“Літаратурная кансервацыя” – эфектыўная форма работы на вучэбных занятках

- 15:21Стиль работы, Стиль работы. Педагогический лайфхак

“Літаратурная кансервацыя” – гэта эфектыўная форма работы на вучэбных занятках, выдатны спосаб захаваць добрыя ўспаміны пра прачытаную кнігу ў звычайным слоіку. Мэта “літаратурнай кансервацыі” – фарміраванне культуры чытання сярод дзяцей і падлеткаў, далучэнне іх да творчай дзейнасці.

Таццяна МАРЦЭВІЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Ёдкаўская сярэдняя школа”
Лідскага раёна,
Гродзенская вобласць

                                     

 

 

 

Усе, як дзеці так і дарослыя, упэўнена, любяць зімой адкрыць слоік  летніх нарыхтовак, адчуць іх прыемны смак і ўспомніць той час, калі яны былі зроблены. А “літаратурныя кансервы” вы калі-небудзь спабавалі прыгатаваць і пакаштаваць? Калі не, то прапаную гэта зрабіць на ўроку беларускай літаратуры.   

“Літаратурная кансервацыя” – гэта эфектыўная форма работы на вучэбных занятках, выдатны спосаб захаваць добрыя ўспаміны пра прачытаную кнігу ў звычайным слоіку. Мэта “літаратурнай кансервацыі” – фарміраванне культуры чытання сярод дзяцей і падлеткаў, далучэнне іх да творчай дзейнасці. Умова задання такая: неабходна прачытаць твор і выканаць твочую работу ў выглядзе “кніжных кансерваў”. Слоік можа быць любы, але ён абавязкова павінен мець этыкетку, на якой указваецца аўтар і назва кнігі, а таксама імя і прозвішча таго, хто выканаў “літаратурную кансервацыю”. У якасці “ўражанняў”, якія знаходзіцца ў слоіку, могуць быць цытаты, водгукі, нататкі, малюнкі, пісьмы да герояў, міні-сачыненні, аплікацыі, звязаныя з сюжэтам твора, прадметы, якія характарызуюць твор, і многае іншае.

Далей неабходна прыдумаць дызайн “літаратурнай нарыхтоўкі”, запоўніць слоік  “інгрэдыентамі”, закрыць, закатаць, прыклеіць этыкетку. На ўрок беларускай літаратуры абавязкова падрыхтаваць прэзентацыю кніжнага кулінарнага шэдэўра.

Важна таксама ўнізе падпісаць, калі плануецца пакаштаваць “літаратурныя кансервы”. Напрыклад, у канцы навучальнага года, на апошнім уроку літаратуры, падчас тыдня беларускай мовы і літаратуры або пры правядзенні таго ці іншага пазакласнага мерапрыемства. Адкрыццё “літаратурных кансерваў” дазваляе вучням успомніць свой любімы твор, яшчэ раз перажыць цікавую сустрэчу з ім, фарміруе эстэтычны густ, ідэалы вучняў, задавальняе іх патрэбы ў эстэтычнай і творчай дзейнасці, выхоўвае каштоўнасныя адносіны да літаратуры як мастацтва слова.

Заданне “Падрыхтуйце лісты да старога настаўніка”, якое прапануецца ў падручніку падчас вывучэння апавядання Івана Навуменкі “Настаўнік чарчэння”, вучні 7-га класа выканалі ў выглядзе “літаратурнай кансервацыі”. Уся падрыхтоўка праходзіла ў школьным гісторыка-краязнаўчым музеі “Вытокі”. У слоікі навучэнцы “закаталі” лісты старому настаўніку Апалінарыю Феакціставічу, у якіх, ад імя былых вучняў педагога, дзякавалі за выхаванне і прыклад патрыятызму.

“Шаноўны мой настаўнік! – пачала свой ліст вучаніца 7-гага класа Яна Крывальцэвіч. – Цябе, на жаль, няма побач, але твая навука назаўсёды ў сэрцы, разам са мной. А таксама са мной мая прыгожая, слаўная Радзіма! Мы, твае вучні, беражом яе, нясём яе славу наперад так, як ты наказаў. Мы навучылі любіць сваю Радзіму дзяцей, унукаў. Будучае нашай зямлі ў надзейных руках. Дзякуй за гэта табе, мой настаўнік. А яшчэ дзякуй за мір”.

Прэзентацыя творчых работ адбылася на ўроку беларусай літаратуры. Было вырашана адкрыць прыгатаваныя “літаратурныя кансервы” ў Дзень Перамогі, бо стары настаўнік Апалінарый Феакціставіч не скарыўся фашыстам і загінуў як герой.

Адчуць сябе ў ролі вучняў і “закансервіраваць” “светлыя згадкі” пра былое каханне лірычнага героя з верша Максіма Багдановіча “Раманс” паспрабавалі і настаўнікі Ёдкаўскай сярэдняй школы падчас педагагічнага савета “Дзейнасць педагагічнага калектыва па эфектыўнай рэалізацыі кантрольна-ацэначнай дзейнасці на вучэбных занятках”. Педагогі зрабілі вывад, што “літаратурная кансервацыя” дапамагае вучням навучыцца самастойна эфектыўна арганізоўваць асабістую вучэбную дзейнасць, развівае творчыя здольнасці.

Акрамя таго, выкананне задання ў выглядзе “літаратурных кансерваў” выклікала жывы інтарэс ва ўдзельнікаў раённай метадычнай панарамы “Развіццё асобасных і метапрадметных кампетэнцый вучняў на вучэбных занятках праз выкарыстанне эфектыўных тэхналогій і методык”, якая адбылася на вясенніх канікулах.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий