Па “Вераніцынскіх” мясцінах. Завочнае падарожжа ў Гарадок Віцебскай вобласці – сталіцу беларускага пісьменства – 2023

- 13:14Воспитательная работа

Пашырэнне ведаў пра гісторыка-культурную спадчыну сталіцы Дня беларускага пісьменства – 2023. Для вучняў 8-11-х класаў.

 

Алена КАЖАНЕЎСКАЯ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Канюхоўская сярэдняя школа Бераставіцкага раёна”,
Гродзенская вобласць

 

Мэта: пашырэнне ведаў пра гісторыка-культурную спадчыну сталіцы Дня беларускага пісьменства – 2023

Задачы:

– пазнаёміць з асноўнымі гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі Гарадка;
– пашырыць веды пра гісторыю горада, знакамітых ураджэнцаў, жыццё і творчасць якіх звязаны з гарадоцкім краем;
– садзейнічаць фарміраванню нацыянальнай годнасці, выхаванню павагі да культурных здабыткаў народа.

Абсталяванне: камп’ютар, мультымедыйная ўстаноўка, прэзентацыя, запісы музычных твораў, карта Беларусі.

 

Ход мерапрыемства 

Гучыць гімн г. Віцебска (Словы Т.І.Краснова-Гусачэнка, пераклад Т.І.Краснова-Гусачэнка, Т.І.Талкачова, музыка А.В.Раузо)

 

Вядучы 1. Добры дзень, паважаныя сябры!

Вядучы 2. Добры дзень, спадары і спадарыні!

Вядучы 1. Мы запрашаем вас здзейсніць завочнае падарожжа па віцебскай зямлі – у прыгожы горад Гарадок.

Вядучы 1. Гэта свята крочыць па розных гарадах, пачынаючы с 1994 года – з радзімы Францыска Скарыны – горада Полацка. Ганаровую эстафету Гарадку перадаў горад Добруш.

Вядучы 2. Дзень беларускага пісьменства – гэта не толькі магчымасць узважыць багатыя сённяшнія літаратурна-культурныя набыткі, але і лепш пазнаць, асэнсаваць сваё мінулае.

Вядучы 1. Наша падарожжа пачынаецца. 

Гучыць песня “Родны мой горад” (Музыка В.Раінчыка, словы У.Някляева) ў выкананні ансамбля “Верасы”. 

Станцыя 1. Парнас для гарадоцкіх талентаў

Экскурсавод 1. Гарадок – невялікі адміністрацыйны цэнтр Гарадоцкага раёна, які знаходзіцца за 30 кіламетраў на поўнач ад Віцебска. Тут пражывае больш за 12 тысяч жыхароў. З 1904 года Гарадок — чыгуначная станцыя на лініі Віцебск-Невель. Аўтадарогамі ён звязаны з Улай і Віцебскам. Аўтамагістралі М8 і Е95 праходзяць у кіламетры ад горада.

Экскурсавод 2. Гарадок узнік на месцы старажытнага паселішча на рацэ Гараджанцы. Верагодна, менавіта яго называлі “Гарадком пад Полацкам” у летапісах XIII стагоддзя. Першае дакладнае згадванне мястэчка датуецца 1551 годам. Яно было занесена ў “рэестр серабшчыны” месцаў Вялікага Княства Літоўскага. У канцы XVI стагоддзя тут стаяў бастыённы замак з магутнымі абарончымі валамі і пяццю вежамі, верагодна, разбураны падчас Паўночнай вайны. У 1981 годзе руіны замка даследаваў археолаг Міхаіл Ткачоў. Знойдзеныя падчас раскопак фрагменты керамікі захоўваюцца ў мясцовым краязнаўчым музеі.

Экскурсавод 1. Невыпадкова на гербе, які быў падараваны Гарадку ў XVI стагоддзі, ёсць выява льва на залатым полі. Цар звяроў сімвалізуе мужнасць жыхароў гэтага паўночнага краю Беларусі, якія змагаліся за сваю незалежнасць “акі львы”. І сёння Гарадоцкі раён здзіўляе сваімі непаўторнымі краявідамі, маляўнічымі ландшафтамі, багатымі традыцыямі і арыгінальнымі праектамі. У 2006 годзе гістарычны герб, а ў 2011-м – сцяг, былі прызнаныя афіцыйнай сімволікай горада.

Станцыя 2. Астраўляны. На радзіме аўтара “Тараса на Парнасе”

Экскурсавод 3. Калі вы яшчэ не чыталі сатырычна-гумарыстычную паэму “Тарас на Парнасе”, тады варта сумясціць яе прачытванне з паездкай у Гарадок. Лёс гэтага твора такі ж інтрыгуючы, як і ягоныя фабула і арыгінальны стыль.

Экскурсавод 4. З сярэдзіны ХІХ стагоддзя паэма распаўсюджвалася вусна і ў рукапісах, а ўпершыню была апублікавана ў газеце “Минский листок” у 1889 годзе. Гісторыкі літаратуры доўгі час думалі-гадалі, хто ж аўтар ананімнага твора? Версій было шмат. Пакуль апошнюю кропку не зрабілі літаратуразнаўцы В.Скалабан і Г.Кісялёў, якія знайшлі ранні спіс паэмы з паметкай: “Канстанцін Вераніцын, 15.4.1855, Гарадок”. Гэта было невядомае ў літаратуры імя.

Экскурсавод 3. Архіўныя пошукі высветлілі, што Канстанцін Вераніцын нарадзіўся ў Астраўлянах пад Гарадком у 1834 годзе ў сям’і прыгонных сялян. У 1851 годзе атрымаў вольную і прыпісаўся ў гарадоцкія мяшчане. Вучыўся ў Гарадку, Віцебску, Пецярбургу, а ў 1859 годзе бліскуча скончыў Горы-Горацкі земляробчы інстытут, напісаўшы дысертацыю “О белорусском хозяйстве”. За подпісам Канстанціна Вераніцына да нас дайшла таксама выдатная беларуская сатырычная паэма “Два д’яблы”. Папулярнасць “Тараса на Парнасе” з часу яе напісання была незвычайнай: паэму чыталі амаль у кожнай хаце. Твор пра палясоўшчыка Тараса перакладзены на рускую, украінскую, нямецкую ды іншыя мовы.

Экскурсавод 4. Паняцце “Парнас” у тамашніх мясцінах набывае сімвалічнае значэнне. Як вядома, у самым пачатку паэмы “Тарас на Парнасе” згадваецца вёска Пуцявішча:

Ці знаў хто з вас, браткі, Тараса,
Што палясоўшчыкам служыў?
На Пуцявішчы, у Панаса,
Ён там ля лазні блізка жыў.

Экскурсавод 3. Яна некалі стаяла каля дарогі, з Гарадка ў Віцебск. Нават не вёска, а вёсачка, а, як слушна заўважыў Генадзь Кісялёў, стала “галоўнай жыццёвай артэрыяй юнацтва Косці”, вывела ў людзі. Атрымліваецца, як бы Парнасік. Не, правільней усё ж сказаць – невялікі Парнас. Сюды і запрашае Канстанцін Вераніцын нас. Каб з агледзін яго яшчэ больш упэўніліся, якая цудоўная зямля – наша Беларусь, наколькі мілагучная мова беларуская, як трэба берагчы яе, каб не страціць, а захаваць для нашчадкаў.

Экскурсавод 4. Свайго роду помнікам Канстанціну Вераніцыну з’яўляюцца два вялізныя камяні-валуны. Адзін – у яго роднай вёсцы, другі – каля будынка раённага краязнаўчага музея. На таблічках іх – словы выдатнага паэта, празаіка, літаратуразнаўцы Алегі Лойкі: “Паэма стала патрыятычнай песняй, выяўленнем любові да роднага слова, марай аб вялікім будучым беларускай літаратуры, паэтызацыяй узыходжання яе на Парнас”.

Экскурсавод 3. З 1998 года ў пачатку чэрвеня ў Гарадку збіраюцца аматары літаратуры і паэзіі – ім прысвечана асобная частка свята “Гарадоцкі Парнас”. Тут знаёмяцца не толькі з новымі творамі сучасных аўтараў, але і падрабязна абмяркоўваюць напісаную ў сярэдзіне пазамінулага стагоддзя паэму.

 

Станцыя 3. Гарадоцкі дом рамёстваў

Экскурсавод 1. Спрадвеку Гарадок быў рамесніцкім, а затым – прамысловым мястэчкам. Больш за ўсё жыхары атрымалі поспех у ганчарным рамястве. Найбольшае развіццё гэты промысел атрымаў у XIX – першай палове ХХ стагоддзя, калі ў мястэчку сталі стварацца ганчарныя арцелі, пазней ператвораныя ў цэхі, якія мясцовыя жыхары называлі проста “ганчаркай”.

Экскурсавод 2. Гарадоцкая кераміка адрознівалася прастатой і пластычнасцю формаў і светлым тэракотавым колерам з адценнямі фіялетавага і карычневага. У асноўным майстры выраблялі керамічныя вырабы гаспадарчага прызначэння – гаршкі, збаны, глякі, гладышы, міскі і іншыя разнавіднасці посуду, якія сёння, на жаль, выйшлі з ужытку на сучаснай кухні. У прамысловых маштабах гарадоцкая кераміка больш не вырабляецца, але ганчарнае кола круціцца ў мясцовым доме рамёстваў. Характэрна, што старое рамяство ў сучасным мястэчку адрадзілі ганчары-жанчыны.

Экскурсавод 1. У Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей краіны ўнесены элемент нематэрыяльнай спадчыны “Тэхналогія ажурнага ткацтва”, або “вэлюм”. Гэты від ткацтва адрадзілі і ў Гарадоцкім доме рамёстваў, дзе можна ўбачыць не толькі гатовыя вырабы, але і сам працэс ажурнага ткацтва. Ручнікі і абрусы ткуць з выбеленага лёну, а боку ўпрыгожваюць звязанымі кручком карункамі.

Экскурсавод 2. Заехаўшы ў Гарадок, варта абавязкова спланаваць паход у музей рамёстваў, а то і запісацца на майстар-клас. Тут працуюць 12 гурткоў, сярод якіх – спіральнае пляценне, лапікавая шыццё, разьба па дрэве, ткацтва, ганчарнае майстэрства, вышыўка і лозапляценне. Вырабы майстроў запатрабаваныя ў сучасным інтэр’еры. Гарадоцкія майстры таксама адрадзілі батлейку з сезоннымі спектаклямі ў рэпертуары. Батлеечная шафа, лялечныя персанажы і дэкарацыі ствараліся паводле мясцовых фальклорных традыцый.

 

Станцыя 4. Вераб’ёвы горы. 259 метраў над узроўнем мора

Экскурсавод 3. Унікальны ландшафтны комплекс азёр і ўзгоркаў пачынаецца яшчэ ў межах Гарадка. А называюцца Вераб’ёвы горы ў памяць пра былога ўладальніка гэтых зямель – пана Вераб’ёва.

Экскурсавод 4. Вераб’ёвы горы ўключаюць гідралагічны комплекс з пяці азёр: Арэхавае, Шчарбакоўскае, Жабініца, Святое і Лугавое. На лясных узгорках і палянах сустракаецца мноства лекавых раслін, на маршрутах юннатаў – хаткі баброў, сляды выдры, амерыканскай норкі, гарнастая, андатры. Рэльеф спрыяў стварэнню тут спартыўна-аздараўленчага комплексу. Тут пабудавана лыжаролерная траса з максімальнай працягласцю аднаго круга – 7,5 кіламетраў і шырынёй паласы – 9 метраў. Рэльеф трасы ўзгорысты, з вялікай колькасцю ўздымаў і спускаў, найбольшы перапад вышынь на якіх дасягае 28 метраў.

Экскурсавод 3. Дарэчы, Гарадок знаходзіцца на поўначы краіны, і снег тут выпадае раней, чым у іншых рэгіёнах, а трымаецца часам да сярэдзіны красавіка. На лыжаролернай трасе праводзяцца рэгіянальныя і міжнародныя спаборніцтвы. Яна таксама адчынена для аматарскага катання на веласіпедах, лыжаролерах і лыжах.

Экскурсавод 4. У Вераб’ёвых гарах на востраве паміж азёрамі Лугавое і Арэхавае размешчана рэзідэнцыя Снягуркі. Гэта месца сямейнага адпачынку і зімовых забаў. На востраў вядзе мост з боку лыжаролернай трасы. Летам на Вераб’ёвых гарах адпачываюць на возеры Лугавым – з чыстай вадой, пясчаным дном. Возера часткова акружана борам. Хваёвае паветра, узгорыстая мясцовасць і азёрная вада – прывабны варыянт летняга адпачынку.

 

Станцыя 5. Старажытнае замчышча

Экскурсавод 1. Цэнтр сучаснага Гарадка ўпрыгожвае старажытнае замчышча XIV–XVII стагоддзяў. Умацаванні знаходзіліся па абодва бакі ракі Гараджанкі. На балоцістым лузе левага берага быў насыпаны земляны вал у форме чатырохвугольніка. На ўзвышшы правага берага стаяў каменны замак, збудаваны як абарончы бастыён пасля разбурэння крэпасці ў Езярышчы. Новы замак быў пабудаваны для абароны паўночных межаў дзяржавы ад усходняга агрэсара. Вакол замка быў запоўнены вадой роў 16 метраў шырынёй і 3,3 метра глыбінёй.

Экскурсавод 2. Сцены замка стаялі на высокіх земляных валах. Праз кожныя 20–30 метраў былі бастыёны для стральбы з гармат. Верагодна, замак быў разбураны падчас Паўночнай вайны ў пачатку XVIII стагоддзя. Часткова захаваліся абарончыя равы і фрагменты бастыёнаў. На месцы старажытнага замка цяпер пабудаваны аўтавакзал.

 

Станцыя 6. Архітэктурныя пабудовы Гарадка

Экскурсавод 3. Наведаем самыя значныя з архітэктурных пабудоў горада Гарадок. Першая з іх – гэта Траецкая царква, якая ў 1999 годзе была перабудавана з будынка былой прыходскай школы, які, у сваю чаргу, быў пабудаваны ў горадзе Гарадок на пачатку ХХ стагоддзя. Будынак рэканструявалі па праекце архітэктара Ю.Г.Сакалоўскага ў прамавугольны храм з паўкруглай апсідай. Храм быў накрыты пакатым чатырохсхільным дахам, над якім стаў узвышацца васьмігранны барабан са сферычным купалам. Да храма была прыбудавана званіца. У архітэктуры царквы былі выкарыстаны элементы архітэктуры папярэдняга будынка, які мае гістарычнае значэнне для прыходу.

Экскурсавод 4. У храме Святой Жываначальнай Тройцы для пакланення вернікаў знаходзіцца каўчэг з часціцай мошчаў Серафіма Сароўскага Цудатворца. Абраз з часціцай мошчаў вялікапакутніцы Марыны (Маргарыты) Антыяхійскай, абраз з часціцай мошчаў вялікапакутніка і лекара Панцеляймона, часціцы святых мошчаў пакутніцы Валянціны Палесцінскай і свяшчэннамучаніка Тадэвуша, архіепіскапа Цвярскога. Прастольнае свята адзначаецца ў 50-ы дзень пасля Вялікадня.

Экскурсавод 3. Наступная невялікай славутасцю горада Гарадок з’яўляецца будынак былога млына. Вадзяны млын размешчаны ў паўночнай частцы населенага пункта, датуецца канцом XIX – пачаткам ХХ стагоддзяў. Сам будынак быў пабудаваны з чырвонай цэглы, а яго падмурак – з бутавага каменя. Найбольш прыкметным элементам з’яўляецца фасад, упрыгожаны машыкулямі і плоскімі пілястрамі. На першым паверсе размяшчаліся жорны, тады як другі быў адведзены пад склад збожжа. Вадзяны млын у мястэчку лічыцца помнікам прамысловай архітэктуры з элементамі неаготыкі.

Экскурсавод 4. На галоўнай плошчы горада ўсталяваны мемарыяльны комплекс у гонар салдат-вызваліцеляў. У цэнтры помніка сярод стэл гарыць Вечны агонь. Тут жа знаходзіцца бюст генерал-маёра М.М.Каржанеўскага.

Вядучы 1. Вось і скончылася наша вандроўка. Спадзяёмся, што вы больш даведаліся пра Гарадоцкую зямлю. Падарожнічайце і адкрывайце для сябе ўтульны куточак Віцебшчыны! Да новых сустрэч!

Вядучы 2.

Я з табой не расстануся больш
У краіне азёрнай сінечы.
І сярэбраны віцебскі дождж
Будзе музыкай нашай сустрэчы.
                                   (Л.Пранчак)

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий