Шлях сялянскага сына з вёскі Нізок да вяршынь літаратурнага алімпу. Жыццё і творчасць К.Крапівы, 10-ы клас

- 13:25II И III СТУПЕНИ, БЕЛАРУСКАЯ МОВА І ЛІТАРАТУРА, Беларуская мова і літаратура. Сцэнарыі

Знаёмства вучняў з жыццём і творчасцю Крапівы, папаўненне аб’ёма ведаў цікавым змястоўным матэрыялам, які пашырыць уяўленне вучняў пра творчую асобу.

Валянціна БАРАВАЯ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Сярэдняя школа № 16 г. Полацка”,
Віцебская вобласць

 

 

Мэта і задачы ўрока:

– не толькі пазнаёміць вучняў з жыццём і творчасцю Крапівы, а дапоўніць аб’ём ведаў, пазначаны праграмай, цікавым змястоўным матэрыялам, які пашырыць уяўленне вучняў пра творчую асобу;
– вызначыць фактары, якія развівалі творчыя здольнасці пісьменніка і яго індывідуальнасць;
– развіваць уменні атрымліваць і асэнсоўваць інфармацыю з розных крыніц;
– развіваць камунікатыўна-маўленчыя кампетэнцыі;
– фарміраваць уменні самастойнай работы;
– выхоўваць адказнасць за выбар жыццёвай пазіцыі.

Абсталяванне: партрэт К.Крапівы, кніжная выстава, эсэ-ўспаміны, фотаздымкі з сямейнага архіва, загадкі “ад дзеда Кандрата”, афарызмы, падручнік для 10-га класа.

Тып урока: агляд.

Формы работы: індывідуальная, калектыўная; прыёмы візуалізацыі: воблакі тэгаў, кросенс па тэме “Байкі”, элементы крытычнай тэхналогіі, сінквейн.

Эпіграф: “Творчасць пісьменніка ўвайшла ў гісторыю нашай вялікай тэатральнай культуры, з’явілася школай мастацкага майстэрства” (А.Карняйчук, драматург).

 

Ход урока

I Арганізацыйны момант

II Мэтавызначэнне

Мілыя, шаноўныя сябры!
Пачынаем новы наш урок.
Мы, літара́тары школьнае сям’і,
У свет сатыры зробім крок.
Творчасць Крапівы ацэнім ураз!
Слова цёплае пра яго мы скажам
Скажа наш дзясяты клас.
Афарызмы з баек мы ўспомнім
Слова мастака ацэнім мы не раз.
Прапануем вам загадкі-жарты.
Усім цікава будзе працаваць,
Бо літаратура захапіла нас нарэшце.
Будзем усе разам веды набываць.
А пачнём урок мы свой з усмешкі.

– Што вы можаце сказаць на аснове верша? Чым будзем займацца на ўроку? Якая яго мэта? Якія задачы ўрока?

 

III Асноўны этап

Запрашаем мы на свята
Да дзядулі, да Кандрата!
Ну, а хата ў Кандрата
Смехам, жартамі багата.

– Кажуць, людзей пазнаюць ці па гаворцы, ці па адзежы, хто якую носіць. А што вы можаце сказаць пра Кандрата Крапіву па партрэце? (Высокага росту, мудры, умее слухаць і чуць, творчы, пільны (вока пільнае ў яго), задуменны, суровы, багатая тэматыка творчасці, агеньчык смеху (вось-вось нешта вырвецца з яго вуснаў: “сцеражыцеся, падхалімы, шарлатаны!”, інтэлігентны, сціплы).

– Давайце прадставім яго як афіцыйную асобу. Ён хто? (Герой Сацыялістычнай Працы, народны пісьменнік Беларусі, сатырык, байкапісец, драматург, доктар філалагічных навук, акадэмік Акадэміі навук БССР, перакладчык).

– Назавіце фактары, якія развівалі творчыя здольнасці пісьменніка.

а) перад вамі воблакі-тэгі. Расшыфруйце іх.

Вучні расшыфроўваюць воблакі тэгаў, прыводзяць розныя факты з  біяграфіі пісьменніка і другіх крыніц.

– А зараз давайце паслухаем верш “Крапіва”, дзе пісьменнік тлумачыць напрамак сваёй дзейнасці. Чаму ўзяў такі псеўданім “Крапіва”? (Чытае на памяць настаўнік, а вучні адказваюць).

– З чаго пачынаў сваю літаратурную дзейнасць пісьменнік? (Байкі, сатырычныя вершы).

б) аднаму з вучняў было дадзена заданне: пабудаваць кросенс па тэме “Байкі”. Зараз давайце ўсе разам паспрабуем расшыфраваць яго.

Байка

Тэматыка

1922

Афарызмы

1925

в) што дапамагло Крапіве стаць вядомым байкапісцам?

(Прыкладныя адказы вучняў: выдатнае валоданне аўтарам народнай смехавой культурай, роднай беларускай мовай, добрае веданне традыцый сусветнай літаратуры ў стварэнні байкі, багаты жыццёвы вопыт (вясковы, вайсковы, настаўніцкі, літаратурны) і страснае жаданне перайначыць на новы лад скаванае вечным страхам жыццё сваіх землякоў. Яго байкі сталі беларускай літаратурнай класікай).

 

IV Хвілінка адпачынку

Падрыхтаваны вучань падрыхтаваў загадкі ад дзеда Кандрата.

Крыху гісторыі. Праўнучка Варвара вельмі любіла свайго прадзеда, шмат гуляла з ім у розныя гульні. К.Крапіва прыдумваў для Варвары гульні са словамі, у тым ліку і загадкі. У 90 гадоў ён напісаў кнігу “Загадкі дзеда Кандрата”. А цяпер вы паспрабуйце адгадаць. (чытае вучаніца, дзеці адгадваюць).

Чуйце, хлопчыкі, дзяўчаткі!
Прапаную вам загадкі
Для гульні цікавай, новай —
Трэніроўкі разумовай.
Як з людзьмі гамонім мы,
Чуюцца амонімы —
Словы двухаблічныя,
Не для ўсіх прывычныя.
Як іх разгадаеце,
Вестачку мне дайце —
Я сардэчна буду рад.
З прывітаннем,
Дзед Кандрат

Галава

Кожны з нас,
Хто жыве,
Мае па галаве.
А бывала ж яна
І на горад адна.

Галава І – галава чалавека
Галава ІІ – гарадскі галава ў дарэвалюцыйнай Расіі.

Корань
Глядзі ў корань
Як рыдлёўку я прыдбаю,
Корань дрэва адкапаю,
А вось іншы каб здабыць,
Трэба ўжо вучоным быць.
І не трэба тут рыдлёўка –
Хопіць простага алоўка.

Корань І – падземная частка расліны.
Корань ІІ – велічыня, якая пры ўзвядзенні ў пэўную ступень дае патрэбны лік у матэматыцы.

Соль

Ужываю я дзве солі,
Калі гэта мне да месца:
Без адной я – невясёлы,
Без дугой – абед не есца.

Соль І – нота. Пяты гук музычнай гамы.
Соль ІІ – сталовая соль.

 

Каса

Я касой траву кашу
У зялёным лузе.
А другую я нашу
Пастаянна ў пузе.
Трэцюю, я вам скажу,
Носіць мая дочка,
На чацвёртай я ляжу –
Грэюся ў пясочку.

Каса І – сельскагаспадарчыя прылады.
Каса ІІ – падстраўнікавая залоза, селязёнка.
Каса ІІІ – жаночая прычоска.
Каса ІVвузкая, доўгая мель, звычайна пясчаная.

Сумка

Калі я ў магазін іду,
Заўсёды сумкі дзве са мной.
Прадукты я ў адну кладу,
Але другую, не такую,
Я ўжо ніяк не напакую:
Яна схавана за сцяной.

Сумка І – гаспадарчая сумка.
Сумка ІІ – сардэчная сумка (у анатоміі).

Цыганка

Мне цыганка варажыла –
Выцягала з мяне жылы.
Потым я сядзеў на ганку –
З апетытам еў “цыганку.

Цыганка І – жанчына цыганскай народнасці.
Цыганка ІІ – гатунак яблыкаў.

– Якія творы Кандрата Крапівы, апрача баек, увайшлі ў залаты фонд нашай літаратуры? (Адказы вучняў).

– Памёр К.Крапіва на 95-м годзе жыцця – у студзені 1991 года. Як ушанавана памяць пра выдатнага сатырыка? (Аповед вучня, дэманстрацыя фотаздымкаў).

 

 

Эсэ-ўспаміны пра Крапіву. Што думаюць навукоўцы і калегі пра пісьменніка (Вучань падрыхтаваў брашуру “Эсэ-ўспаміны пра Крапіву”.

 

 

V Падвядзенне вынікаў урока

– К.Крапіва – адзін з буйнейшых прадстаўнікоў беларускай літаратуры. Выдатны мастак слова, які каля сямідзесяці гадоў працаваў на ніве мастацкай літаратуры. Яго сатырычныя творы атрымалі шырокае прызнанне не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі. Творчасць К.Крапівы з’явілася школай мастацкага майстэрства. Яго афарызмы разляцеліся па ўсім свеце (на дошцы. Дзеці па чарзе зачытваюць і адгадваюць, з якой байкі.)

 

VI Рэфлексія

Сінквейн.

                          К.Крапіва

                   Мудры, таленавіты

                Высмейваў, ваяваў, распрацоўваў

           Шырокая, разнастайная грамадская дзейнасць

                         Сатырык

VII Выстаўленне адзнак за ўрок

VIII Дамашняе заданне

Прачытаць камедыю “Хто смяецца апошнім?”. Актуальнасць праблем, узнятых у камедыі. Сюжэтная аснова камедыі. Канфлік у п’есе.

Падрыхтаваць рабочыя аркушы сатырычных вобразаў Гарлахвацкага і Зёлкіна.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий