Рэалізацыя выхаваўчага патэнцыялу на ўроках беларускай літаратуры і ўроках мастацтва праз прымяненне эфектыўных метадаў, формаў і прыёмаў

- 13:37II И III СТУПЕНИ, БЕЛАРУСКАЯ МОВА І ЛІТАРАТУРА, Беларуская мова і літаратура. Ідэі, Методичка, Музыка, хореография, искусство

У наш час асаблівая ўвага надаецца рэалізацыі ў адукацыйным працэсе выхаваўчага патэнцыялу вучэбнага прадмета; важнасць выхавання ў фарміраванні асобы навучэнца падкрэсліваецца ў адукацыйным стандарце сярэдняй адукацыі. А гэта значыць, што настаўніку варта быць і выхавальнікам, фарміраваць маральныя якасці сваіх вучняў, дапамагчы вучням дасягнуць такога ўзроўню разумення жыцця, каб яны духоўна выраслі, адчулі сябе актыўнай, творчай, патрэбнай асобай у грамадстве.

Таццяна СЕВЯРЫН,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ГУА “Гiмназiя iмя Я.Купалы” г. Мазыра,
Гомельская вобласць

 

 

 

 

Асноўная задача педагога заключаецца не толькі ў тым, каб даваць веды, але і ў тым, каб арганізоўваць працэс пазнання, ствараць у класе атмасферу, спрыяльную для навучання. У наш час асаблівая ўвага надаецца рэалізацыі ў адукацыйным працэсе выхаваўчага патэнцыялу вучэбнага прадмета; важнасць выхавання ў фарміраванні асобы навучэнца падкрэсліваецца ў адукацыйным стандарце сярэдняй адукацыі. А гэта значыць, што настаўніку варта быць і выхавальнікам, фарміраваць маральныя якасці сваіх вучняў, дапамагчы вучням дасягнуць такога ўзроўню разумення жыцця, каб яны духоўна выраслі, адчулі сябе актыўнай, творчай, патрэбнай асобай у грамадстве.

На маю думку, менавіта ўрокі літаратуры, якія вучаць разумець прыроду чалавечых учынкаў, і ўрокі мастацтва, якія дапамагаюць навучэнцу разумець сапраўдныя ідэалы і каштоўнасці, закліканы фарміраваць чулую, добразычлівую асобу з добрым густам, якая проста не можа быць неадукаванай.

Урок – гэта мэтанакіраванае дзеянне і дыялог настаўніка і вучняў, у ходзе якіх выпрацоўваецца тая ці іншая жыццёвая стратэгія, фарміруюцца пэўныя рысы характару, набываюцца тыя ці іншыя звычкі паводзін.

Як можна пачаць урок, каб ён нёс выхаваўчы зарад? На мой погляд, варта пачынаць з эпіграфа ці прытчы, якія захоўваць пэўны маральны сэнс і змушаюць да роздуму. Гэта садзейнічае развіццю творчага мыслення, культуры маўлення. Напрыклад, вывучаючы ўрывак “Дзядзька-кухар” з паэмы Я.Коласа “Новая зямля” (7-ы клас), прапаную эпіграф “Не святыя гаршкі лепяць”. Вучні суадносяць народнае выслоўе з творам і робяць выснову, што можна зрабіць усякую справу, калі за яе ўзяцца з жаданнем. А перш чым разабрацца ў алегарычнай сутнасці казак Якуба Коласа “Крыніца” (5-ы клас) і “Хмарка” (8-ы клас), разважаем з вучнямі над зместам прыказкі “у сваім краі як у раі” і выслоўем Янкі Купалы “не шукай ты шчасця, долі на чужым далёкім полі”, якія прасякнуты патрыятычным пафасам.

На ўроку мастацтва, пры вывучэнні раздзела “Мастацкая культура эпохі Адраджэння”, была выкарыстана прытча “Мэта мастацтва” пра майстроў, якія марылі атрымаць вялікі талент ад Багіні Мастацтва, толькі запэўніваючы яе рознага кшталту абяцаннямі. І толькі адзін з іх моўчкі паказаў прыгожую статуэтку дзяўчыны, якая ўсміхалася. Яго праца спадабалася не толькі Багіні, але і ўсім, хто пабачыў яе. Сэрцы прысутных забіліся часцей, а Багіня надзяліла юнака талентам скульптара. Бо ён спасціг асноўную мэту мастацтва – прымусіў людзей захапляцца сваёй працай. Такім чынам, вучні разумеюць, якія творы варта лічыць узорамі стваральнай працы майстроў.

Мастацкі твор на ўроку літаратуры – гэта своеасаблівы мост паміж аўтарам і чытачом. Разумеючы задуму аўтара, раскрываючы праблемны змест тэксту, вучань спазнае сябе. Вельмі каштоўнымі лічу эўрыстычныя гутаркі і літаратурныя дыскусіі, бо яны развіваюць самастойнасць меркаванняў, рыхтуюць школьнікаў да рэальнага жыцця, дзе нязменна сутыкаюцца характары, дзе трэба ўмець хутка адрозніць рэальныя і ўяўныя каштоўнасці, добрыя і дрэнныя ўчынкі, дзеянні. Пры знаёмстве з літаратурнымі героямі, іх лёсам, унутраным светам, іх ідэаламі у вучняў фарміруюцца ўласныя адносіны да высокага і нікчэмнага, добрага і благога. Так, у 7-м класе пры вывучэнні апавядання В.Быкава “Незагойная рана” прапаноўваю вучням паразважаць над пытаннем: “Чым выклікана тое, што людзі цяпер сталі няўважлівымі да чужога гора?”. У 8-м класе пры вывучэнні апавядання Г.Далідовіча “Губаты” вучні выказваюць свае меркаванні па пытанні: “Ці вінаваты ляснік у смерці ласяняці ад кулі браканьераў?”.

Рэпрадуктыўныя і эўрыстычныя гутаркі на ўроках мастацтва ў 8-м класе дапамагаюць зразумець даволі складаны матэрыял вучэбных параграфаў, развіваюць інтэлектуальныя здольнасці вучняў, да таго ж дапамагаюць правесці якасную работу з падручнікам, што фарміруе чытацкую граматнасць. Асаблівасці рэпрадуктыўных і эўрыстычных пытанняў выкарыстоўваю, ствараючы праверачныя тэсты па раздзелах. Да прыкладу, праверачны тэст па раздзеле “Мастацтва беларускіх зямель у Сярэднявеччы” з 20 пытанняў, сем з якіх адкрытага тыпу, накіраваныя на разважанні, параўнальны аналіз.

Яскрава ўбачыць праблематыку твора дапамагае адзін з прыёмаў развіцця крытычнага мыслення праз чытанне і пісьмо – “Фішбоун” (шкілет рыбы). Ён прыдатны на ўроках па казцы “Нямоглы бацька” У.Караткевіча ў 5-м класе, па апавяданні “Сябры” А.Васілевіч і аповесці “Насцечка” К.Чорнага ў 6-м класе, па апавяданні “Паром на бурнай рацэ” У.Караткевіча ў 8-м класе і некаторых іншых. Напрыклад, на ўроку ў 8-м класе па тэме “Гуманізм і чалавечнасць у апавяданні У. Караткевіча «Паром на бурнай рацэ»” вучні запаўняюць схему, працуючы па плане:

– апісанне герояў;

– разважанне герояў пра гонар і годнасць;

– адносіны да жанчыны, якая вязе памілаванне свайму мужу.

Дзякуючы створанаму фішбоуну, вучні робяць вывад, што маральныя каштоўнасці вышэй загадаў. Чалавек у любой сітуацыі павінен заставацца спагадлівым, сумленным, дапамагаць іншаму. Фішбоун дапамагае бачыць вобразы, сам твор у сістэме.

На ўроку мастацтва ў 8-м класе такі прыём мэтазгодна выкарыстоўваць пры параўнальным аналізе фрэскі Леанарда да Вінчы “Тайная вячэра” і карціны Тынтарэта “Тайная вячэра” паводле сюжэта, фарбаў, вобразаў; прынцыпаў мастацтва эпохі Сярэднявечча і эпохі Адраджэння па плане:

– аснова эпохі;

– адносіны да чалавека;

– асаблівасці архітэктуры;

– асаблівасці мастацтва і скульптуры;

– асаблівасці літаратуры і музыкі;

– асаблівасці дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

І на ўроках літаратуры, і на ўроках мастацтва ствараюцца спрыяльныя ўмовы для выхавання эмпатыі ў вучняў праз слоўныя партрэты станоўчых і адмоўных персанажаў, сачыненні-разважанні па маральных праблемах, узнятых у літаратурных творах, эсэ паводле наведвання пэўных культурных мерапрыемстваў, тэатральных пастановак, прагляду кінафільмаў. Пры падрыхтоўцы да такіх творчых работ звяртаю ўвагу на мастацкія дэталі як літаратурных твораў, так і твораў іншых відаў мастацтва. Для прыкладу – пазакласныя ўрокі мастацтва, праведзеныя мною для навучэнцаў 6-га і 8-га класаў на выставе “Фарбы Палесся” ў гарадской карціннай галерэі, якія закончыліся вусным эсэ кожнага з удзельнікаў падзеі. Падкрэслю, што выхаваўчы патэнцыял такіх сустрэч рэалізуецца менавіта праз увагу да меркавання кожнага падлетка.

Плённым відам дзейнасці на ўроку літаратуры лічу інсцэніроўкі па мастацкіх творах, калі вучні могуць пераўвасобіцца ў літаратурных персанажаў, паказаць іх мадэлі паводзін і ўчынкі ў пэўных сітуацыях. На ўроках жа мастацтва прапаную навучэнцам разнастайныя творчыя работы: афармленне старонкі сярэдневяковага рукапісу, стварэнне віртуальнай экскурсіі, стварэнне віктарыны ці крыжаванкі па матэрыялах параграфа ці цэлага раздзела, паведамленне з прэзентацыяй, стварэнне медыякрыжаванак. Але для мяне асабліва каштоўным з’яўляецца тое, што вучні самі з’яўляюцца ініцыятарамі стварэння пэўных творчых работ. Так, пры вывучэнні раздзела “Таямніцы мастацтва Сярэднявечча” адна з вучаніц намалявала карціну, на якой прадставіла кантраст сярэдневяковых і сучасных архітэктурных пабудоў. Другі вучань, пры вывучэнні раздзела “Мастацтва беларускіх зямель у Сярэднявеччы”, з уласнай ініцыятывы паспрабаваў зрабіць копію крыжа Еўфрасінні Полацкай у натуральную велічыню. Не толькі іх аднакласнікі былі ўражаны гэтымі работамі.

Камусьці з вучняў падабаецца некаторы час пабыць акторам, мастаком, аратарам, майстрам, а хтосьці аддае перавагу ролі гледача і крытыка – у любым выпадку рэалізуецца або гендарны, або маральна-этычны, або духоўна-культурны і эстэтычны змест выхавання.

Часам моцныя эмацыянальныя перажыванні дзяцінства і падлеткавага ўзросту вызначаюць жыццёвыя пазіцыі дарослага чалавека, бо маральныя каштоўнасці, здабытыя самастойна, застаюцца з чалавекам на ўсё жыццё.

 

 

Дадатак

Змест выхавання пры вывучэнні беларускай літаратуры

Змест выхавання

Сутнасць

Рэалізацыя

Гендарнае

Фарміраванне светапогляду асобы і ўсведамленне сябе як прадстаўніка пэўнага полу

У.Караткевіч “Паром на бурнай рацэ”, І.Мележ “Палеская хроніка” і інш.

Грамадзянскае

Фарміраванне асобы як прадстаўніка грамадства і пэўнай культурнай суполкі, фарміраванне навыкаў міжнацыянальных зносін

У.Караткевіч “Беларуская песня”, “Песня пра зубра” М.Гусоўскага, прадмовы Ф.Скарыны і інш.

Духоўна-культурнае

Фарміраванне прынцыпаў агульна-чалавечых каштоўнасцей

В.Карамазаў “Дзяльба кабанчыка”, А.Дудараў “Вечар” і інш.

Культура-лагічнае

Фарміраванне трывалага разумення асобай сябе як часткі культурнага асяроддзя, культурнага пласта, фарміраванне павагі да культурнай спадчыны свайго народа

Я.Колас “Новая зямля”, творы К.Тарасава, У.Караткевіча

Маральна-этычнае

Фарміраванне паняцця аб маралі, годнасці, прыстойнасці

К.Чорны “Насцечка”, У.Караткевіч “Паром на бурнай рацэ”

Патрыятыч-нае

Выхаванне патрыятычных адносін да сваёй Радзімы

А.Ставер “Жураўлі на палессе ляцяць”, Я.Купала “Спадчына”, Л.Дайнека “Меч кназя Вячкі”

Прававое

Фарміраванне законапаслухмянасці

Біяграфіі пісьменнікаў і створаныя імі мастацкія тыпы пры пэўных умовах могуць стаць ідэалам ці антыідэалам.

Працоўнае

Прафесіянальная арыентацыя вучняў, усведамленне працы як неад’емнай часткі жыцця чалавека

І.Шамякін “Сэрца на далоні”

Разумовае

Развіццё разумовых здольнасцей, фарміраванне светапогляду, фарміра-ванне ўменняў і навыкаў, развіццё крэатыўнасці

Літаратура як від мастацтва здольная спасцігаць свет, адлюстроўваючы жыццё свайго народа і жыццё народаў іншых краін.

Фізічнае

Фарміраванне асноў здаровага ладу жыцця, асноў бяспечных паводзін, фарміраванне навыкаў арганізацыі побыту

Чытач жадае быць падобным да героя або, наадварот, жадае пазбегнуць яго лёсу.

Экалагічнае

Фарміраванне экалагічнай культуры, беражлівых адносін да прыроды

А.Жук “Бабёр”, І.Шамякін “Злая зорка”, І.Пташнікаў “Алені”

Эстэтычнае

Фарміраванне эстэтычнага густу і развіццё творчых здольнасцей вучняў

З дапамогай мастацкіх тэкстаў вучань спазнае багацце лексікі, адметнасць і мілагучнасць мовы мастацкіх твораў.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий