Нашы лепшыя сябры. Інтэграваны занятак па адукацыйных галінах “Дзіця і грамадства” і “Выяўленчае мастацтва” для дзяцей старшай групы (5–6 гадоў)

- 9:09ДОШКОЛЬНОЕ ОБРАЗОВАНИЕ, Дошкольное образование. Сценарии, Методичка

Юлія КАРОЛЬ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Лунненскі дзіцячы сад” Мастоўскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

Праграмныя задачы:

– абагаціць веды дзяцей пра прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (вырабы з гліны, саломы, ільну, дрэва);
– фарміраваць уяўленне пра гісторыю стварэння беларускай цацкі, яе асаблівасці і прызначэнне;
– замацоўваць уменні ствараць дэкаратыўныя малюнкі, выкарыстоўваючы розныя прыёмы малявання;
– развіваць слыхавое і зрокавае ўспрыманне, мысленне, творчае ўяўленне, эстэтычны густ;
– выхоўваць павагу да культурных каштоўнасцей беларускага народу, беражлівыя адносіны да цацак.

Матэрыял і абсталяванне: прадметна-гульнявое асяроддзе для правядзення кірмашу; набор беларускіх цацак з гліны, саломы, ільну, дрэва; мультымедыйная прэзентацыя; слядкі для гульні “Міхасік”; дошка; фігуркі гліняных жывёл, фарбы, пэндзлікі, шклянкі з вадой.

Прэзентацыя: https://docs.google.com/presentation/d/14AoCm1Xj588YpMpMlOJ-9J09QW2FFp3V/edit?usp=sharing&ouid=118248151997275522254&rtpof=true&sd=true

Папярэдняя работа: чытанне твораў пра беларускія цацкі; гутаркі пра Беларусь, яе жыхароў, пра цацкі; наведванне беларускага этнаграфічнага кутка дашкольнай установы адукацыі з мэтай знаёмства з бытам селяніна; разгляданне малюнкаў беларускай цацкі; разгляданне і апісанне беларускай цацкі; складанне ўзораў з элементаў беларускага арнаменту.

 

Ход занятку

Выхавальнік.

Давайце ўсмешку падорым сябрам,
Дзяўчынкам, хлапчынам і нашым гасцям.
Усіх, усіх, хто гатоў не ленавацца,
Добра справамі займацца
І не траціць марна час,
Запрашаю на кірмаш! (Слайд 1)

Ці ведаеце вы, што такое “кірмаш”? (Адказы дзяцей) Давайце разгледзім, чым гандлююць на кірмашы? Паглядзіце, тут:

Лялькі, свісцёлкі, цацкі для дзетак,
Круцёлкі, вяртушкі, гаршчочкі для кветак.

Можа, хто-небудзь з вас ведае, як называюць людзей, якія гандлююць на кірмашы? (Адказы дзяцей).

Падыдзіце, калі ласка, сюды (падвесці дзяцей да лаўкі, на якой размешчаны цацкі з гліны) Чым гандлююць тут? (Цацкамі).

Ці падобныя цацкі, якімі тут гандлююць на тыя цацкі, з якімі мы з вамі гуляем зараз? (Не).

Так, гэтыя цацкі зусім не падобныя на сучасныя. Дарослыя рабілі для сваіх дзяцей цацкі з прыродных матэрыялаў, або з таго, што было дазволена ў гульню: ніці, дрэва, салома, лён, гліна.

Як вы думаеце, для чаго патрэбна цацка? (Адказы дзяцей).

Сёння я запрасіла павандраваць з намі па кірмашы сваю сяброўку. Давайце з ёю павітаемся (Слайд 2).

Лялька-Беларусачка. Добрай раніцы, дзеці. (Дзеці вітаюцца). Я – Лялька-Беларусачка. Буду сёння з вамі вандраваць і дапамагу вам даведацца, з чаго і як ствараліся беларускія народныя цацкі і іншыя прадметы быту беларусаў.

Выхавальнік. Лялька-Беларусачка, паглядзі, якімі цікавымі цацкамі гандлююць тут. Дзеці, з якога матэрыялу зроблены гэтыя цацкі? (З гліны).

Хто мог зрабіць такія цацкі? (Майстар).

Ці пазналі вы жывёл у фігурках, якія зрабіў майстар? (Дзеці называюць жывёл). Як вы думаеце, дзе ж бяруць гліну? (З зямлі). А што скажаш нам ты, Лялька-Беларусачка?

Лялька-Беларусачка (Слайд 3). У Беларусі гліна выкарыстоўвалася для вырабу посуду. Майстры выраблялі з гліны такі посуд, што нават самая звычайная ежа ў ім здавалася вельмі смачнай, а простая вада станавілася чароўнай – жывой вадой. А калі заставаліся невялікія кавалачкі гліны, то майстры выраблялі з іх цацкі. Гліняныя посуд і цацкі вырабляліся ў спецыяльных майстэрнях (Слайд 4, запіс 1). А яшчэ людзі прыкмецілі, што прадметы зробленыя з гліны могуць выдаваць прыгожыя музычныя гукі, таму з яе робяць званочкі і цацкі-свістулькі. Знайдзіце іх сярод гліняных цацак. (Дзеці знаходзяць цацкі-свістулькі сярод гліняных цацак).

Выхавальнік. Чаму гэтыя цацкі называюць “свістулькамі”? (Бо яны свішчуць).

Давайце паслухаем, як свішчуць цацкі – свістулькі (Слайд 4, запіс 2).

Слуханне гукаў цацак.

Гульня “Пазнай голас свістулькі” (Слайд 5)

Сярод музычных гукаў пазнайце гук свістулькі і хлопніце ў далоні.

А зараз падыдзіце сюды і паглядзіце, якімі рэчамі гандлююць тут. (Дзеці падыходзяць да лаўкі з рэчамі створанымі з саломы).

З чаго зроблены гэтыя рэчы? (З саломы).

Дзе можна было ўзяць салому? (У полі).

Лялька-Беларусачка (Слайд 6). З даўніх часоў, калі людзі навучыліся вырошчваць хлеб, прыйшло да нас адно з рамёстваў – саломапляценне. Пасля жніва саломы было шмат (Слайд 7). Ёю падсцілалі і кармілі хатніх жывёл, ёю накрывалі дах хаты. Салома апранала і абувала людзей, з яе рабілі посуд і цацкі. Дзеці, паглядзіце, ці ёсць тут цацкі, зробленыя з саломы? Якія? (Адказы дзяцей).

Чуецца музыка, на кірмашы з’яўляецца Міхасік (Слайд 8).

Міхасік. Дзень добры! Ці пазналі вы мяне? Так, я Міхасік. Што ж за кірмаш без смеху, без гульні? Прынёс я вам чароўны мяшочак і лапці. Запрашаю вас на гульні, каб павесяліцца: тут і спрыт і лоўкасць вельмі спатрэбіцца. (Міхасік дастае лапці і дзеці гуляюць у гульню “Міхасік”).

Рухавая гульня “Міхасік”

Ты, Міхасік, не зявай!
Хутчэй лапці абувай!

Дзеці ходзяць вакол лапцей пад музыку, калі музыка заканчваецца, дзеці павінны паспець “надзець” лапці.

Выхавальнік. Дзякуй табе, Міхасік, за гульню, але мы спяшаемся паглядзець, чым яшчэ гандлююць на кірмашы.

Дзеці падыходзяць да наступнай лаўкі.

Скажыце, з чаго зробленыя гэтыя прадметы? (З дрэва).

Лялька-Беларусачка (Слайд 9). Я таксама падрыхтавала для вас заданне. Атрымайце пісьмо і адгадайце мае загадкі, а адгадку знайдзіце сярод прадметаў (Слайд 10).

Загадкі:

Пушысты варкоцік,
Лёг на жывоцік,
Лапку пад вушка,
Не трэба падушка. (Коцік)
Люлі, люлі, люлі,
Курачкі паснулі,
А яму не спіцца,
Ранак ён праспаць баіцца. (Пеўнік)
Звер, вядомы ён усім –
І старым, і дзецям:
Футра цёплае на ім,
А завуць … (Мядзведзем)
Навастрыла вушкі,
Пачала ўглядацца
Ці няма спажывы блізка –
Шукае птушку, або зайца
Хітрая …. (Ліска)
Усіх возіць,
А сам пехатою ходзіць. (Конь)

Як можна назваць гэтыя рэчы? (Цацкі). З якога матэрыялу яны зроблены? (З дрэва). Значыць, яны якія? (Драўляныя).

Дзеці падыходзяць да апошняга прылаўка.

А чым гандлююць тут? (Лялькамі). Можа, хто з вас ведае, з якога матэрыялу зроблены лялькі? (Лён). Так, лялькі зроблены з ільну.

Лялька-Беларусачка (Слайд 11). Лён – вельмі папулярны ў Беларусі матэрыял, які выкарыстоўваецца чалавекам з даўніх часоў. З ільну шыюць адзенне, настольніцы, сурвэткі, ручнікі (Слайд 12) і, канечне ж, цацкі. Паглядзіце на мяне – я таксама зроблена з ільну. Раней такія цацкі рабілі нават самі дзеці, упрыгожвалі іх ласкутамі тканіны, стужкамі, кветкамі. Давалі ім імя і гулялі. Давайце і мы пагуляем. Адкажыце, якая цацка лішняя і чаму?

Гульня “Чацвёрты лішні” (Слайды 13–15)

З прапанаваных прадметаў дзіцяці неабходна выбраць лішні. Свой выбар растлумачыць.

Лялька-Беларусачка (Слайд 16). Малайцы, дзеці! Мне вельмі спадабалася вандраваць з вамі па кірмашы і гуляць. Я хачу падараваць вам цацкі. Толькі майстры, якія іх стварылі, не паспелі іх упрыгожыць. Я ведаю, што вы самі зможаце ўпрыгожыць цацкі ўзорам, які прыдумаеце. Вазьміце цацкі. Вяртайцеся ў дзіцячы сад і ўпрыгожвайце іх. А я развітваюся. Да пабачэння.

Выхавальнік. Раз, два – павярніся, у дзіцячым садзе апыніся.

Скажыце, дзеці, дзе мы былі? (На кірмашы). Якімі рэчамі гандлююць на кірмашы? (Цацкамі). Што прынеслі вы з кірмашу? (Цацку). З чаго зроблена ваша цацка? (З гліны). Якімі элементамі ўзору можна ўпрыгожыць вашы цацкі? (Дзеці называюць, выхавальнік выстаўляе ўзор на дошцы). Вы ўсё ведаеце. Давайце ўпрыгожваць цацкі, толькі спачатку падрыхтуем ручкі і вочкі і пагуляем у гульні.

Гімнастыка для рук (па выбары дзяцей).

Гульня для вачэй “Я таксама так магу”

Хто, скажыце, зможа, дзеці, паўтарыць рухі гэтыя.

Выхавальнік. Вочкі ўверх я падыму (вочы глядзяць уверх).

Дзеці. Я таксама так магу.

Выхавальнік. Управа, улева павяду (вочы глядзяць управа, потым улева).

Дзеці. Я таксама так магу.

Выхавальнік. І, як птушка, палячу (памаргаць вочкамі).

Дзеці. Я таксама так магу.

Выхавальнік. Зараз імі павярчу (вочы глядзяць па кругу).

Дзеці. Я таксама так магу.

Выхавальнік і дзеці. Усе на свеце я магу.

А цяпер сядайце і крышку папрацуем.

Дзеці сядаюць і ўпрыгожваюць цацкі па задуме.

Выстава работ

Паглядзіце, якія прыгожыя цацкі ў нас атрымаліся. З якога матэрыялу зроблены вашы цацкі? (Адказы дзяцей).

Гульня “Скажы правільна”

Дапоўніце: цацка зробленая з гліны, называецца гліняная; цацка з саломы – …(саламяная); цацка з дрэва – …. (драўляная); цацка з ільну – … (льняная); цацка з гумы – ….. (гумовая); цацка з паперы – …. (папяровая); цацка з пластмасы – …. (пластмасавая).

Скажыце, ці спадабалася вам наша падарожжа на кірмаш? А што цікавага вы даведаліся? Што даведаліся новага? Чаму навучыліся? Што было цяжка? (Адказы дзяцей).

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий