Лэпбук “Спорт – здароўе” для дзяцей 4–6 гадоў

- 11:04ДОШКОЛЬНОЕ ОБРАЗОВАНИЕ, Дошкольное образование. Авторские пособия, Методичка

Лэпбук “Спорт – здароўе” дапамагае фарміраваць у дзяцей 4–6 гадоў агульныя ўяўленні пра розныя віды спорту, матывуе іх займацца фізічнай культурай і спортам, прапагандуе здаровы лад жыцця.

 

Алена ЯБЛОНСКАЯ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Уселюбская сярэдняя школа” Навагрудскага раёна
Гродзенскай вобласці

 

Лэпбук уяўляе сабой кардонную скрынку, абклееную самаклейнай паперай. Унутры дапаможніка ёсць кішэні для дыдактычных гульняў па тэме, гульнявое поле для “футбола”, міні-шчыт для гульні ў “баскетбол”. На задняй частцы скрынкі ёсць поле для гульні ў твістар.

Лэпбук “Спорт – здароўе” можа выкарыстоўвацца як у індывідуальнай працы, так і ў працы з падгрупай дзяцей.

 

Дыдактычныя гульні, прадстаўленыя ў лэпбуку

Дыдактычная гульня “Спорт зімой і летам”

Задачы: паглыбіць цікавасць дашкольнікаў да спорту; удасканальваць навыкі распазнання і адлюстравання відаў спорту, класіфікацыі відаў спорту.

Матэрыял: карткі з выявамі спартсменаў, якія займаюцца зімовымі і летнімі відамі спорту.

Правілы

Варыянт 1. Гульцу неабходна падзяліць усе карткі на дзве групы. У адну групу адабраць усе карткі, на якіх намаляваны летнія віды спорту; у другую – карткі з зімовымі відамі спорту. Назваць правільна ўсе віды спорту; расказаць, як вызначаецца пераможца ў кожным відзе спорту.

Варыянт 2. Удзельнікі гульні дзеляцца на дзве каманды. Першай камандзе неабходна выбраць набор картак з зімовымі відамі спорту, другой – з летнімі відамі спорту і даць назву віду спорту.

Варыянт 3. У кожны рад пакласці па пяць картак з выявамі спорту. Заданне для дзяцей: знайсці ў кожным радзе лішні від спорту і растлумачыць, чаму гэта так.

Варыянт 4. На стале ляжаць перавернутыя карткі з выявамі спартсменаў. Кожнае дзіця па чарзе бярэ адну з картак, затым з дапамогай жэстаў, мімікі, позы паказвае рух спартсмена, які ў яго на картцы. Задача астатніх дзяцей – адгадаць, якога спартсмена ён прадстаўляе.

 

Рухомая гульня “Пакажы практыкаванне”

Мэта: удасканальванне ўмення дзяцей выконваць практыкаванні з выкарыстаннем картак.

Матэрыял: карткі-схемы, якія паказваюць выкананне практыкаванняў.

Правілы

Варыянт 1. Удзельнікі гульні ўтвараюць круг. Усе гульцы выконваюць дзеянне па картках, якія паказвае педагог.

Варыянт 2. Гульцы ўтвараюць круг. Кожны ўдзельнік гульні па чарзе самастойна выбірае адну з прапанаваных картак і паказвае практыкаванне, якое ў яго на картцы. Усе астатнія дзеці паўтараюць за ім практыкаванне. Складанасць: удзельнікам гульні неабходна назваць становішча частак цела пры паказе практыкавання.

 

Гульня-пазлы “Што трэба спартсмену”

Мэта: замацаванне атрыманых дзецьмі ведаў пра спартыўны інвентар і спартсменаў, а таксама развіццё ўвагі, мыслення.

Матэрыял: набор з 16 картак, аб’яднаных у 8 пар замкамі-пазламі.

Правілы

Варыянт 1. На стале раскладзены карткі з выявамі спартыўнага інвентару. У педагога – карткі з выявамі спартсменаў. Педагог бярэ адну картку з выявай спартсмена і паказвае яе дзецям. Удзельнікі гульні павінны пазнаць спартсмена і адшукаць яго спартыўны інвентар. Напрыклад, для лыжніка гэта будуць лыжы. Выбар будзе правільным, калі пазлы супадуць. Тады картка аказваецца ў гульца. Далей педагог паказвае наступную картку і г. д. Выйграе той, у каго больш картак.

Варыянт 2. На стале раскладзены карткі з выявамі спартыўнага інвентару. У педагога – карткі з выявамі спартсменаў. Педагог бярэ адну картку са спартсменам і апісвае яго, не паказваючы дзецям. Гулец, які першым правільна назваў спартсмена, шукае яго спартыўны інвентар і правярае сябе, злучаючы іх. Выйграе той, у каго больш картак.

Варыянт 3. Усе карты ляжаць на стале. Задача дзяцей – выбраць пары карцінак: у кожнага спартсмена свой спартыўны інвентар, назваць спартсмена і яго спартыўны інвентар. Выйграе той, у каго больш картак.

 

Міні-гульня твістар

Мэта: развіццё каардынацыі рухаў пальцаў, дробнай маторыкі, увагі, дакладнасці рухаў.

Матэрыял: гульнявое поле з рознакаляровымі кружкамі, кубік з указаннем вызначанага пальца і кубік з колерамі.

Правілы гульні

Пакладзіце гульнявое поле на стол. Вядучы кідае адразу два кубікі і называе колер і які выпаў палец. (Ён паказаны белым на чорнай руцэ). Гульцы па сваёй чарзе, не прыбіраючы ўжо пастаўленыя на полі пальцы, выконваюць заданне, займаючы патрэбным пальцам свабодны круг патрэбнага колеру. Гулец, які не выканаў заданне, выбывае.

Пераможцам становіцца той, хто застанецца на полі.

Калі на кубіку выпадаюць усе белыя пальцы, то выбар пальца застаецца за гульцом. Калі патрэбны палец ужо знаходзіцца на патрэбным крузе, то гулец вырашае, перамясціць палец у іншы круг таго ж колеру ці не.

 

Гульня “Міні-футбол”

Мэты: развіццё дробнай маторыкі, развіццё паветранай бруі, дыхальнай сістэмы арганізма; замацаванне ведаў дзяцей пра футбол.

Матэрыял: футбольнае поле, выявы футбалістаў з кардону, розныя мячы (з фольгі, паперы, пенапласту, ваты), трубачкі для кактэйлю.

Правілы гульні

Варыянт 1. Пальчыкавы футбол.

Гуляць можна ад 2 да 4 гульцоў: 2 варатары, астатнія футбалісты. Гуляць можна толькі ўказальным і сярэднім пальцамі (як дзве нагі футбаліста). Пераможцам лічыцца той, хто забіў больш галоў саперніку.

Варыянт 2. Дыхальны футбол

У цэнтр поля кладуць жменю “мячоў” з ваты або паперы. Удзельнікі гульні бяруць у рукі трубачку і дзьмуць “мячы” ў чужыя вароты. Калі ўсе мячы апынуцца ў варотах, гульня спыняецца. Пераможцам лічыцца той, хто забіў больш галоў саперніку.

 

Гульня “Міні-баскетбол”

Мэты: удасканаленне навыку кідання як правай так і левай рукой, развіццё дакладнасці, каардынацыі рухаў, замацаванне ведаў дзяцей пра баскетбол.

Правілы гульні

Для пачатку трэба паставіць шчыт на аднолькавай адлегласці ад кожнага гульца. Мэта – закінуць максімальную колькасць мячоў у кошыкі.

Кідаць мячы можна з розных палажэнняў: стоячы, седзячы, адной рукой, стоячы на каленях і г. д. Перамагае той, хто трапіць у кошык найбольшую колькасць разоў.

 

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий