Пытанні да гульні “Поле цудаў для знатакоў літаратуры” (для падрыхтоўкі навучэнцаў 9–10-х класаў да алімпіяды па беларускай літаратуры)

- 11:42II И III СТУПЕНИ, БЕЛАРУСКАЯ МОВА І ЛІТАРАТУРА, Беларуская мова і літаратура. Пазакласная работа, Методичка, Подготовка к олимпиадам

Распрацоўка ўтрымлівае пытанні, якія падзелены на чатыры групы: “Літаратуразнаўчыя тэрміны”, “Цікавыя факты пра пісьменнікаў”, “Цікавыя факты пра творы”, “Афарызмы пісьменнікаў, цытаты з твораў”.

Таццяна МАРЦЭВІЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Ёдкаўская сярэдняя школа” Лідскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

 

 

Прапаную пытанні для гульні “Поле цудаў для знатакоў літаратуры”, якія дапамогуць вучням падрыхтавацца да алімпіяды па беларускай мове і літаратуры. Распрацоўка ўтрымлівае 166 пытанняў, якія падзелены на чатыры групы: “Літаратуразнаўчыя тэрміны”, “Цікавыя факты пра пісьменнікаў”, “Цікавыя факты пра творы”, “Афарызмы пісьменнікаў, цытаты з твораў”. Гульня дазваляе вучням сістэматызаваць веды па розных тэмах літаратуры, паўтарыць і ў сціслай, займальнай форме засвоіць вялікі аб’ём інфармацыі.

 

Мэты: пашырэнне і паглыбленне ведаў вучняў пра жыццёвы і творчы шлях дзеячаў беларускай літаратуры, іх творы і літаратуразнаўчыя тэрміны, выхаванне пачуцця павагі да мастацкага слова, таленавітых асоб роднага краю.

Абсталяванне: мультыборд з заданнямі; дошка з полем для гульні ў выглядзе клетачак для запісу адгадваемых слоў; ручкі, папера.

Удзельнікі гульні: вучні, якія займаюцца ў алімпіяднай групе па беларускай мове і літаратуры, настаўнік.

Умовы гульні: настаўнік выбірае пытанні з кожнай групы ў залежнасці ад часу, адведзенага на гульню, і задае іх удзельнікам. Вучні па чарзе называюць літару або цэлае слова. Калі слова адгадана, настаўнік загадвае. новае. Перамагае той удзельнік, які адгадаў найбольш слоў.

 

Пытанні да гульні

Літаратуразнаўчыя тэрміны

Узаемасувязь часавых і прасторавых характарыстык з’яў, паказаных у мастацкім творы. (Хранатоп)

Індывідуалізаваны вобраз асобы, рысы якой паўстаюць у творах паэта. (Лірычны герой)

Нечаканая канцоўка твора ў афарыстычнай форме. (Пуант)

Зборнік выбраных твораў аўтара. (Анталогія)

Сюжэтная аснова твора, дзе храналагічна паслядоўна адлюстроўваюцца жыццёвыя падзеі. (Фабула)

Схаванае імя і прозвішча аўтара. (Крыптанім)

Дакладнае ўзнаўленне рукапісу, дакумента, подпісу пры дапамозе фотамеханічнай рэпрадукцыі. (Факсіміле)

Майстэрня па перапісванні рукапісаў у манастырах. (Скрыпторый)

Кніжны знак, невялікая мастацкая наклейка на ўнутраным баку вокладкі з імем уладальніка. (Экслібрыс)

Унутраны, прыхаваны сэнс якога-небудзь тэксту, выказвання. (Падтэкст)

Пaдpaбязнacць лiтapaтypнaгa твopa, якaя з acaблiвaй ciлaю aбyджae ўяўлeннe i твopчyю дyмкy чытaчa, няce знaчнyю iдэйнa-эмaцыянaльнyю i cэнcaвyю нaгpyзкy. (Мастацкая дэталь)

Надзённы мастацка-публіцыстычны сатырычны твор, у якім выкрываюцца хібы грамадскага жыцця. (Памфлет)

Прыём, пры якім дзве чым-небудзь падобныя ці процілеглыя з’явы або два вобразы раскрываюцца ў супастаўленні, паралельна, у выглядзе разгорнутага параўнання. (Паралелізм)

Выраз, які з’яўляецца апісальнай перадачай сэнсу другога слова або выразу. (Перыфраза)

Мастацкі вобраз (дэталь, думка), што праходзіць праз увесь твор, шэраг літаратурных твораў, усю творчасць аўтара. (Лейтматыў)

Верш, у якім няма рыфмы і рытму, рытміка-інтанацыйны лад трымаецца на анафарах. (Верлібр)

Стылістычная фігура, у якой словы размяшчаюцца з нарастаннем або аслабленнем іх сэнсу. (Градацыя)

Два творы, якія ў сусветнай літаратуры часта не падзяляюцца на асобныя жанры, а называюцца адным словам novel. (Аповесць і раман)

Светапогляд, які найвышэйшай каштоўнасцю прызнае чалавека. (Гуманізм)

Мастацкая празаічная літаратура. (Белетрыстыка)

Напрамак літаратуры, які характарызуецца адзінствам часу, месца і дзеяння. (Класіцызм)

Эмацыянальны змест мастацкага твора, пачуцці і эмоцыі, якія аўтар укладвае ў тэкст, чакаючы суперажывання чытача. (Пафас)

Верш, радкі якога ўтвараюць малюнак. (Каліграма)

Кароткі артыкул на злабадзённую тэму, у якім высмейваюцца якія-небудзь недахопы. (Фельетон)

Твор жалобна-элегічнага ці гераічнага зместу, у якім паэтычна апяваюцца  ахвяры, страты і адначасова раскрываюцца магутнасць і хараство жыццёвых сіл, здольных процістаяць злу. (Рэквіем) 

Даўні паэтычны жанр, у якім апяваюцца праца і побыт вяскоўца, каханне на ўлонні прыроды. (Сялянка)

Перадача мастацкага вопыту з пакалення ў пакаленне, яго творчае праламленне ў гісторыі літаратуры. (Традыцыя)

Развіццё пісьменнікам лепшых уласцівасцей творчай спадчыны, адкрыццё новых шляхоў у літаратуры, вынаходства новых падыходаў, прыёмаў і сродкаў у вершатворчасці. (Наватарства)

Стылістычная фігура, паводле якой словы ці выразы размяшчаюцца з нарастаннем ці аслабленнем іх эмацыянальна-сэнсавай выразнасці. (Градацыя)

Мастацкі прыём асэнсавання рэчаіснасці, які заключаецца ў парушэнні сапраўдных форм і памераў рэчаў і прадметаў, у спалучэнні рэальнага з фантастычным, у наўмысным перабольшанні. (Гратэск)

Частка твора перад завязкай сюжэта, у якой аўтар знаёміць чытача з героямі, месцам і часам дзеяння. (Экспазіцыя)

Момант, перыяд найвышэйшага ўздыму, напружання ў развіцці сюжэта мастацкага твора. (Кульмінацыя)

Замалёўка са слаба разгорнутым сюжэтам, у аснове якой узмоцнены вобразна-экспрэсіўны пачатак. (Абразок)

 

Цікавыя факты пра пісьменнікаў

Асветнік ХІІ стагоддзя, якога называлі “беларускім залатавустам”. (К.Тураўскі)

Якога беларускага паэта называюць “каралём метафары”? (Р.Барадулін)

Якога беларускага паэта называюць “мэтрам верлібра”? (М.Танк)

Якога беларускага паэта называюць “беларускім Дастаеўскім”? (К.Чорны)

Пісьменнік, які пісьменнік пачынаў сваю дзейнасць як “мастак сусветнай тугі”. (К.Крапіва)

Пісьменнік ХІХ стагоддзя, якога называлі “адвакатам беларускага народа”. (Ф.Багушэвіч)

Пісьменнік ХІХ стагоддзя, якога называлі Беларускім Дударом. (В.Дунін-Марцінкевіч)

Паэтка, якую называюць “палескай ластаўкай”. (Я.Янішчыц)

Якога беларускага паэта называлі “паэтам заходнебеларускіх барыкад”? (М.Танк)

Беларускі пісьменнік, аўтар аповесці “Палескія рабінзоны”, “бацька беларускай дзіцячай літаратуры”. (Я.Маўр)

Старшыня літаратурнага аб’яднання “Маладняк”. (М.Чарот)

Назва літаратурнага аб’яднання, у якое ўваходзілі К. Чорны, К. Крапіва, У. Дубоўка. (“Узвышша”)

Назва літаратурнага аб’яднання, у якое ўваходзілі Я. Колас, Я. Купала, Ц. Гартны. (“Полымя”)

Імя бацькі Максіма Багдановіча, беларускага этнографа, фалькларыста, мовазнаўцы. (Адам)

Паэтка, якая выбрала сабе псеўданім дзякуючы захапленню паэмай Якуба Коласа “Сымон-музыка”. З яе ўзяла імя, якое адпавядала настрою, – жыць узнёсла. (Э.Агняцвет)

Пісьменнік ХІХ стагоддзя, які запазычыў імя да аднаго са сваіх псеўданімаў у батлеечнай інтэрмедыі “Мацей і доктар”. (Ф.Багушэвіч)

Рэдактар першага зборніка Івана Дамінікавіча Луцэвіча “Жалейка”, дзякуючы якому мы ведаем паэта пад псеўданімам Янка Купала, хоць сам паэт карыстаўся формай Янук Купала. (Б.Эпімах-Шыпіла)

Аўтар “Гісторыі беларускай літаратуры”, “Беларуска-расійскага слоўнічка”. (М.Гарэцкі)

Аўтар літаратурна-крытычнага артыкула “Глыбы і слаі” (1911 г.). (М.Багдановіч)

Якому пісьменніку ў двары галоўнага корпуса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ўстаноўлены помнік? (М.Гусоўскі)

У якім беларускім горадзе дзейнічае Дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы? (Гродна)

У якім беларускім горадзе дзейнічае Дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны? (Гомель)

У якім беларускім горадзе дзейнічае Дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Івана Шамякіна? (Мазыр)

У якім беларускім горадзе дзейнічае Дзяржаўны ўніверсітэт імя Аркадзя Куляшова? (Магілёў)

У якім беларускім горадзе дзейнічае Дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка? (Мінск)

Пісьменнік, імя якога прысвоена Жупранскай сярэдняй школе Ашмянскага раёна. (Ф.Багушэвіч)

Пісьменнік, імя якога прысвоена Крынкаўскай школе Лёзненскага раёна. (М.Лынькоў)

Пісьменнік, імя якога прысвоена Журавіцкай сярэдняй школе Рагачоўскага раёна. (А.Макаёнак)

Аповесць Янкі Брыля, за якую ён атрымаў Дзяржаўную прэмію імя Я.Коласа. (“Золак, убачаны здалёк”)

Кніга лірыкі Яўгеніі Янішчыц, за якую яна атрымала Дзяржаўную прэмію БССР імя Я. Купалы. (“Пара любові і жалю”)

Раман, за які Іван Мележ атрымаў Літаратурную прэмію імя Якуба Коласа. (“Людзі на балоце”)

Выданне, за якое Іван Навуменка атрымаў Дзяржаўную прэмію БССР. (“Беларуская Савецкая энцыклапедыя”)

Помнік якому паэту ўзведзены ў Оршы? (У.Караткевіч)

Пісьменнік, які прайшоў усю вайну, Перамогу сустрэў за 30 кіламетраў ад Берліна. У 1946 годзе напісаў першую аповесць “Помста”. (І.Шамякін)

Паэт, які ў 1941–1943 гадах працаваў на фронце ў армейскай газеце “Знамя Советов”, у 1943–1945 гадах у Беларускім штабе партызанскага руху. У гады вайны паэт напісаў шмат твораў пра вайну, сярод іх вылучаюцца балады “Ліст з палону”, “Балада аб чатырох заложніках”, “Над брацкай магілай” і інш. (А.Куляшоў)

Першая кніга Адама Міцкевіча, выдадзеная друкаром Юзафам Завадскім на польскай мове. (“Паэзія”)

Першае апавяданне Ядвігіна Ш. на беларускай мове, якое было надрукавана ў трэцім нумары газеты “Наша доля” 20 верасня 1906 года. (“Суд”)

Паэтычны зборнік Алеся Гаруна, напісаны аўтарам у няволі ў 1907–1914 гадах. (“Матчын дар”)

Першы зборнік апавяданняў Максіма Гарэцкага, выдадзены ў Вільні ў 1914 годзе. (“Рунь”)

Першы паэтычны зборнік Уладзіміра Дубоўкі, выдадзены ў Вільні ў 1923 годзе. (“Строма”)

Першы зборнік гумару і сатыры Кандрата Крапівы, выдадзены ў 1925 годзе. (“Асцё”)

Першы паэтычны зборнік Петруся Броўкі, выдадзены ў 1930 годзе. (“Гады як шторм”)

Першы паэтычны зборнік Аркадзя Куляшова, які ён выпусціў у 16 год. (“Росквіт зямлі”)

Першы паэтычны зборнік Максіма Танка, пасля выхаду якога амаль увесь быў канфіскаваны. (“На этапах”)

Першы паэтычны зборнік Пімена Панчанкі, выдадзены ў 1938 годзе. (“Упэўненасць”)

Першы зборнік паэткі Яўгеніі Янішчыц, выдадзены ў 1970 годзе. (“Снежныя грамніцы”)

Які памятны знак устаноўлены Адаму Міцкевічу ў Навагрудку, акрамя помніка? (Курган памяці)

Пісьменнік, які нарадзіўся ў сям’і вясковага дзяка ў вёсцы Высокі Пасадзец і ўзяў псеўданім ад назвы ракі Зарэчча, на якой прайшло дзяцінства, аўтар першага ў беларускай літаратуры твора пра прайдзісвета “Голы звер”. (М.Зарэцкі)

Горад, у якім размешчаны помнік Максіму Танку і валун з цытатай паэта: “Ёсць адна песня песняў – пра Радзіму”. (Мядзел)

Паэт, які прысвяціў свой твор “Голас сэрца” маці, якую нацысты вывезлі ў Асвенцым, дзе яна загінула. (П.Броўка)

Аўтар эсэ “Загадка Багдановіча”, які напісаў: “Багдановіч, побач з Купалам і Коласам, – тое трэцяе вымярэнне, без якога немагчыма перспектыва”. (М.Стральцоў)

Каму Алег Лойка прысвяціў свой твор “Як агонь, як вада…”? (Я.Купала)

Аўтар “Буквара” (да 2021 года) і кнігі “Францыск Скарына, альбо Як да нас прыйшла кніга”. (А.Клышка)

Беларускі мовазнаўца, пісьменнік, публіцыст, педагог, нацыянальны і палітычны дзеяч, удзельнік Першага Усебеларускага з’езда, родны дзядзька Якуба Коласа. (Я.Лёсік)

Пісьменнік, аўтар твора “На імперыялістычнай вайне”, які ўдзельнічаў у Першай сусветнай вайне. (М.Гарэцкі)

Пісьменнік, які ў час Вялікай Айчыннай вайны быў у палоне, уцёк у роднае Загора з другога разу. У 1942 годзе быў сувязным партызанскай брыгады, у 1944 годзе разведчыкам, а ў канцы вайны стаў партызанскім журналістам. У 1964 годзе напісаў аўтабіяграфічны раман пра Вялікую Айчынную вайну “Птушкі і гнёзды”. (Я.Брыль)

Пісьменнік, які свой першы твор “Сустрэча” напісаў левай рукой, таму што знаходзіўся ў шпіталі ў Тбілісі, дзе лячыўся ад ран Вялікай Айчыннай вайны. (І.Мележ)

Кампазітар, сябар Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. (С.Манюшка)

Пісьменнік, аўтар твора “Колас расказвае пра сябе”, які быў асабістым сакратаром класіка Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча. (М.Лужанін)

Першы дырэктар Літаратурнага музея Якуба Коласа. (Сын Даніла Міцкевіч)

Жонка Янкі Купалы, актывістка беларускага руху, педагог. (Уладзіслава Станкевіч)

Беларускі крытык, літаратуразнаўца, якая пераклала на рускую мову аповесці Івана Шамякіна “Гандлярка і паэт”, раманы “Вазьму твой боль” і іншыя творы. (Таццяна Шамякіна)

 

Цікавыя факты пра творы

Першая друкаваная кніга на беларускай зямлі, у якой Францыск Скарына бачыў лекі для цела і красу для душы. (“Псалтыр”)

Твор, якому ў Астраўлянах на Віцебшчыне пастаўлены мемарыяльны знак. (“Тарас на Парнасе”)

Паэма, якую Раіса Баравікова назвала “паэмай на ўсе стагоддзі”. (“Новая зямля”)

Раман Кузьмы Чорнага, які па ідэйна-тэматычным змесце нагадвае паэму “Новая зямля”. (“Бацькаўшчына”)

Горад, які ва ўрбаністычнай лірыцы Максім Багдановіч назваў “крывіцкай Меккай”. (Вільня)

Слова, якое ў паэме “Новая зямля” ўжываецца 200 разоў. (Бог)

 Твор Янкі Купалы, прысвечаны Сяргею Палуяну. (“Курган”)

 Паэт, якому малады Уладзімір Караткевіч прысвяціў свае творы: верш “Машэка” і нарыс “Вязынка”. (Я.Купала)

Твор Якуба Коласа, інсцэніраваны пад назвай “Навальніца будзе” і экранізаваны пад назвай “Першыя выпрабаванні”. (“На ростанях”)

Лексічнае значэнне назвы рамана “Вязьмо” Міхася Зарэцкага. (Вузел)

Як перакладаецца лацінская назва зборніка Р.Барадуліна “Еrrata”? (Апіска)

 Што азначае назва зборніка Р.Барадуліна “Ксты”. (Хутар)

Паэма, у прысвячэнні да якой Якуб Колас напісаў: “Беларускай моладзі сваю паэму прысвячаю”. (“Сымон-музыка”)

Аўтар радкоў: “Дзякуй табе, Мацей Бурачок! Чэсць і слава тваему слову! А ты, “Дудка”, грай і мне голас дай!”. (Цётка)

Пісьменнік, які прысвяціў аповесць “Ладдзя роспачы” Р.Барадуліну. (У.Караткевіч)

Дрэва, якое паэт Максім Танк параўнаў з беларускім, калі знаходзіўся ў Амерыцы на 15-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН у 1960 годзе. А ў 1978 годзе назваў у гонар яго адзін са сваіх зборнікаў. (Сасна)

Форма лірычнага верша, якую ў сваёй творчасці адкрыў для сябе і для ўсёй еўрапейскай паэзіі Аркадзь Куляшоў, які па сваёй строгасці і лаканічнасці нагадвае санет. (Шаснаццацірадкоўе)

Дачка якога паэта напісала пра свайго бацьку дакументальную аповесць-эсэ “Лясному рэху праўду раскажу…”? (А.Куляшоў)     

Друкарня ў Вільні, у якой быў выдадзены зборнік Максіма Багдановіча “Вянок”. (Друкарня Марціна Кухты)

Выдавецкая суполка ў Санкт-Пецярбургу, якая ў 1908 годзе выдала зборнік Янкі Купалы “Жалейка”. (“Загляне сонца і ў наша аконца”)

Вобраз твора Яна Баршчэўскага, які плача ў месцах, пакінутых людзьмі, на могілках ці на палях баёў. (Плачка)

Што, на думку Міколы Гусоўскага, у паэме “Песня пра зубра” з’яўляецца “эліксірам маладосці, бадзёрасці духу”? (Прырода)

Дзе адбываецца дзеянне ў паэме Янкі Купалы “Бандароўна”? (Украіна)

Агульнае імя герояў аповесці Уладзіміра Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха” Беларэцкага і Свеціловіча. (Андрэй)

Птушка з верша Аркадзя Куляшова “Мая Бесядзь”, якая лятае “над рэкамі і просіць піць аж да сённяшніх дзён”. (Каня)

Рака, якую апеў у сваіх творах Якуб Колас, ужываючы ў сваёй творчасці 152 разы. (Нёман)

Рака, у гонар якой Яўгенія Янішчыц назвала свой зборнік паэзіі. (Ясельда)

Возера, дзе адбываецца дзеянне твора Яна Баршчэўскага “Шляхціц Завальня”. (Нешчарда)

Возера, дзе адбываецца дзеянне твора “Ля вогнішч начлежных” пра Галіну і Васілька. (Нарач)

Возера, дзе адбываецца дзеянне балад Адама Міцкевіча. (Свіцязь)

Прафесія Тараса з паэмы Канстанціна Вераніцына “Тарас на Парнасе”. (Палясоўшчык)

Прафесія Сашы Траянавай з аповесці Івана Шамякіна “Непаўторная вясна”. (Фельчар)

Прозвішча галоўнай гераіні апавядання Міхася Зарэцкага “Дзіўная”. (Шумава)

Прозвішча галоўнай гераіні рамана Івана Мележа “Людзі на балоце” Ганны. (Чарнушка)

Прозвішча галоўнай гераіні аповесці Уладзіміра Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха”. (Яноўская)

Прозвішча галоўнай гераіні аповесці Якуба Коласа “У палескай глушы”  Ядвісі. (Баранкевіч)

Прозвішча Монці і Ядвісі з апавядання Максіма Гарэцкага “Літоўскі хутарок”. (Шымкунас)

Прозвішча Зіначкі, сакратаршы з камедыі Кандрата Крапівы “Хто смяецца апошнім”. (Зёлкіна)

Раман, у прысвячэнні да якога Іван Мележ напісаў: “Бацьку, маці, бацькоўскай зямлі”. (“Людзі на балоце”)

Жанр твора Петруся Броўкі “Надзя-Надзейка”. (Балада)

Жанр твора Змітрака Бядулі “Бондар”. (Навела)

Жанр твора Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча “Пінская шляхта”. (Фарс-вадэвіль)

Жанр твора Кандрата Крапівы “Хто смяецца апошнім”. (Камедыя)

 

Афарызмы пісьменнікаў, цытаты з твораў:

Хто аўтар радкоў: “Кажуць, зло нараджае зло. А найчасцей – яго нараджае надзея на адпушчэнне грахоў”? (М.Танк)

Хто аўтар радкоў: “Без чалавечнасці не будзе вечнасці”? (П.Панчанка)

Хто аўтар радкоў: “Добра быць коласам, але шчаслівы той, каму давялося быць васільком. Бо нашто каласы, калі няма васількоў?”? (М.Багдановіч)

Хто аўтар радкоў: “Дзеці – усмешка Божая”? (У.Караткевіч)

Хто аўтар радкоў: “І датуль чалавек жывы, покуль з ім душа размаўляе”? (Р.Барадулін)

Хто аўтар радкоў: “Дзе прайшло маленства, там пачынаецца Радзіма”? (К.Чорны)

Хто аўтар радкоў: “Корань навукі горкі, ды плады яго салодкія”? (Я.Колас)

Хто аўтар цытаты: “Б’юцца князі-ваяводы, а стогнуць народы”? (М.Гусоўскі)

З якой паэмы радкі: “Чатыры хлопцы, тры дзяўчаці ды бацька з дзядзькам, трэцця маці”? (“Новая зямля”)

Хто аўтар цытаты: “Ёсць адна песня песняў – пра Радзіму”? (М.Танк)

Хто аўтар цытаты: “Я – трэці свет”? (А.Куляшоў)

Хто аўтар цытаты: “Вялікі доктар – час – спакойна і безупынна ідзе па свеце і лечыць, і гоіць”? (К.Чорны)

Твор Максіма Гарэцкага, у якім ёсць радкі: “Каб быць моцным, нельга адрывацца ад родных каранёў”. (“Роднае карэнне”)

Хто аўтар цытаты: “Я – беларускі Аляксандр Дзюма”? (У.Караткевіч).

Якому герою Івана Мележа характэрны развагі: “Уся сіла чалавека – у зямлі… Няма зямлі – няма, лічы, і чалавека”? (Васіль Дзятлік)

Што мае на ўвазе Францішак Багушэвіч: “Не вялікая, не малая, не чырвоная, не чорная яна была, а белая, чыстая: нікога не біла, не падбівала, толькі баранілася”? (Беларусь)

Што мае на ўвазе Адам Міцкевіч: “… ты, як здароўе тое: не цэнім, маючы, а страцім залатое”? (Бацькоўскі край)

Які герой Якуба Коласа так думаў: “Што ні кажы, а жыццё, ужо само па сабе, ёсць радасць, вялікае шчасце, бясцэнны дар. Ёсць важныя дзве часціны, з якіх складаецца жыццё і яго глыбокі сэнс і хараство – чалавек і прырода”? (Андрэй Лабановіч)

Які герой рамана Кузьмы Чорнага “Пошукі будучыні” гаварыў: “Пазбірайце вы, кажу, золата з усяго свету, зрабіце з яго трон, пасадзіце на яго мяне кіраваць паўсветам, а каб увесь свет выхваляў мяне, дык я перад вамі буду прасіцца і маліцца: пусціце, калі ласка, дайце мне шчасце спаўзці з гэтага трона: я колькі год жыта не сеяў, кала нават не зачасаў, у кузні каня не каваў, у млыне мукі не малоў”? (Нявада)

Назва верша Цёткі, у якім ёсць радкі: “Веру, братцы: людзьмі станем, хутка скончым мы свой сон”. (“Вера беларуса”)

Паэма, якая заканчваецца радкамі: “Прасторны шлях! Калі ж, калі ты закрасуеш на зямлі і злучыш нашы ўсе дарогі?”? (“Новая зямля”).

Драма, Янкі Купалы, у якой ёсць радкі: “Чалавек з зямлёй зрастаецца, як гэта дрэва: ссячы дрэўца – засохне, адбяры ў чалавека зямлю – згіне”. (“Раскіданае гняздо”) 

Назва твора, у якім ёсць такія радкі: “Адзін жа з князёў, найбольш слаўны княжэннем сваім і багаццем, паслаўшы да бацькі яе, папрасіў выдаць дачку за сына свайго. I калі споўнілася дзяўчыне дванаццаць гадоў, пачаў казаць бацька яе да княгіні: “Варта аддаць ужо за князя Прадславу”. (“Жыціе Ефрасінні Полацкай”)

Назва твора, у якім ёсць такія радкі: “Вось выпраглі яны і прывязалі да вазоў сваіх коней, паклалі ім сена, зайшлі ў пакой для чэлядзі, абтрэслі снег, там далі ім вячэру; пасля яе сёй-той з іх прыйшоў у пакой да майго дзядзькі,  пасадзіў падарожных каля сябе і ўлёгся ў пасцель з намерам, аднак, слухаць казкі. Сабраліся сямейнікі, і я сеў паблізу, з вялікай цікавасцю жадаючы пачуць новыя яшчэ для мяне простанародныя аповесці”. (“Шляхціц Завальня”)

Назва твора, у якім ёсць такія радкі: “К таму часу ў Берастэчка к дружыне казачай прыблукаўся пан Патоцкі з хеўраю лядачай”. (“Бандароўна”)

Верш Максіма Багдановіча, які заканчваецца радкамі: “Вы, літары, цяпер нанова ўсё збудзілі! // І людзі зведаюць аб прадзедах сваіх, // Аб горы, радасцях і аб прыгодах іх, // Каму маліліся, чаго яны шукалі, // Дзе на глыбокім дне іх крыюць мора хвалі”. (“Летапісец”)

Назва паэмы Максіма Танка, дзе ёсць радкі: Толькі дзе прачуюць, што з’явіўся // Надзвычайны ўзор яго майстэрства: // Скрыпка, новы вытканы ўзор, // Вобраз дзіўны, // Песня ці батлейка, // Цацкі з дрэва, з гліны ці паліва // (Бо на ўсё Таполя майстрам быў), – // Налятуць пякельнай чорнай зграяй. // Ды ніяк злавіць ім не ўдалося майстра. (“Люцыян Таполя”)

Назва верша Пімена Панчанкі, дзе ёсць радкі: “Рыжаватая, чарнапёрая, // А на крылах – блакіт для красы… // Кожным летам ад тлуму і зморы я // Уцякаю ў твае лясы”. (“Крык сойкі”)

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий