Святлана КАЛЕСНІКОВІЧ,
настаўнік пачатковых класаў
ДУА “Пінкавіцкая сярэдняя школа імя Якуба Коласа”
Пінскага раёна,
Брэсцкая вобласць
Тэма: “Тыпы і будова сказа”.
Мэты:
– узнавіць веды навучэнцаў пра тыпы сказаў па мэце выказвання і інтанацыі, пра знакі прыпынку ў канцы сказа, пра будову сказа;
– садзейнічаць развіццю інтанацыйных навыкаў, выхаванню культуры маўлення, лагічнага мыслення навучэнцаў.
Абсталяванне: карткі-заданні, святлафоры (двухбаковыя карткі чырвона-зялёнага колеру), ілюстрацыя да апавядання Р.Ігнаценкі “Бабіна лета”.
Ход урока
I Арганізацыйны момант
Вось і празвінеў званок,
Пачынаем наш урок.
Поспехаў я вам жадаю,
Калі што – я паспрыяю.
Селі роўна, ножкі разам.
Працаваць мы будзем класам.
II Праверка дамашняга задання
Практыкаванне 58
– Прачытайце тэкст, які ў вас атрымаўся.
1. Зубры пасвіліся на паляне. 3. Зубрыца трывожна аглядалася, уцягвала ноздрамі паветра. 2. Яна паводзіла сябе насцярожана, бо побач хадзіла яе дзіцяня. 5. Зубраня было маленькае і бездапаможнае. 4. Яго трэба было ахоўваць ад усялякіх непрыемнасцей.
– Які тып тэксту? (Тэкст-апісанне)
– Якую назву можна даць гэтаму тэксту? (“Зубры”, “Зубрыца-абаронца”)
– Якія словы характарызуюць паводзіны зубрыцы? (Трывожна аглядалася, насцярожана, уцягвала ноздрамі паветра)
– Якімі словамі апісваецца зубраня? (Маленькае, бездапаможнае)
– Да якой часціны мовы адносяцца гэтыя словы? (Прыметнік)
– Якімі словамі яшчэ можна было дапоўніць апісанне зубраня? (Баязлівае, прыгожае, карычневае)
– Растлумачце правапіс устаўленых літар.
III Падагульненне па тэме “Тэкст”
Гульня “Я настаўнік”
Дома дзеці падрыхтавалі па адным пытанні па вывучанай тэме. Вучань – “настаўнік” самастойна выбірае, каму з аднакласнікаў ён задае падрыхтаванае пытанне (Пытанні на с. 41 падручніка).
IV Хвілінка чыстапісання
Злучэнні літар ук ро
Вучні вызначаюць тып злучэння, і прапісваюць злучэнні літар у сшытку.
На дошцы запісаны словы:
Книга, урок, карандаш, тетрадь.
– Што незвычайнага вы заўважылі? (Словы напісаны на рускай мове)
– Так. Давайце разам перакладзём іх.
– Якое слова аднолькава гучыць і пішацца на рускай і беларускай мовах? (Урок) Запішыце яго ў сшытак.
– А цяпер прыдумайце сказ са словам урок, які складаецца з трох слоў. (Адзін з варыянтаў настаўнік запісвае на дошцы, а вучні – у сшытках).
V Паведамленне тэмы і мэты ўрока
На дошцы запісаны тры сказы:
1. Урок ужо пачаўся.
2. Урок ужо пачаўся?
3. Урок ужо пачаўся!
– Што запісана на дошцы? (Сказы)
– Якія прыметы сказа вы ведаеце?
– Прачытайце сказы, якія запісаны на дошцы. Чым яны падобныя? А чым адрозніваюцца?
– Сёння на ўроку мы ўспомнім тыпы сказаў, будзем складаць свае сказы розных тыпаў, будаваць схемы сказаў.
VI Паўтарэнне і замацаванне
– Разгледзьце схему на старонцы 42 падручніка.
– Якія бываюць сказы па мэце выказвання і інтанацыі?
– Якія сказы ў схеме апавядальныя (пытальныя, пабуджальныя)?
– Якія знакі прыпынку ставяцца ў канцы сказаў?
Практыкаванне 59
– Самастойна прачытайце заданне да практыкавання. Ланцужком чытаем па адным сказе і вызначаем тып кожнага сказа па мэце выказвання і інтанацыі, знак прыпынку, які неабходна паставіць у канцы сказа.
– Вучні першага раду запісваюць у сшытак усе апавядальныя сказы. Вучні другога раду – пытальныя, трэцяга раду – клічныя сказы.
Узаемаправерка.
– Давайце ўспомнім, як вызначаецца сувязь слоў у сказе. Прачытайце сказ у рамачцы на старонцы 43.
– Якія члены сказа вызначаны? Назавіце іх.
– Як падкрэсліваюцца дзейнік і выказнік?
– Па-іншаму як можна назваць дзейнік і выказнік? (Галоўнымі членамі сказа)
– Як называюцца словы ў сказе, якія не падкрэслены? (Даданыя члены сказа)
– Навошта ў сказе выкарыстоўваюць даданыя члены сказа?
– Які даданы член сказа паясняе дзейнік?
– Якое пытанне паставім ад дзейніка Ірынка да слова працавітая?
– Пастаўце пытанне ад выказніка прыбірае да слова ў кватэры.
– Пералічыце паслядоўнасць дзеянняў пры вызначэнні сувязі слоў у сказе.
Практыкаванне 60
– Прачытайце скорагаворку. Растлумачце правапіс выдзеленых слоў і літар. Падрыхтуйцеся да пісьма па памяці.
– Па памяці хутка вымаўляем скорагаворку (некалькі вучняў).
Пісьмо па памяці.
– Падкрэсліце галоўныя члены сказа. Самастойна праверце выкананае заданне, пасля перадайце сшытак суседу па парце для ўзаемаправеркі.
Гульня “Святлафор”
На дошцы размешчаны тры знакі прыпынку: клічнік, кропка, пытальнік. Настаўнік чытае сказ, адзін з вучняў выходзіць да дошкі і прымацоўвае магніт пад тым знакам прыпынку, які неабходна паставіць у канцы сказа. Вучань вызначае тып кожнага сказа па мэце выказвання і па інтанацыі. Астатнія вучні выкарыстоўваюць “святлафор” (двухбаковая картка зялёна-чырвонага колеру). Калі яны згодны, паказваюць зялёны колер, калі не – чырвоны.
Усе вучні прыйшлі ў школу (сцвярджальны або пытальны).
Сказ можа складацца з аднаго слова (пытальны або сцвярджальны).
– Прывядзіце прыклады такіх сказаў.
Як прыгожа спяваюць птушкі (клічны).
Які зараз урок (пытальны).
– Якое слова дапамагло вам вызначыць, што гэта пытальны сказ?
– Якія яшчэ пытальныя словы могуць ужывацца ў пытальных сказах? Прывядзіце прыклады.
Практыкаванне 61
– Прачытайце ўмову практыкавання 61.
– Што першае мы можам вызначыць? (Дзейнік і выказнік)
– Пра каго гаворыцца ў прыказцы? (Пра пчолку; дзейнік – пчолка)
– Што пра яе гаворыцца? (Што яна ляціць; ляціць – выказнік)
– Галоўныя члены сказа мы вызначылі, якія яшчэ засталіся? (Даданыя)
– На якое пытанне адказвае даданы член сказа, які паясняе выказнік? (Куды?) – Ляціць (куды?) на кветку. На якое пытанне адказвае даданы член сказа, які паясняе другі даданы член сказа? (Якую?). На кветку (якую?) любую.
– Якая прыказка атрымалася? (Пчолка ляціць на любую кветку)
Адзін вучань каля дошкі, астатнія ў сшытку запісваюць атрыманую прыказку.
– Які сказ па мэце выказвання вы зараз запісалі?
– Які знак прыпынку паставілі ў канцы яго?
– Ці ёсць сярод слоў прыметнік? (Любую)
– На які склад падае націск у прыметніку?
– Ёсць два варыянты слоў з націскам на розныя склады:
1. – лю́бую; 2. – любу́ю.
Яны маюць і рознае значэнне: лю́бая – любімая; люба́я – усякая. У нашым выпадку ў прыметніку лю́бую націск падае на першы склад.
– Як вы разумееце сэнс прыказкі?
– Пчолка – вельмі працавітая, яна з задавальненнем працуе, збірае нектар. А як называюць чалавека, які з задавальненнем, добра выконвае якую-небудзь работу? (Працавітым)
– Вы таксама добра працуеце на ўроку. Давайце крышачку адпачнём і потым будзем працягваць атрымліваць новыя веды.
Фізкультхвілінка
Устаньце, дзеткі, усміхніцеся,
Зямлі нашай пакланіцеся
За шчаслівы дзень учарашні.
Усе да сонца пацягніцеся,
Улева, управа нахіліцеся,
Верацёнцам пакруціцеся.
Раз прысядзьце, два прысядзьце
І за парты ціха сядзьце.
Дыферэнцыраванае заданне
Заданне на картках (4 вучні самастойна выконваюць заданне). Астатнія вучні выконваюць практыкаванне 62.
Заданне на картках
Варыянт 1
1. Пастаўце ў канцы кожнага сказа патрэбны знак прыпынку:
Колькі ў цябе сёння ўрокаў…
Як прыгожа малюе Маша…
Сёння я атрымала сямёрку…
2. Прыдумайце пытальны сказ.
3. С асобных слоў складзіце сказ. Пастаўце патрэбны знак прыпынку. Вызначце дзейнік і выказнік, пабудуйце схему сказа.
Сёння, кнігу, прачытаў, цікавую, Міша.
Варыянт 2
1. Пастаўце ў канцы кожнага сказа патрэбны знак:
Пеця прачытаў цікавую кнігу пра космас…
Давайце разам берагчы прыроду…
Колькі зараз гадзін…
2. Прыдумайце клічны сказ.
3. С асобных слоў складзіце сказ. Пастаўце патрэбны знак прыпынку. Вызначце дзейнік і выказнік, пабудуйце схему сказа.
Пайшоў, за грыбамі, Міша, у лес.
Практыкаванне 62
– Прачытайце загадку. Хто ведае адгадку? (Алоўкі)
Адзін вучань каля дошкі выконвае заданне: запісвае загадку і з тлумачэннем устаўляе прапушчаныя літары ў словах.
Вусна вызначаем сувязь слоў у сказе. (Хлопцы (якія?) вясёлыя, жывуць (дзе?) у каробцы). Вучань будуе схему сказа. Астатнія вучні выконваюць заданне ў сшытку самастойна.
Дадатковыя пытанні для вучня, які працуе каля дошкі:
1. Назаві галоўныя члены сказа, падкрэслі іх.
2. Які гэта сказ па мэце выказвання?
3. Якая арфаграма сустракаецца ў апошнім слове сказа? Якое праверачнае слова можна падабраць?
Творчыя заданні
1. На дошцы размешчаны малюнкі: сшытак, кляновы ліст, воблака, ранец.
– Да якой часціны мовы яны адносяцца? Якім членам сказа часцей за ўсё з’яўляюцца?
Гульня “Складзі сказ”
Вучні, якія сядзяць на першым радзе, складаюць пытальныя сказы, на другім – клічныя, на трэцім – апавядальныя сказы. Аднак абавязкова ў сказе павінна прысутнічаць адно са слоў, на выбар, якое размешчана на малюнку.
Адзін з варыянтаў кожнага тыпу сказаў запісвае вучань, які яго прыдумаў на дошцы.
Дадатковыя заданні: вызначыць галоўныя члены сказа, вусна вызначыць сувязь слоў у сказе.
2. На дошцы размешчана ілюстрацыя да апавядання Рыгора Ігнаценкі “Бабіна лета”. Вучні разглядаюць ілюстрацыю і ўспамінаюць, да якога твора яна намалёвана. На дошцы пабудавана схема сказа. Вучні павінны па ілюстрацыі скласці сказ і пабудаваць да яго схему.
VIІ Падвядзенне вынікаў
– Што сёння ўспомнілі на ўроку?
– Якія знакі прыпынку ставім у канцы сказа кожнага тыпу?
– Які парадак дзеяння пры вызначэнні сувязі слоў у сказе?
VIІІ Рэфлексія
Настаўнік паказвае карткі з выказваннямі. Калі вучань згодны з выказваннем, ён паказвае святлафор зялёнага колеру, а калі не – чырвонага.
Карткі:
– Я добра працаваў на ўроку.
– На ўроку мне было нецікава.
– Я атрымаў (успомніў) новыя веды.
– На наступным уроку я буду працаваць лепш.
IХ Дамашняе заданне
На выбар:
1) с. 44, практ. 63;
2) прыдумаць свой верш пра грыбы, ці запісаць назвы грыбоў з аднакаранёвымі словамі; абазначыць корань у аднакаранёвых словах.