Навучым казачных герояў бяспецы. Занятак па адукацыйнай галіне “Дзіця і грамадства” для дзяцей групы інтэграванага навучання і выхавання

- 13:17ДОШКОЛЬНОЕ ОБРАЗОВАНИЕ, Дошкольное образование. Сценарии, Методичка

Фарміраваць уяўленні пра бяспечныя паводзіны ў небяспечных сітуацыях.

 

Гражына ЯШКЕВІЧ,
Людміла ГЛУШЭНЬ,
выхавальнікі дашкольнай адукацыі
ДУА “Забалацкая сярэдняя школа імя Я.Н.Карпянкова”
Воранаўскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

Праграмныя задачы:

– фарміраваць уяўленні пра бяспечныя паводзіны ў небяспечных сітуацыях у побыце;
– развіваць уменні прымяняць правілы бяспечных паводзін у месцах, небяспечных для жыцця і здароўя ў доме, на вуліцы;
– фарміраваць уяўленні пра небяспечныя для жыцця і здароўя месцы на вуліцы, пра правілы паводзін у надзвычайных сітуацыях;
– удасканальваць уменне захоўваць правілы бяспечных паводзін у побыце і на дарозе;
– замацаваць нумары тэлефонаў экстранных службаў;
– развіваць актыўнасць, кемлівасць, дапытлівасць;
– развіваць дробную маторыку рук;
– выхоўваць у дзяцей жаданне дапамагчы навакольным, калі тыя ў бядзе.

Абсталяванне: канверт з лістом, паветраны шарык, “чароўная палачка”, карцінкі з выявай казачных герояў, карцінкі з небяспечнымі прадметамі і лекамі, скрынка, аптэчка, мяч, чырвоныя і зялёныя кругі па колькасці дзяцей, парныя карткі з выявамі сітуацый паводзін з незнаёмымі людзьмі (6 пар), 3 наборы картак з вызначэннем іх паслядоўнасці, небяспечныя прадметы, карткі з намаляванай сцяжынкай і накрыўкі на палец (2), 12 зорачак, 5 смайлікаў, столік з 3 кругамі і стрэлкай, карцінкі з выявамі пажарнага, доктара, міліцыянера і работніка газавай службы, карткі з выявамі прылад працы, нумары экстранных службаў выратавання, касцюмы Ваўка і Чырвонай Шапачкі.

Папярэдняя работа: чытанне казак, развучванне фізхвілінкі, пальчыкавай гімнастыкі, разглядванне розных сітуацый па тэме.

 

Ход занятку

Выхавальнік.

Калі разам сустракаемся – адзін другому ўсміхаемся.
“Добры дзень, добры дзень!” – бо вітацца нам не лень.

Сёння да нас у групу заляцеў паветраны шарык-паштальён з лістом. (Выхавальнік паказвае канверт з лістом, адрасаваны дзецям)

– Добры дзень, дзеці! Я ведаю, што вы любіце казкі. У маёй казачнай краіне многія героі трапляюць у бяду, бо не ведаюць, як правільна сябе паводзіць у розных сітуацыях! Навучыце іх, калі ласка! – Фея Казак.

Тут у канверце ляжыць “чароўная палачка” ад краіны казак. Каб трапіць туды, трэба адгадаць назвы казак, у якіх героі трапілі ў бяду, не ведаючы, як сябе паводзіць.

Яшчэ нам трэба падзяліцца на дзве каманды: дзеці старшай групы – каманда сініх, а дзеці сярэдняй групы – каманда зялёных. (Дзеці адзначаюць сябе бэйджыкамі).

 

Гульня “Адгадай назву казкі”

– Герой гэтай казкі трапіў у бяду, таму што адправіўся катацца на санках з незнаёмкай (“Снежная Каралева”).
– У гэтай казцы яго ўкрала ліса, таму што ён стаў размаўляць з незнаёмкай, а выратаваў яго кот (“Кот, певень, ліса”).
– У гэтай казцы іх з’елі, таму што яны адкрылі яму дзверы (“Воўк і 7 казлянят”).
– Гераіня гэтай казкі трапіла ў бяду, таму што размаўляла з ваўком і распавяла, дзе жыве бабуля (“Чырвоная Шапачка”).
– А герой гэтай казкі паверыў падманшчыкам, кату Базіліа і лісе Алісе (“Прыгоды Бураціна”).
– А ў гэтай казцы сястра пакінула малодшага брата аднаго, а сама пайшла гуляць (“Гусі-лебедзі”).

Малайцы! Цяпер мы можам патрапіць у краіну казак. (Выхавальнік узмахвае “чароўнай палачкай”).

Раздаецца шум, заходзіць Воўк, з заматанай рукой і кульгаючы.

Выхавальнік. Ой, а што вы хацелі? Добры дзень, Воўча! А што здарылася?

Воўк. Вырашылі з Зайцам пагуляць у будаўнікоў. Пакалечыў малатком лапу. Ды яшчэ стаў на цвік. Так моцна балела, што выпіў нейкае лякарства. Цяпер і жывот баліць.

Выхавальнік. Дзеці, а хіба можна гуляць з небяспечнымі прадметамі (Не). Пэўна, наш госць не ведае пра іх небяспеку для людзей. Давайце яго навучым.

Дыдактычная гульня “Назаві небяспечныя прадметы” (з мячом)

Дзеці стаяць у крузе і перадаюць мяч, называючы небяспечныя прадметы (піла, сякера, малаток, нож, іголкі, кнопкі, таблеткі, шпрыц, градуснік, нажніцы, цвікі).

 

Дыдактычная гульня “Кожнай рэчы сваё месца”

Выхавальнік. Для бяспекі ўсе гэтыя прадметы трэба прыбіраць на свае месцы.

Дапамажыце мне іх раскласці. (Дзеці раскладваюць прадметы ў патрэбнае месца для захоўвання, дзе павінен ляжаць той ці іншы прадмет:камандзе зялёных пакласці інструменты ў скрыню, а камандзе сініх пакласці лекі ў аптэчку).

Выхавальнік. Воўк, а ці ведаеш ты правілы дарожнага руху?

Воўк. Не, а што ёсць такія?

Выхавальнік. Дык ты і гэтага не ведаеш? Тады мы табе дапаможам.

 

Дыдактычная гульня “Так ці не”

Дзецям раздаюцца кругі чырвонага і зялёнага колеру – сігналы святлафора: зялёны – так, чырвоны – не. На пытанні педагога паднімаецца адзін з сігналаў.

– Ці можна пераходзіць дарогу на зялёнае святло святлафора? (Зялёны сігнал).
– Ці можна пераходзіць вуліцу на жоўтае святло святлафора? (Чырвоны сігнал).
– Пры пераходзе праезнай часткі спачатку трэба паглядзець направа, а потым налева. (Чырвоны сігнал).
– Пешаходам можна хадзіць толькі па тратуары? (Зялёны сігнал).

– Ці можна пераходзіць дарогу на чырвонае святло святлафора? (Чырвоны сігнал).
Дарогу трэба пераходзіць па пешаходным параходзе. (Зялёны сігнал).

Фізхвілінка

У казачнай краіне нас сонца сустракае, (Падняць рукі ўверх і паглядзець на іх).

Сонейка з хмаркамі ў хованкі гуляе. (Прысесці і заплюшчыць вочы).
Сонейка хмаркі-лятучкі лічыла. (Пляскаюць у далоні).
Шэрыя хмаркі. (Стаяць прама, левая рука адводзіцца ўбок, вочы глядзяць на пальцы).
Чорныя хмаркі. (Стаяць прама, правая рука адводзіцца ўбок, вочы глядзяць на пальцы).
Лёгкіх дзве штучкі. (Падняць рукі ўверх і паглядзець на іх).
Цяжкіх дзве штучкі. (Прысесці і паглядзець уніз).
Хмаркі пахаваліся, іх тут не стала. (Абняць сябе рукамі і памаргаць).
Сонца на небе зноўку заззяла. (Рухі рукамі ўперад).

Пад фанаграму песні заходзіць Чырвоная Шапачка.

Воўк. Прывітанне! А ты хто і куды ідзеш?

Чырвоная Шапачка. Я Чырвоная Шапачка. Іду я да бабулі. А жыве яна…

Выхавальнік. Чырвоная Шапачка, увага, больш ні слова! Дзеці, што здарылася з героямі гэтай казкі? (Воўк з’еў Бабулю і Чырвоную Шапачку). Дзеці, а чаму я спыніла нашу госцю? (Нельга размаўляць з незнаёмцамі). А ты, Воўк, пэўна забыўся, чым закончылася гэта казка?

Воўк. Дык я ж хацеў яе проста пачаставаць ды пайсці пагуляць!

Выхавальнік. А вы ведаеце: гэтая трагедыя не адбылася б, калі б Чырвоная Шапачка і Бабуля ведалі пра асабістую бяспеку на вуліцы і дома. Давайце скажам, якія правілы бяспекі парушылі Чырвоная Шапачка і Бабуля. (Чырвоная Шапачка загаварыла з Ваўком і расказала, дзе жыве яе Бабуля. А Бабуля сказала Ваўку, як адкрыць дзверы).

Бачу я, што і тут патрэбна наша дапамога. Зараз мы для гульні зноў падзелімся на каманды.

Пальчыкавая гімнастыка

Адзін, два, тры, чатыры, пяць – (Пералічваюць пальцы).
Пайшлі пальчыкі гуляць. (Ідуць пальчыкамі па далоні).
Прывіталіся – (Сустракаюцца пальчыкі рук).
Абнімаліся – (Пальчыкі ў замок).
Усміхаліся – (Далоні ў замок).
Цяпер будуць працаваць. (Сціскаюць пальцы ў кулак).

 

Дыдактычная гульня “Будзь уважлівы” (сярэдняя група)

Дзецям раздаюцца парныя карткі з выявамі сітуацый па правілах бяспечных паводзін з незнаёмымі людзьмі і кругі чырвонага і зялёнага колеру. Імі трэба адзначыць карткі з выявамі сітуацый: чырвоны круг – няправільнае дзеянне, зялёны – правільнае).

 

Дыдактычная гульня “Што спачатку, а што потым” (старшая група)

Па колькасці дзяцей раздаюцца наборы картак і ім трэба раскласці іх у пэўнай паслядоўнасці.

 

Гульнявое практыкаванне “Сцяжынка да дому бабулі”

Дзецям раздаюцца карткі з намаляванай сцяжынкай. Трэба з дапамогай накрыўкі, надзетай на пальцы, прайсці яе.

Воўк. Дзеці, паглядзіце, а што я маю? Давайце пагуляем! (Дастае запалкі).

Выхавальнік. Ой-ой-ой, а што можа здарыцца ў час такіх гульняў? (Адказ). Успомніце, што адбылося ў казцы “Кошкін дом”? (У кошкі былі госці, яны весяліліся, пакінулі дзверцы печы адчыненыя; агонь трапіў на дыван, потым на фіранкі, і ўзнік пажар). Як сябе павяла гаспадыня хаты? (Яна спалохалася і ўцякла). А што ж павінна была зрабіць кошка? (Вызваць пажарных па нумары 101 або 112). А што яшчэ трэба сказаць пры вызаве экстраннай службы? (Назваць прозвішча, імя і свой адрас). А хто з кошкіных гасцей не разгубіўся ў час пажару? (Курыца, яна ўзяла вядро вады і стала заліваць пажар). А чым яшчэ можна тушыць пажар? (Можна засыпаць пяском, зямлёй).

Малайцы! Зараз камандзе сініх заданне.

 

Дыдактычная гульня “Поле цудаў” (старшая група)

На малым белым крузе “Поля цудаў” выкладзены карткі з выявамі людзей, чые прафесіі звязаныя з экстраннымі службамі. На жоўты круг трэба знайсці і пакласці картку з нумарам той экстраннай службы, дзе працуе гэты чалавек. А на вялікі белы круг знайсці і пакласці карткі з выявамі прылад працы, якія яму неабходны.

Выхавальнік. Дзяўчынкі і хлопчыкі будуць выконваюць заданні па чарзе і па напрамку стрэлкі. А ты, Воўк, будзеш круціць стрэлку і вучыцца.

 

Рэфлексія (з дзецьмі сярэдняй групы).

Выхавальнік. А да мяне падыдзе каманда зялёных. (Выхавальнік махае “чароўнай палачкай”). Вось мы з вамі ў групе. Ці спадабалася вам наша падарожжа ў казку? Якое з заданняў Феі Казак было цікавым? Цяжкім? Лёгкім? Давайце з вамі ўспомнім, каго там сустрэлі? (Ваўка і Чырвоную Шапачку). Вазьміце, калі ласка, зорачку і прымацуйце да выявы таго героя, які вам больш спадабаўся. (Дзеці сярэдняй групы выходзяць з групы з памочнікам выхавальніка).

Ну што, Воўк, запомніў нумары экстранных службаў? (Так і ўсяму навучыўся, пайду раскажу сваім сябрам. Да пабачэння!)

Ну вось, я думаю, што нашы героі цяпер у бяспецы – яны ведаюць, як паступаць! А нам пара ў групу. (Выхавальнік махае “чароўнай палачкай”).

Рэфлексія (з дзецьмі старшай групы).

Выхавальнік. Вам спадабалася наша падарожжа? На мальберце прымацавана выява лесвіцы. Прапаноўваю вам размясціць свой смайлік на ніжняй прыступцы тым, каму было сумна ці нецікава, на сярэдняй – калі не ўсё ўдалося, а на верхняй – калі ўсё спадабалася і было цікава. Вазьміце цяпер смайлікі. (Размова па выніках рэфлексіі).

Я спадзяюся, што вы таксама запомнілі ўсе правілы, якія мы з вамі паўтарылі, і будзеце іх выконваць разам са сваімі бацькамі.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий