Выкарыстанне тэхналогіі поўнага засваення ведаў не толькі надае навізну ўроку, але і спрыяе павышэнню эфектыўнасці ўрока, дапамагае ў рэалізаваць дыферэнцыраванага падыходу ў навучанні.
Святлана ВАРАБЕЙ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Гімназія № 3 імя В.З.Каржа г. Пінска”,
Брэсцкая вобласць
Праца ў профільнай групе прымусіла мяне шукаць новыя формы работы, якія павінны не толькі актуалізаваць і паглыбляць веды, прымяняць іх у стандартных і нестандартных сітуацыях, навучыць адчуваць адказнасць за работу, быць мабільным, камунікабельным, гібкім у розных сітуацыях, а самае галоўнае поўнасцю засвоіць вучэбны матэрыял.
Такім аптымальным сродкам стала тэхналогія поўнага засваення ведаў, выкарыстанне якой не толькі надае навізну ўроку, але і спрыяе павышэнню эфектыўнасці ўрока, дапамагае ў рэалізаваць дыферэнцыраванага падыходу ў навучанні.
У аснове тэхналогіі ляжаць ідэі, якія былі прапанаваны амерыканскімі вучонымі Дж.Кэралам і Б.Блумам. Сутнасць ідэй заключаецца ў тым, што для авалодвання адным і тым жа матэрыялам розным вучням, у залежнасці ад інтэлектуальных здольнасцей, патрабуецца розны час. Падрабязна амерыканская мадэль поўнага засваення ведаў была апісана расійскім доктарам педагагічных навук М.У.Кларыным у кнізе “Технология обучения: идеал и реальность”.
Аўтары тэхналогіі поўнага засваення ведаў прапанавалі зрабіць фіксаваным параметрам вынік навучання і, улічваючы здольнасці канкрэтнага вучня, падбіраць тэмп работы, неабходны толькі яму. Яны выдзелілі тры катэгорыі вучняў: малаздольныя (5%); таленавітыя (іх каля 5%); звычайныя (90%). Гэта дало магчымасць меркаваць, што пры зняцці часавых абмежаванняў, 95% вучняў могуць поўнасцю засвоіць матэрыял.
Такім чынам, тэхналогія поўнага засваення задае адзіны для вучняў фіксаваны ўзровень авалодвання ведамі, уменнямі, навыкамі, але робіць пераменным для кожнага вучня час, метады, формы працы.
У гэтай тэхналогіі мяне прываблівае тое, што выкладанне матэрыялу і яго прапрацоўка адбываюцца традыцыйна, але гэта не перашкаджае прымяняць розныя прыёмы і віды работ.
Зыходным момантам тэхналогіі з’яўляецца агульная ўстаноўка настаўніка: усе могуць і павінны засвоіць пэўны матэрыял поўнасцю. А задача настаўніка – правільна арганізаваць вучэбны працэс, вызначыць, у чым заключаецца поўнае засваенне, якія вынікі павінны быць дасягнуты ўсімі.
Праца пачынаецца з упарадкавання сістэмы ўрокаў. Увесь вучэбны матэрыял разбіваецца на асобныя вучэбныя адзінкі. Асноўныя асаблівасці гэтых адзінак у тым, што яны павінны быць завершанымі па сэнсе і невялікія па аб’ёме (3–6 урокаў).
Калі лічыць, што блок урокаў – гэта фрагмент працэсу навучання, на працягу якога вучні засвойваюць пэўную вучэбную адзінку, то этапы засваення можна прадэманстраваць у выглядзе наступнай табліцы:
Этапы засваення вучэбнага матэрыялу
Этапы засваення вучэбнага матэрыялу |
Арганізацыйна-педагагічная |
1. Вывучэнне новага матэрыялу (актуалізацыя вучэбнага матэрыялу) |
Індывідуалізацыя вучэбнага працэсу |
2. Дыягнастычнае тэсціраванне |
Праверка базавых ведаў |
3. Урокі карэкцыі і развіцця. Карэкцыя: паўтарэнне на якасна новым узроўні → замацаванне → паўторная дыягнастычная работа. Развіццё: паглыбленне ведаў |
Дыферэнцыяцыя вучэбнага працэсу |
4. Выніковы кантроль |
Праверка вынікаў работы |
Ключом да разумення тэхналагічнай пабудовы вучэбнага працэсу з’яўляецца паслядоўная арыентацыя на дакладна вызначаныя мэты.
Галоўнае – мэты павінны быць зразумелымі, дасягальнымі і накіраванымі на канчатковы вынік.
Наступны этап працы – гэта распрацоўка і азнаямленне вучняў з крытэрыямі (эталонамі) поўнага засваення. Распрацоўку эталонаў пачынаю з аналізу заданняў цэнтралізаванага тэсціравання, вылучаю абавязковыя вучэбныя адзінкі для засваення ўсімі вучнямі.
Паўнавартаснай рэалізацыі тэхналогіі поўнага засваення на практыцы садзейнічае тэорыя паэтапнага фарміравання разумовых дзеянняў расійскага псіхолага П.Я.Гальперына, згодна з якой поўнае засваенне ведаў можа быць дасягнута толькі паступова, праходзячы пэўныя этапы, кожны з якіх якасна адрозніваецца ад папярэдніх. Усяго выдзяляюць сем этапаў.
Коратка спынімся на гэтых этапах.
Першы этап – арганізацыйна-матывацыйны. Гэты этап неабходны для стварэння добразычлівага эмацыянальнага мікраклімату і сітуацыі поспеху за кошт камфортнасці з боку настаўніка. Гэты этап уплывае на агульны настрой на ўроку, бо ад таго, якім ён будзе, залежыць канчатковы вынік.
На гэтым этапе найбольш часта ўжываю наступныя фразы:
– На вуліцы цудоўнае надвор’е, усміхніцеся сонейку і адзін аднаму.
– Рада бачыць вас сёння на ўроку, вы выглядаеце цудоўна, я ўпэўнена, гэта дапаможа вам зрабіць новае адкрыццё.
Прыёмы для павышэння матывацыі
На гэтым жа этапе знаёмлю вучняў з тэмай урока. Для павышэння матывацыі часта прымяняю такія прыёмы, як “Знаўца”, “Прафесіянал”, “Аўтар”, мэта якіх – праз зварот да ўнутранага свету і жыццёвага вопыту вучня выклікаць у дзяцей эмацыянальны водгук, пэўныя адносіны да тэмы.
Прыём “Знаўца”
– Што вы ўжо ведаеце па гэтай тэме?
– Падбярыце словы ці словазлучэнні пра гэта ці на гэту тэму.
– Вось бачыце! У вашай памяці гэта ўжо ёсць! Значыць, гэта патрэбна!
Прыём “Прафесіянал”
– Падумаць і, зыходзячы са сваёй будучай прафесіі, расказаць, для чаго спатрэбіцца тэма ці матэрыял, з якім мы будзем працаваць на ўроку.
Прыём “Аўтар”
– Калі б вы былі аўтарам падручніка, як вы растлумачылі б неабходнасць дадзенай тэмы?
На наступным этапе – “знаёмства з узорам” – рэалізуецца важная задача, калі вучні праз назіранне, параўнанне і аналіз актуалізуюць веды па пэўнай арфаграме, фармулююць правілы. Лічу, што такая праца садзейнічае лепшаму разуменню матэрыялу.
Узор выканання
10-ы клас. Тэма “Правапіс мяккага знака і апострафа”
Заданне. Прачытайце прапанаваныя словы, сфармулюйце тэму сённяшняга ўрока
мазь |
більярд |
пад’есці |
1. Для чаго патрэбны мяккі знак у словах першага слупка?
2. Што агульнага ў словах першага і другога слупкоў і чым яны адрозніваюцца ?
3. Якое правіла ўспомнілі, пазнаёміўшыся са словамі трэцяга слупка?
На трэцім этапе – выкананне задання па ўзоры з прагаворваннем, ці алгарытмізацыя – вучні адпрацоўваюць уменні правільна тлумачыць арфаграму. Важную ролю тут выконваюць алгарытмы, якія мы складаем разам або выкарыстоўваем тыя, што ўжо існуюць.
Узор задання і прыклады алгарытмаў
10-ы клас. Тэма “Правапіс галосных е, ё, я ў простых і складаных словах”
Заданне. Растлумачыць правапіс літар е, ё, я ў простых і складаных словах з дапамогай алгарытмаў.
Сезон, вясёлка, сяржант, колер, месяц, жыццярадасны, радыеактыўны, вогнетушыцель, радыёхваля, хвалепадобны, велікадушны, Вялікабрытанія, лёдадрабілка, медавар, мёдаварэнне.
Вучні тлумачаць арфаграмы пры дапамозе алгарытмаў:
Алгарытм 1
Алгарытм 2
Алгарытм 3
На чацвёртым этапе – выкананне заданняў па апоры – я звяртаю ўвагу на ступень засваення матэрыялу і неабходнасць далейшай карэкціроўкі дзеянняў.
Работу арганізую наступным чынам: вучань запісвае словы з карткі, падрыхтаванай мною, абавязкова тлумачыць напісанне арфаграмы, усе астатнія паўтараюць дзеянні вучня, які працуе каля дошкі. На гэтым этапе можна прапанаваць таксама выканаць практыкаванне з падручніка.
З прыкладамі практыкаванняў можна пазнаёміцца ніжэй.
Папераджальны дыктант
1. Правапіс галосных е, ё, я.
П…льмені, кл…ймо, пл…цень, план…тарый, п…хота, м…шкавіна, джэнтльм…н, л…мантаваць, кал…ндары, л…навацца, с…ржант, нав…ла, мац…рыковы, м…дуніца, эн…ргія, кв…таножка, вогн…ўстойлівы, кле…варня, зерн…драбілка, м…дазбор, л…санарыхтоўкі.
2. Правапіс галосных о, э, а, ы.
Ш..птаць, стр…ляць, д…по, ч…рпалка, д…серт, ш…рсцяны, с…рдэчны, р…кардсмен, ш…лясцець, д…віз, т…атр, т…ніс, ш…рэць, ч…мадан, мат…матыка, ц…гляны, г…манлівы, р…жысёр, д…таль, г…луб, …бруч, задр…маць, д…легат, с…кратар, р…дыска, бл…ха, др…жаць, п…літэхнічны, м…тацыкл, інж..нер, ітпрэсары…, ш…равокі, к…раткахвосты, ф…таздымак, т..нкасуконны.
3. Правапіс мяккага знака і апострафа.
Сур…ёзны, інтерв…ю, куп…істы, фел…етон, аб…ектыў, рэл…еф, Іл…я, між…ярусны, л…ецца, вал…ер, прэм…ера, з…ява, Дзям…ян, з…едлівы, ад…ютант, аб…інець, Дар…я, медал…ён, п…еса, шматкроп…е, п…едэстал, надвор…е, мантыл…я, певен…, прос…ба, пал…цы, дз…веры, г, з…вер, будз…це, сядз…це, кіне, жнівен…скі, сляз…мі, кон…мі, мен…ш, ін…шы, салаў…і, шчаў…ё, абаў…ю, інтэрв…ю, кал…е, павіл…н, кан…ён, п…еса, паштал…ён, біл…ярд, з…едліва, кур…ер, разнатраў…е, з…ява, парц…еры.
Лічбавы дыктант
10-ы клас. Тэма: “Лексіка. Значэнне слова. Мнагазначнасць і аманімія”
Заданне. Выберыце словазлучэнні, дзе сустракаюцца словы, ужытыя ў пераносным значэнні.
Жалезная дысцыпліна (1), кіслае малако (2), цёплы позірк (3), бура воплескаў (4), жорсткія ўмовы (5), кіслая глеба (6), кіслая капуста (7), лёс кліча (8), кіслы выраз твару (9), дыханне зямлі (10), новае крэсла (11), залатая восень (12), востры нож (13), крысо пінжака (14), шырокае поле (15), салодкі яблык (16), крылы шчасця (17), жывая думка (18), мяккі характар (19), крывавы пот (20), мяккі голас (21), цвёрдая глеба (22), срэбны пярсцёнак (23), міністэрскае крэсла (24), жорсткія ўмовы (25), людская плынь (26), зялёная трава (27), швейная іголка (28), чорная зайздрасць (29).
Заданне. Вызначце тып пераносу: метафара (1), метанімія (2), сінекдаха (3).
Сумны канец ( ), Еўропа бунтуе ( ), жалезная воля ( ), галава калоны ( ), аўдыторыя прыціхла ( ), віхор вые ( ), ужо спее вішня ( ), золата лёгкаатлетаў ( ), шчаслівы фінал ( ), ключ шыфру ( ), пяць ратоў за сталом ( ), вывучыць Караткевіча ( ), медзь аркестра ( ).
Заданне. Размяжуйце амонімы (1) і мнагазначныя словы (2).
Светлы клас – дружны клас; ( )
бабка Мар’я – смачная бабка; ( )
клуб дыму – спартыўны клуб; ( )
рассадзіць гасцей – рассадзіць памідоры; ( )
аптычны фокус – паказаць фокус; ( )
работа сэрца – навуковая работа; ( )
узяць ноту соль – калійная соль( ).
Заданне. Вызначце від амонімаў: амонімы (1), амаформы (2), амафоны (3), амографы (4).
Тыкаць пальцам – тыкаць старому; ( )
туман над сопкай – пахла сопкай бульбай; ( )
везці на возе – весці малога; ( )
у параднай свіце – у каралеўскай свіце; ( )
прыклад з падручніка – прыклад аўтамата; ( )
стаяў каля ліпкі – ліпкі лісток; ( )
ёд – ёт; ( )
жалезныя краты – сляпыя краты; ( )
творы Коласа – пах коласа; ( )
горкі вопыт – высокія горкі; ( )
На пятым этапе праводжу дыягнастычнае тэсціраванне.
Гэты этап паказвае, на колькі засвоена арфаграма на базавым узроўні. Для гэтага распрацоўваю тэставыя заданні для самастойнага выканання на ўроку з наступнай самаправеркай.
Пры выкананні заданняў вучні могуць карыстацца дапаможнікамі, канспектамі, індывідуальна звяртацца па дапамогу да настаўніка. Пасля выканання задання вучні самастойна правяраюць выкананую работу (самаправерка).
Узоры тэставых заданняў
Тэма “Правапіс галосных е, ё, я”
А1. Адзначце словы, у якіх на месцы пропуску трэба пісаць літару я:
1) м..даль; 4) віц..зь;
2) персп..ктыва; 5) ..равы.
3) дз..журства;
А2. Адзначце словы, у якіх на месцы пропуску трэба пісаць літару е:
1) н.. браў; 4) в..стуны;
2) мул..ць; 5) Ал..ксандр.
3) камюнік..;
А3. Адзначце словы, у якіх на месцы пропуску трэба пісаць літару ё:
1) в…скі; 4) л…даход;
2) л..гкадумны; 5) л…сазавод.
3) л…маторны;
А4. Адзначце словы, якія напісаны ў адпаведнасці з арфаграфічнымі нормамі:
1) радыестанцыя; 4) велікагаловы;
2) зямфорд; 5) збраяносец.
3) заходнерускі;
А5. Адзначце словы, у якіх дапушчаны арфаграфічныя памылкі:
1) мянтуз; 4) балярына;
2) анякдот; 5) цецерукі
3) завезь;
Тэма: Правапіс галосных о, э, а, ы
А1. Адзначце словы, у якіх на месцы пропуску трэба пісаць літару а:
1) свёк..р; 4) вет..ран;
2) фар..ль; 5) сч..рсцвелы.
3) Ш..ўчэнка;
А2. Адзначце словы, у якіх на месцы пропуску трэба пісаць літару э:
1) мен..джмент; 4) с..рвіс;
2) палан..з; 5) сінт..з.
3) экз..мпляр
А3. Адзначце словы, у якіх на месцы пропуску трэба пісаць літару о:
1) тры..; 4) к..клюш;
2) ф..рзац; 5) зап..вет.
3) ф..рс-мажор;
А4. Адзначце словы, у якіх на месцы пропуску трэба пісаць літару ы:
1) фр..кадэлька; 4) р..туал;
2) тр..льяж; 5) р..цэпт.
3) т..днёвы;
А5. Адзначце словы, якія напісаны ў адпаведнасці з арфаграфічнымі нормамі:
1) фатакамера; 4) кровацячэнне
2) бамбасховішча; 5) шэсцьдзясят
3) дрэвасек
Тэма “Правапіс мяккага знака і апострафа”
А1. Адзначце словы, у якіх на месцы пропуску трэба пісаць мяккі знак:
1) загор..е; 4) п..едэстал;
2) Васіл..еў; 5) кан..ён.
3) уз..яднанне;
А2. Адзначце словы, у якіх на месцы пропуску трэба пісаць апостраф:
1) трохбор..е; 4) шыфан..ер;
2) Бразіл..я; 5) ін..екцыя.
3) аб..яднанне;
А3. Азначце словы, у якіх на месцы пропуску не трэба пісаць апостраф:
1) загор..е; 4) п..едэстал;
2) Васіл..еў; 5) кан..ён.
3) уз..яднанне;
А4. Адзначце словы, якія напісаны ў адпаведнасці з арфаграфічнымі нормамі:
1) Чэрвеньскі раён; 4) прынесці;
2) Бразілья; 5) кінься.
3) кудысці
А.5. Адзначце словы, у якіх дапушчаны арфаграфічныя памылкі:
1) здароўе; 4) парц’еры;
2) Лукьянавіч; 5) прэм’ер.
3) шмат’ёмісты;
Тэма: Лексіка. Значэнне слова. Мнагазначныя словы і амонімы.
А1. Адзначце нумары словазлучэнняў, у якіх выдзеленыя словы ўжыты ў пераносным значэнні.
1) востры боль;
2) зялёны яблык;
3) часаць языком;
4) марскі воўк;
5) пілаваць дровы.
А2. Адзначце словазлучэнні, у якіх ёсць метафара:
1) перачытаць Коласа;
2) плакала лета;
3) сабралі сліву;
4) раніца спявала;
5) хвост чаргі.
А3. Адзначце словазлучэнні, дзе ёсць словы, перанос значэння якіх адбыўся на аснове метаніміі:
1) медныя валасы;
2) удалы пераклад;
3) чытаць Купалу;
4) кучаравы воблакі;
5) школа выйшла
А4. Адзначце словазлучэнні, дзе ёсць словы, перанос значэння якіх адбыўся на аснове сінекдахі:
1) носік чайніка;
2) тчэцца ўзор;
3) у статку сто галоў;
4) заваявалі золата;
5) зарабіў сваю капейку.
В1. Устанавіце адпаведнасць паміж словазлучэннямі і іх характарыстыкай. Адказ запішыце па ўзоры (А1Б3В2)
А |
жалезная воля |
1 |
метанімія |
Б |
клас прыціх |
2 |
метафара |
В |
сто галоў у статку |
3 |
сінекдаха |
На гэтым жа этапе адбываецца дыферэнцыяцыя вучняў на дзве групы: групу карэкцыі і групу паглыблення.
Дыферэнцыяцыя класа на рознаўзроўневыя групы
Пасля правядзення дыферэнцыяцыі работа ідзе па групах. Работу з вучнямі групы паглыблення арганізую, улічваючы пажаданні вучняў. Група паглыблення дзеліцца на дзве падгрупы: падтрымкі (задача якой – дапамагчы вучням з групы карэкцыі дасягнуць поўнага засваення вучэбнай адзінкі) і падгрупу развіцця (якая працуе над удасканаленнем і паглыбленнем ведаў па вучэбнай адзінцы).
Вучні групы паглыблення працуюць самастойна па прапанаваных настаўнікам заданнях ці могуць выбраць іншы від работы на свой погляд.
На гэтым этапе я прапаную вучням наступныя формы работы.
На развіццё назіральнасці: “Злаві памылку”, “Карэктар”, “Рэшата”.
На развіццё творчых здольнасцей: прыём “Аратар”.
За адну хвіліну пераканайце суседа па парце, што вывучэнне гэтай тэмы жыццёва неабходна.
Заданні.
– Скласці міні-тэкст з выкарыстаннем слоў па дадзенай тэме.
– Апісанне карціны ці фотаздымка па апорных словах.
– Напісаць эсэ, ліст.
Заданні на развіццё інтэлектуальных здольнасцей і папаўненне слоўнікавага запасу: “Што гэта за слова?”, “Пазнайце па апісанні”, “Хто хутчэй?”
Большую ўвагу я ўдзяляю групе карэкцыі. Задача карэкцыйна-развіццёвых заняткаў – забяспечыць засваенне абавязковага ўзроўню ўсімі вучнямі як асновы для дыферэнцяцыі ў навучанні.
Заняткі праводжу наступным чынам:
1. Праводзім аналіз і класіфікацыю памылак.
2. Паўтараем на якасна новым узроўні правілы тых раздзелаў вучэбнай адзінкі, якія засталіся не засвоенымі.
На гэтым этапе выкарыстоўваю наступныя віды работы:
– праца з дадатковай літаратурай.
– паўторнае тлумачэнне матэрыялу настаўнікам ці кансультантам з групы падтрымкі.
Затым арганізоўваю працу па замацаванні. Вучні працуюць з індывідуальнымі карткамі. Віды заданняў могуць быць рознымі:
1. Прывесці па 5 прыкладаў на дапушчаныя памылкі.
2. Знайсці ў тэксце словы на дапушчаную памылку.
Пасля выканання задання вучні прыступаюць да рашэння паўторнага дыягнастычна тэста. Паўторна рашаюцца толькі тыя заданні, дзе былі дапушчаны памылкі. Пры адсутнасці памылак вучні прыступаюць да выканання заданняў групы паглыблення.
Неабходна адзначыць, што настаўнік павінен абавязкова весці ўлік асноўных цяжкасцей вучняў. Для гэтага можна выкарыстаць спецыяльны сшытак з табліцай
Картка ўліку асноўных цяжкасцей вучняў
Прозвішча і імя вучня __________
Тэма |
Прабелы ў ведах |
Індывідуальныя заданні |
Заўвагі |
|
|
|
|
6-ы і 7-ы этапы звычайна аб’ядноўваю, таму што заданні на гэтым этапе падобныя. Іх галоўная задача – праверка якасці ўзроўню сфарміраванасці ведаў, умення, навыкаў па тэме. Таму на этапе прамежкавага кантролю заданні павінны быць невялікія па аб’ёме, для таго, каб вучань мог хутка і дакладна праверыць свае веды і прааналізаваць памылкі, калі яны ёсць.
На гэтым этапе можна прымяняць такія віды працы, як папераджальны і лічбавы дыктант ці прыём “Рэшата”.
На этапе выніковага кантролю вучні выконваюць абавязковую тэставую ці рознаўзроўневую выніковую работу: абавязковы ўзровень і паглыблены.
Адзнакі за выніковую работу выстаўляюцца ўсім вучням. Вучні, які выконваюць заданні абавязковага ўзроўню тэставай работы атрымліваюць адзнаку 7–8 балаў. Вучні, які выконваюць заданні паглыбленага ўзроўню – адзнаку 9–10 балаў.
Такі падыход да ацэньвання вынікаў работ яшчэ больш узмацняе эфектыўнасць дыферэнцыраванага навучання, таму што вучань мае права выбару не толькі ўзроўню засваення, але і ўзроўню справаздачы дасягнутых вынікаў.
Асобна неабходна сказаць пра сістэму кантролю і ацэньвання вучняў. На першых этапах вывучэння вучэбнай адзінкі ацэньванне вучняў ажыццяўляецца на ўзроўні “засвоіў” – “не засвоіў”. Вынік дыягнастычных тэстаў заносяцца ў табліцу ўліку.
Улік вынікаў дыягнастычных тэстаў. Тэма ______________
Прозвішча і імя вучня |
Нумар задання |
Тыповыя памылкі |
Ацэначныя меркаванні |
||||
1 |
2 |
3 |
4 |
5 |
|||
Пятроў П. |
+ |
+ |
+ |
— |
+ |
|
засвоіў |
Сідараў А. |
— |
— |
+ |
— |
+ |
|
не засвоіў |
Дамашняе заданне звычайна таксама дыферэнцыраванае.
Заданне для ўсіх: скласці канспект, кластар ці схему па дадзенай тэме.
– Дастатковы ўзровень. Падрыхтаваць слоўнікавы дыктант ці тэставую работу па тэме ўрока.
– Высокі ўзровень. Творчая работа: напісаць сачыненне, эсэ.
Хочацца адзначыць, што, як і іншыя педагагічныя тэхналогіі, тэхналогія поўнага засваення мае свае станоўчыя і адмоўныя бакі.
Станоўчае |
Адмоўнае |
Рэпрадуктыўная дзейнасць замяняецца пошукавай |
Адсутнасць дыдактычнай базы |
Створаны ўмовы для развіцця творчых здольнасцей вучняў |
Эфектыўнасць у невялікай групе |
Вучні адчуваюць сітуацыю поспеху, пераадолены страх няўдачы |
Вялікая падрыхтоўчая работа настаўніка па распрацоўцы дыягнастычных тэстаў, лістоў паўторнага кантролю |
Дыферэнцыяцыя дазваляе вучням працаваць на сваім узроўні |
|
Ствараюцца ўмовы для развіцця самастойнай працы |
|
Фарміруецца ўменне працаваць з некалькімі крыніцамі інфармацыі |
|
Працаваць поўнасцю па тэхналогіі поўнага засваення ведаў не атрымліваецца па розных прычынах. Найперш гэта абмежаванне часам. Таму я выкарыстоўваю на ўроках толькі элементы тэхналогіі. Тым не менш вынікі працы мяне радуюць. Вучні сталі больш сур’ёзна адносіцца да сваёй працы, сталі больш самастойнымі, навучыліся аналізаваць свае поспехі і няўдачы.