Свая гульня “Беларусь – зямля святая” разлічана на вучняў 9-х класаў. Яна пашырае веды школьнікаў пра мінулае і сучаснае роднага краю, яго гістарычную і культурную спадчыну; спрыяе заахвочванню да знаёмства з матэрыяламі, прысвечанымі гісторыі, славутым людзям, прыродзе, традыцыям нашай краіны; фарміраванню актыўнай грамадзянскай пазіцыі, пачуцця патрыятызму; павышае інфармацыйную кампетэнтнасць вучняў.
Алена ДАШКЕВІЧ, настаўнік беларускай мовы і літаратуры,
Алена МУЛЯРОВА, настаўнік інфарматыкі
ДУА “Сярэдняя школа № 2 г. Новалукомля імя Ф.Ф.Азміцеля”
Чашніцкага раёна,
Віцебская вобласць
Тэма: “Беларусь – зямля святая”.
Мэты:
– пашырыць веды вучняў пра мінулае і сучаснае роднага краю, яго гістарычную і культурную спадчыну;
– стварыць умовы для развіцця пазнавальнай актыўнасці вучняў, для фарміравання іх камунікатыўных уменняў і культуры маўлення;
– развіваць творчыя здольнасцi вучняў, навыкі групавой дзейнасцi, абуджаць цікавасць да гісторыі і культурнай спадчыны роднага краю;
– выхоўваць грамадзянскасць, пачуццё патрыятызму, гонар за сваю Радзіму, за свой народ, павагу да роднай мовы.
Абсталяванне: пейзажныя замалёўкі на тэму “Падарожжа па Беларусі”, выстава кніг пра Беларусь, фотаздымкі помнікаў архітэктуры Беларусі; запісы на дошцы выказванняў мастакоў слова пра Радзіму:
Мой чароўны беларускі край,
Бацькаўшчына светлая мая!
Уладзімір Караткевіч
Ад прадзедаў спакон вякоў
Мне засталася спадчына…
Янка Купала
Няма смачнейшай вадзіцы, як з роднай крыніцы.
У сваім краі, як у раі.
Далёкая старонка без ветру сушыць.
Жыць – Радзіме служыць.
Эпіграф: “Любіце гэтую сваю святую зямлю аддана і да канца. Іншай вам не дадзена, дый непатрэбна”, – Уладзімір Караткевіч.
Форма правядзення: свая гульня.
Ход мерапрыемства
І Уступная частка
Вучань.
Спее дзень над гаем і над борам,
і душою чуйнаю здаля
азярынаў позірк ясназоры
пазнаеш.
Радзімая зямля!
І як птах крылаты між нябёсаў –
Срэбраны і радасны званок, –
На зямлі жывеш высокім лёсам,
Верачы – усё тут незнарок.
Незнарок прамень, жывы і тонкі,
што, нібы запозненая ніць, –
павуцінка восеньскай вандроўкі –
на далоні сцішана трымціць.
Над калінай – іней мураговы.
На каліне – выкіслелы жар.
Мне прастор такіх нашэпча словаў
быццам праўду выкажа
у твар.
Крок за крокам – пушчу расхінаеш!
Крок за крокам – далеч пазнаеш!
Можа, гэта лепшае,
што маеш?
Можа, дзеля гэтага й жывеш?..
Генадзь Пашкоў
Слова настаўніка
Радзімая зямля, Беларусь, Бацькаўшчына, зямля бацькоў…
Яшчэ зусім маленькімі мы ўпершыню чуем гэтыя словы. І кожны з нас укладвае ў гэтыя святыя словы нешта сваё. Для адных Радзіма – гэта разнастайная і прыгожая прырода: блакітныя стужкі рэк, чыстыя азёры, некранутыя лясы. Для другіх – гэта шматвяковая, багатая падзеямі гісторыя нашага народа. Доўгі і складаны шлях праз многія гады барацьбы і пакут прайшоў наш народ, пакуль дабіўся волі і незалежнасці, атрымаў уласную дзяржаўнасць. Для трэціх – сучасныя здабыткі, якія сталі магчымымі ў выніку стваральнай працы нашага народа. Калі я спытаю, ці любіце вы свой родны край, вы, безумоўна, адкажыце: «Так!» Але яшчэ Уладзіслаў Сыракомля пісаў: «Нельга палюбіць родную маці-зямлю без глыбокага і шырокага пазнання ўсяго яе аблічча…».
