Птушкі. Канспект занятку па адукацыйных галінах “Развіццё маўлення і культура маўленчых зносін” і “Дзіця і прырода” для дзяцей старшай групы

- 9:12ДОШКОЛЬНОЕ ОБРАЗОВАНИЕ, Дошкольное образование. Сценарии, Методичка

Ірына ГУСАК,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
Галіна ФІЛІПОВІЧ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Дзіцячы сад № 1 г. Ляхавічы”,
Брэсцкая вобласць
ddu1@brest.by

 

Тэма: “Птушкі”.

Праграмныя задачы:

– фарміраваць у дзяцей устойлівую цікавасць і станоўчыя адносіны да беларускай мовы, жаданне авалодаць ёю;
– фарміраваць уменні ўжываць словы – назвы птушак, словы – назвы дзеянняў, словы – назвы якасцей, адрозніваць словы рускай і беларускай моў, якія супадаюць ці падобныя па вымаўленні;
– утвараць форму множнага ліку назоўнікаў, з дапамогай дарослага фармуляваць пытанні з часціцамі “ці”, “хіба”, утвараць некаторыя склонавыя формы назоўнікаў;
– ствараць выказванні, якія характарызуюцца самастойнасцю, закончанасцю, разумець беларускае маўленне, вершаваныя мастацкія творы на беларускай мове;
– самастойна правільна вымаўляць спецыфічны беларускі гук [дз’];
– развіваць пазнавальныя і моўныя здольнасці;
– уменні называць віды пералётных і зімуючых птушак;  
– развіваць уважлівасць, мысленне, памяць;
– выхоўваць культуру моўных зносін, каштоўнасныя адносіны да багаццяў беларускай мовы.

Матэрыялы і абсталяванне: тэлевізар; ілюстрацыі з выявамі птушак для паказу па тэлевізары (ластаўка, верабей, бусел, шэрая варона, ілюстрацыя з выявамі шэрай вароны і крумкача); мяч; ілюстрацыя дзятла; мабільны тэлефон; запіс гука вайбера; выява кармушкі для вырабу карцінкі, сілуэты птушак.

Ход занятку

Дзеці стаяць у крузе каля выхавальніка.

Выхавальнік. Дзеці, сёння ў нас будуць незвычайны занятак і цікавыя заданні. (У выхавальніка гучыць вайбер) Хто гэта мне тэлефануе? Ало. Добры дзень, Бульбашык! Так, мы з дзецьмі будзем рады цябе бачыць.

Выхавальнік. Тэлефанаваў Бульбашык. Ці ведаеце вы, хто гэта? Гэта мой сябар. Я вас з ім пазнаёмлю. Гэта вясёлы чалавечак, які прыходзіць у госці да дзяцей, якія любяць нашу беларускую мову, жадаюць авалодаць ёю. Ён марыць пазнаёміцца з вамі. Сустракаем Бульбашыка.

(Дзеці сядзяць на стульчыках)

Відэа з Бульбашыкам

Выхавальнік. Дзякуй, Бульбашык. А мы з вамі, дзеці, на пачатку заняткаў згадаем птушак нашага краю, якіх вы ведаеце. (Дзеці называюць)

Вы ведаеце, што ёсць птушкі, якія ў нас жывуць заўсёды, а ёсць птушкі, якія… Хто мне дапаможа? (Адлятаюць у вырай). Значыць, у нас ёсць птушкі – пералётныя, а ёсць – зімуючыя (паўтарыць).

Адкрываем канверт 1.

Чытаю. Бульбашык напісаў: “Я вельмі люблю гуляць з дзецьмі. У мяне для вас ёсць цікавая гульня “Запытай у суседа”.

Перад вамі на экране тэлевізара будуць з’яўляцца ілюстрацыі з выявамі птушак. Той, да каго я звярнуся, выходзіць да мяне і задае пытанне свайму суседу пра тую птушку, якую бачыць на экране. Будзьце ўважлівы: у вашым пытанні павінны быць словы “ці” або “хіба”. Напрыклад: “Ці пералётная птушка верабей?” Вы адказваеце: “Не, не пералётная. Верабей – зімуючая птушка”. “Хіба бусел зімуючая птушка?” Вы адказваеце: “Не, бусел не зімуючая птушка. Бусел – пералётная  птушка” і г.д. (Апошняя ілюстрацыя – выява шэрай вароны).

Дзеці, варона ў нас была апошняй птушкай. Правільна гэта птушка называецца – шэрая варона. А якая гэта птушка? (На экране тэлевізара выява крумкача). Гэта розныя птушкі. Гэта птушка называецца крумкач. Паўтарыце. 

Адкрываем канверт 2.

Чытаю, што нам напісаў Бульбашык: “Дзеці, а дзе жывуць птушкі? Як называецца іх дом? (Гняздо) Прапаную вам наступную гульню “Дзе знаходзіцца гняздо птушкі” (У крузе на дыване з мячом).

Я пачынаю сказ – вы працягваеце.

Гняздо чаплі знаходзіцца …  на балоце.
Гняздо бусла знаходзіцца …  на дрэве, на даху, на слупе.
Гняздо шпака знаходзіцца …  ў шпакоўні.
Гняздо лебедзя знаходзіцца … каля вады.
Гняздо ластаўкі знаходзіцца …  пад дахам.

Фізхвілінка

Выхавальнік. А зараз мы з вамі самі пабудзем птушкамі. Вы павінны дзейнічаць па маім сігнале. Я называю птушку і паказваю яе рухі (чапля стаіць на адной назе, ластаўка сядзіць на правадах, бусел махае крыламі). Але я вас буду блытаць, а вы павінны выконваць рухі той птушкі, якую я называю, а не паказваю. Будзьце ўважлівымі.

Наша гульня была пра якіх птушак? (Пералётных). Памятаеце, Бульбашык гаварыў нам пра цікавае відэа? Давайце паглядзім.

Відэа (Паўза на 30 секундзе. Паказаць дзецям і назваць снегіра, шчыгла, чыжа)

Выхавальнік. Дзе знаходзіліся птушкі? (На кармушцы). Што яны там рабілі? (Клявалі зярняткі). Як вы думаеце, адкуль з’явілася кармушка? А для чаго людзі вешаюць кармушкі? Правільна, каб дапамагчы птушкам, таму што зімой зусім мала корму.

Дзеці, а якія там былі птушкі па памеры, па колеры, па іншых якасцях? (Вялікія, малыя, шэрыя, зялёныя, галодныя, хуткія, задаволеныя, дружныя).

Адкрываем канверт 3.

Бульбашык пытае: “Колькі было птушак на кармушцы?” (Многа)

Пагуляем у гульню “Адзін –многа”.

Гульня “Адзін – многа”

На кармушцы быў адзін снягір – многа… (снегіроў);
адзін шчыгол – многа … (шчыглоў);
адзін чыж – многа… (чыжоў).

Дзеці, а на кармушку ў дзіцячы сад прылятаюць птушкі? Якія? (Верабей, голуб, варона).

Адзін верабей – многа… (вераб’ёў);
адна сарока – многа… (сарок);
адзін голуб – многа… (галубоў).

Адкрываем канверт 4.

Чытаю заданне Бульбашыка: “Дзеці, ёсць птушка, у якой чырвоная шапачка, і якую называюць лекарам лесу. Назавіце гэту птушку. (Дзяцел. Ілюстрацыя з выявай птушкі замацоўваецца на мальберце).

Выхавальнік. Прапаную вам паслухаць верш Анатолія Зэкава пра дзятла.

                                           Дзяцел грукае, шчыруе –
                                           Птушкам ён дамы будуе.
                                           Вернуцца вясной дахаты –
                                           Будзе дуплаў ім багата.     

Пра каго верш? (Пра дзятла). Паслухайце верш яшчэ раз і адкажаце на пытанні (паўторнае чытанне верша дзецям).

Што робіць дзяцел у вершы? (Грукае, шчыруе, будуе). Для каго ён дамы будуе? (Для птушак). Дзяцел якая птушка? (Зімуючая). А для якіх птушак ён дамы будуе? (Для пералётных). А чаму вы думаеце, што для пералётных? (Вернуцца вясной дахаты).

Давайце разам з вамі прагаворым словы: дзяцел, будзе. Якія аднолькавыя гукі вы пачулі ў гэтых словах? ([дз’]). Прагаворым разам.

Паслухайце яшчэ раз верш. Я буду вам чытаць, а хто запомніў – дапамагайце мне, дагаворвайце словы.

Наш занятак падыходзіць да заканчэння. Прапаную падрыхтаваць для Бульбашыка падарунак. Мы падрыхтуем для яго карцінку – кармушку з птушкамі. Кожны з вас падыдзе і возьме выяву птушкі, якая яму спадабалася, замацуе на кармушцы. (Запытаць у некаторых дзяцей, якую птушку яны замацавалі на кармушцы).

Вам спадабаўся наш занятак? Што было для вас самым цікавым? Што было цяжка рабіць? Чаму мы яшчэ павінны навучыцца? (Адказы дзяцей)

Зноў на сувязі наш Бульбашык.

Відэа з Бульбашыкам

Выхавальнік. А мы табе, Бульбашык, падрыхтавалі падарунак – карцінку з птушкамі на кармушцы. Да сустрэчы, Бульбашык.

А вам, дзеці, я прапаную зрабіць з канструктару, які ёсць у групе, многа самых незвычайных кармушак.

 

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий