Паглыбленне і сістэматызацыя ведаў вучняў пра жанры фальклорных твораў: казкі, легенды, загадкі, прыказкі, прымаўкі, загадкі.
Вікторыя ЦІМАШЭНКА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Ворнаўская сярэдняя школа Кармянскага раёна”,
Гомельская вобласць
Мэта: паглыбленне і сістэматызацыя ведаў вучняў пра жанры фальклорных твораў: казкі, легенды, загадкі, прыказкі, прымаўкі, загадкі.
Задачы: актывізаваць уяўленне дзяцей, іх лагічнае і творчае мысленне, фантазію; садзейнічаць развіццю творчых і маўленчых здольнасцей вучняў пры стварэнні ўласных тэкстаў на зададзеную тэму; абуджаць цікавасць вучняў да фальклорных твораў; садзейнічаць выхаванню этычна-эстэтычных уяўленняў дзяцей.
Тып урока: замацаванне ведаў па тэме “Вусная народная творчасць”.
Форма правядзення: урок-конкурс.
Метады і прыёмы: гульнёвыя метады, “скрыня з загадкамі”, “стварэнне відэароліка”.
Абсталяванне: пяць набораў картак з заданнямі для пяці тураў конкурсу, дрэва “Вусная народная творчасць”, лісты паперы для запісу вучнямі адказаў на пытанні і заданні; крыжаванка; вучэбны дапаможнік “Беларуская літаратура. 5 клас”.
Ход урока
І Арганізацыйна-матывацыйны этап
Псіхалагічны настрой на ўрок.
– Добры дзень, дзеці! Я рада бачыць кожнага з вас. Давайце пажадаем адно аднаму плённай працы на ўроку.
З маленства і назаўжды ўваходзіць у наша жыццё народная паэзія. Спачатку нас прываблівае калыханка, пасля мы захапляемся цікавымі, дзівоснымі казкамі, здзіўляемся мудрасці і паэтычнаму хараству прыказак і загадак. З легендаў і паданняў паўстае перад намі мінулае нашага народа, роднай Беларусі. Вусная народная творчасць, як невычэрпная крыніца, узбагачае і ўзмацняе нашу мову і літаратуру, наша жыццё.
Тэму нашага ўрока вы бачыце на дошцы. А вось чым мы будзем займацца на сённяшнім уроку, вы мне дапаможаце вызначыць. (Адказы вучняў)
– Сапраўды, сёння мы адправімся ў казачную краіну вуснай народнай творчасці, падагульнім веды па гэтай тэме, паспрабуем адгадаць загадкі, успомнім тэарэтычныя пытанні. Урок у нас будзе незвычайны: урок-спаборніцтва, урок-падарожжа.
У нас вырасла дрэва пад назвай “Вусная народная творчасць”. Але вось бяда – няма лісця на гэтым дрэўцы. А як вы думаеце, якія лісточкі павінны з’явіцца на ім? Каб лісточкі з’явіліся, мы павінны ўспомніць набытыя тэарэтычныя веды па вывучаным раздзеле.
ІІ Аперацыйна-пазнавальны этап
Тур 1. “Тэарэтычны”
Кожны вучань зачытвае карткі з заданнямі і прымацоўвае адпаведны лісточак да дрэва “Вусная народная творчасць”.
Пытанні для абмеркавання:
1. Як яшчэ называюць вусную народную творчасць? (Фальклор).
2. Пра які літаратурны жанр ідзе размова: … – займальны аповед пра неверагодныя і фантастычныя падзеі і прыгоды? (Казка).
3. На якія віды падзяляюцца народныя казкі? (Чарадзейныя, пра жывёл, бытавыя).
4. Пра які літаратурны жанр ідзе размова: … – прадказванне пэўнага выніку, пацверджанне шматвяковым вопытам? (Прыкмета).
5. У які асобны жанр вылучаюць спробы нашых продкаў растлумачыць невядомыя факты і падзеі пры дапамозе выдумкі, фантазіі і нават містыкі? (Павер’е).
6. Героямі якіх казак з’яўляюцца багатыя, прагныя, баязлівыя паны і іх памагатыя і бедныя сяляне, якія перамагаюць багацеяў сваім розумам, мудрасцю, працавітасцю? (Бытавых).
7. Хто з’яўляецца стваральнікам вуснай народнай творчасці? (Яе стваральнікам з’яўляецца беларускі народ).
8. Фантастычнае апавяданне, заснаванае на паэтызацыі гістарычных падзей і ўслаўленні народных герояў? (Легенда).
9. Што такое загадка? (Вобразнае апісанне ўтоенага прадмета ці з’явы, якое патрабуе разгадкі).
Тур 2. “Народная мудрасць”
Крыжаванка-загадка
Вучні па чарзе выцягваюць картку з загадкай, чытаюць загадку класу. Потым запісваюць адгадку ў крыжаванку. Кожная правільна адгаданая загадка каштуе адну зорачку.
1. Вышэй за ўсіх стаіць, вакол глядзіць, люльку курыць. (Комін)
2. Малы малышак упаў з вышак, сам не забіўся, толькі шапачкі пазбыўся. (Жолуд)
3. Еду, еду – і ні дарогі, ні следу. (Лодка)
4. Круглы хлявец повен белых авец. (Гарбуз)
5. Без рук, без ног, а ўзоры малюе. (Мароз)
6. Вечарам нараджаецца, ноч жыве, а раніцай памірае. (Раса)
7. Рук і ног не мае, а дзверы адчыняе. (Вецер)
8. Не калода і не пень, а ляжыць цэлы дзень, не жне і не косіць, а есці просіць. (Гультай)
Тур 3. “У свеце казак і легенд”
Прыём “Скрыня з загадкамі”
Па прадметах пазнайце казку ці легенду (карцінкі з выявамі). Назавіце іх галоўных герояў.
1. | |||
2. | |||
3. | |||
4. | |||
5. |
Адказы: Казкі: 1. «Разумная дачка». 2. “Залаты птах”. 3. “Музыкі”. Легенды: 4. “Нарач”, Найрыта. “Пестунь”.
Тур 4. “Падбяры пару”
Іх называюць “залацінкамі мудрасці”. Яны – скарбонка духоўнай сілы народа, у іх адлюстраваныя жыццё, культура, думкі і пачуцці беларусаў.
Падабраць да рускіх прыказак беларускія адпаведнікі
Рускія прыказкі |
Беларускія прыказкі |
1. Не имей сто рублей, а имей сто друзей. |
А. Калі ўлез у дугу, не кажы не магу. |
2. На чужой каравай рта не разевай. |
Б. У ціхім балоце чэрці растуць. |
3. Труд кормит, а лень портит. |
В. Цікаўнай Амілі нос прышчамілі. |
4. Взялся за гуж – не говори, что не дюж. |
Г. Не будзь ласы на чужыя каўбасы. |
5. Сделал дело – гуляй смело. |
Д. Чалавек без сяброў, што печ без дроў. |
6. В тихом омуте черти водятся. |
Е. Скончыў работу – гуляй у ахвоту. |
7. Любопытной Варваре на базаре нос оторвали. |
Ё. Дзе шчырая праца – там густа, а дзе лянота – там пуста. |
Адказы: 1д, 2г, 3ё, 4а, 5е, 6б, 7в.
– А зараз, калі ласка, патлумачце сэнс асобных прыказак.
Тур 5. “Народ прыкмячае ды нас павучае”
Настаўнік раздае кожнаму вучню па дзве карткі з прыкметамі. Вучням трэба расказаць, што будзе згодна з гэтай прыкметай адпаведна народным назіранням. Правільны адказ каштуе адну зорачку.
Сонца ў хмарку садзіцца (будзе дождж)
Зорная купальская ноч (на добры ўраджай грыбоў)
Бяроза дае многа соку (да мокрага лета)
Увечары трашчаць конікі (на добрае надвор’е)
Сей смела… (калі ў садзе бела)
Ноч без расы (дзень з дажджом)
ІІІ Кантрольна-ацэначны этап
Рэфлексія
Прыём “Памяняемся месцамі”. Вучням прапануецца памяняцца месцамі:
– тым, хто задаволены сваё працай на ўроку;
– чаму-небудзь навучыўся на ўроку;
– працаваў творча;
– стаміўся;
– хоча працягнуць размову па тэме ўрока.
Выстаўленне адзнак
Дамашняе заданне
1. С. 70–71, адказаць на пытанні і выканаць заданні, змешчаныя ў вучэбным дапаможніку.
2. Стварыць відэаролік.
3. Скласці крыжаванку (на выбар).