Таму сёння мы сабраліся, каб паўдзельнічаць у гульні «Беларусь – зямля святая». Я спадзяюся, што сённяшняе мерапрыемства дасць нам магчымасць яшчэ раз зразумець, што мы жывём у цудоўнай і непаўторнай краіне, краіне з багатай культурна-гістарычнай спадчынай, з прыгожымі непаўторныя мясцінамі, дапаможа адчуць пачуццё гонару за нашых славутых продкаў, абудзіць у вас жаданне яшчэ больш даведацца пра нашу краіну, унесці свой уклад у яе росквіт.
ІІ Свая гульня «Беларусь – зямля святая»
Раздзел |
Кошт пытання |
||||||||
Гісторыя |
1 |
2 |
3 |
4 |
5 |
6 |
7 |
8 |
9 |
Гарады Беларусі |
1 |
2 |
3 |
4 |
5 |
6 |
7 |
8 |
9 |
Славутыя імёны |
1 |
2 |
3 |
4 |
5 |
6 |
7 |
8 |
9 |
Лясы |
1 |
2 |
3 |
4 |
5 |
6 |
7 |
8 |
9 |
Рэкі, азёры |
1 |
2 |
3 |
4 |
5 |
6 |
7 |
8 |
9 |
Спорт |
1 |
2 |
3 |
4 |
5 |
6 |
7 |
8 |
9 |
Святы |
1 |
2 |
3 |
4 |
5 |
6 |
7 |
8 |
9 |
Фальклор |
1 |
2 |
3 |
4 |
5 |
6 |
7 |
8 |
9 |
Помнікі архітэктуры |
1 |
2 |
3 |
4 |
5 |
6 |
7 |
8 |
9 |
Гісторыя
1. Адкуль паходзіць назва Беларусь? (Белы – захад, блакітны – усход, чырвоны – поўдзень, чорны – поўнач).
2. Вялікае Княства Літоўскае – дзяржава ад мора да мора… (Ад Балтыйскага да Чорнага)
3. Назавіце самы старажытны горад Беларусі і летапіс, дзе ён упершыню ўзгадваецца. (Полацк, 862 год, Іпацьеўскі летапіс).
4. У якім горадзе знаходзіцца самы знакаміты замак на Беларусі? (У Міры).
5. Адкуль паходзяць назвы плямён, якія насялялі тэрыторыю сучаснай Беларусі? (Крывічы – крывая (у ярах) зямля, радзімічы – князь Родзім, родзічы, дрыговічы – дрыгва).
6. Назавіце старажытныя сталіцы Беларусі. (Полацк, Навагрудак, Вільня, Менск.)
7. Як даўно вядомы на Беларусі бібліятэкі? (З XI стагоддзя, існавалі пры манастырах).
8. Калі Мінск упершыню нагадваецца ў летапісе? (У 1067 годзе, «Слова аб палку Ігараву», бітва на Нямізе).
9. Калі быў адкрыты першы театр на Беларусі? (У XVII стагоддзі, г. Слонім, прыгонны тэатр, другі пасля Мангейма ў Германіі, налічваў 2 тысячы артыстаў).
Гарады Беларусі
1. Гэты горад называюць брамай краіны. Уладзімір Караткевіч называў яго «месцам майстроў». У 1553 годзе тут была заснавана першая на тэрыторыі Беларусі друкарня, у якой выдаваліся кнігі на польскай і лацінскай мовах. (Брэст).
2. Гэты горад быў пабудаваны князем Уладзімірам для жонкі Рагнеды і сына Ізяслава. Тут жыў і прапаведаваў кнігадрукар Сымон Будны. (Заслаўе).
3. Большасці жыхароў Беларусі гэты горад вядомы праз свае галоўныя святыні: паясы, шырокія, «літыя», з залатых, срэбных і шаўковых ніцяў, затканыя «пад персідскія» ўзоры. (Слуцк).
4. У XVII–XVIII стагоддзях у гэтым горадзе працавала вядомая «мядзведжая акадэмія»– школа па дрэсіроўцы мядзведзяў. Сёння чорны мядзведзь займае цэнтральнае месца на гербе горада. (Смаргонь).
5. Горад-помнік. У ім не рэдкасць барочныя дамы XVII-XVIIІ стагоддзяў. Тут знаходзіцца будынак друкарні, у якой славуты беларускі асветнік Сымон Будны выдаў у 1562 годзе свой «Катэхізіс». (Нясвіж).
6. Гэты горад з’яўляецца другім горадам Беларусі па колькасці старажытных архітэктурных помнікаў, якія захаваліся да сённяшніх дзён. (Пінск).
7. У гэтым горадзе праходзіла маленства Максіма Багдановіча. Горад звязаны з імёнамі Паўліны Мядзёлкі, Анатоля Астрэйкі, Дануты Бічэль, Васіля Быкава. (Гродна).
8. Адным з сімвалаў гэтага горада з’яўляецца помнік гурку. Ён быў створаны ў 2007 годзе. Кожны год у горадзе праходзіць свята – Дзень гурка. (Шклоў).
9. Гэты горад уваходзіць у топ трыццаці самых чыстых гарадоў свету. Ён займае трэцяе месца сярод такіх гарадоў, як Сінгапур, Токіа, Цюрых і інш. (Мінск).
Славутыя імёны
1.
Была яна дапамогай
пакрыўджаным,
Сцяленнем
смуткуючым,
Распранутым –
адзеннем.
Цi, проста кажучы, –
для ўсiх была ўсiм.
Хто ж гэта? (Еўфрасiння Полацкая).
2. У 14-гадовым узросце паступiў у адзiн са славянскiх унiверсiтэтаў, па заканчэннi якога атрымаў ступень доктара фiласофii. Яшчэ праз колькi гадоў жыццёвы шлях прывёў яго ў Iталiю. Сцвердзiўся ў прафесii, на якую не вучыўся, 6 жнiўня 1517 года. У канцы жыцця працаваў каралеўскiм садоўнiкам у Чэхii. (Францыск Скарына).
3. У яго княжанне дзяржава дасягнула найбольшай магутнасці. «Не чалавек, а ваўкалак», — гаварылі пра яго. Сапраўдным помнікам яму можна назваць пабудаваны ім у Полацку Сафійскі Сабор. (Усяслаў Чарадзей).
4. Гэты вучоны нарадзіўся ў Віцебску ў 1930 годзе, удастоены Нобелеўскай прэміі па фізіцы ў 2000 годзе. (Жарэс Алфёраў).
5. Нацыянальны герой Польшчы і ЗША, узначальваў паўстанне 1794 года ў Беларусі, Літве, Польшчы. Палітычны і ваенны дзеяч Рэчы Паспалітай. (Тадэвуш Касцюшка).
6. Дыпламат, дзяржаўны і грамадскі дзеяч Вялікага Княства Літоўскага. Вечным помнікам яму стаў падрыхтаваны і выдадзены на беларускай мове адзін з найбольш дасканалых узораў сусветнай юрыдычнай думкі таго часу – Статут ВКЛ 1588 года. (Леў Сапега).
7. Сярод беларускіх гарадоў Віцебск самы вядомы ў свеце таму, што тут нарадзіўся геній. Мастак, які застаўся верным свайму гораду да скону і ўсё жыццё ствараў свой Віцебск, горад-міф. (Марк Шагал).
8. Першы беларускі касманаўт, вучоны ў галіне тэхнічных навук, двойчы Герой Савецкага Саюза. Нарадзіўся ў вёсцы Камароўка Брэсцкага раёна ў 1942 годзе. Ажыццявіў тры палёты ў складзе экіпажаў касмічных караблёў і арбітальных комплексаў, правёў у космасе 78,76 сутак. (Пётр Клімук).
9. Нарадзіўся ў Гродзенскай вобласці ў 1897 годзе. Прызнаны вучоны, які вывучаў біялагічнае ўздзеянне Сонца і Сусвету, у тым ліку суадносіны сонечнай актыўнасці з перыядамі войнаў у гісторыі чалавецтва. (Аляксандр Чыжэўскі).
Лясы
1. Колькі відаў дрэў расце ў нашых лясах? (28 відаў).
2. У якіх дрэў самы позні лістапад у нашай краіне? (Клён, дуб).
3. Якую жывёлу можна назваць сучасніцай маманта і пячорнага мядзведзя? (Зубра).
4. Што ў Белавежскай пушчы мае грамату, з’яўляецца равеснікам Кіеўскай Русі? (Дуб).
5. Гэтыя птушкі – самыя буйныя драпежнікі нашых лясоў. (Беркут і філін).
6. Адзіны сучасны від чарапах, якія сустракаюцца ў Еўропе там, дзе досыць халодныя зімы, водзіцца на Палессі. (Балотныя чарапахі).
7. У Чырвоную кнігу Беларусі трапіў адзіны від земнаводных. (Чаратовая жаба, яна не толькі скача, але бегае, нібы мыш).
8. Якія запаведнікі і нацыянальныя паркі знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі? (Бярэзінскі запаведнік, нацыянальныя паркі: Белавежская пушча, Браслаўскія азёры, Прыпяцкі, Нарачанскі).
9. Якія заказнікі створаны на тэрыторыі Чашніцкага раёна? (Батанічны заказнік «Зялёныя ляды», «Ліпнікі», тарфяны заказнік «Хвашчавое», біялагічны заказнік «Саснягі»).
Рэкі, азёры
1. Якое самае вялікае возера ў Беларусі? (Возера Нарач на Мядзельшчыне. Яго даўжыня – 12,8 км., а шырыня – 10,8 км., даўжыня берагавой лініі – 40 кіламетраў).
2. У якім возеры раскінуўся самы буйны востраў? (У другім па велічыні возеры Беларусі – Асвейскім возеры. Плошча вострава – 5 км2).
3. Якое возера з’яўляецца трэцім па велічыні ў нашай краіне? (Чырвонае возера. У даўніну яго называлі Князь-возера).
4. Якое возера на Беларусі самае глыбокае? (Самае глыбокае возера ў Беларусі – возера Доўгае, што ў Глыбоцкім раёне. Яго глыбіня дасягае 53,7 м).
5. Якая рака на Беларусі самая вялікая? (Самая вялікая рака ў Беларусі – Дняпро. Яе басейн займае больш паловы тэрыторыі Беларусі).
6. Якое возера лічыцца найпрыгажэйшым у Еўропе пасля Жэнеўскага возера і возера Рыца? (Возера Свіцязь. Дзвесце гадоў таму назад на берагах гэтага возера часта бывалі Ян Чачот і Адам Міцкевіч).
7. Якая рака з’яўляецца трэцяй па велічыні ў Еўропе пасля Волгі і Дуная? (Дняпро. У старажытных летапісах яна мела гонар звацца шляхам «з вараг у грэкі»).
8. Якая рака перасякае Беларусь тры разы? (Рака Бесядзь, прыток ракі Сож, перасякае Беларусь тры разы).
9. Якія рэкі працякаюць праз Чашніцкі раён? (Праз Чашніцкі раён працякаюць рэкі: Ула, Усвейка, Лукомка, Свячанка, Хоцінка, Байна, Эса, Югна).
Спорт
1. Як называецца папулярны прафесійны футбольны клуб з горада Барысаў? (БАТЭ)
2. Адзін з лепшых у свеце цэнтраў для біятлона знаходзіцца ў … (Раўбічах).
3. Колькі ўраджэнцаў Беларусі сталі чэмпіёнамі свету і Еўропы. (280)
4. Упершыню беларусы прынялі ўдзел у Алімпійскіх гульнях… (У 1952 годзе ў Хельсінкі ў складзе зборнай СССР).
5. Беларуская спартсменка, якая заваявала залаты медаль у бегу на 100 метраў на Алімпійскіх гульнях у Афінах у 2004 годзе. (Юлія Несцярэнка).
6. Самы вядомы тэнісіст Беларусі, які заваяваў серыю міжнародных узнагарод у парным разрадзе і вывеў беларускую зборную на лепшае месца за ўсю яе гісторыю на Кубку Дэвіса. (Максім Мірны).
7. Беларускі спартсмен і трэнер (вольная барацьба). Чэмпіён Алімпійскіх гульняў (1964, 1968,1972), свету (1962, 1963, 1966, 1967, 1969–71). Прызнаны лепшым барцом вольнага стылю ХХ стагоддзя. (Аляксандр Мядзведзь).
8. Легендарная гімнастка заваявала 4 залатыя алімпійскія медалі, тры з іх – на алімпійскіх гульнях у Мюнхене (1972). У 1972 годзе прызнана лепшай спартсменкай свету. (Вольга Корбут).
9. Беларускі спартсмен, які заваяваў залаты медаль у дзюдо на Алімпійскіх гульнях у Афінах у 2004 годзе. (Ігар Макараў).
Святы
1. На якое свята спявалі гэтую песню?
А ў гэтым даму сам пан гаспадар,
Шчодры вечар добрым людзям!
Сам пан гаспадар дай на покуце,
Шчодры вечар добрым людзям!
Шчодры вечар! (Каляды).
2. Гэта песня гучала на свята … (Гуканне вясны).
Дапамажы, божа, вясну заклікаці
На ціхае лета, на ядрано жыта,
Жыта і пшаніцу…
3. Гэту песню можна было пачуць на свята … (Купалле).
Ой, на Івана сонца іграла!
Сонца іграла!
Сонца іграла
І з месячыкам размаўляла…
4. 15 сакавіка адзначаецца Дзяржаўнае свята… (Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь).
5. Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь святкуецца (3 ліпеня).
6. На гэта свята катэгарычна забаранялася біцца. За бойку страшылі градабоем на ўсю вёску. (Вялікдзень).
7. Было пашырана павер’е, што да гэтага свята нельга есці яблыкі, бо дзеці будуць хварэць і паміраць. (Яблычны Спас).
8. Гэта дзень ушанавання ўсіх памёрлых. У гэты дзень кожны павінен быў успомніць лепшыя рысы прашчураў, аддаць ім належную павагу. (Дзяды).
9. На Беларусі гэта свята знамянальна асвячэннем свечак у царкве. Гэтыя свечкі запальвалі з вераю ў дапамогу ў час навальніц, каб маланка не спаліла хату, іх давалі паміраючаму чалавеку, каб полымя ачышчала ад грахоў. Першая назва свята пайшла ад язычаскага бога Грамоўніка. (Грамніцы)
Фальклор
1. Адгадайце загадку. Жыў-быў капітан, сем душ харчаваў; прыйшлося яму паміраць – ніхто не бярэцца хаваць; выкінулі за плот – і сабакі не ядуць. (Гаршчок).
2. Працягніце прыказку. Хто не шануе чужога… (той і свайго не мае).
3. Растлумачце беларускі фразеалагізм “бярозавай кашы ўсыпаць”. (Высечы розгамі за правіну).
4. Нашы продкі верылі, што чалавека, які спатыкнецца аб парог чакае… (непрыемнасць).
5. Вясной, у дзень першага выгану жывёлы ў поле, гаспадынi кармiлi кароў на пячной засланцы. Для чаго яны гэта рабілі? (Каб каровы трымалiся свайго двара).
6. Гэта шырокая бочачка, звужаная кверху, з накрыўкаю-вечкам. Рабілі яе з дубу ці з хвоі. У вёсцы яе шанавалі. Пры ўваходзінах яе першай уносілі ў хату, каб не зводзіўся хлеб на стале. (Дзяжа).
7. Чаму фальклор раіў, першы раз пачуўшы зязюлю, пазвінець грашыма ў кішэні? (Каб увесь год не мець матэрыяльнай нястачы).
8. Чаму, ідучы на сенакос, нельга было круціць граблі накшталт ветрака? (Каб не «накруціць» дождж).
9. Жнеі апаясваліся каласамі таго хлеба, які пачыналі жаць. Пры гэтым вузел трэба было зрабіць калоссем назад. Для чаго яны гэта рабілі? (Каб спіна не балела).
Помнікі архітэктуры
1. Царква была ўзведзена ў першай палове ХІІ стагоддзя ў гонар святых Барыса і Глеба. (Каложская). |
|
2. Помнік абарончага дойлідства ХІІІ стагоддзя, які знаходзіцца на тэрыторыі Брэсцкай вобласці. (Камянецкая вежа). |
|
3. Праваслаўная царква ў Віцебску, помнік архітэктуры ХІІ стагоддзя. (Благавешчанская). |
|
4. Храм у Мінску імя першай беларускай асветніцы, першай жанчынай на Русі, якая была кананізавана ў святыя. (Еўфрасінні Полацкай). |
|
5. Храм-помнік у Мінску ў гонар Усіх Святых і ў памяць аб ахвярах, якія паслужылі выратаванню Айчыны нашай. (Храм Усіх Святых). |
|
6. Царква ў вёсцы Пагост-Загародскі Пінскага раёна Брэсцкай вобласці імя святых братоў з г. Салуні, прапаведнікаў хрысціянства і асветнікаў славян, стваральнікаў славянскай азбукі. (Кірыла і Мяфодзія). |
|
7. Помнік архітэктуры ХVІІІ стагоддзя. Сабор у Полацку. (Богаяўленчы). |
|
8. Гэту царкву пабудаваў у Ельску |
|
9. Помнік архітэктуры, унесены ў спіс спадчыны ЮНЕСКА ў 2000 годзе. (Мірскі замак). |
ІII Падвядзенне вынікаў
Слова настаўніка
Гучыць запіс песні “Радзіма мая дарагая” на словы Алеся Бачылы, музыка Уладзіміра Алоўнікава.
Сённяшняе мерапрыемства дало нам магчымасць яшчэ раз зразумець, што мы жывём у цудоўнай і непаўторнай, багатай на гістарычныя падзеі краіне. І дзе б мы ні апынуліся, куды б ні закінуў нас лёс, у нашай душы, у нашым сэрцы заўсёды будзе з намі адчуванне моцнай повязі з родным краем, зямлёй нашых бацькоў. Пакуль мы паважаем сваіх продкаў, не забываемся сваіх каранёў, мы паважаем Радзіму, мы існуем як народ, як нацыя.
Любіце свой край. Кожны дзень адкрывайце для сябе няўлоўную прыгажосць роднага куточка. Прыслухоўвайцеся да нашай пявучай мовы. Заўважайце дабрыню, адкрытасць, таленавітасць нашага народа. І вы адчуеце ў душы вялікі гонар за сваю Радзіму.
Вучань.
Яна мне дадзена адзіная
На ўсё жыццё, на цэлы век.
Мая адзіная, радзімая
У вянках лясоў і стужак рэк.
Заўсёды самая прыветная,
Як сонца, свеціцца сама,
Жыве, як мара запаветная,
І роўных ёй – нідзе няма.
Яе праменнямі сагрэтая,
Наліта сілай маладой,
Іду, нястомная, па свету я
Яе часцінкаю жывой.
І ганаруся ўсюды смела я,
Што вырасла на той зямлі,
Якую клічуць Руссю Белаю,
Што тут дзяды мае жылі.
Марыя Шаўчонак
Літаратура
1 Грыбко, В.В. Гістарычна-краязнаўчы курс «Наша Чашніччына» / В.В.Грыбко. – Мінск : Медисонт, 2007.
2 Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; рэдкал.: С.В.Марцэлаў (гал. Рэд.) [і інш.]. – Мінск : БелСЭ, 1985.
3 Легенды і паданні / Скад. М.Я.Грынблат і А.І.Гурскі. – Мінск : Навука і тэхніка, 1983.
4 Фотоэнциклопедия Беларуси [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: http://www.fotobel.by/ozyora-belarusi.
5 Памяць.Чашніцкі раён /Уклад. Н.Т.Кіндзяева. – Мінск : Беларуская навука, 1997.
6 Энцыклапедыя Беларусі ў 6 тамах. – Мінск : Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1993–2003.