Пашырыць уяўленне выхаванцаў пра жыццё беларусаў у звычайнай вёсцы.
Марына РАМАНЮК,
настаўнік-дэфектолаг
ДУА “Дзіцячы сад аг. Тур’я”
Шчучынскага раёна,
Гродзенская вобласць
Задачы:
– пашырыць уяўленне выхаванцаў пра жыццё беларусаў у звычайнай вёсцы;
– паглыбіць веды пра раслінны свет і працэс энергазберажэння;
– развіць самастойнасць, камунікатыўныя якасці.
Месца правядзення: сельскі падворак, сялянская хата.
Ход мерапрыемства
Выхавальнік. Сёння мы з вамі адправімся ў падарожжа на вясковы падворак. Вы праверыце свае веды і пазнаеце шмат цікавага пра сваю малую радзіму.
Дзеці і выхавальнік праходзяць на вясковы падворак, дзе іх сустракае гаспадыня Ганна, у якой ручнік з караваем.
Выхавальнік. Добры дзень у хату вашу.
Гаспадыня Ганна (сапраўдная гаспадыня, маці выхаванца)
Рады мы ўбачыць
Вас у роднай хаце,
Нашым караваем
Вас пачаставаці.
Выхавальнік. А чаму вы нас сустрэлі з ручніком ды з караваем?
Гаспадыня Ганна. Хіба вы не ведаеце? Адкажыце, дзеці, чаму гасцей сустракаюць з караваем і з ручніком?
Дзеці. Сустракаюць з хлебам, таму што людзі з дарогі, стаміліся, трэба іх пачаставаць, даць ім ежы. Таму што, хлеб – гэта ежа, якая заўсёды ёсць. Сустракаюць з хлебам, таму што паважаюць гасцей.
Гаспадыня Ганна. «Хлеб у доме – гаспадар, на працы – сябра, у дарозе – таварыш», – казалі пра яго беларусы. У нашай краіне існуе цудоўны звычай – вітаць гасцей хлебам-соллю, які падаюць на ручніку. Ручнік – гэта сімвал цяпла беларускай зямлі і роднай хаты. Сустрэча хлебам-соллю таксама абяцае гасцям камфортнае знаходжанне. Сядайце на лаву, паспрабуйце, калі ласка, кавалачак хлеба.
Дзеці сядаюць на лаву і частуюцца.
Гаспадыня Ганна. Вось ручнік. Ручніком можна выцерціся.
Выхавальнік. Такі прыгожы ручнік. Шкада пэцкаць.
Гаспадыня Ганна. На ручніку падносяць хлеб-соль, калі вітаюць дарагіх гасцей, А дзе яшчэ можна сустрэць ручнік?
Дзеці. На вяселлі, наступаюць на яго маладыя. На крыжах вісяць у вёсцы. У музеі.
Выхавальнік. Таму што ручнік – гэта не проста кавалак тканіны, якім выціраюць твар і рукі. На Беларусі шмат звычаяў, звязаных з выкарыстаннем ручнікоў.
Гаспадыня Ганна. Бытавыя ручнікі – гэта ручнікі, якімі выціралі твар, рукі. Ручнікамі выціралі посуд, у ручніках пераносілі гліняны посуд з ежай. Вясельны ручнік – у час вяселля юнак і дзяўчына станавіліся на гэты ручнік, каб іх жыццё было шчаслівым і доўгім. Абразныя ручнікі – гэта ручнікі, якімі ў доме ўпрыгожвалі абразы. Святочныя ручнікі – для гасцей, якія прыходзілі ў дом.
У кожным ручніку свая вышыўка.
Дзеці разглядваюць вышыўку на ручніку.
Выхавальнік чытае верш А.Дзеружынскага
3 каласоў жытнёвых ён сатканы,
Наш ручнік, наш беларускі ўзор,
Васільком, пралескай вышываны,
Хвалямі блакітнымі азёр.
Наш ручнік, як золата, свіціцца,
Кветкамі вясновымі цвіце
І ў прасторных хатах, у святліцах
На вяселлі радуе гасцей.
Быццам веюць ветрыкам дубровы
І прыемнай свежасцю сады,
І пад лёгкі шолах ручніковы
Песні, пацалункі маладых.
Зіхаціць ручнік наш саматканы,
Родны беларускі наш узор,
І глядзіш, глядзіш зачараваны
На дзівосны, казачны ўбор.
Гаспадыня Ганна. Я ведаю цікавую гульню з ручніком. Запрашаю.
Карагодная гульня “Святочны ручнік”
Дзеці стаяць у крузе, перадаюць адно аднаму складзены ручнік і гавораць словы:
Ручнік тканы, вышываны,
Ручнік тканы, вышываны.
З ільну тканы, кветкамі вышываны.
Наш ручнік для гасцей.
Будзе ўсім весялей!
Хто ручнік бярэ, да гасцей ідзе.
Дзіця з ручніком ідзе ў круг і гаворыць: “Мы гасцей вітаем, усім дабра жадаем”.
Выхавальнік. Узоры на ручніках – гэта знакі, сімвалы краіны і прыроды. Часцей за ўсё вышывалі кветкі. Якія кветкі нашай Беларусі вы ведаеце?
Дзеці.
– Лён.
– Канюшына.
– Мак.
– Рамонак.
– Шыпшына.
– Пралеска.
Гаспадыня Ганна. Па сцяжынцы мы пайдзём і да кветак пападзём. Паглядзіце на мае кветкі. Мы ўсёй сям’ёй іх росцім. Даглядаем, каб было прыгожа. Які пах ад кветак духмяны ідзе? Вы адчуваеце? А якія кветкі яшчэ вы ведаеце?
Дзеці. Рамонкі, васількі, петуніі, агеньчыкі, гваздзікі, аксаміткі.
Выхавальнік. Наша беларуская зямля вельмі прыгожая, духмяная. Шанаваць трэба такую прыгажосць. Як вы шануеце?
Дзеці. Кветкі трэба паліваць. Палоць ад пустазелля. Не рваць вялікія букеты. Не рваць з коранем кветкі. Калі паадцвітаюць, можна сабраць насенне. Насенне цыбулін выкапаць і захаваць у хаце для наступнага года.
Дзеці падыходзяць да бярозы. Выхавальнік прапануе зрабіць карагод і паказаць гаспадыні карагод “Бяроза мая, Бярозанька”
Гаспадыня Ганна. Дзякуй, што і кветкі, і дрэвы паважаеце, за тое вам адкрыю сакрэт. …Ёсць зацішнае мястэчка, каля плоту стаіць стары пень. Ад яго зыходзіць цень. Там жыве павук. Павучок вяжа павуцінкі і ахоўвае гняздо. Птушка гняздзечка звіла, і ляжаць там яйкі. Хутка выглянуць птушаняты. Хай народзяцца ў добры час. Песні будуць распяваць і прыроду здзіўляць. Мы ціха-ціха на яйкі паглядзім і пойдзем на іншую сцяжынку.
Выхавальнік. Асцярожна! Крапіва! Дзеці, а можа яна не патрэбна ў прыродзе? Хто што ведае пра крапіву?
Дзеці. Мая бабуля дае крапіву парасятам. Мне маці казала, што шампунь з крапівы вельмі дапамагае валасам быць прыгожымі.
Гаспадыня Ганна. Так, для парасят гэта, як для вас цукеркі. Вельмі ім смачна. А яшчэ з крапівы вараць з салам боршч і суп, робяць лекі. Хай расце крапіва, у добры час нам спатрэбіцца. Пойдзем на іншую сцяжынку.
Гаспадыня Ганна. Ціха! Чуеце стракатанне? Гэта конік стракоча. Ён вас пачуў і ўцякае. Напалохалі вы яго. Яму жудасна, ён спужаўся. Паспрабуйце яго знайсці.
Дзеці шукаюць коніка.
Гаспадыня Ганна. А гэта, паглядзіце, рыжая мурашка бяжыць за хварасцінкай. Не адна, не дзве, а шмат. Калі шмат мурашоў бягуць у свой мурашнік, жабы гучна квакаюць, пчолы да вулля спяшаюцца, то гэта азначае, што хутка будзе дождж. І нам за кубкам гарбаты трэба ціхенька перачакаць яго ў хаце. Ідзём у хату.
Усе ідуць у хату піць гарбату.
Выхавальнік. Паважаная гаспадыня, а чаму вы святло не запальваеце?
Гаспадыня Ганна. Яшчэ дзень. У вокнах святло. Як мы паважаем раслінны свет і свет жывёл, так і трэба паважаць, шкадаваць рэчы вакол сябе. Гэта наша жыццё. Радзіма і прырода – гэта паняцці, якія неаддзельныя адно ад аднаго. У гэтых слоў адзін корань, адно сэрца. Наша сэрца. Паважайце, шануйце тое, што дапамагае нам жыць. Энергазберажэнне – гэта не толькі эканомія грошай, але і клопат аб планеце. Кожны з нас з’яўляецца часткай планеты, таму любое наша дзеянне або бяздзейнасць здольныя пагубіць і кветкі, і птушку, і мураша.
Падчас мы і не заўважаем
Радзімы клопаты пра нас.
Ва ўсіх пакоях люстры ззяюць,
Альбо без меры палім газ.
Не грэй паветра без патрэбы,
Выходзіш – то святло гасі.
На вецер сродкі? Лусту хлеба
Галоднаму не падасі.
Калі адзін ты эканоміш,
За год прыдбаеш паліто.
А калі нас такіх мільёны,
То выйдзе не адно аўто.
А ў бальніцы сярод ночы
Не гасне яркае святло.
Ты эканоміў – і аднойчы
Ўратаваў чыёсь жыццё.
Зазіхаціць твой родны горад
Ярчэй за Сонца ў Новы год,
Ты так стараўся, і з лагодай
Сустрэне свята твой народ.
Не забывай аб тых, хто побач,
І падтрымай у час бяды.
Цяпло душы не зэканоміш,
Няхай гарыць яно заўжды.
Смачная гарбата з маліны. Маліна расце у агародзе. Агарод нам дае ежу. Нават цукар нам дае буряк; ваду – рэчанька; святло – сонейка.
Памятайце, каб паменшыць шкоднае ўздзеянне на навакольнае асяроддзе, неабходна эканоміць электраэнергію. Вугаль, газ або нафта выкідваюць вуглякіслы газ у паветра. Смецце, якое яшчэ не навучыліся перапрацоўваць – гэта злосны вораг. Смецце трэба раздзяліць па кантэйнерах на перапрацоўку. Беражыце цяпло і святло ў хаце, будзе цяпло і святло ў сэрцы.
Выхавальнік. У кожнага з нас і ў жыцці ёсць свая сцяжынка. Яна пачынаецца па-рознаму. Але галоўнае, каб вяла праз дабро, праўду, працу, шчырую павагу і любоў да людзей. Калі вам спадабалася наша падарожжа, зрабіце з далоняў сэрца і пакажыце навакольнаму свету.
Наша падарожжа скончылася, але кожны з вас няхай раскажа ўсім, тое, што сам сёння спазнаў. Калі шануеш сваю Радзіму, прыроду, хату, кожную сцяжынку, кожнага мураша, тады вырасце шчыры ўраджай пшаніцы або жыта, караваі будуць на стале і на ручніку. Гасцей сустрэнем з гарбатай, смачнай бульбай на стале, і жыццё будзе ў згодзе; будуць здаровыя бацькі, дзеці і наша будучыня.