“Высыпаю словы ў раллю”: алімпіядныя заняткі для вучняў 8-га класа па творах Дануты Бічэль

- 11:17Подготовка к олимпиадам

Мэты: паглыбіць веды пра лексіку беларускай мовы праз знаёмства з творамі Дануты Бічэль; развіваць лагічнае мысленне, звязнае маўленне, актыўны слоўнік; стварыць умовы для выхавання павагі да беларускага слова.

Таццяна МАРЦЭВІЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Ёдкаўская сярэдняя школа”
Лідскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

 

 

Творы мастацкай літаратуры ўзбагачаюць веды дзяцей. Да таго ж, чытаючы, дзеці знаёмяцца з новымі, незнаёмымі ім раней, словамі. Праца над імі пры падрыхтоўцы да алімпіяды патрабуе дадатковай увагі, бо новыя словы павінны перайсці ў актыўны слоўнік вучня. А багаты слоўнік вучня – гэта адна з умоў яго паспяховага выступлення на розных этапах алімпіяды па беларускай мове і літаратуры.

У алімпіядных занятках прапаную розныя прыёмы тлумачэння дзецям незразумелых слоў: падстаноўка слова ў кантэкст, падбор сінонімаў, адгадванне слова па лексічным значэнні, па малюнку, размеркаванне слоў па тэматычных групах, “квадрат слоў” і інш.

Мэты: паглыбіць веды пра лексіку беларускай мовы праз знаёмства з творамі Дануты Бічэль; развіваць лагічнае мысленне, звязнае маўленне, актыўны слоўнік; стварыць умовы для выхавання павагі да беларускага слова.

Абсталяванне: мультыборд, папера, ручкі.

 

Ход заняткаў

Уступнае слова настаўніка. У Дануты Бічэль адносіны да беларускага слова асаблівыя, бо для яе слова – гэта не толькі адзінка мовы і маўлення. Паэтка ўяўляе яго і крыніцай (“Словам чыстай крыніцаю плыць”), і зернем (“Сеяць зерні слоў на загон”), і жывой істотай (“Словы – нашы ўнукі”), і бажаством (“У цішыні слоў маліцца слову”).

У творах Дануты Бічэль вельмі многа слоў, якія ў сучасным свеце часам забываюцца. У адным вершы паэтка з сумам адзначае: “Разбіваецца слова аб прастору, як пташка”.

Ваша задача, маладое пакаленне, ведаць іх значэнне. А для гэтага неабходна шмат чытаць, цікавіцца роднай мовай, рознымі прадметамі і паняццямі, якія існуюць вакол. Паэтка “высыпае словы ў раллю”, каб потым яны “выраслі” і “жылі” ў нашых думках, сэрцах.

Сённяшнія заняткі глыбей пазнаёмяць вас з творчасцю Дануты Бічэль, з цікавымі беларускім словамі, якія, магчыма, вы яшчэ не ведалі. А калі ведалі, то няхай наша сустрэча стане добрай нагодай успомніць іх яшчэ раз.

Кожны раздзел гэтых алімпіядных заняткаў мае загаловак, які з’яўляецца радком твора Дануты Бічэль.  

 

І. “Многім цёпла ў бацькі пад страхою…”

Пад якой “страхой” жывуць словы лубок, сырадой, ветах, прысак, брук, дзядоўнік? Якое значэнне яны маюць? 

1. Жанчына будзіць птушак на дасвецці.
Звініць струмень тугі аб дно дайніцы.
П’юць … з шумочкам ранкам дзеці.
І кошка лашчыцца каля спадніцы.

2. Ці бульбу з … луплю,
Ці слухаю бусліны клёкат,
Таго найболей я люблю,
Хто мне спраўляе большы клопат.

3. Ноччу чарніцы спелі.
Ранкам збіралі ў … .

4. Паўночны …,
як абрыкос,
паволі коціцца
ўвысь наўскос.

5. Дождж перастаў,
Пакуль над гарою
спяць у …
спуджаным роем
чмелікаў трое.

6. У мястэчку, дзе мошчаны …
Абмываецца стужкаю плёсу,
Мне мой даўні бывалы сябрук
Уявіўся давераным лёсу.

Адказ: 1 – сырадой. 2 – прысак. 3 – лубок. 4 – ветах. 5 – дзядоўнік. 6 – брук.

 

ІІ. “Словы ў сэнс празрысты збяру…”

Якое лексічнае значэнне маюць падкрэсленыя словы?

1. Словы ў сэнс празрысты збяру:
Ільняное радно, Беларусь
І любоў – таямніца мастацтва.

2. Так верым
Толькі ў моц
вясковых зёлак.

3. Кажу сабе:
Пастой ты!
Як да жывой істоты,
Да здзірванелай градкі.
Два сінія, тры жоўтыя
Пялёсткі – гэта ж браткі!

4. Сялянская хата.
Гасцінец не збіты.
Цвікамі дажджынак
Прыбіта кастрыца.

5. Нашы вёскі пастарэлі.
Дзеўкі ў горадзе.
Сялянкі
Зыбкі кінулі на стрэхі –
Прыдаліся на буслянкі.

6. Так стартавалі,
як самалёты:
я – нецярплівы вецер,
і крыло – ты.
Так узляцелі
Пад ясны золак.

Адказ: 1. Радно – тоўстае палатно з пянькі або грубай ільняной пражы. 2. Зёлкі – лекавыя травы. 3. Браткі – травяністая расліна сямейства фіялкавых. 4. Гасцінец – вялікая бойкая дарога, звычайна абсаджаная дрэвамі; шлях, тракт. Кастрыца – адходы, якія атрымліваюцца ў выніку перацірання адзеравянелых частак сцябла пры мяцці і трапанні валакністых раслін (лёну, канапель і інш.). 5. Зыбка – калыска, падвешаная на гнуткай палцы, прымацаванай да столі. Буслянка – буслава гняздо. 6. Золак – пачатак світання.

 

ІІІ. “Веру словам…”

Ці праўда, што падкрэсленыя словы маюць адзначаныя лексічныя значэнні?

1. Бурай начы бусак
Зоркі лушчыў, як семкі.

Доўгі шост з металічным вастрыём і крукам на канцы

2. З прамення сонца выткала смугу.

Сырое надвор’е з дажджом і мокрым снегам

3. Пераспела лясное рэха.
Асыпаецца, як лузанцы.

Вылушчаныя арэхі

4. Па дрогкай грэблі грукоча воз.

Насціл з бярвення  або галля для пераезду цераз балота

5. Празрыста.
Ясна, двурога
маладзік авечкі пасе.

Малады хлопец

6. Лета з казкі хохлік украў.

Балотная птушка

Адказ: 1, 3, 4 (правільныя лексічныя значэнні). 2. Смуга – туман. Сырое надвор’е з дажджом і мокрым снегам – слата. 5. Маладзік – месяц у першай квадры. 6. Хохлік – у славянскім фальклоры малое чарцяня, гарэзлівы памочнік дамавіка.

 

ІV. “Не выпадковым словам ткаць аснову. Напружанай увагі варты пошук”

Прачытайце ўрыўкі і адшукайце словы наступных тэматычных груп: 1. Посуд. 2. Расліны. 3. Рыба. 4. Птушкі. 5. Жывёлы. 6. Святы. 7. Прафесіі. 8. Адзенне. 9. Гаспадарчыя пабудовы. 10. Кветкі. 11. Дрэвы. 12. Ягады. Растлумачце лексічнае значэнне слоў.

Пабягу бяссонніцу пасвіць на жоўтым лубіне.

Дзядуля, скажы:
А чаму пяюць гладышы?

Усе асеннія колеры, пахі,
ў невялікі кадоўбчык ссыпалі,
у кляновы, жоўты, як сонца.

Ветрык з нівы
у шэранькіх шкарпэтках да мяне праз фортачку залез.

Нібы сонейка,
Сястрыца Рэня
Нарадзілася на Звяставанне.

І танна
“свайго сукна” бурнос
купіла Ганна.

Там на Вербніцу,
Нібы вербачка,
Распушылася маё сэрдачка.

З глыбінь таемных вякоў,
Забіты ў сямнаццатым веку
Апошні рыкае тур.

Неба напіўшыся, коні
сходзяцца ў гай, нібы ў церам.

Явар зацвіў
ад сука-стрыгунка да камля.

А каня на балоце плача.

Мы напалохалі плоткаў
у звечарэлым возеры.

Як на Вялікдзень яечка,
пакацілася сонца ля хат…

У тутэйшых краўчых
крой звычайны, заганны.
Я пашыю сама
Нагавіцы-“бананы”.

Падол андарака каляны,
прапахлы ў кропе і каляндры,
трапаўся,
да ўсяго быў падкі, да лебяды, да злыбяды.

На чысцюткім аркушы снегу
Паказваў шрыфты-абновы
гравёр Грынь Івановіч.

А завітаюць госцікі здалёк,
у бокі рукі
ды на стол збанок.

Падышлі да азярца,
у якім апалонікаў зграя пасецца,
на дне колькі карасікаў.

Ружай цвіў малачай.

Будзь заўжды паўнаводнаю,
студня,
дзе цётка вядзёрка напоіць.

У гумны луг перавезены – голы.

Ахмялеў ад багунніку вужык.
І сакаўныя дурніцы, ажыны
Ніжа на гнуткі хвосцік вужыны.

На шчочцы жытоў радзімка сітніку.

У прысмаку слоў, як журавін на вуснах.

Адказ: 1. Посуд – гладыш, кадоўбчык, збанок, вядзёрка. 2. Расліны – лубін, кроп, сітнік, малачай, каляндра, лебяда. 3. Рыба – плотка, карасік. 4. Птушкі –каня. 5. Жывёлы – тур, коні, вужык. 6. Святы – Звяставанне, Вербніца, Вялікдзень. 7. Прафесіі – краўчыха, гравёр. 8. Адзенне – шкарпэткі, бурнос, нагавіцы, андарак. 9. Гаспадарчыя пабудовы – студня, гумно. 10. Кветкі – ружа. 11. Дрэвы – вербачка, явар. 12. Ягады – дурніцы, ажыны, журавіны.

 

V. “Слоў, вясёлых паслоў, не стрымаў”

Якое прамое значэнне маюць падкрэсленыя словы ў вершах і ўрыўках?

1. – Хутка боця на плоце прысядзе –
Прымайце!
А будзе то сокал ці жабка?

2. Загадак многа
Пад цыганскім сонцам.

3. Амаль сялянская доля.
– На цэлае лета прапаў?
– Толькі прыехаў з “поля”…
Улетку ў “полі” капаў.
…Ён пэндзлікам, потым шчоткай
Змятае пясок з чарапкоў.

4. Нібы сапраўднага страуса шапка!
– Дзедка ці бабка?
Можа, паставіць на бабку –
Выйграю страуса шапку.
Можа, даверыцца дзедку?
Ці шчасце ў адзетку?

Адказ: 1. Сокал – хлопчык, жабка – дзяўчынка. 2. Цыганскае сонца – месяц. 3. “Поле” – месца, дзе вядуцца археалагічныя раскопкі. 4. Шапка страуса – дзьмухавец. 

 

VІ. “Давайце гуляць у хованкі”

Прачытайце верш “Хованкі”.   Назавіце птушак, якія гуляюць у гэту вясёлую гульню. Якія назвы птушак адлюстроўваюць нацыянальнае бачанне свету беларусаў? Пры неабходнасці выкарыстайце этымалагічны слоўнік.

 

Адказ: Назвы птушак, якія адлюстроўваюць нацыянальнае бачанне свету беларусаў: бел. ляляк – руск. козодой; бел. берасцянка – руск. зяблик; бел. бусел – руск. аист; бел. амялушка – руск свиристель; бел. драч – руск. коростель; бел. крумкач – руск. ворон, бел. пліска – руск. трясогузка і інш.

 

VІІ. “Нават дробнае слоўца эпоху вярстуе”

Адшукайце ў табліцы словы з трох літар, растлумачце іх значэнне і ўстаўце па сэнсе ва ўрыўкі вершаў:

Адказ: 1 – хіб. 2 – рух. 3 – гул. 4 – воз. 5 – гай. 6 – бэз. 7 – мур. 8 – лёс. 9 – дол. 10 – дах.

 

VІІІ. “Слоўка, як гаючая расінка”

Адгадайце, чые гэта прыметы, характарыстыкі і параўнанні? Устаўце неабходныя назоўнікі ва ўрыўкі вершаў:

1. Бор вушкі навастрыў.
Сасны страла
У белы мякіш … прарасла.

2. Бохан …
пасыпаны соллю снягоў.

3. …, як хлеба акраец,
не прывязеш з-за граніцы.

4. Толькі слоўка, як гаючая расінка, …  абросіць.

Адказ: 1 – хмаркі. 2 – зямлі. 3 – долю. 4 – вусны.

 

ІХ. “Неабходна пачуццё над словам”

Збярыце з літар прыметнікі, растлумачце іх значэнне і ўстаўце ва ўрыўкі вершаў:

Адказ: 1 – гняды. 2 – шызы. 3 – зублёны. 4 – крамяны.

 

Х. “Нашы словы”

Знайдзіце і растлумачце размоўныя словы:

1. Не ў пашане ў дзядоў гаршкалепы –
людзі без нівы, без хлеба.
І без сталай сялянскай працы.

 2. На басэтлях гарбузоў,
што на плоце павіслі,
браць басовыя ноты.

3. – Гізуюць мае статкі,
хвалі сівога Нёмна.

4. Прыкладвалі прыпарам болькі.
Звярэджанае грэлі цела.
Ізноў махаў сякерай цесля.

5. А мы ішлі па інеі.
Мы там сляды пакінулі.
Каталіся на песеньках
Ад Нёмана да месіка.

6. Матуля на падворку
Глядзела з-пад рукі
і дзякавала бору:
паслаў на дзетак змору,
мурзаценькіх прывёў
увечары дамоў.

Адказ: 1 – гаршкалеп (ганчар). 2 – басэтля (кантрабас). 3 – гізаваць (імкліва бегаць). 4 – болька (ранка). 5 – месік (месяц). 6 – мурзаценькі (брудны). 

 

ХІ. “Шнурую словы ў шнурочак”

Падбярыце да падкрэсленых слоў сінонімы:

1. Каб у стозе духмяным выспацца,
я паеду ў мурожныя Біскупцы.

2. Новай песняй сагрэюць дзяўчаты.
Добрым жартам, зварушлівым слоўцам
сустракаюць аднавяскоўцы.

3. Памчуся за вятрамі гонкімі
па бальшаках зялёных.

4. Абсыпана буйное поле
званочкам жаўрука.

5. Ліецца песня з-пад блакіту
на маладое жыта.

6. Зямля шчырэе і смяецца,
спявае радасць лету.

Адказ: 1 – духмяны – пахучы (стог); мурожныя – сенакосныя (Біскупцы). 2 – зварушлівае – чулае (слова). 3 – гонкія – хуткія, імклівыя (вятры); бальшак – шлях. 4 – буйное – вялікае (поле); званочак –  спеў (жаваранка). 5 – блакіт – чыстае яснае неба; шчырэе –  дае ўраджай (зямля).

 

ХІІ. “Кажу гэта слова на матчынай мове”

Адгадайце слова па лексічным значэнні і ўстаўце яго ў неабходны радок верша:

1. Вецер на сівым … летам
Валасы твае,
як …, паслаў.

1. Травяністая расліна, са сцяблоў якой атрымліваюць валакно, а з семя – алей.
2. Поле, пакінутае на адно лета незасеяным з мэтай паляпшэння глебы пад пасеў азімых.

2. Дзе … даматканыя сохнуць на плоце,
… старажытныя звоняць тугой.

1. Званочкі, якімі ўпрыгожвалі конскую збрую на вяселлі.
2. Тканы ўзорчаты выраб для ўпрыгожвання сцен, высцілання падлогі.

3. Вось іду па шырокай …,
а раскрылена сэрца,
як птушка.
Ля калочка пасецца …,
Мой знаёмы … пры мяжы.

1. Вялікі камень.
2. Дарога з цвёрдым пакрыццём.
3. Маладая карова.

4. Няхай жа … гуртам
сеюць падзольныя … .

1. Той, хто засявае зямлю насеннем.
2. Вялікая, доўгая ніва.

Адказ: 1. Папар; лён. 2. Дыван; шаластуны. 3. Шаша; цялушка; валун. 4. Сейбіты; гоні.

 

ХІІІ. “Хай будзе апошняе слова апошнім”

Закончыце вершаваны радок, падабраўшы неабходны малюнак:

1. Стаміўся перад захадам
дзянёк.
На плот прыпёрся,
як сівы… .

   

 

2. …Кругленькая бочка –
Ані дна, ні вечка,
Ні акна, ні вочка.
Што гэта?… .

3. Падковы коней,
бы пячаткі,
на заінелай руні
скрозь.
На кожны парастак
мароз надзеў
бялюткія … .

4. І льецца воблакам светлагаловым
у два жывыя вадаспады рук, –
так неабходна пачуццё над словам,
цяпло вясны, каб заспяваў … .

Адказ: 1 – дзядок. 2 – яечка. 3 – пальчаткі. 4 – жаўрук.

 

ХІV. “Слову роднаму служыць”

1. Што, на вашу думку, яднае ілюстрацыі, урыўкі вершаў і назву зборніка? Параўнайце вобразы галоўнай гераіні на ілюстрацыі і ў вершы. З дапамогай якіх дэталей мастакі перадаюць свае адносіны да лірычнай гераіні?



Данута Бічэль

– Адкуль з такімі вачамі?
– Тутэйшая…
я звычайная.
Мяне маці тут нарадзіла,
як сасну ў бары пасадзіла.
***
Мяне на траскучы мароз
да Кундраціхі бусел прынёс.
***
Шчacны мoй лёc,
Нёмaнaм вeчным пpaўдзiвы.
***
Беларускаму краю
бясконца я слова “люблю” паўтараю.

        

2. Адкажыце на пытанні:

Разгледзьце ілюстрацыю да раздзела “Краю мой Нёман” з кнігі “Загасцінец”. Ці можна сцвярджаць, што мастацкая ідэя ілюстрацыі адпавядае назве раздзела? Свой адказ абгрунтуйце.

Разгледзьце ілюстрацыю да раздзела “Прыпек” з кнігі “Браткі”. Якімі радкамі вершаў з папярэдніх заданняў яе можна  падпісаць?

Разгледзьце ілюстрацыю да раздзела “Запалянкі”. Якія вобразы і тэмы будуць аб’ектам гэтага раздзела?

 

ХV. “Слоўка”

Растлумачце значэнне выразаў Дануты Бічэль пра беларускае слова:

У цішыні гадоў
маліцца слову…

 – Птушкі гэтак высока.
Ты жураўліха ці соўка?
–  Слоўка.

Баляць мне маладыя нашы словы…

 Песні – дзеткі,
словы – нашы ўнукі.

 

Рэфлексія. “П’едэстал”

Якія словы сёння вы даведаліся ўпершыню? Запішыце іх у першы радок.

У значэнні якіх слоў вы сумняваліся? Запішыце іх у другі радок.

Якія словы вам добра знаёмы. Запішыце іх у трэці радок.

 

 

Спіс літаратуры

1 Бічэль-Загнетава, Д. Даўняе сонца / Д.Бічэль-Загнетава. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1987. – 398 с.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий