаёмства са спосабамі псіхалагічнага пісьма
– Знайдзіце і зачытайце ўнутраны маналог Лёні. Аб чым гэты маналог гаворыць?
3 Праблемнае пытанне
– Прачытайце па ролях сцэну прыходу Грышы да хворага сябра (Вучні чытаюць).
– Ці асэнсаваў Грыша сваю вiну ў адносiнах да хворага сябра i сяброўства?
– Як вы думаеце, якiм будзе iх сяброўства ў будучым?
– Растлумачце сэнс назвы твора.
Фізкультхвілінка
У розных кутках класа развесіць карткі з літарамі А, П, А, В, Я, Д, А, Н, Н, Е. Вучні перамяшчаюцца па класе і збіраюць слова “апавяданне”.
4 Прыём “Успомні мяне”
Заданне на картках: адкажыце на пытанні.
1) Паставілі (што?)…чацвёрку;
2) усё адбылося (калі?)…у суботу;
3) гладышык мёду (якога?)…ліпавага;
4) Лёня абапіраўся на (што?)…на палку;
5) пагнаў каня (як) …шпарчэй;
6) захутаў у (што?)…у кажушок;
7) павярнуў направа (да чаго?)…да балота;
8) зграя (каго?)…ваўкоў;
9) зрабіўся (якім?) …далікатным, добрым;
10) глянуў вачыма (якімі?)…шчаслівымі.
Праверка заданняў.
5 Заданне “Воблака слоў”
Вылучыць тыя якасці, якімі надзелены Грышка і Лёня.
сціпласць |
розум |
Вучні агучваюць свае праекты, прадстаўляюць вынікі працы.
6 Характарыстыка персанажаў (1-ы варыянт – Лёня, 2-і варыянт – Грыша).
План характарыстыкі персанажа
1) Месца героя ў сістэме вобразаў твора (галоўны, другасны, эпізадычны).
2) Характарыстыка героя:
– сацыяльнае становішча (вучань, студэнт і г.д.);
– знешні воблік;
– кола інтарэсаў, схільнасцей, звычак (жыццёвыя погляды; уплыў на тых, хто акружае; характар дзейнасці);
– сфера пачуццяў (узаемаадносіны з іншымі героямі, унутраныя перажыванні);
– аўтарскія адносіны да персанажа;
– якія рысы асобы героя выяўляюцца ў творы (пры дапамозе партрэта, у аўтарскай характарыстыцы, праз характарыстыку іншых герояў, праз учынкі, праз адносіны да прыроды).
3) Значэнне гэтага вобраза ў аповесці.
Вучні зачытваюць характарыстыкі.
7 Прыём “Поле дружбы”
– Напішыце, калі ласка, на лісткі паперы тыя якасці і рысы характару, што ёсць у вас і якія перашкаджаюць вам у дружбе. Выкініце іх у сметнік. Выкiнуўшы гэтыя лiсточкi, будзем верыць, што зможам выкаранiць у сабе тое, у чым прызналiся толькi сабе.
VI Замацаванне вывучанага
1 Крыжаванка
1 Маленькае, залаценькае, усё нам асвяціла. (Сонца)
2 Стаяць слупы бялёныя, на іх шапкі зялёныя. (Бярозы)
3 Ва ўсіх дзетак адзенне з манетак. (Рыба)
4 З хаты ў хату водзіць, а сама не ходзіць. (Дарога)
5 У траве, як аганькі, ружавеюць вугалькі, іх вадою не зальеш, рук і ног не апячэш. (Суніцы)
Ключавое слова_______________________
2 Сінквейн на тэму “Сябры” (або “Лёня”, “Грыша”)
VII Падагульненне вывучанага за ўрок
1 Гутарка
– Пра якія прыёмы псіхалагічнай абмалёўкі характараў вы сёння даведаліся?
– Чаму апавяданне называецца “Сябры”?
– У чым заключаецца сэнс сапраўднай дружбы?
– Чаму гэта апавяданне з’яўляецца актуальным ў наш час?
2 Зварот да выставы кніг
– Нельга не пагадзiцца са словамi Дэні Дзiдро: “Людзi перастаюць мыслiць, калi перастаюць чытаць”. I я раю вам (як працяг нашай гутаркi) прачытаць творы Кузьмы Чорнага “Насцечка” і Янкі Маўра “Палескiя рабiнзоны”.
VIII Выстаўленне і каменціраванне адзнак
IX Дамашняе заданне
1) Пераказ аднаго з эпізодаў (на выбар вучняў).
2) Напісаць міні-апавяданне пра падзею, выпадак, які вас уразіў.
3) Прачытаць I–II р. аповесці “Насцечка” Кузьмы Чорнага.
X Рэфлексія “Рука сябра”
На альбомных лістах паперы дзецям трэба абвесці сваю далонь. Напісаць свае добрыя якасці і падарыць таму, з кім бы хацелі б сябраваць.