Музей гімназіі як рэсурс у сістэме духоўна-маральнага выхавання моладзі

- 17:04Наш музей, После уроков

Музей гімназіі № 1 імя Ф.М.Сінічкіна г.Слоніма “Нам засталася спадчына” прадстаўляе гісторыю з’яўлення і распаўсюджвання на Слонімшчыне чатырох канфесій: праваслаўя, каталіцызму, іудаізму, ісламу.

 

Алена НЕСІНА,
настаўнік гісторыі і грамадазнаўства
ДУА “Гімназія № 1 імя Ф.М.Сінічкіна г.Слоніма”,
Гродзенская вобласць

 

На думку вядомага навукоўцы Адама Мальдзіса, “чалавека можна параўнаць з птушкай, адно крыло якой – мінулае, другое – будучыня. Калі адно крыло адсутнічае, птушка губляе арыентацыю ў часе і прасторы. Калі ў чалавека няма патрыятычных пачуццяў, ён становіцца перакаці-полем, травой без каранёў – і яму ўжо ўсё роўна, што гіне побач з ім: культура, памяць ці зямля”. Бясспрэчна, вялікую ролю ў фарміраванні духоўнага светапогляду маладога пакалення, выхаванні патрыятызму, павагі да традыцый, гісторыі, культуры сваёй Радзімы адыгрываюць школьныя музеі.

Гімназічны музей “Нам засталася спадчына”

Музей гімназіі “Нам засталася спадчына” прадстаўляе гісторыю з’яўлення і распаўсюджвання на Слонімшчыне чатырох канфесій: праваслаўя, каталіцызму, іудаізму, ісламу. Галоўныя мэты работы музейнага рэсурса заключаюцца ў фарміраванні нацыянальнай самасвядомасці навучэнцаў, пачуцця гонару за мінулае і сучаснае сваёй малой радзімы; у выхаванні талерантнасці, павагі да культуры, традыцый іншых народаў праз вывучэнне гісторыі ўзнікнення і зацвярджэння розных канфесій.Тут можна пачуць дзіўныя гісторыі пра найбольш цікавыя экспанаты, здзейсніць займальныя падарожжы ў часе і прасторы па старонках гісторыі “Палескіх Афін”, горада, у якім выконваліся псалмы, гучаў намаз, служылася імша, чыталася тора… і было ўсё роўна, хто побач католік, іудзей, праваслаўны ці мусульманін. Усіх аб’ядноўвала любоў да месца, дзе ён нарадзіўся і жыў.  

Але, улічваючы той факт, што ў беларускай культуры вызначальную ролю адыгрывае праваслаўныя светапогляд, вера і святы, асноўным напрамкам у рабоце гімназічнага музея стала захаванне і перадача праваслаўных духоўна-маральных і гісторыка-культурных каштоўнасцей. Для рэалізацыі гэтых задач мэтазгодным з’яўляецца ўзаемадзеянне ўстановы адукацыі са структурамі Беларускай Праваслаўнай Царквы: Мінскай Духоўнай семінарыяй, Свята-Успенскім Жыровіцкім манастыром. Прыярытэт праваслаўнага напрамку вызначаецца і тым, што непадалёку ад Слоніма знаходзіцца адзін з найбуйнейшых цэнтраў праваслаўя – Жыровіцкі манастыр, найстаражытнейшы ў Беларусі храм абароннага тыпу – царква Міхала Архангела.

Мінулае не знікае бясследна, яно пакідае тысячы сведчанняў свайго існавання ў выглядзе помнікаў матэрыяльнай і духоўнай культуры, якія захоўвае і прапагандуе музей, здзяйсняючы сувязь часоў праз сумесную творчую і пошукавую дзейнасць гімназістаў, настаўнікаў і бацькоў. Так, з гары Афон былі прывезены праваслаўныя пацеркі і крыж, з Іерусаліма – кеара і ханукіі, са Стамбула – саджада. З ЗША перададзены набор каталіцкіх крыжоў. Дзякуючы супрацоўніцтву з манахам Іаанам і Свята-Успенскім Жыровіцкім манастыром, музей набыў элемент “Царскія вароты”, тры экзэмпляры «Псалтирь Следованная», датаваныя канцом XVIII стагоддзя, пачаткам XIX і сярэдзінай XIX стагоддзяў, керамічнае Велікоднае яйка, падоранае архіепіскапам Навагрудскім і Слонімскім Гурыем і інш. Імам абшчыны перадаў музею старонкі з Хамаіла канца XVIII стагоддзя, мусульманскія ружанцы. З Рыжскай іудзейскай абшчыны прыбылі мезуза і кеара. Ксёндз Касцёла Святога Андрэя падарыў музею каталіцкі арнат і місал.

 Копія Жыровіцкай іконы Божай Маці

У кожнага народа свае святыні, у кожнага экспаната свой лёс, свая гісторыя, знаёмства з якой дапамагае лепш зразумець іншую веру, вучыць павазе да традыцый іншых народаў. Але ёсць на слонімскай зямлі святыня, якая ўжо шмат стагоддзяў абараняе наш край і ўсіх, хто верыць у яе цудадзейную сілу – Жыровіцкая ікона Божай Маці, копія якой знаходзіцца ў экспазіцыі “Жыровіцкая святыня” і з’яўляецца асаблівым экспанатам музея. Пачуць дзіўную гісторыю з’явы Жыровіцкага абраза і звярнуцца да свяшчэннай выявы можа кожны госць гімназіі.

Экскурсійная работа – самы цікавы напрамак музейнай дзейнасці, які дае магчымасць не толькі вывучаць медыятэксты, але і займацца медыятворчасцю, ствараючы ўласны гатовы прадукт, а таксама дэманстраваць атрыманыя веды і набытыя ўменні масавай аўдыторыі, тым самым уцягвае вучняў у пазнавальную, камунікатыўную і крэатыўную дзейнасць. Набор экскурсаводаў у гімназічны музей адбываецца на конкурснай аснове праз кастынг, які штогод праводзіць Савет музея.

Развіццю ў вучняў пачуцця любові і прыхільнасці да родных мясцін, цікавасці да гісторыі сваёй малой радзімы, павагі да яе традыцый садзейнічаюць розныя формы экскурсійнай дзейнасці:

– тэматычныя экскурсіі “Праваслаўе на Слонімшчыне”, “Саната лёсу…”, “Слонімская сінагога і гісторыя іудаізму” і інш.,
– відэаэкскурсіі “Музей у чамадане”, “Гісторыя аднаго экспаната”, “Слонім – горад чатырох канфесій” (на англійскай мове),
– пешаходная экскурсія “Тры ўзросты вуліцы Пушкіна”.

Велізарную дапамогу ў фармаванні медыякультуры навучэнцаў, пры падрыхтоўцы і правядзенні класных гадзін, віктарын, квестаў, урокаў у музеі, падборы аўдыя-, відэаматэрыялаў і стварэнні мультымедыйных прэзентацый аказвае інфармацыйна-бібліятэчны цэнтр гімназіі.

У заключэнні трэба адзначыць, што школьны музей – гэта асаблівае шматмернае адукацыйнае асяроддзе, дзе сумесныя намаганні свецкай і праваслаўнай адукацыі садзейнічаюць выхаванню сапраўдных маральных каштоўнасцей: міласэрнасці, спачування, умення дараваць крыўды. Таму школа заклікана не толькі даць вучням патрэбныя веды і кампетэнцыі, але дапамагчы мудра, ненадакучліва сфарміраваць сістэму духоўна-маральных арыенціраў, якія стануць падмуркам творчай асобы, будуць патрэбай і неад’емнай часткай годнага чалавека.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий