Іван Пташнікаў, “Алені”. Вобраз Іркі. Урок беларускай літаратуры ў 6-м класе

- 11:32II И III СТУПЕНИ, БЕЛАРУСКАЯ МОВА І ЛІТАРАТУРА, Беларуская мова і літаратура. Сцэнарыі, Методичка

Мэта: паглыбленне ведаў пра разгорнутую характарыстыку героя; развіццё ўменняў вызначаць паводзіны і ўчынкі; заўважаць у тэксце аўтарскую характарыстыку праз мастацкія дэталі, апісанні.

Галіна МАСЮКОВА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Сярэдняя школа № 1
імя Героя Савецкага Саюза П.А.Акуцыёнка г.п. Шуміліна”,
Віцебская вобласць

 

Мэта: паглыбленне ведаў пра разгорнутую характарыстыку героя; развіццё ўменняў вызначаць паводзіны і ўчынкі; заўважаць у тэксце аўтарскую характарыстыку праз мастацкія дэталі, апісанні.

Задачы:

– садзейнічаць развіццю ўменняў вучняў аналізаваць, параўноўваць, выказваць і аргументаваць уласную думку;
– ствараць умовы для развіцця пазнавальнай актыўнасці, крытычнага мыслення, увагі, вобразнага ўяўлення вучняў;
– спрыяць фарміраванню ў вучняў беражлівых адносін да навакольнага асяроддзя, прадстаўнікоў жывёльнага свету.

Абсталяванне: вучнёўскія ілюстрацыі да твора, прэзентацыя, раздатачны матэрыял (Дадаткі).

Эпіграф да ўрока:

Дзе ж падзецца беднай той прыродзе,
У прыроды менее сяброў…
                                          С. Законнікаў

 

Ход урока

Ӏ Арганізацыйны момант. Стварэнне псіхалагічнага настрою

– Што парадавала вас сёння, калі вы ішлі ў школу?

– Ці звярнулі вы ўвагу на тое, што вакол вас? (Сонца, першыя кветкі, спевы птушак, лісточкі на дрэвах.)

– Сапраўды, вакол цудоўная прырода. Яна радуе нас, робіць жыццё чалавека рознакаляровым і шматгранным, стварае пэўны настрой. Трэба вучыцца заўважаць гэту прыгажосць, цаніць і берагчы. Вы, як і галоўная гераіня Ірка, насельнікі Зямлі нашай, і вам у будучым давядзецца займацца вырашэннем розных праблем, у тым ліку і экалагічных.

 

ӀӀ Мэтавызначэнне

Для вучняў:

Буду ведаць…
Навучуся…
Змагу…

Вучні вусна фармулююць мэты ўрока.

Вызначэнне тэмы і мэты ўрока настаўнікам.

Агучванне ключавых пытанняў урока:

1. Душэўная драма Іркі. У чым яна? Хто вінаваты?

2. Ці даруе Ірка дарослым іх здраду і бесчалавечнасць?

 

ӀӀӀ Вывучэнне тэмы

1. Чытанне вучаніцай верша М.Пазнякова “Кніга”.

 

2. Экскурсія ў “мастацкую галерэю” вучнёўскіх работ.

– Што аб’ядноўвае кнігі і мастацтва?

– Што падштурхнула вас, мастакі, да стварэння гэтых вобразаў?

– Што яднае вашы малюнкі і творы мастацтва, змешчаныя ў падручніку?

– Алені і Ірка. Як звязаны героі?

– Чаму аўтар галоўную ролю ў творы адводзіць дзяўчынцы, а не даросламу чалавеку?

– Як праз успрыманне Іркай раскрываюцца змест і праблемы твора?

Вывад: малюнкі, рэпрадукцыя карціны Г.Шапялевіч “У пушчы” і апавяданне І.Пташнікава “Алені”аб’ядноўвае хараство прыроды, яе непаўторнасць, багацце, каштоўнасць, прыгажосць. Захапленне навакольным светам.

– Так, Ірка ведае прыроду, умее сябраваць з жыхарамі лесу, любіць іх. Усё прыгожае ў ёй выхавала прырода, на ўлонні якой яна вырасла. У прыроды Ірка навучылася дабру і чалавечнасці, справядлівасці і спагадзе. Без прыроды яна не ўяўляе свайго жыцця. Не прымае таго, што лес высякаюць. Падчас вайны чалавек і прырода дапамагалі адно аднаму, а чаму ж цяпер чалавек толькі спажывае лясныя багацці?!

– Якая ж яна, галоўная гераіня апавядання?

Праца са схемай-сонейкам “Ірка якая?” (Дадатак 1 ).

– А як вы ведаеце прыроду? Наколькі ўважлівымі былі ў час чытання?

 

3. Запаўненне табліцы “Белыя плямы” (Дадатак 2).

Агучванне вынікаў.

 

4. Гульня ў перакладчыкаў “Знайдзі пару” (каля дошкі выконваюць два вучні). Карткі са словамі-назвамі раслін, кветак, ягад, грыбоў па-беларуску і па-руску. Неабходна ўстанавіць адпаведнасць (Дадатак 3).

Усе вучні запісваюць назвы раслін, кветак, ягад, грыбоў, якія бачыць на слайдах прэзентацыі, па-беларуску і па-руску (Дадатак 4).

Узаемаправерка вынікаў работы класа і вучняў на дошцы.

Вывад: вы, як і Ірка, умееце назіраць, бачыць прыгожае, рабіць абагульненні. Значыць, станеце добрымі ахоўнікамі нашай прыроды-маці.

 

5. Гутарка з класам.

– Не ўсё добра склалася ў жыцці дзяўчынкі. Што стала прычынай душэўнай драмы Іркі?

– Якія душэўныя якасці Іркі праяўляюцца ў адносінах да аленяў? Да бацькоў? Да ўсяго жывога? Скарыстайце картку “5 з 25” (Дадатак 5).

– Калі Ірка пачала адчуваць нешта нядобрае?

– Як паказвае пісьменнік яе перажыванні?

– Як паводзіць сябе Ірка, калі яе запрашаюць за стол? Чаму?

– Як дарослыя аднесліся да гэтага ўчынку дзяўчынкі? (Маці ў гневе, абураная; Язэп з непаразуменнем, абыякавасцю; бацька адчуваў няёмкасць перад дачкой.)

– Знайдзіце з дапамогай карткі “5 з 25” тыя якасці характару, якія ўласцівыя дарослым. Агучце і аргументуйце.

– Ці ёсць апраўданне ўчынку бацькі? Што асуджае аўтар?

 

6. Праца з праблемнымі пытаннямі.

– Душэўная драма Іркі. У чым яна? Хто вінаваты?

– Ці даруе Ірка дарослым іх здраду і бесчалавечнасць?

 

7. Заключны блок пытанняў.

– Як прырода дапамагае раскрываць характары герояў?

– Што асуджае аўтар у сваім творы?

– Як адносіцца пісьменнік да герояў і падзей? На чыім баку ён? Якая яго пазіцыя?

– Сфармулюйце тэму і ідэю апавядання Івана Пташнікава “Алені”. На якіх вобразах раскрываюцца?

Вывад: пісьменнік спачувае Ірцы. Яе бацька (ляснік) ведаў, што алені ахоўваюцца дзяржавай, ён павінен іх даглядаць, а становіцца браканьерам. Ірка не можа і не хоча зразумець, што зрабіў ён гэта дзеля яе, каб яна хоць трохі смачна паела. Тым самым бацькі нанеслі дачцэ не толькі фізічную, але і душэўную траўму. Ірка магла загінуць у зімовым лесе ці памерці ад хваробы. Магла страціць веру ў чалавечую шчырасць і справядлівасць.

Аўтар сцвярджае, што выхаванне гуманных, беражлівых адносін да прыроды – гэта вельмі важная задача. Рашаць яе будзем і мы з вамі.

 

8. Характарыстыка Іркі.

Агучванне 2–3 вусных характарыстык Іркі.

 

ӀV Падагульненне

– “Святы абавязак кожнага чалавека – быць сапраўдным гаспадаром зямлі”. Што гэта значыць? Як вы разумееце выказванне?

Агучванне правіл адносін да прыроды і размяшчэнне вучнёўскіх святлафораў на дошцы (метад “Святлафор”: чырвоны – нельга, не…; жоўты – увага; зялёны – трэба..).

Слайд “Законы” (як абагульненне таго, што сказалі або не адзначылі вучні).

 

V Рэфлексія

Сёння на ўроку:

– Я зразумеў, што…

– Я задумаўся …

– Мне захацелася…

 

VӀ Выстаўленне і каменціраванне адзнак

– Хто задаволены сваёй работай на ўроку?

– Як бы вы самі ацанілі сваю дзейнасць?

Вывад: вы актыўна працавалі, граматна выказваліся, адстойвалі свае меркаванні. Пабылі і мастакамі, і перакладчыкамі, і даследчыкамі. Задаволена вашай працай на ўроку.

 

VӀӀ Дамашняе заданне

На выбар:

1. Вуснае апавяданне-працяг “Як склаўся далейшы лёс Іркі?”

2. Вусная замалёўка на адну з тэм: “Ірка і яе алені”, “Ірчына пушча”, “Свет Ірчыных захапленняў”.

 

 

Дадатак 3

Словы для перакладу

Апенькі, слімак, папараць, ажыны, брусніцы, журавіны, качкі, гіль, шчупак.

Опята, слизень, папоротник, ежевика, брусника, клюква, утки, снегирь, щука.

 

Дадатак 5

Картка “5 з 25”

Характарыстыка галоўнай гераіні

Цікаўнасць, абыякавасць, нецярпімасць, стараннасць, спрытнасць, упартасць, улюбёнасць у прыроду, разважлівасць, чэрствасць, адказнасць, назіральнасць, дабрата, сур’ёзнасць, працавітасць, сумленнасць, жорсткасць, чуласць, спагадлівасць, летуценнасць, бессардэчнасць, справядлівасць, паслухмянасць, уражлівасць, любоў да бацькоў, міласэрнасць.      

 

 

Спіс выкарыстанай літаратуры

1 Бельскі, А.У. Беларуская літаратура: XI–XX ст.ст. – Дапаможнік для школ, ліцэяў, гімназій, ВНУ / А.У.Бельскі [і інш.]. – Мн. : Аверсэв, 1999. – 415 с.
2 Лазарук, М.А. Урок літаратуры ў школе: Кніга для настаўніка / М.А.Лазарук [і інш.] ; пад рэд. М.А.Лазарука, В.У.Івашына. – Мн. : Аверсэв, 1999. – 415 с.
3 Смыкоўская, В.І. Беларуская літаратура. 6 клас : рознаўзроўневыя заданні: дапаможнік для настаўнікаў устаноў, якія забяспечваюць атрыманне агульнай сярэдняй адукаціі. / В.І.Смыкоўская. – Мн.: Аверсэв, 2005. – 208 с.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий