Транспарт. Канспект занятку па адукацыйнай галіне “Дзіця і грамадства” у старшай групе

- 11:30ДОШКОЛЬНОЕ ОБРАЗОВАНИЕ, Дошкольное образование. Сценарии, Методичка

У матэрыяле прадстаўлены канспект выніковага занятку па тэме “Транспарт” з мэтай пашырэння ўяўленняў пра віды транспарту з выкарыстаннем дыдактычных гульняў, праблемных сітуацый.

 

Наталля ЕРМАКОВІЧ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі,
ДУА “Навадворскі дзіцячы сад Свіслацкага раёна”,
Гродзенская вобласць

 

Праграмныя задачы:

– пазнаёміць дзяцей з гісторыяй узнікнення і ўдасканалення транспарту, з яго назначэннем і выкарыстаннем;
– замацаваць веды пра віды транспарту, класіфікаваць транспарт – наземны, водны і паветраны – па агульнай прымеце (месца перамяшчэння);
– актывізаваць слоўнік дзяцей словамі-назвамі транспартных сродкаў, прафесій людзей, якія ўпраўляюць транспартам;
– вучыць утвараць і замацоўваць у актыўным слоўніку дзяцей абагульняючыя паняцці (“наземны транспарт”, “падземны транспарт”, “паветраны транспарт”, “водны транспарт”, “спецыяльны транспарт”);
– прадоўжыць вучыць вымаўляць правільна словы, выгаворваючы гукі;
– развіваць мову як сродак зносін, увагу, памяць, мысленне, уяўленне, дробную маторыку;
– выхоўваць павагу да людзей, якія працуюць на транспарце.

Абсталяванне: мячык, цацачны транспарт, прадметныя карцінкі з выявамі відаў транспарту, канверты з заданнямі, разрэзаныя карцінкі.

 

Ход занятку

1 Арганізацыйны момант. Стварэнне добразычлівай атмасферы

Прыём “Добры дзень мне”. (Дзеці з выхавальнікам становяцца ў круг)

Выхавальнік. 

Добры дзень мне! (Указаць рукамі на сябе)
Добры дзень табе! (Указаць рукамі на суседа)

Добры дзень нам і ўсім нашым сябрам! (Рукі разводзяць у
бакі, указваючы на ўсіх навокал)
Хутка час наш прабяжыць,

Трэба ім нам даражыць.
Будзем добра працаваць,
Будзем веды набываць.

Прысядзьце, рабяты. Што вы бачыце на маім стале? (Пералічваюць транспарт, які бачаць на стале)

Гэта таксама машынка? (Ровар, карабель, верталёт)

Як назавём адным словам? (Транспарт)

Правільна – транспарт. Сёння на занятку мы будзем з вамі гаварыць пра транспарт, як ён з’явіўся, успомнім пра віды транспарту, пра прафесіі людзей, якія працуюць на транспарце.

Як вы думаеце, ці заўсёды быў у чалавека транспарт? (Не заўсёды)

Як жа ён перамяшчаўся? (Нагамі)

Чалавеку трэба было пераносіць розныя грузы, было цяжка і ён падумаў: было б някепска, калі б яму хтосьці дапамагаў бы. І вырашыў чалавек да дапамогі прыцягнуць хатнюю жывёлу. Дапамагаць сталі вослікі (карцінка). Вярблюд стаў транспартам для чалавека (карцінка). Ёсць краіны, у якіх транспартам служыў слон. Уявіце, як слана трэба карміць, каб трымаць яго ў гаспадарцы (карцінка).

Транспартам пачалі служыць коні (карцінка).

Але чалавек разумеў, што ён хоча перамяшчацца на больш дальнія адлегласці, напрыклад, па рэках. І прыдумаў чалавек паруснік, які стаў перамяшчацца па вадзе, але лодка плыла туды, куды дуў вецер, а яму можа туды не трэба плыць.

Дыхальная гімнастыка “Вецер надзімае ветразі”

Вазьміце сурвэткі і падуйце на іх у левы бок, у правы бок, наперад. Так і чалавек па вадзе на лодцы плыў туды, куды падуе вецер (Прапанаваць паспрабаваць розную сілу ветру – дыхання).

Чалавек хацеў перамяшчацца яшчэ і па сушы. І тады адным з самых першых “транспартаў” стаў паветраны шар, але ён таксама рухаўся туды, куды дуў вецер.

І толькі тады чалавек зразумеў, што яму трэба вынайсці рухавік. Першы рухавік, які прыдумаў чалавек, працаваў на дровах, ён моцна капціў, яго паставілі ў машыну, якая рухалася па рэйках – і гэта быў паравоз (карцінка).

Але рэйкі не ўсюды можна было пралажыць, і чалавек паставіў рухавік на звычайныя калёсы. Так з’явіўся першы аўтамабіль (карцінка).

Дзеці, як вы думаеце, ён быў зручны? (Не).

Там было мала месца. У машыне мог памясціцца толькі вадзіцель. Маму, тата не пасадзіш. А пойдзе снег, дождж – вадзіцель прамокне.

Рухавік перарабілі, удасканалілі і паставілі на планёр (безматорны лятальны апарат, падобны на самалёт), чалавек пабудаваў першы самалёт (карцінка).

А пазней з’явіліся ракеты, падводныя лодкі, метро і многа другіх відаў транспарту (карцінкі).

Гульня “Назавіце від транспарту”

Дзеці з выхавальнікам становяцца ў кола, перадаюць адно аднаму мяч, называюць від транспарту. (Трамвай, тралейбус, аўтобус, матацыкл, самалёт, верталёт, ровар).

Дыдактычная гульня “Размясці па відах транспарт”

Выхавальнік паказвае дзецям ілюстрацыі, размешчаныя ў разнабой на стале. Дзецям патрэбна размеркаваць іх па групах у залежнасці ад таго, як перамяшчаецца транспарт.

Існуе транспарт наземны, падземны, водны, паветраны.

Што значыць наземны транспарт? (Перавозіць пасажыраў і грузы па зямлі)

Назавіце і знайдзіце наземны транспарт і аднясіце яго правільна з адпаведнай ілюстрацыяй (Дзеці працуюць самастойна, называюць від транспарту.)

Што значыць падземны транспарт? (Перавозіць пасажыраў пад зямлёй метро.)

Гэта вельмі хуткі транспарт, які перавозіць многа пасажыраў. У якім горадзе Беларусі ёсць метро? (У Мінску.)

Што значыць водны транспарт? (Перавозіць пасажыраў і грузы па вадзе.)

Назавіце водны транспарт і суаднясіце з адпаведнай ілюстрацыяй.

Што значыць паветраны транспарт? (Перавозіць пасажыраў і грузы па паветры.)

Назавіце паветраны  транспарт і суаднясіце з адпаведнай ілюстрацыяй.

Фізхвілінка “Шафёр”

Рукі ставім мы ўразлёт –
Атрымаўся самалёт.
Хутка ён наперад ляціць,
Сонейка нас весяліць.
(Расставіць рукі ў бакі, ісці па крузе)
За дымком, за свістком,
Вагоны бегаюць гуськом.
(Ідуць па крузе, рукамі робім кругавыя рухі
і вымаўляем чух-чух-чух)

Качу, лячу ва ўвесь апор,
Я сам – шафёр, і сам – матор.
Націскаю на педаль –
І машына мчыцца ў даль.
(Бяжым па крузе, круцім “руль”)

Праблемная сітуацыя “Хвілінка-віктарынка”

Здагадайцеся, пра які від транспарту гаворыцца, і выстаўце яго на магнітнай дошцы.

Гэта машына дапамагае тушыць пажары? (Пажарная машына)

На гэтай машыне перавозяць хворых людзей. (Машына хуткай дапамогі)

Гэта машына дапамагае патруляваць дарогі і лавіць злачынцаў? (Міліцэйская машына)

Гэта машына дапамагае людзям, калі адчулі запах газа. (Аварыйная

газавая машына)

Як можна назваць гэты транспарт? (Транспарт спецыяльнага прызначэння)

А вы ведаеце, па якім нумары трэба вызываць хуткую дапамогу (пажарных, міліцыю)?

Гутарка пра прафесіі

Хто ўпраўляе транспартам? (Чалавек)

У чалавек ёсць прафесія (у залежнасці ад таго, якім транспартам ён упраўляе). Вам трэба суаднесці назву прафесіі з карцінкай, на якой адлюстраваны чалавек адпаведнай прафесіі.

Хто ўпраўляе самалётам? (Лётчык)
Хто ўпраўляе машынай? (Шафёр, вадзіцель)
Хто ўпраўляе ракетай? (Касманаўт)
Хто ўпраўляе параходам? (Капітан)

Хто ўпраўляе верталётам? (Лётчык)
Хто ўпраўляе аўтобусам? (Шафёр)
Хто ўпраўляе цягніком? (Машыніст)

Хто ўпраўляе параходам? (Капітан)
Хто ўпраўляе матацыклам? (Матацыкліст)
Хто ўпраўляе веласіпедам? (Веласіпедыст)

Дзеці, як трэба адносіцца да людзей, якія працуюць на транспарце? (З павагай, не адцягваць увагу ў час руху)

Гульня “Чацвёрты лішні”

Выберы і назаві лішні прадмет. Растлумач свой выбар. (Праца ў парах па карцінках з канвертаў).

– аўтамабіль, трамвай, аўтобус, карабель (карабель)
– параход, лодка, самалёт, паруснік (самалёт)
– самалёт, верталёт, ракета, ровар (ровар)
– метро, пажарная машына, экскаватар, асфальтавы каток (метро)
– верталёт, паветраны шар, трактар, самалёт (трактар)
– самазвал, грузавік, тралейбус, падводная лодка (падводная лодка)
– самалёт, аўтамабіль, матацыкл, аўтобус (самалёт)

– хуткая дапамога, міліцыя, пажарная машына, цягнік (цягнік)

Дыдактычная гульня “Парамантуй машыну”.

Як называецца прафесія чалавека, які рамантуе мышыны? (Аўтамеханік)

Уявіце сябе на хвілінку аўтамеханікамі, парамантуйце машыны, якія зламаліся. (Раздаць карцінкі з разрэзанымі выявамі відаў транспарту, дзеці складваюць).

Імя дзіцяці, назаві транспарт, які ты парамантавала? (Кожны называе)

Падвядзенне выніку занятку

Пра што мы сёння гаварылі на занятку?
Для чаго патрэбны транспарт?
Якія віды транспарту бываюць?
Які транспарт самы хуткі?
Вам спадабаўся занятак? Што найбольш спадабалася?
Вы малайцы, з усімі заданнямі справіліся, таму заслугоўваеце апладысментаў.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий