Казка “Коцік, Пеўнік і Лісіца”. Урок чытання ў 2-м класе

- 14:56I СТУПЕНЬ, Методичка, НАЧАЛЬНАЯ ШКОЛА, Начальная школа. Сценарии

На ўроку працягваецца знаёмства з літаратурнай спадчынай беларускага народа на прыкладзе казкі “Коцік, Пеўнік і Лісіца”. Удасканальваецца навык асэнсаванага чытання, выпрацоўваецца беспамылковае, арфаэпічна дакладнае вымаўленне спецыфічных беларускіх гукаў, удакладняецца значэнне адпаведных прыказак і прымавак, выхоўваецца цікавасць да вуснай народнай творчасці.

Наталля ХМЯЛЕЎСКАЯ,
настаўнік пачатковых класаў,
ДУА “Махнавіцкая сярэдняя школа Мазырскага раёна”,
Гомельская вобласць

 

 

Тэма: Казка “Коцік, Пеўнік і Лісіца”.

Мэта: плануецца, што да канца ўрока вучні будуць

ведаць: змест беларускай народнай казкі “Коцік, Пеўнік і Лісіца”;

умець: ацэньваць дзеянні і ўчынкі герояў, выказваць да іх свае адносіны.

Задачы:

– пазнаёміць з беларускай народнай казкай “Коцік, Пеўнік і Лісіца”;

– спрыяць фарміраванню чытацкіх уменняў вызначаць герояў казкі, іх рысы характару на аснове паводзін і ўчынкаў, асноўную думку твора;

– садзейнічаць развіццю ўмення дзяліць твор на сэнсавыя часткі і падрабязна пераказваць па іх частку зместу;

– выхоўваць пачуццё дружбы і ўзаемадапамогі.

Тып урока: урок вывучэння новага матэрыялу.

Абсталяванне: выстаўка кніг беларускіх народных казак; аркушы са словамі; ілюстрацыі да казкі; смайлікі трох колераў для рэфлексіі.

 

Ход урока

I Арганізацыйны этап

– Пачынаць урок, як і любую справу, патрэбна з добрага настрою. Стварыць радасны і дружалюбны настрой дапаможа гульня “Прывітанне”.

Скажам “Добры дзень” рукамі!
Скажам “Добры дзень” вачамі!
Скажам “Добры дзень” нагой!
Скажам “Добры дзень” шчакой!
Скажам “Добры дзень” мы словам!
Скажам “Добры дзень” плячом!
Стала радасна кругом!

 

II Этап праверкі дамашняга задання

Настаўнік дэманструе выставу кніг.

– Якое агульнае слова ў назве гэтых кніг? (Казка.)

– Хто напісаў гэтыя казкі? (Народ.)

– Чаму казка – гэта твор вуснай народнай творчасці? (Казкі складалі таленавітыя людзі з народа і перадавалі ў вуснай форме.)

– Якія беларускія народныя казкі вы ведаеце?

– Якія персанажы найчасцей дзейнічаюць у беларускіх народных казках? (Кот, сабака, заяц, ліса, воўк, мядзведзь.)

– Хто са звяроў у беларускіх народных казках хітры? Баязлівы?

Гульнёвае заданне “Адгадай, хто гэта сказаў”.

– Успомніце, якому казачнаму герою належаць наступныя словы і з якой казкі гэты герой.

1) – Ко-ко-ко, Чубатка, знайшоў зярнятка! (Пеўнік з казкі “Як Курачка Пеўніка ратавала”.)

2) – Што з табою, Пеця? Чаму ты ляжыш і не дыхаеш? (Курачка з казкі “Як Курачка Пеўніка ратавала”.)

3) – У мяне галава большая, дык і розуму ў ёй больш. (Гусак з казкі “Пшанічны каласок”.)

4) – Галава ў цябе вялікая, ды дурная як бот. (Індык з казкі “Пшанічны каласок”.)

5) – Каму слава, таму і булкі. А вы, гультаі, ідзіце прэч адгэтуль! (Курачка з казкі “Пшанічны каласок”.)

Вучні чытаюць казку па ролях.

– Каго з персанажаў казачнік услаўляе? Чаму?

– Хто ў казцы высмейваецца? За што?

 

III Этап моўнай размінкі

На дошцы скорагаворка: “Казаў, расказваў казку, казаў, пераказваў, ды так і не даказаў”.

– Чытанне напаўголасу (гудзенне);

– чытаць як робаты (па складах);

– “паўзём” па словах, як слімакі, прапяваючы галосныя;

– “ляцім” па скорагаворцы, як птушкі (чытаем у хуткім тэмпе).

 

IV Этап падрыхтоўкі вучняў да працы на асноўным этапе

Паведамленне тэмы ўрока

– Адгадайце загадкі і вызначце, хто героі новай казкі, з якой мы пазнаёмімся на ўроку.

Зранку лапкамі ўмыты.
Шэрстка – нібы з аксаміту.
Любіць спінкай выгінацца.
Мышы – страх! – яго баяцца. (Кот.)

Не будзільнік, а праспаць
Гаспадыні ён не дасць.
Прапяе шмат раз: “Пад’ём!”
І ўвесь разбудзіць дом. (Певень.)

Што за гаспадыня
Ходзiць каля гаю.
Залатое футра
Па зямлi цягае? (Лiса.)

– Сёння на ўроку мы пазнаёмімся з казкай … Ой, нешта адбылося. У назве казкі рассыпаліся словы. Што ж нам рабіць? (Скласці са слоў назву казкі.)

– Што атрымалася? Правільна – гэта назва казкі: “Коцік, Пеўнік і Лісіца”. А калі я скажу, што гэту казку прыдумаў беларускі народ, то казка будзе … (беларуская народная).

– Тэма нашага ўрока – “Беларуская народная казка “Коцік, Пеўнік і Лісіца”. Прадоўжыце фразы:

Прачытаць …

Даведацца …

– На ўроку мы прачытаем беларускую народную казку “Коцік, Пеўнік і Лісіца”, пазнаёмімся з галоўнымі героямі і даведаемся, у чым мудрасць гэтай казкі.

 

V Этап засваення новых ведаў і спосабаў дзеянняў

– Па назве казкі і малюнку на с. 95, вызначце, пра што пойдзе размова ў творы. Дзе могуць адбывацца падзеі?

Слоўнікавая работа

Настаўнік прапануе растлумачыць лексічнае значэнне слоў (крупнік, паляванне, гаспадар), злучыць слова з яго тлумачэннем:

крупнік                          уласнік чаго-небудзь, (руск. – хозяин).
паляванне                      крупяны суп.
гаспадар                        лоўля дзікіх звяроў або птушак.

Першаснае чытанне твора

– Зазірнём у чароўны свет казкі “Коцік, Пеўнік і Лісіца”. Паслухаем казку і даведаемся, што здарылася з яе героямі.

Праслухоўванне аўдыязапісу твора

Праверка першаснага ўспрымання тэксту

– Ці спадабалася казка? Чаму?

– Хто з герояў спадабаўся? Чым?

Фізкультхвілінка

Другаснае чытанне твора

Практыкаванні на пераадоленне цяжкасцей пры чытанні.

Вучні хорам чытаюць словы, запісаныя на дошцы ў два слупкі: у першым слупку – разбітыя на склады, у другім – цалкам.

ПАД-СКО-ЧЫ-ЛА                   ПАДСКОЧЫЛА
А-ПА-МЯ-ТАЎ-СЯ                 АПАМЯТАЎСЯ
ВЫ-РА-ТА-ВАЦЬ                    ВЫРАТАВАЦЬ
ПРЫ-ПЯ-ВА-Ю-ЧЫ                ПРЫПЯВАЮЧЫ
ЛІ-СІ-ЦЫ-НЫ                          ЛІСІЦЫНЫ
ЗА-СЛУ-ХА-ЛІ-СЯ                 ЗАСЛУХАЛІСЯ

Вучні чытаюць казку самастойна самі сабе.

Пры паўторным чытанні казкі адпрацоўваюцца розныя віды самастойнага чытання:

– моўчкі ў сваім прывычным тэмпе;

– шэптам з максімальнай хуткасцю, але не дапускаючы памылак;

– шэптам у прывычным тэмпе.

Фізкультхвілінка для вачэй

Праверка другаснага ўспрымання тэксту

– Як жылі Коцік і Пеўнік? (Добра, дружна.)

– Чым займаўся Коцік? Пеўнік? (Коцік на паляванне хадзіў, а Пеўнік абед варыў, хатку падмятаў, песні спяваў.)

– Чаму Пеўнік пусціў Лісіцу ў хатку? (Пеўнік быў добры.)

– Як зваў Пеўнік Коціка на дапамогу? Зачытайце.

– Які наказ даваў Коцік Пеўніку, калі ішоў на паляванне? (Каб не пускаў Лісіцу ў хатку.)

– Колькі разоў выкрадала Лісіца Пеўніка? (Тры разы.)

– З-за чаго Пеўнік увесь час пападаецца ў лапы хітрай Лісіцы? (Быў даверлівы і непаслухмяны.)

– Што прыдумаў Коцік, каб выратаваць Пеўніка ў трэці раз? (Зрабіў скрыпачку.)

– Ці спадабаліся вам учынкі Лісіцы? Як вы ацэньваеце іх?

– Пра што вымушае задумацца казка? (Не патрэбна быць даверлівым і непаслухмяным; патрэбна быць асцярожным.)

 

VI Этап прымянення ведаў і спосабаў дзеянняў

Складанне характарыстыкі герояў

На дошцы малюнкі Лісіцы, Пеўніка і Коціка.

– Выберыце словы для характарыстыкі Лісіцы, Пеўніка і Коціка:

хітрая, спрытная, падманшчыца, даверлівы, добры, няхітры, клапатлівы, надзейны, знаходлівы.

Выразнае чытанне ўрыўка

– Кожнаму з вас, напэўна, спадабаўся які-небудзь фрагмент з казкі. Вам неабходна выразна прачытаць невялікі ўрывак з тэксту і растлумачыць, чаму менавіта ён вам спадабаўся. Для гэтага алоўкам адзначце ў творы словы аўтара (а), Пеўніка (П), Коціка (К), Лісіцы (Л).

– Якія пачуцці, настрой трэба перадаць пры чытанні кожнаму герою.

Чытанне ўрыўка казкі (на выбар) па ролях

Дзяленне казкі на сэнсавыя часткі згодна з прапанаваным планам

– Расстаўце ў казцы пункты плана ў правільнай паслядоўнасці. Знайдзіце і прачытайце, якімі словамі пачынаецца і заканчваецца кожная частка.

План

“Пасяджу трохі, адпачну з дарогі”.
“Пазыч агню”.
“Так і засталася Лісіца ні з чым”.
“Пеўнік, галубок, разумны лабок, дай вугалёк”.

– Падрабязна перакажыце змест казкі паводле атрыманага плана.

Работа ў парах з прыказкамі

– Злучыце пачатак і канец прыказак. Растлумачце іх сэнс.

Без працы                                      не есці пірагоў.
Сябры пазнаюцца                         ў бядзе.  
Усюды добра,                               а дома лепей.
Той не можа быць другам,         хто ў бядзе абыдзе кругам.

Якія прыказкі падыходзяць да зместу казкі “Коцік, Пеўнік і Лісіца”?

Што аб’ядноўвае гэтыя прыказкі? (Прыказкі на тэму дружбы, клопату адзін пра аднаго.)

 

VII Этап абагульнення і сістэматызацыі ведаў

Гульня “Закончы сказ”

– Я буду пачынаць сказ, а прадаўжаць яго будзе той, каму я кіну мяч.

1) Народныя казкі ў большасці пачынаюцца словамі “жылі-былі”. Такі пачатак называецца … зачынам.

2) Заканчваецца твор словамі: “Тут і казцы канец”. Гэта  … канцоўка.

3) Беларуская народная казка “Коцік, Пеўнік і … Лісіца”.

4) Коцік жыў з … Пеўнікам.

5) Пеўнік добры быў і пусціў Лісіцу … ў хатку.

6) Коцік адправіўся на паляванне ў трэці раз … у далёкія лясы.

7) Апамятаўся Пеўнік, закрычаў на ўвесь лес: “Коце, браце! Мяне Ліска нясе ў высокія горы, у глыбокія норы, па барах, па карчах, … аж бярэ мяне страх!”

8) Лісіца загадала дочкам у печы паліць і з Пеўніка … крупнік варыць.

9) Коцік змайстраваў … скрыпачку.

10) Казка “Коцік, Пеўнік і Лісіца” пра моцнае … сяброўства і ўзаемадапамогу.

 

VIII Этап інфармавання пра дамашняе заданне

Падрыхтавацца да чытання па ролях казкі “Коцік, Пеўнік і Лісіца”.

 

IX Этап падвядзення вынікаў урока. Рэфлексія

Гульня “Рэпарцёр”

– Уявіце, што ў клас прыйшоў рэпарцёр. Якія пытанні па прачытаным творы ён мог бы вам задаць? (Ці спадабалася вам казка? Як вы адносіцеся да галоўных герояў казкі? Якую параду вы маглі б даць Пеўніку, Коціку і Лісіцы?)

– Якая галоўная думка казкі “Коцік, Пеўнік і Лісіца”? (Сябры пазнаюцца ў бядзе.)

– У вас на партах ляжаць смайлікі. Якому герою казкі і за што вы хочаце сказаць “дзякуй” і падарыць смайлік?

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий