Анлайн-віктарыны як альтэрнатыва франтальнаму апытванню. Аўтарскія распрацоўкі анлайн-віктарын на сэрвісах Kahoot, Quizizz, LearningApps, Google-формы

- 13:45II И III СТУПЕНИ, БЕЛАРУСКАЯ МОВА І ЛІТАРАТУРА, Беларуская мова і літаратура. Матэрыялы да ўрокаў, Методичка

Аўтар прапануе матэрыял аб выкарыстанні на ўроках анлайн-віктарын у якасці праверкі ведаў і як альтэрнатыву франтальнаму апытванню, дае спасылкі на аўтарскія распрацоўкі на розных сэрвісах.

Таццяна БАТУРА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Навасёлкаўская базавая школа”
Гродзенскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

 

 

Мэта праверкі дамашняга задання – выявіць, наколькі вучні засвоілі папярэдні матэрыял і якія прабелы ў іх засталіся. Трывалыя веды па мінулай тэме з’яўляюцца моцным фундаментам для разумення новага матэрыялу. Традыцыйна на гэтым этапе прымяняецца прыём франтальнага апытвання. Несумненна, такая форма кантролю прываблівае сваёй лаканічнасцю і хуткасцю, дазваляе за кароткі час з дапамогай пытанняў узнавіць пройдзены матэрыял. Аднак самы відавочны мінус франтальнага апытвання – гэта немагчымасць пракантраляваць усіх. Настаўнік атрымоўвае ілюзорнае ўяўленне аб ступені падрыхтаванасці класа, бо ён не можа запытаць кожнага вучня. Адкажуць толькі самыя падрыхтаваныя і смелыя, а тыя, хто не ведае, проста праігнаруюць пытанні.

У якасці альтэрнатывы класічнаму франтальнаму вуснаму апытванню можна прапанаваць інтэрактыўныя анлайн-віктарыны. З дапамогай сродкаў ІКТ усе вучні адначасова даюць адказы на складзеныя пытанні, а вынікі фіксуюцца камп’ютарам і адлюстроўваюцца на маніторы. Гэты спосаб яшчэ прываблівае сваёй займальнасцю і сучаснасцю. Спынімся падрабязней на некаторых праграмах і дадатках, якія можна выкарыстоўваць на ўроку для складання анлайн-віктарыны: “Kahoot!”, “Quizizz”, “LearningApps”, Google-формы, MyTest.X.

Існуюць спецыяльныя інтэрнэт-платформы для стварэння гульнявых віктарын. Найбольшую папулярнасць у школе маюць “Kahoot!” і “Quizizz”. Гэтыя сэрвісы прапануюць цэлы арсенал гатовых практыкаванняў, а таксама шаблоны для пабудовы ўласных заданняў на любую тэму.

 

Платформа “Kahoot!”

Інтэрфейс праграмы мае выгляд гульні “Хто хоча стаць мільянерам”: да пытання на фоне каляровых прамавугольнікаў размяшчаюцца чатыры варыянты адказаў.

 

Разам з тым вызначаецца ліміт часу, за які неабходна выбраць правільны пункт. Існуе вэб-версія праграмы, але больш зручна працаваць з мабільным дадаткам.

Для ўдзелу ў гульні вучням не патрабуецца абавязковай рэгістрацыі: дастаткова зайсці ў праграму (на сайт і ўвесці код, які прысвойваецца віктарыне, або сканіраваць QR-код для імгненнага доступу. Далей неабходна запісаць свой нікнэйм (імя).

Усе гульцы адначасова адказваюць на пытанні на сваіх прыладах (мабільных тэлефонах, планшэтах). Пытанні выводзяцца вучням на экран па адным, паралельна ўказваецца адведзены час. Удзельнікі набіраюць ачкі за кожны правільны адказ, прычым, лідзіруе той, хто аператыўней адкажа. Прамежкавыя вынікі адлюстроўваюцца ў выглядзе дыяграм. У канцы віктарыны падсумоўваецца колькасць балаў усіх удзельнікаў і будуецца імправізаваны п’едэстал пераможцаў.

Каталог сэрвісу прапануе вялікі асартымент гатовых заданняў па розных прадметах і тэмах, таксама можна стварыць новыя. Аўтару (настаўніку) неабходна спачатку зарэгістравацца. Асноўная цяжкасць рэсурсу ў тым, што праграма мае англамоўны інтэрфейс, аднак пасля невялікай практыкі ўсе дзеянні зводзяцца да аўтаматызму.

Аўтарскія распрацоўкі глядзіце па спасылках:

https://create.kahoot.it/details/a661ff8e-d66a-4980-82f7-503c7ea1914d
https://create.kahoot.it/details/81abcf82-93ef-4980-b53f-315602758a7d

 

Анлайн-сэрвіс “Quizizz

Вельмі падобнай да “Kahoot!” па сваім функцыянале з’яўляецца праграма “Quizizz”. Гэты вэб-рэсурс таксама дазваляе праектаваць віктарыны і тэсты ў такім жа яркім і гульнявым фармаце. Акрамя анлайн-рэжыму можна прапанаваць вучням практыкаванні на гэтай пляцоўцы ў якасці дамашняга задання, калі дасылаецца спасылка, а вынікі настаўнік убачыць пасля ў сваім акаўнце ва ўкладцы “Справаздачы”.

Віктарыны ў “Kahoot!” ці “Quizizz” на этапе праверкі дамашняга задання ўдала выконваюць функцыю кантролю ведаў. Колькасць набраных удзельнікамі балаў сведчыць аб ступені іх падрыхтаванасці і можа быць трансфармавана ў адзнаку. 

 

Платформа “learningapps

Даволі распаўсюджанай у адукацыйным працэсе стала платформа “LearningApps”, якая змяшчае шырокі арсенал для гульнявой дзейнасці падчас урокаў. Матэрыял структураваны па прадметах, што значна спрашчае навігацыю: можна знайсці шэраг гатовых цікавых інтэрактыўных практыкаванняў, створаных у розных тэхніках. Найбольш запатрабаваныя гульні “Скачкі”, “Пазл”, “Крыжаванка”, “Знайдзі пару”, “Стужка часу”, “Устаў прапушчанае слова”. Таксама па мадэлі можна стварыць сваю. Опцыі простыя і зразумелыя, варта выконваць інструкцыі. Ёсць магчымасць выбіраць узроўні складанасці і змяшчаць падказкі. Атрыманыя заданні можна дадаваць у каталог сэрвісу і дзяліцца з іншымі карыстальнікамі. Для доступу дастаткова спасылкі ці QR-кода.

Мінус выкарыстання сэрвісу заключаецца ў тым, што вынікі выканання заданняў у ім часцей за ўсё ацэньваюцца славесна (пасля ўдалага фінішу на маніторы высвечваюцца выразы тыпу “Ты малайчына”, “Усё правільна”, “Супер” і г.д.), а таксама даецца некалькі шансаў на выпраўленне памылак. Такі падыход не прагназуе адэкватнага выстаўлення адзнакі, што лічыцца самамэтай пры кантролі ведаў.

Аўтарскія распрацоўкі глядзіце па спасылках:

https://learningapps.org/28605717
https://learningapps.org/14019014
https://learningapps.org/14041038

 

Google-формы

Эфектыўным сродкам кантролю ведаў з’яўляюцца тэсты ў Google-форме. Гэта адзін з дадаткаў шматфункцыянальнай сістэмы Google, да якой мы маем доступ пасля рэгістрацыі. Спачатку мы выбіраем пусты файл (любы шаблон ці варыянт “Новая форма”) і запаўняем яго. Панарама опцый даволі мабільная і прыстасоўваецца да разнастайных запытаў: можна пазначыць адзіночны ці множны выбар правільных адказаў, задаць шкалу ці сетку, дадаць выяву, аўдыя- ці відэафрагмент, пазначыць дату і час. За кожнае пытанне ёсць магчымасць устанавіць градацыю балаў, што адлюстроўвае дыферэнцыраваны падыход і рознаўзроўневасць заданняў. Прываблівае зручны спосаб аналізу праведзенай віктарыны, які ажыццяўляецца ў рэжыме рэальнага часу з любой прылады. Настаўнік са свайго Google-акаўнта бачыць вынікі вучняў, якія падаюцца ў выглядзе каляровых дыяграм. Прычым, можна бачыць зводку як па асобным удзельніку, так і агульную па класе. Абавязковай умовай для распаўсюджання заданняў у такім фармаце з’яўляецца адкрыццё доступу да іх. Для гэтага неабходна зайсці ў налады Google-дыска і ў неабходнай папцы выбраць функцыю “Даць доступ усім, хто мае спасылку”. Пасля скапіраваць гэтую спасылку і падзяліцца ёю. Структуру, падобную да Google-формы, мае праграма “Madtest”, аднак працаваць у ёй бясплатна можна абмежаваны прамежак часу.

Аўтарскія распрацоўкі глядзіце па спасылках:

https://docs.google.com/forms/d/e/1FAIpQLSepvn7X1Ks9uMRgThZoA7cHL4b-e7O5g-TVv_Rk64kjvh8AIw/viewform?usp=sharing
https://docs.google.com/forms/d/e/1FAIpQLSd3gOL6SVFqzD6Ypn7Ty0sKe4odaRJE3R6PHziotCxga9pZdg/viewform?usp=sharing

 

Праграма “MyTestX” для стварэння тэстаў

Існуе шэраг спецыяльных праграм для стварэння тэстаў. Большасць з іх патрабуе папярэдняга спампоўвання і ўстаноўкі. У сувязі з гэтым узнікаюць тэхнічныя цяжкасці пры пераносе на іншую прыладу. Таму такі спосаб можна выкарыстоўваць толькі пры наяўнасці праграмы непасрэдна там, дзе знаходзяцца вучні. Іншая справа – анлайн-канструктар тэстаў. Для выканання заданняў, створаных на іх пляцоўках, дастаткова падзяліцца спасылкай, але будзе патрэбны інтэрнэт.

Да прыкладу, праграма “MyTestX”, усталяваная на вашым прыстасаванні, дазваляе ствараць разнастайныя тэсты на любы густ, а дзякуючы вялікаму арсеналу настроек можна ўстанаўліваць уласныя патрабаванні: абмяжоўваць па часе, па колькасці запускаў, памылак, выбраць прыдатную шкалу ацэньвання, рэжым падачы кантэнту, дазволіць паказваць справаздачу вучням і г.д. Пры наяўнасці сеткавага злучэння зручна карыстацца аўтаматызаваным журналам тэсціравання, у якім адлюстроўваюцца ўсе дзеянні ў рамках праграмы. Настаўніку адразу прыходзяць вучнёўскія вынікі, сістэматызаваныя ў табліцы. А вучні маюць магчымасць пазнаёміцца з тэкставай справаздачай, у якой аналізуюцца іх асабістыя вынікі.

Калі вы свой выбар спынілі на тэсціраванні, то колькасць заданняў у ім павінна быць мінімальнай, фармуліроўкі – кароткімі, зразумелымі і лаканічнымі, а адказы – адназначнымі і выбірацца хутка, без дадатковай траты часу.

Варта памятаць, што пры выбары анлайн-віктарыны не трэба перагрувашчваць заданні аб’ёмнымі пытаннямі і блытаць бліцзаданні з комплексным тэсціраваннем. Мы ж праследуем тую ж мэту, што і пры франтальным апытванні: за кароткі прамежак часу ўзнавіць асновы пройдзенага матэрыялу і ацаніць вучняў.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий