Дзеепрыслоўны зварот. Знакі прыпынку пры ім. Урок беларускай мовы ў 7-м класе

- 16:21II И III СТУПЕНИ, БЕЛАРУСКАЯ МОВА І ЛІТАРАТУРА, Беларуская мова і літаратура. Сцэнарыі, Методичка

Адна з задач асобаснага развіцця – садзейнічаць развіццю ўменняў самастойна здабываць вучэбную інфармацыю, далучаць яе да ўжо існуючых ведаў, аналізаваць, супастаўляць, структураваць, рабіць неабходныя вывады, прымяняць веды на практыцы. 

Кацярына СІДОРЫК,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Гімназія № 1 імя Ф.М.Сінічкіна г. Слоніма”,
Гродзенская вобласць

 

 

Тэма: “Дзеепрыслоўны зварот. Знакі прыпынку пры ім”.

Клас: 7-ы.

Тып урока: вывучэнне новага матэрыялу.

Мэта: прадугледжваецца, што да канца ўрока вучні будуць ведаць, што называецца дзеепрыслоўным зваротам і адрозніваць ад адзіночных дзеепрыслоўяў; навучацца вызначаць дзеепрыслоўныя звароты ў сказах, ставіць знакі прыпынку пры іх; устанаўліваць марфалагічныя прыметы і сінтаксічную ролю ў сказе, ужываць дзеепрыслоўныя звароты ў вусным і пісьмовым маўленні.

Задачы асобаснага развіцця:

– садзейнічаць развіццю ўменняў самастойна здабываць вучэбную інфармацыю, далучаць яе да ўжо існуючых ведаў, аналізаваць, супастаўляць, структураваць, рабіць неабходныя вывады, прымяняць веды на практыцы;

– спрыяць фарміраванню культуры ўзаемаадносін у мікрагрупах, выхоўваць павагу да Бацькаўшчыны, да роднага слова.

Метады і прыёмы навучання: часткова-пошукавы, практыкаванні, гутарка, франтальнае апытванне, індывідуальная работа, работа ў групах і парах.

Абсталяванне: карта Слонімскага раёна, фотаздымкі Слоніма, лірычная музыка, рабочыя лісты (дзённік падарожніка), праверачны тэст, прэзентацыя, падручнік, праектар.

 

Ход урока

І Арганізацыйны момант

Мэта: псіхалагічная настроенасць на ўрок.

Задача: стварэнне добразычлівай рабочай атмасферы; наладжванне кантакту з аўдыторыяй.

– Добры дзень, мае паважаныя вучні. Адзін старажытны філосаф сказаў: “Калі ты раніцай усміхнуўся каму-небудзь і пажадаў добрай раніцы, то значыць твой дзень пражыты нездарма”. Я ўсміхнуся вам, вы – мне, а зараз усміхніцеся адзін аднаму. Хай ад усмешкі стане цёпла на душы, хай яна дапаможа лёгка і радасна працаваць на ўроку”.

– Даўно вядома, нішто не падымае так настрой, як добрая песня. (Гучыць музыка).

 

ІІ Арыенціровачна-матывацыйны этап і актуалізацыя ведаў

Мэта: псіхалагічная і пазнаваўчая гатоўнасць вучняў да атрымання новых ведаў, матывацыя на вучэбную дзейнасць, вызначэнне задач урока.

Задача: арганізаваць уваходную дыягностыку і паўтарэнне апорных ведаў.

У зелені – бель камяніц, касцёлаў.
Уецца Шчара, бліскаючы срэбрам.
Спыніўшыся на ўзгорках, навакола
Лясы стаяць, падпёршы купал неба.
Я вырас, захапляючыся тут
Высокім небам, Шчары ціхім звонам,
Агністым сонцам, лесам задумённым,
Мурамі і людзей жыццём штодзённым,
І сэрцам палюбіў я гэты кут —
Цябе, мой старадаўні родны Слонім.

– Я нездарма пачала ўрок з песні нашай зямлячкі Дзіяны Лугіной і вершаваных радкоў Алега Лойкі, якога таксама ўзрасціла слонімская зямля. Сёння мы з вамі здзейснім вандроўку па Слонімшчыне, нашай малой радзіме.

У дапамогу вам будуць дзённікі падарожніка (Дадатак), а за адказы – бонусныя карткі з лагатыпам горада, якія напрыканцы ўрока вы зможаце абмяняць на адзнаку.

Актуалізацыя ведаў (франтальная гутарка)

– Звярніце ўвагу на выдзеленыя спалучэнні ў эпіграфе нашага падарожжа.

– Назавіце дзеепрыслоўі.

– Вызначце залежныя ад дзеепрыслоўяў словы.

– Зрабіце вывад, што называецца дзеепрыслоўным зваротам.

– Давайце сфармулюем тэму нашага ўрока. (“Дзеепрыслоўны зварот, знакі прыпынку пры ім”)

– Запішыце, калі ласка, у сшыткі дату і тэму ўрока.                    

– Як вы ўжо ведаеце, у працы чалавека павінна быць мэта. Таму нам неабходна вызначыць задачы, якія мы павінны дасягнуць напрыканцы ўрока.

Задачы нашага ўрока: 

Буду ведаць … што называецца дзеепрыслоўным зваротам

Буду ўмець … знаходзіць дзеепрыслоўныя звароты ў сказах; выдзяляць на пісьме адзіночныя дзеепрыслоўі і дзеепрыслоўныя звароты. (параўнаць на слайдзе).

 

IIІ Тлумачэнне новага матэрыялу

Мэта: высвятленне дзецьмі сваёй кампетэнтнасці ці сваіх памылак, звязаных з новым вучэбным матэрыялам.

Задача: стварыць умовы для самакантролю, карэкцыі і самаацэнкі ведаў, уменняў і дзейнасці вучняў.

– Мы з вамі высветлілі, што дзеепрыслоўны зварот – гэта дзеепрыслоўе з залежнымі ад яго словамі.

– Прапаную яшчэ раз звярнуцца да вершаваных радкоў і назваць дзеепрыслоўныя звароты.

– Вызначце месцазнаходжанне дзеепрыслоўных зваротаў у сказах.

– Як вы думаеце, якую сінтаксічную функцыю выконваюць дзеепрыслоўныя звароты ў сказах?

– Давайце звернемся за дапамогай да падручніка. Прачытайце, калі ласка, правіла на старонцы 108. Задайце адзін аднаму пытанні па тэарэтычным матэрыяле.

– А якім чынам адасабляюцца дзеепрыслоўныя звароткі ў сказах?

– Звярніце ўвагу на памятку ў вашых дзённіках падарожніка.

– Такім чынам, мы з вамі даведаліся, што такое дзеепрыслоўны зварот, як на пісьме адасабляецца.

 

ІV Замацаванне вучэбнага матэрыялу

Мэта: дасягненне задач урока вучнямі.

Задача: арганізаваць мэтанакіраваную пазнаваўчую дзейнасць вучняў, іх трэніроўку ў тых дзеяннях, авалодванне якімі з’яўляецца задачай урока, работу з высокаматываванымі вучнямі.

1 Вуснае заданне

– Прачытайце сказы, назавіце дзеепрыслоўныя звароты, растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку.

1. Забыўшыся пра ўсё на свеце, я ўважліва разглядаў жураўлёў.
2. Скрыпелі, пагойдваючыся паціху, вяршыні высокіх дрэў.
3. Чалавек ішоў азіраючыся.
4. Працавалі ўсе сёння не пакладаючы рук.

2 Работа ў парах

– Запішыце сказы. Знайдзіце дзеепрыслоўі і дзеепрыслоўныя звароты, падкрэсліце іх як члены сказа. Пастаўце, дзе неабходна, знакі прыпынку.

1) (Калектыўна, 1 вучань ля дошкі). Змрок ужо агортваў зямлю асядаючы хмарай.
2) 1-ы варыянт. Ён не любіў сядзець склаўшы рукі.
3) 2-і варыянт. Розуму не прыдбаеш гуляючы.

Узаемаправерка выканання пісьмовага задання.

4) Дадатковае заданне. Падбярыце да дзеепрыслоўяў залежныя словы. Сказы запішыце, падкрэсліце дзеепрыслоўныя звароты як члены сказа. Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку

1. Рэчка, робячы (што?) … (рэзкі паварот), вырывалася на прастор і цякла далей павольна і спакойна.

2. Птушкі, адлятаючы (куды?) … (у вырай), збіраюцца ў вялікія чароды і падоўгу кружацца ў небе, развітваючыся (з чым?) … (з Радзімай).

 

Фізкультхвілінка 

Успамінаем геаграфію, рукамі малюем абрысы Беларусі. Сэрцам нашай краіны з’яўляецца Мінск (рукі на сэрца), на поўначы размяшчаецца… (цягнемся да яго), на поўдні – … (нахіляемся ўніз), на захадзе – … (нахіляемся ўбок), на ўсходзе – … (нахіляемся ў другі бок). Мы, беларусы, шчыры і гасцінны народ. На поўначы мы мяжуем з Літвой і Латвіяй (памахаем ім рукамі), на поўдні – з Украінай (рукі наперад), на захадзе – з Польшчай (паціснем руку суседу злева), на ўсходзе размяшчаецца наша сястра – Расія (паціснем руку суседу справа) і апладысментамі павітаем саміх сябе – жыхароў горада Слоніма.

– Пра Слонім ведаюць далёка за яго межамі. Яму споўнілася 770 гадоў.

– І сёння амаль ці не на кожнай вуліцы Слоніма адчуваецца подых старажытнасці. Непаўторную аўру яму надаюць велічныя цэрквы і касцёлы, музеi, старадаўнія будынкі. Гісторыя для слонімцаў стала паўсядзённай часткай сучаснасці. Я запрашаю вас адправіцца ў вандроўку па нашым куточку “Знакамітыя цуды Слонімшчыны”. Будзе нагода яшчэ раз адчуць гордасць за свой край, даведацца больш пра яго багацці.

3 Работа ў мікрагрупах

– Кожны з вас будзе працаваць у групах. А каб даведацца, у якую групу вы ўваходзіце, звярніце ўвагу на вашыя бэйджы. Падыдзіце, калі ласка, да стала з выявай таго малюнка, які змешчаны ў вас на бэйджы.

1-я група.

Заданне 1. Прачытайце тэкст. Устаўце прапушчаныя літары. Якія цікавыя факты вам запомніліся з гэтага тэксту (2–3 сказы).

Жыровіцкі манастыр

У вёсцы Жыровічы размешчаны Свята-Успенскі манастыр з прыгожым архітэктурным ансамблем, выкананым у стылі барока. Паданне расказвае, што даўным-даўно ў дрымучым лесе пастушкі знайшлі абраз Божай Маці. Усцешаныя н..звычайнай знаходкай, яны аднеслі абраз пану Солтану. Той не надаў значэння расказам пастухоў і схаваў яго ў куфэрак. Калі на наступны дзень захацеў паказаць знаходку гасцям, самога абраза ў куфэрку не аказалася. Праз некалькі дзён пастухі знайшлі зніклы абраз у тым самым лесе, над тым самым ручаём і на той жа дзікай грушы. Яны зноў перадалі абраз свайму гаспадару. Той сам пайшоў на месца з’яўлення абраза. Там Солтан даў абяцанне збудаваць у гонар дзівоснай праявы царкву. Неўзабаве тут быў пастаўлены дра..ляны храм, галоўны алтар якога знаходзіўся акурат на месцы, дзе расла лясная груша. А пазней узнікла там паселішча Жыровічы.

Абраз Маці Божай зберагае..а да гэтага часу ў манастыры і лічыцца самай вялікай святыняй і праваслаўных, і каталіцкіх вернікаў.

Заданне 2. Прачытайце сказы. Пастаўце неабходныя знакі прыпынку.

1) Кожны, хто хоча дакрануцца да Жыровіцкай святыні, можа з лёгкасцю гэта зрабіць прыехаўшы сюды.

2) Штогод 20 мая ў Жыровічах адзначаецца вялікае свята – Дзень з’яўлення Жыровіцкай іконы Божай Маці збіраючы вернікаў з розных куточкаў краіны.

3) Памаліўшыся Солтан даў зарок пабудаваць на месцы з’яўлення абраза храм у гонар Прасвятой Багародзіцы.

 

2-я група.

Заданне 1. Прачытайце тэкст. Устаўце прапушчаныя літары. Якія цікавыя факты вам запомніліся з гэтага тэксту (2–3 сказы).

Тэатр Агінскага

Пpы жыццi Mixaлa Kaзiмipa Aгiнcкaгa Cлoнiм нaзывaлi cтaлiцaй мacтaцтвaў.

Любімым дзе..ішчам мецэната стаў прыдворны тэатр. Незвычайна ўражвала сама тэатральная сцэна. На ёй маглі адбывацца бітвы коннікаў, а калі ўзнікала патрэба, то артысты выплывалі нават у лодках.

На яго сцэне працавалі прафесійныя акцёры, мастакі, балет і хор. Слонімскі тэатр мог стаць гонарам любой е..рапейскай сталіцы. 

Тэатр Агінскага  ў Слоніме знаходзіўся на Опернай вуліцы, самай вялікай у гора..е. Але, на вялікі жаль, будынак тэатра да сённяшніх дзён не захаваўся. А вось назвы  Оперная – не мае ні адзін горад у свеце. Кожны, хто наведае Слонім, можа прайсціся па гэтай вуліцы, па якой некалі спяшаліся артысты ў свой славуты тэатр у Еўропе.

Заданне 2. Прачытайце сказы. Выберыце са слоў для даведак фразеалагізмы. Пастаўце неабходныя знакі прыпынку.

1) Haйбoльшaгa pocквiтy Cлoнiм дacягнyў y дpyгoй пaлoвe вacямнaццaтaгa cтaгoддзя ____________ вялiкaгa гeтмaнa Mixaлa Kaзiмipa Aгiнcкaгa.  

2) Выступленне артыстаў на сцэне тэатра гледачы слухалі _________

Словы для даведак: склаўшы рукі, знaxoдзячыcя вa ўлaдaннi, як пшаніцу прадаўшы,  затаіўшы дыханне.

 

3-я група.

Заданне 1. Прачытайце тэкст. Устаўце прапушчаныя літары. Якія цікавыя факты вам запомніліся з гэтага тэксту (2–3 сказы).

Плошча з фантанамі

Горад Слонім – адзін з самых старажытных і прыгожых гарадоў Гро..еншчыны, які выклікае захапленне сумяшчэннем у сваім абліччы да..ніны і сучаснасці. Дзякуючы высокаму прафесіяналізму і творчаму патэнцыялу жыхароў, сёння Слонім мае абноўленае сучаснае аблічча. Галоўным упрыгожваннем горада, а таксама самым улюбёным месцам моладзі стала сучасная плошча з трыма фантанамі і падсветкай.

Акрамя фантанаў на галоўнай плошчы высіцца гара..скі герб. Той самы, гістарычны, які афіцыйна паказвае на прыналежнасць горада Сапегам. Залаты леў з срэбраным крыжам у лапах асабліва прыгожы на заходзе сонца, калі сонечныя прамяні праймаюць блакітны фон герба.

Прывабны і маляўнічы наш край, гасцінныя і спагадныя людзі. Шчыра запрашаем кожнага наведаць Слонімскую зямлю.

Заданне 2. Прачытайце. Складзіце са словазлучэнняў сказы, пастаўце неабходныя знакі прыпынку.

1) Прыязджаючы ў Слонім, госці, на свае вочы ўбачыць, маюць магчымасць, славутасці горада.

2) Мы выхоўваем саміх сябе, вучымся быць, пазнаючы Бацькаўшчыну, людзьмі з вялікай літары.

Праверка выканання і прэзентацыя работ (на адваротным баку выявы аб’ектаў горада) на дошцы перад класам. Астатнія групы запісваюць па адным сказе з дзеепрыслоўным зваротам у дзённікі падарожніка.

 

V Кантрольна-ацэначны этап

Мэта: рашэнне выхаднога тэставага задання.

Задача: стварыць умовы для самакантролю і самаацэнкі ведаў, уменняў і дзейнасці вучняў.

– А зараз кожны спадзяецца на сябе. Помніце, усё ў вашых руках. Паўтараем і запамінаем.

Тэставае заданне

1. Адзначце сказы з дзеепрыслоўнымі зваротамі.

а) Я заплюшчыла вочы, ахінуўшыся цёплай коўдрай.
б) Мора па-ранейшаму глуха шумела, уздыхаючы пад дажджом.
в) Доўга малы Сцёпка сядзеў надзьмуўшыся.
г) Паснедаўшы, Волька з Міколам пабеглі ў школу.

2. Адзначце сказы, у якіх правільна стаяць коскі.

а) Янка цэлы дзень бегае, не еўшы.
б) У зорным небе ззяў срэбны месяц, заліваючы ўсё бледным святлом.
в) Бацькі непакоячыся за хворае дзіцё, не спалі ўсю ноч.
г) Зялёныя лісточкі, ледзь распусціўшыся, сталі скручвацца і ападаць.

3. Адзначце сказы, у якіх трэба выдзеліць коскамі дзеепрыслоўны зварот (дзеепрыслоўе).

а) Працаваў Мікола спусціўшы рукавы.
б) Моўчкі распіхваючы рэчы па паліцах шафы я стараўся не думаць пра Алесю.
в) За сталом бацькі гаварылі жартуючы.

Праверка па ключы на слайдзе.

– Падыміце рукі, хто выканаў заданне без памылак? Хто дапусціў адну памылку? Якую?  

 

VI Падвядзенне вынікаў. Выстаўленне адзнак

– Звярніцеся, калі ласка, да табліцы, да тых задач, якія мы вызначалі ў пачатку ўрока. Працягніце выказванні:

Я ведаю…
Я магу…

– Наша падарожжа падыходзіць да завяршэння. Я атрымала вялікае задавальненне ад працы з вамі. Хачу пажадаць вам любіць свой край. Адкрывайце для сябе няўлоўную прыгажосць роднага куточка, прыслухоўвайцеся да нашай пявучай мовы, заўважайце дабрыню, адкрытасць, таленавітасць нашага народа. І тады вы адчуеце ў душы вялікі гонар за сваю Радзіму.

– Перад вамі карта Слонімскага раёна, на парце ў кожнага – сцікер у выглядзе сэрца. Напішыце, калі ласка, свае пажаданні Слонімшчыне, самім сабе.

– І на памяць аб нашай сустрэчы я хачу падарыць вам закладкі ў ваш дзённік падарожніка, дзе вы зможаце яшчэ больш даведвацца пра родны горад.

 

VIІ Дамашняе заданне

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий