Нарматыўнае ўжыванне склонавых формаў колькасных, парадкавых, зборных, дробавых лічэбнікаў

- 15:17Подготовка к ЦЭ/ЦТ

Матэрыялы для факультатыўных заняткаў “Практыкум па арфаграфіі беларускай мовы”, 10-ы клас. Будзе карысным настаўнікам беларускай мовы пры падрыхтоўцы да факультатыўных заняткаў, цэнтралізаванага экзамену, алімпіяды.

Аксана ВАНЧУК,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Гімназія № 1 г. Дзятлава”,
Гродзенская вобласць

 

 

 

 

 

 

Мэта заняткаў:

– узнавіць і сістэматызаваць веды вучняў аб лічэбніку як часціне мовы, разрадах, асаблівасцях скланення;

– удасканальваць уменне правільна ўжываць у маўленні склонавыя формы лічэбнікаў;

– развіваць вуснае і пісьмовае маўленне.

 

Матэрыял для заняткаў

Прыём “Хвілінка роздуму”

Стварэнне псіхалагічнага настрою на факультатыўныя заняткі.

– Прачытайце ўрыўкі з вершаў вядомых беларускіх паэтаў. Якой тэмай яны аб’яднаны?

Усё пакінуць след павінна,
Бо, як пачаўся белы свет,
Прамень, пясчынка і  раслінка
Нязменна пакідаюць след.
А колькі, колькі за табою
Слядоў на свеце, чалавек?        П.Броўка

Пакуль не ступілася джала разца
І рукі ад працы не морацца,
Я мушу пакінуць адбітак жыцця
На камні, жалезе і золаце.              М.Танк

Жыццё даецца, каб жыццё тварыць.
Каб светла-залатую яго ніць
Віць і далей – любоўю, справай дзейнай
Ды словам, што ад справы неаддзелена.
Тварыць!                         
                           ***
Жыццё даецца, каб жыццё тварыць.
Не марнаваць, не нішчыць, не бурыць, –
Тварыць!                А.Вярцінскі

 

– Жыццё… Сэнс жыцця чалавека на зямлі… Cёння “Хвілінка роздуму” прысвечана тэме “След чалавека на Зямлі”.

– Для чаго жыве чалавек? Пытанне гэта з’яўляецца філасофскім. Напэўна, кожны з вас не раз задумваўся над загадкамі чалавечага існавання. Жыццё – гэта вялікі падарунак прыроды.

– Якія асацыяцыя можна падабраць да слова жыццё? Запішыце адказы на гексах (на дошцы варта размясціць гексы, у цэнтры – гекс з загадзя напісаным словам “жыццё”, вакол яго неабходна размясціць гексы, каб вучні змаглі запісаць свае асацыяцыі).

– Проста нарадзіцца недастаткова. Адведзены час на гэтай зямлі трэба пражыць годна, каб не было сорамна ні перад кім. Наша жыццё поўнасцю залежыць ад учынкаў, якія мы здзяйсняем. Нягледзячы на ўзрост, кожнага чалавека хвалюе, што застанецца пасля яго.

– Што трэба рабіць, каб пакінуць след на зямлі? Звярніце ўвагу на прапанавыя гексы, размешчаныя на дошцы, пабудуйце адказ  5-6 сказаў. (На дошцы размешчаны гексы з выявамі Беларусі, малой радзімы, БДУ, настаўнік за працай, медыкі, праграмісты).

– Вы моладзь Беларусі, менавіта ад вас залежыць будучае нашай краіны. Важна імкнуцца добра вучыцца, зрабіць правільны выбар прафесіі і стаць выдатным спецыялістам.

– А кім хочаце стаць вы пасля заканчэння гімназіі? Складзіце вуснае выказванне  “Мая будучая прафесія”, “Якім я ўяўляю сваё будучае жыццё”.

– Якую прафесію вы не выбралі б, павінны заўсёды імкнуцца стаць адукаванымі людзьмі. Вашы сталыя веды дапамогуць здзейсніць мары і зрабіць значны ўклад у развіццё нашай краіны. Вы будучыня Беларусі, і ад вас залежыць заўтрашні дзень нашай краіны. А факультатыўныя заняткі па беларускай мове будуць спрыяць вам у гэтым.

 

– Кожнаму вучню неабходна запоўніць кластар і правесці ўзаемаправерку. Карыстаючыся інфармацыяй, раскажыце пра лічэбнік як часціну мовы.

1. Лічэбнік як часціна мовы

Самастойная часціна мовы, якая абазначае лік, колькасць, сукупнасць, парадак пры лічэнні.

2. Разрады лічэбнікаў

Паводле значэння:

1. Колькасныя

а) цэлыя лікі;
б) дробавыя,
в) зборныя.

2. Парадкавыя

Паводле структуры:

1. Простыя (сорак);
2. Складаныя (восемдзесят);
3. Састаўныя (сорак тры).

3. Сінтаксічная роля

Усе члены сказаў

Заданне. Лічэбнікі трэба адрозніваць ад іншых часцін мовы. Запішыце словы і вызначце іх часцінамоўную прыналежнасць. Значэнне якіх слоў падалося вам незразумелым? (Для ўсіх вучняў)

Пяць, тройка, тройчы, трэці, трайны, утрох, трое, траяк, патроіць, сотня, сто, адна сотая, пяцёра, пяцярня, тысяча, мільён, мільярд, паўтара, паўтары, абодва, абое, абедзве, тузін, пядзя.

Адказы:

Пяць – лічэбнік, тройка – назоўнік, тройчы – прыслоўе, трэці – лічэбнік, трайны –прыметнік, утрох – прыслоўе, трое – лічэбнік, траяк – назоўнік, патроіць –дзеяслоў, сотня – назоўнік, сто – лічэбнік, адна сотая – лічэбнік, пяцёра – лічэбнік, пяцярня – назоўнік, тысяча, мільён, мільярд – лічэбнікі, паўтара, паўтары – лічэбнікі, абодва, абое, абедзве – лічэбнікі.

 

Рубрыка “Цікава ведаць”

Тузін (рус.: дюжина, 12) – мера паштучнага ліку аднародных прадметаў, раўняецца 12. Шырока ўжывалася да ўвядзення мэтрычнай сістэмы і ужываецца да гэтага часу пры камплектацыі, напрыклад, сервізаў, камплектаў відэльцаў, вялікіх гарнітураў мэблі, якія выпускаюцца амаль заўсёды на 12 або 6 (паўтузіны) персон. 12 тузін складаюць грос. Піва пакуецца па 6 (паўтузіны), 12 або 24 (2 тузіны) бутэлек (слоікаў). У ЗША прынята купляць яйкі тузінамі. У беларускай мове ёсць выраз чортаў тузін – ён роўны 13.

Пядзя (усходнесл. пядь) – даўняя мера даўжыні, якая абазначае адлегласць паміж указальным і вялікім пальцамі і роўная ад 18 да 23 сантыметраў).

 

Заданне. Суаднясіце лічэбнікі і іх сінтаксічную ролю ў сказе. (Для ўсіх вучняў)

А. Шаснаццаць гадоў – узрост салідны!

1. Выказнік

Б. Тры і чатыры – сем.

2. Акалічнасць

В. Мы спыніліся каля пятага пад’езда.

3. Азначэнне

Г. Браты не бачыліся адзінаццаць гадоў.

4. Дапаўненне

Д. Саша дзякаваў нам за два тыдні гасціннасці.

5. Дзейнік

Адказы: А5, Б1, В3, Г2, Д4.

 

Рубрыка “Рыхтуемся да ЦЭ”. Памятка

Колькасныя лічэбнікі

Памятай!

У беларускай мове лічэбнікі  2, 3, 4 спалучаюцца з назоўнікамі  множнага ліку назоўнага склону: два старэйшыя сыны, дзве невялікія  вёсачкі, тры высокія дубы.

У рускай мове: два старших сына, две небольшие деревеньки, три высоких дуба.

А лічэбнікі ад 5 і далей спалучаюцца з назоўнікамі ў родным склоне: шэсць кніг, пяць студэнтаў.

Зборныя лічэбнікі

Зборныя лічэбнікі абазначаюць пэўную колькасць як адзінае цэлае: двое хлапчукоў, пяцёра цялят.

Памятай!

1. Зборны лічэбнік + множналікавы назоўнік = назоўны, вінавальны склон. У астатніх склонах яны замяняюцца на колькасныя.

Н. двое акуляраў
Р. двух акуляраў
Д. двум акулярам
В. двое акуляраў
Т. двума акулярамі
М. аб двух акулярах.

2. Спалучаюцца з назвамі маладых істот: двое парасят, сямёра жарабят.

3. Спалучаюцца з назоўнікамі і асабовымі займеннікамі мужчынскага полу: чацвёра мужчын, трое маладых салдат, іх было двое.

4. Спалучаюцца са словамі людзі, дзеці, коні, гусі, свінні: шасцёра дзяцей, трое гусей, сямёра чалавек.

Дробавыя лічэбнікі

Памятай!

1. Калі лічнік дробавага лічэбніка два, тры, чатыры, то назоўнік мае форму назоўнага склону множнага ліку: дзве сотыя, тры дзясятыя, чатыры восьмыя.

2. Пры лічніку пяць, шэсць і большым назоўнік мае форму роднага склону множнага ліку: шэсць дзясятых, адзінаццаць сотых.

Памятай!

Абодва – адносіцца да мужчынскага, ніякага роду: абодва браты.
Абедзве – адносіцца да жаночага роду: абедзе жанчыны.
Паўтара – адносіцца да мужчынскага, ніякага роду.
Паўтары – адносіцца да жаночага роду.
Паўтараста – не мае роду, ліку і ўжываецца з назоўнікамі роднага склону: паўтараста дамоў, саджанцаў, ручак.

 

Нарматыўнае ўжыванне склонавых формаў колькасных, парадкавых, зборных, дробавых лічэбнікаў

1. Лічэбнік адзін мае форму мужчынскага, жаночага і ніякага роду (адзін, адна, адно), адзіночнага і множнага ліку (адзін – адны), скланяецца як прыметнік: адзін, аднаго, аднаму і г. д. Лічэбнік адзін у родным і творным склонах жаночага роду мае дзве варыянтныя формы: родны склон – адной, аднае; творны склон – адной, адною. У вінавальным склоне ўжываецца форма назоўнага склону, калі лічэбнік спалучаецца з неадушаўлёным назоўнікам, і форма роднага склону, калі спалучаецца з адушаўлёным назоўнікам.

2. Лічэбнікі два (абодва), дзве (абедзве) пры скланенні захоўваюць родавыя адрозненні. Лічэбнікі тры, чатыры не маюць формы роду. Лічэбнікі гэтай групы ў творным склоне маюць канчатак -ма.

Н. дв-а абодв-а дзв-е абедзв-е тр-ы чатыр-ы
Р. дв-ух абодв-ух дзв-юх абедзв-юх тр-ох чатыр-ох
Д. дв-ум абодв-ум дзв-юм абедзв-юм тр-ом чатыр-ом
В. як Н. ці Р. як Н. ці Р. як Н. ці Р. як Н. ці Р.
Т. дв-ума абодв-ума дзв-юма абедзв-юма тр-ыма чатыр-ма
М. (пры) дв-ух абодв-ух (пры) дзв-юх абедзв-юх (пры) тр-ох (пры) чатыр-ох

3. Лічэбнікі паўтара і паўтары ва ўсіх склонах маюць аднолькавую форму: паўтара (вядра), паўтары (тоны).

4. Пры скланенні састаўных колькасных лічэбнікаў змяняецца кожнае слова: сто сорак сем, ста сарака сямі і г. д.

5. Зборныя лічэбнікі двое, трое і іншыя скланяюцца як займеннікі мае, твае: двое, дваіх, дваім, дваіх (двое), дваімі, (на) дваіх.

6. Парадкавыя лічэбнікі скланяюцца як прыметнікі: пяты, пятага, пятаму і г. д. Пры скланенні састаўных парадкавых лічэбнікаў змяняецца толькі апошняе слова: трыццаць другі, трыццаць другога і г. д.

7. Пры скланенні дробавых лічэбнікаў асобна змяняецца кожнае слова: лічнік скланяецца як колькасны лічэбнік, назоўнік – як парадкавы: адна трэцяя, адной трэцяй і г. д.

 

Заданне. Запішыце лічбы словамі і праскланяйце вусна наступныя спалучэнні.

231 вучань, 645 кілаграмаў, 1842 кіламетры, 317-я старонка, 0,7 літра.

Заданне. Індывідуальнае заданне (паведамленне пра І.І.Насовіча).

Іван Іванавіч Насовіч (1788–1877) – мовазнавец, фалькларыст, этнограф. Ён стварыў першы гістарычны слоўнік беларускай мовы. У яго зборніках «Беларускія прыказкі і прымаўкі», «Беларускія прыказкі і загадкі» і іншых асэнсоўваецца жыццё і побыт народа, яго духоўны свет і мараль. За «Зборнік беларускіх загадак» І.І.Насовічу прысуджаны залаты медаль Рускага геаграфічнага таварыства. «Слоўнік беларускай мовы» І.І.Насовіча ахоплівае больш за 30 тысяч слоў і з’яўляецца самым поўным на той час зборам лексікі і фразеалогіі беларускай мовы. (Паводле энцыклапедычнага даведніка «Асветнікі зямлі Беларускай»).

Прачытайце тэкст. Устаўце прапушчаныя літары і замяніце лічбы словамі.

1. У гістарычн..м слоўнік.. беларускай мовы Іван Іванавіч Насовіч даў тлумачэн..е 13 000 слоў. 2. У «Зборнік.. беларускіх прыказак», выдадзен..м у 1867 годзе, І.І.Насовіч зм..сціў каля 3500 прыказак, прымавак і блі..кіх да іх прыгаворак, праклёнаў, ск..рагаворак. 3. У зборнік.. 133 «Беларускія песні», акрамя 350 тэкстаў песен.., дасле..чык зм..сціў шэраг артыкулаў, прысвечаных песен..ай культур.. беларусаў. 4. І.І.Насовіч пераклаў з ла..інскай мовы 3-томную працу А.Тэйнера «Старажытны.. помнікі, што асв..тляюць гісторыю Польшчы і Літвы». У ёй адлюстравана гісторыя беларускіх зямель у часы з 1217 па 1696 гады. 5. Асноўнае месца ў навуковай спа..чыне І.І.Насовіча за..мае выдадзены ў 1870 годзе «Слоўнік беларускай мовы», над якім дасле..чык самаа..дана працаваў 16 гадоў. (Паводле энцыклапедычнага даведніка «Асветнікі зямлі Беларускай»).

 

Міні-даследаванне “Лічэбнікі ў фразеалогіі»

Заданне. Устаўце ў фразеалагізмы прапушчаныя лічэбнікі ў патрэбнай склонавай форме, запішыце. Устанавіце адпаведнасць паміж фразеалагізмамі і іх значэннямі.

а) іграць … скрыпку
б) за … пячаткамі
в) да … поту
г) палка з … канцамі
д) … стрэлам забіць … зайцаў
е) у … сценах (сядзець, жыць)

1) да поўнай знямогі, стомы (рабіць, працаваць)
2) быць недаступным, прыхаваным
3) тое, што можа скончыцца добра і дрэнна
4) выканаць адначасова дзве розныя справы, дасягнуць дзвюх розных мэт
5) займаць галоўнае становішча ў чым-небудзь
6) не маючы ні з кім зносін, у адзіноце

Адказы: іграць першую скрыпку, за сямю пячаткамі, да сёмага (дзясятага) поту, палка з двума канцамі, адным стрэлам забіць двух зайцаў, у чатырох сценах (сядзець, жыць).

Адказы: а – 5, б – 2, в – 1, г – 3, д – 4, е – 6.

 

Выніковы тэст па тэме “Лічэбнік”

Варыянт 1

1. Адзначце лічэбнікі:

а) чацвёрты;
б) адна другая;
в) сотня;
г) тысяча;
д) нямнога.

2. Вызначце від лічэбнікаў паводле складу:

а) тры;
б) пяцьдзясят;
в) шэсць сёмых;
г) васямнаццаць;
д) дзевяноста.

3. Адзначце лічэбнікі, у якіх на канцы пішацца мяккі знак:

а) 900;
б) 7;
в) 20;
г) 6;
д) 15.

4. Адзначце склонавыя формы лічэбнікаў, запісаныя памылкова:

а) Н. шэсцьсот;
б) Р. шасцісот;
в) Д. шасцісот;
г) В. шэсцьсот;
д) Т. шасцістамі;
е) М. (аб) шасцістах.

5. Адзначце спалучэнні, у якіх правільна дапасаваны лічэбнікі да назоўнікаў:

а) пяцёра парсючкоў;
б) трое жанчын;
в) у класе іх было сямёра;
г) восем гусей;
д) чацвёра нажніц.

6. Адзначце правільна напісаныя парадкавыя лічэбнікі:

а) трынацаты;
б) сямнаццаты;
в) восьмы;
г) чатырохсоты;
д) сямідзясяты.

7. Адзначце склонавыя формы, у якіх назоўнік пры лічэбніку ўжыты памылкова:

а) Н. паўтара метра;
б) Р. паўтара метра;
в) Д. паўтара метра;
г) В. паўтара метра;
д) Т. паўтара метрамі;
е) М. (аб) паўтара метрам.

8. Адзначце лічэбнікі, якія ў форме творнага склону запісаны правільна:

а) пяццю;
б) сяммю;
в) трыццаццю;
г) васямнаццаццю;
д) адзінацаццю.

9. Адзначце склонавыя формы лічэбніка, запісаныя памылкова:

а) Н. сорак;
б) Р. сорак;
в) Д. сорак;
г) В. сорак;
д) Т. сарака;
е) М. (аб) сарака.

10. Адзначце дробавыя лічэбнікі:

а) пяцёра;
б) паўтара;
в) дзевяць шостых;
г) тры і сем дзясятых;
д) дванаццаць цэлых і адна другая.

11. Адзначце парадкавыя лічэбнікі:

а) дзясяцера;
б) восьмы;
в) сямімільённы;
г) чатыры трэція;
д) шасцідзясяты.

12. Адзначце лічэбнікі, у якіх на месцы пропуску пішацца ь:

а) шэсц_сот;
б) вас_мюстамі;
в) дзевяц_сот;
г) сям_наццаць;
д) сем_дзесят.

13. Адзначце лічэбнікі, якія пішуцца разам:

а) (шэсць)сот;
б) (пяць)тысяч;
в) (трох)мільённы;
г) (пяці)соты;
д) (шасці)дзясяты.

14. Адзначце назоўнікі, якія могуць спалучацца са зборнымі лічэбнікамі двое, трое і інш.:

а) касец;
б) ягня;
в) дуб;
г) конь;
д) вілы.

15. Адзначце сказы, у якіх словазлучэнні назоўнік+ лічэбнік выступаюць у ролі дзейнікаў:

а) Мяцеліца не сціхала на працягу трох сутак;
б) На абедзвюх старонках часопіса прыведзены цікавы ілюстрацыйны матэрыял;
в) Неабходна тэрмінова даставіць пяцідзесяці трох пасажыраў да месца прызначэння;
г) У горадзе адкрыліся трыццаць два дзіцячыя садкі;
д) У гняздзе на старой ліпе вывеліся чатыры бусляняты.

Варыянт 2

1. Адзначце лічэбнікі:

а) двойка;
б) мільён;
в) шосты;
г) шмат;
д) тры дзясятыя.

2. Вызначце від лічэбнікаў паводле складу:

а) семдзесят;
б) адзінаццаць;
в) шэсцьдзесят ;
г) чатыры пятыя;
д) сем.

3. Адзначце лічэбнікі, у якіх на канцы пішацца мяккі знак:

а) 30;
б) 9;
в) 16;
г) 8;
д) 600.

4. Адзначце склонавыя формы лічэбнікаў, запісаныя памылкова:

а) Н. дзевяцьсот;
б) Р. дзевяцісот;
в) Д. дзевяцістам;
г) В. дзевяцісот;
д) Т. дзевяцюстамі;
е) М. (аб) дзевяцюстах.

5. Адзначце спалучэнні, у якіх правільна дапасаваны лічэбнікі да назоўнікаў:

а) трое качанят;
б) іх прыехала шасцёра;
в) пяцёра дзвярэй;
г) дзявяцера дзяўчынак;
д) сем свіней.

6. Адзначце правільна напісаныя парадкавыя лічэбнікі:

а) пятнаццаты;
б) васьмідзясяты;
в) шасцісоты;
г) чацьвёрты;
д) дзявяносты.

7. Адзначце склонавыя формы, у якіх назоўнік пры лічэбніку ўжыты памылкова:

а) Н. паўтары секунды;
б) Р. паўтары секундаў;
в) Д. паўтары секундам;
г) В. паўтары секунды;
д) Т. паўтары секундам;
е) М. (аб) паўтары секундах.

8. Адзначце лічэбнікі, якія ў форме творнага склону запісаны правільна:

а) шасццю;
б) дзевяццю;
в) чатырнаццаццю;
г) дваццацю;
д) сямнаццаццю.

9. Адзначце склонавыя формы лічэбніка, запісаныя памылкова:

а) Н. сто;
б) Р. ста;
в) Д. ста;
г) В. сто;
д) Т. сто;
е) М. (аб) сто.

10. Адзначце дробавыя лічэбнікі:

а) сямёра;
б) восем пятых;
в) паўтары;
г) адзінаццаць цэлых і дзве сёмыя;
д) чатыры і шэсць дзясятых.

11. Адзначце парадкавыя лічэбнікі:

а) пяцітысячны;
б) дзявяцера;
в) трэці;
г) шэсць чацвёртых;
д) васьмідзясяты.

12. Адзначце лічэбнікі, у якіх на месцы пропуску пішацца ь:

а) шэсц_дзесят;
б) сем_сот;
в) вас_мюстамі;
г) васям_наццаць;
д) восем_дзесят.

13. Адзначце лічэбнікі, якія пішуцца разам:

а) (сем)сот;
б) (пяць)дзясят;
в) (двух)мільённы;
г) (пяць)тысяч;
д) (чатырох)соты.

14. Адзначце назоўнікі, якія могуць спалучацца са зборнымі лічэбнікамі двое, трое і інш.:

а) каваль;
б) кураня;
в) ясень;
г) гусь;
д) талерка.

15. Адзначце сказы, у якіх словазлучэнні з лічэбнікам выступаюць у ролі выказнікаў:

а) Хутка на двор уз’ехала трое саней;
б) У вучобе Слава самы першы;
в) Самы складаны для студэнта – першы курс;
г) Наша хата дзясятая ад школы;
д) Рост у хлопца – сто восемдзесят сантыметраў.

 

 

Карысныя  і пазнавальныя інтэрнэт-рэсурсы для вучняў па тэме «Лічэбнік»

1 http://LearningApps.org/view695384
Разрады лічэбнікаў
2 http://LearningApps.org/view757154
Простыя, складаныя і састаўныя лічэбнікі
3 http://LearningApps.org/view809014
Лічэбнікі ў складзе прыметнікаў

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий