Казачны вобраз у мастацтве. План-канспект урока мастацтва ў 5-м класе

- 14:13II И III СТУПЕНИ, Изобразительное искусство, Методичка

Казкі іграюць асаблівую, важную ролю ў выхаванні і развіцці вучняў: абуджаюць усё добрае, што ёсць у душы дзіцяці, фарміруюць моцныя маральныя каштоўнасці і любоў да чытання, вучаць правільным зносінам, развіваюць эмацыянальную сферу і гаворку.
“Казка пра цара Салтана…” А.С.Пушкіна, якая разглядаецца на ўроку, вучыць таму, што, якімі б ні былі ўмовы, дабро заўсёды перамагае зло. І ніякія інтрыгі не могуць супрацьстаяць праўдзе. А выявы казачных вобразаў можна сустрэць у розных творах мастацтва: літаратуры, жывапісе, дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, кінамастацтве і музычных творах.

 

Ірына САЎКО,
настаўнік мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура)
ДУА “Міжэвіцкая сярэдняя школа Слонімскага раёна”,
Гродзенская вобласць

 

 

Мэта: фарміраванне ў вучняў агульнага ўяўлення пра магчымасці мастацтва ў раскрыцці казачных вобразаў.

Задачы:

– актуалізаваць веды пра разнастайнасць казачных герояў;
– прасачыць выяўленчыя і выразныя магчымасці мастацтва ў раскрыцці казачнага вобраза;
– фарміраваць уменне вылучаць сродкі мастацкай выразнасці ў выявах казачных герояў;
– развіваць фантазію і ўяўленне вучняў, асацыятыўна-вобразнае мысленне; 
– выхоўваць пазнавальную цікавасць і чытацкую граматнасць.

Абсталяванне: вучэбны дапаможнік, мастацка-ілюстрацыйны матэрыял, тэхнічнае абсталяванне.

Метады навучання: часткова-пошукавы, тлумачальна-ілюстрацыйны.

Формы арганізацыі пазнавальнай дзейнасці: франтальная, індывідуальная, групавая.

 

Ход урока

I Вучэбна-матывацыйны этап (2 мін.)

– Дзень добры! Сёння 14 снежня – незвычайны дзень. Калі я рыхтавалася да ўрока, пацікавілася, якія святы або падзеі адзначаюцца ў гэты дзень. Даведалася, што 14 снежня аказваецца Дзень малпаў, Дзень пражаных каштанаў, а яшчэ – гэта Дзень выпускання птушак душы.

Калі верыць славянскай міфалогіі, у кожнага ў душы жывуць цудоўныя птушкі. Птушкі душы – гэта істоты трапяткія і далікатныя. Ім неабходны радасць і шчасце. Чым больш добрых спраў вы зробіце, тым часцей вы будзеце чуць цудоўныя і чыстыя гукі ўнутры сябе – гэта пяюць вашы птушкі душы.

Я спадзяюся, што наш урок будзе менавіта такім: добрым, прыемным шчырым. А вы будзеце дарыць дабрыню сваіх душ не толькі сёння, але і кожны дзень.

І наш урок не выключэнне, таму што мы вывучаем казкі. А ўсім вядома, што ў казках дабро перамагае зло.

Якім уроку быць, залежыць толькі ад вас. Я прапаную вам назваць, якім вы хочаце бачыць наш урок. Для гэтага падбярыце словы-эпітэты, з першых літар якіх атрымаецца слова “КАЗКІ”. (Слова размешчана вертыкальна на дошцы).

крэатыўным, культурным;
актыўным, актуальным;
займальным, захапляльным;
камфортным;
ініцыятыўным.

– Я ўпэўнена, што менавіта такім і будзе наш урок.

 

II Этап знаёмства з тэмай урока. Мэтавызначэнне (8 мін.)

– Запішыце, калі ласка, у сшыткі тэму ўрока: “Казачны вобраз у мастацтве”.

(Вучэбны дапаможнік §14, с. 56…)

– Мы працягваем знаёміцца з казкамі і казачнымі героямі. Што мы чакаем ад сённяшняга падарожжа? Давайце разам акрэслім мэты нашага ўрока. (Вучні з дапамогай настаўніка агучваюць мэты ўрока).

– Пазнаёмімся… з казачнымі вобразамі ў розных мастацкіх творах.

– Навучымся… знаходзіць сродкі мастацкай выразнасці.

– Даведаемся… пра разнастайнасць казачных вобразаў.

– Будзем развіваць… фантазію, творчасць.

– Пра казкі можна гаварыць бясконца. І ўсё ж сярод мноства казак ёсць такія, якія мы пазнаем па першым слове, па знаёмым радку або па імёнах казачных герояў.

Групавая работа

Заданне. “Адгадай казку” (Дадатак 1).

1) “Адгадай казку па пачатку”.

2) “Адгадай казку па ілюстрацыі”.

3)“Адгадай казку па імёнах герояў”.

Вучні дэманструюць вынікі работы ў групах.

– А зараз адгадайце наступную казку па ўрыўку: (аўдыязапіс: https://clck.ru/37HoJ6)

III Этап вывучэння новага матэрыялу (20 мін.)

– Так, “Казку пра цара Салтана, пра сына яго слаўнага і магутнага Гвідона Салтанавіча і цудоўную Царэўну Лебедзь” А.С.Пушкін напісаў у 1831 годзе. Гэта аўтарскі пераказ народнай казкі. Захапляльная лінія сюжэтаў, учынкі персанажаў, выпрабаванні, якія выпалі на долю герояў, даюць падставу для разважанняў чытача. А багацце і разнастайнасць казачных вобразаў адкрываюць прастор уяўленню.

– Кожны від мастацтва мае сваю ўласную мову і спосабы звароту да чытача. Так, паэты гавораць з людзьмі на мове слоў. А мастакі? (Фарбамі, колерамі).

– Якія кнігі вас больш прывабліваюць, з карцінкамі ці без іх? Чаму? (Адказы вучняў).

– Для таго каб зацікавіць чытача, “Казку пра цара Салтана” ілюстравалі многія мастакі. Я прапаную вам звярнуцца да вучэбнага дапаможніка. Паглядзіце старонкі 56–57. Назавіце прозвішчы мастакоў і іх ілюстрацыі (Адказы вучняў).

– Затрымаемся каля ілюстрацый Івана Білібіна. Дарэчы, увесь цыкл ілюстрацый да гэтай казкі быў набыты Траццякоўскай галерэяй (Дадатак 2).

Заданне. Разгледзьце ілюстрацыі мастака (с. 57 вучэбнага дапаможніка).

– Які момант паказаны ?

– Што хацеў перадаць мастак? Які настрой?

– Якія колеры пераважаюць? Чаму?

Групавая работа

Першая група працуе з верхняй ілюстрацыяй, другая – з ніжняй.

Агучванне вынікаў абмеркавання.

– Што з’яўляецца сродкамі музычнай выразнасці? (Музыка).

– Да 100-гадовага юбілею паэта кампазітар Мікалай Рымскі-Корсакаў стварыў оперу “Казка пра цара Салтана”.

– Звярніце ўвагу на мелодыю. Якімі музычнымі інструментамі паказаны настрой галоўных герояў?

Прагляд і праслухванне і абмеркаванне ўрыўка з оперы.

https://drive.google.com/file/d/1nDA2HN99xFeuvw4XgZt-zJ9Gr7_PK4Op/view

– Як, на ваш погляд, можна назваць від мастацтва, у якім карцінкі ажываюць? (Кінамастацтва).

– Я прапаную вам праглядзець кароткія фрагменты мультыплікацыйнага фільма “Казка пра цара Салтана” і абмеркаваць убачанае.

– Звяртаем увагу на тое, якія колеры пераважаюць і чаму, якімі словамі і інтанацыяй перадаецца настрой.

(Прагляд фрагмента: https://clck.ru/37Hq4w).

Абмеркаванне.

– Я прапаную вам праглядзець фрагмент мастацкага фільма “Казка пра цара Салтана” і абмеркаваць убачанае: параўнаць выяўленчыя і выразныя магчымасці мастацтва ў раскрыцці казачнага вобраза ў мультыплікацыйным фільме і ў мастацкім фільме.

(Прагляд фрагмента: https://clck.ru/37HqTx)

Абмеркаванне.

– Казачных герояў можна сустрэць і ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Паглядзіце вакол (выцінанкі з казачнымі героямі на вокнах). Які від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў нас прадстаўлены? (Выцінанка).

– Выцінанка – гэта мастацкае выразанне карункавых узораў з паперы. Яно стала распаўсюджана ў народным побыце беларусаў у сярэдзіне XIX стагоддзя як спосаб аздаблення інтэр’ера жылля. З XX стагоддзя – від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

– У пачатку ўрока мы сумесна вызначылі мэты. Ці дасягнулі іх? (Абмеркаванне).

– Напішыце ў сшытках назвы ці імёны казачных герояў мастацкага твора “Казка пра цара Салтана…”, які мы разглядалі на сённяшнім уроку.

 

IV Творчая майстэрня (12–14 мін.)

– Вы самастойна чыталі казку, на ўроку сумесна разглядалі ілюстрацыі, праглядзелі фрагменты мультыплікацыйнага і мастацкага фільмаў, паслухалі оперу.

– У казцы прадстаўлены тры важныя цуды. Якія? (Вавёрка ў крыштальнай хатцы, 33 волаты, з’яўленне Царэўны Лебедзі).

– Я вам анансавала заданне загадзя: пафантазіруйце і прыдумайце чацвёртае цуда для вострава князя Гвідона. А зараз намалюйце прыдуманыя вамі цуды і прарэкламуйце свае творчыя праекты.

Выступленні вучняў. Ствараецца аплікацыя з праектаў на дошцы.

 

V Рэфлексія (1–2 мін.)

Прыём “Закончы фразу”

– Больш за ўсё мне спадабалася тое, што…

– Я зразумеў (-ла), што…

– Больш падрабязна мне хацелася б даведацца пра (аб)…

– Дзякую за ўрок. Вы – вялікія малайчынкі! І напрыканцы ўрока вам сюрпрыз ад вавёркі з казкі (дзецям раздаюцца цукеркі і пажаданні).

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий