Алімпіядны практыкум прызначаны для арганізацыі заняткаў з навучэнцамі, якія рыхтуюцца да алімпіяды па беларускай мове і літаратуры. Мерапрыемства ўтрымлівае ў сабе разнастайныя заданні па лексіцы, фразеалогіі і парэміялогіі.
Таццяна МАРЦЭВІЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Ёдкаўская сярэдняя школа”
Лідскага раёна,
Гродзенская вобласць
Алімпіядны практыкум прызначаны для арганізацыі заняткаў з навучэнцамі, якія рыхтуюцца да алімпіяды па беларускай мове і літаратуры. Мерапрыемства ўтрымлівае ў сабе разнастайныя заданні па лексіцы, фразеалогіі і парэміялогіі. Яны дапамагаюць дзецям глыбей пазнаёміцца з невычэрпным “бацькоўскім дарам” – беларускай мовай, а праз яе спазнаць светапогляд беларускага народа.
Мэты: паглыбленне ведаў навучэнцаў пра лексічны склад беларускай мовы; развіццё лагічнага мыслення, узбагачэнне слоўнікавага запасу; выхаванне павагі да беларускай мовы і беларускага народа.
Абсталяванне: мультыборд, заданні алімпіяднага практыкуму на паперы, ручкі.
Ход алімпіяднага практыкуму
Прачытайце выказванні знакамітых людзей пра мову (на мульцітыбордзе).
– Мову можна разглядаць як старадаўні горад: лабірынт маленькіх вулачак і плошчаў, старых і новых дамоў, дамоў з прыбудовамі розных эпох, і ўсё гэта акружана мноствам новых раёнаў з прамымі вуліцамі рэгулярнай планіроўкі і стандартнымі дамамі. (Л.Вітгенштэйн).
– Ніякае багацце людзей не бывае даражэйшым за іх родную мову. (Я.Колас).
– Мы гаворым на многіх мовах. Плачам на роднай (М.Тураўскі).
– Не саромся, беларус, гаманіць па-свойму – на роднай мове бацькоў і дзядоў сваіх. Шануй сваю мову, шануй свае песні, свае казкі, звычаі і ўсё роднае – гэта спадчына дзядоў і вялікі нацыянальны скарб. Толькі тады цябе ўсе будуць шанаваць як чалавека, калі сам сябе будзеш шанаваць – калі не адкінеш свайго нацыянальнага ўласнага багацця. А першы скарб нацыянальны – гэта родная мова (З.Бядуля).
– Я – беларус, мая родная мова – беларуская (В.Быкаў).
– Любіце і шануйце, як святыню, роднае слова, з якім вас літасцівы Бог на свет пусціў (Ф.Скарына).
– Мова – гэта брод праз раку часу, ён вядзе нас да жылля тых, якія ўжо пайшлі з жыцця; але туды не зможа прыйсці той, хто баіцца глыбокай вады (У.Ілліч-Світыч).
– Мова – гэта гісторыя народа. Мова – гэта шлях цывілізацыі і культуры (А.Купрын).
Выберыце з прыведзеных меркаванняў тыя, якія найбольш блізкія вам. Растлумачце, як вы разумееце сэнс слоў знакамітых людзей. Вызначце тыя выказванні, у якіх гаворыцца пра беларускую мову.
Выканайце заданні алімпіяднага практыкуму. PDF
Рэфлексія
– Якія словы на беларускай мове для вас сёння гучалі ўпершыню?
– Якія словы вы ведаеце і ўжываеце ў сваім маўленні?
– Працягніце выказванне: “Шчасце валодаць роднай мовай …”.
(Настаўнік абагульняе сказанае вучнямі)
– Валоданне мовай адкрывае нам усе скарбы свету, яднае душы людзей, аб’яўдноўвае нас у адзін народ, дапамагае захаваць нацыянальную культуру і спасцігнуць вышэйшыя каштоўнасці сапраўднага, добрага, прыгожага, той зямлі, дзе жывём і працуем, дзе нарадзіліся нашы продкі. Мова – гэта бацькоўскі дар, валодаць якім – шчасце для кожнага чалавека.
Спіс выкарыстанай літаратуры
1 Беларускія прыказкі, прымаўкі і загадкі / уклад. Я.Рапановіч. – Мінск : Вышэйшая школа, 1974. – 381 с.
2 Беларуская энцыклапедыя : У 18 т. / Рэдкал. : Г.П.Пашкоў і інш. – Мінск : БелЭн, 1996.
3 Лепешаў, І.Я. Слоўнік фразеалагізмаў беларускай мовы: у 2 т. / І.Я.Лепешаў. – Мінск : Беларус. энцыкл. імя Петруся Броўкі, 2008. – 2 т.
4 Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы / Нац. акад. навук Беларусі, Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, Ін-т мовазнаўства імя Якуба Коласа; рэд. І.Л.Капылова. – Мінск : Беларус. энцыкл. імя Петруся Броўкі, 2016. – 968 с.