“Свая гульня” прысвечана беларускім пісьменнікам. Адны з іх былі педагогамі па прафесіі, другія прысвяцілі настаўнікам творы ці ўспаміналі іх з удзячнасцю ўсё жыццё. Распрацоўка можа быць выкарыстана калегамі напярэдадні Дня настаўніка.
Таццяна МАРЦЭВІЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Ёдкаўская сярэдняя школа”
Лідскага раёна,
Гродзенская вобласць
Мэта: пашырэнне і паглыбленне ведаў вучняў пра жыццёвы і творчы шлях дзеячаў беларускай літаратуры, лёс якіх звязаны з педагагічнай дзейнасцю; выхаванне пачуцця павагі да асобы настаўніка.
Задачы: садзейнічаць развіццю інтэлектуальных здольнасцей вучняў; стымуляваць іх пазнавальную актыўнасць; фарміраваць пазітыўныя адносіны да прафесіі настаўніка як да творчай, інтэлектуальнай і запатрабаванай.
Абсталяванне: мультыборд з полем для гульні і заданнямі, фотаздымкамі беларускіх пісьменнікаў-педагогаў, папера, ручкі.
Удзельнікі: вучні 9–11-х класаў, вядучы.
Умовы гульні: у гульні ўдзельнічаюць дзве каманды з ліку навучэнцаў. Права першага ходу вызначаецца шляхам жараб’ёўкі. Каманда выбірае сектар і колькасць балаў, вядучы чытае пытанне, каманда дае адказ. Калі адказ правільны, каманда атрымоўвае неабходную колькасць балаў. У выпадку няправільнага адказу, слова перадаецца другой камандзе. Наступны сектар і колькасць балаў выбірае тая каманда, якая дала правільны адказ. Перамагае тая каманда, якая набрала найбольш балаў.
“Свая гульня” прысвечана беларускім пісьменнікам. Адны з іх былі педагогамі па прафесіі, другія прысвяцілі настаўнікам творы ці ўспаміналі іх з удзячнасцю ўсё жыццё. Распрацоўка можа быць выкарыстана калегамі напярэдадні Дня настаўніка.
Падчас правядзення гульні важна звярнуць увагу навучэнцаў на тое, што многія беларускія пісьменнікі пачыналі свой працоўны шлях з прафесіі настаўніка, што сваімі дасягненнямі і поспехамі яны былі абавязаныя менавіта педагогам. Неабходна таксама падкрэсліць, што дзеці беларускіх мастакоў слова перанялі ад сваіх таленавітых бацькоў пісьменніцкія здольнасці альбо таксама ўзялі на сябе складаную, але такую важную місію – быць Настаўнікам!
Ход гульні
Вучань чытае верш Алены Руцкай “Настаўніку”.
На роспач не маеш права,
Хаваеш слабасць і стому.
Твая нялёгкая справа
Жыццё адкрываць другому.
Любові навучыць адданай
Да роднай пявучай мовы,
Што з песні жытоў саткана,
Са звону гусляў вясновых.
Любові да роднага краю,
Да песень і казак матулі,
Сівых курганоў ля гаю,
Дзе мудрыя продкі паснулі.
У працы не маеш права:
На роспач,
на слабасць,
На стому.
Твая пачэсная справа –
Жыццё адкрываць другому.
Настаўнік аб’яўляе ўмовы гульні.
Поле для гульні
Пісьменнікі-настаўнікі |
10 |
20 |
30 |
40 |
50 |
60 |
70 |
80 |
Вобраз настаўніка ў творы |
10 |
20 |
30 |
40 |
50 |
60 |
70 |
80 |
Любімы настаўнік пісьменніка |
10 |
20 |
30 |
40 |
50 |
60 |
70 |
80 |
Знакамітыя дзеці настаўнікаў-пісьменнікаў |
10 |
20 |
30 |
40 |
50 |
60 |
70 |
80 |
Сектар “Пісьменнікі-настаўнікі”
10. Праваслаўны дзеяч, духоўны пісьменнік, выхавальнік і настаўнік царскіх дзяцей – Аляксея, Фёдара, Пятра І, для якога ў 1679 годзе выдаў “Букварь языка словенска”. (Сімяон Полацкі)
20. Аўтар паэмы “Тарас на Парнасе”, выкладчык геаграфіі, прыродазнаўства Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі ў 1874–1879 гадах. (Канстанцін Вераніцын)
30. Настаўніца, беларуская паэтка ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў, аўтарка “Першага чытання длядзетак беларусаў”, адна з ініцыятараў стварэння нелегальных беларускіх школ у Лідскім павеце ў 1912 годзе. (Цётка (Алаіза Пашкевіч))
40. Класік беларускай літаратуры, настаўнік, арганізатар нелегальнага настаўніцкага з’езда ў вёсцы Мікалаеўшчына летам 1906 года, за які ён атрымаў тры гады астрога. (Якуб Колас)
50. Беларускі пісьменнік, які ў 1919 годзе настаўнічаў у пачатковай школе на Магілёўшчыне, быў загадчыкам Шклоўскага валаснога аддзела народнай асветы, удзельнікам ІІ Усерасійскага з’езда Саюза работнікаў асветы. (Міхась Зарэцкі)
60. Беларускі пісьменнік, аўтар аповесці “Міколка-паравоз”, які ў 1917 годзе скончыў Рагачоўскую настаўніцкую семінарыю, настаўнічаў у вёсцы Свержань Рагачоўскага раёна. (Міхась Лынькоў)
70. Паэт, адзін заўтараў Дзяржаўнага гімна Беларусі, які працаваў выкладчыкам беларускай і рускай мовы і літаратуры ў Опсаўскай сярэдняй школе на Браслаўшчыне. (Уладзімір Карызна)
80. Беларускі паэт, аўтар зборніка вершаў “Заснежаныя ягады”, які ў 1969 годзе скончыў філалагічны факультэт БДУ, у 1969–1987 гадах працаваў настаўнікам у Солах, што на Смаргоншчыне. (Мар’ян Дукса)
Пасля выканання задання настаўнік прапануе разгледзець фотаздымкі пісьменнікаў-педагогаў (на мультыбордзе).
Фотаздымкі можна спампанаваць тут.
Сектар “Вобраз настаўніка ў творы”
10. Каму прысвяціла вершаваныя радкі заслужаная настаўніца Беларусі Алена Руцкая: “На роспач не маеш права, // Хаваеш слабасць і стому. // Твая нялёгкая справа // Жыццё адкрываць другому”? (Настаўніку)
20. Як звалі педагога з апавядання Івана Навуменкі “Настаўнік чарчэння”? (Апалінарый Феакціставіч)
30. Настаўнік з твора Якуба Коласа “На ростанях”. (Андрэй Лабановіч)
40. У якім творы Івана Шамякіна прысутнічае вобраз настаўніка матэматыкі Уладзіміра Іванавіча Лялькевіча? (“Непаўторная вясна”)
50. Які прадмет выкладаў настаўнік Антон Антонавіч Струк з апавядання Івана Навуменкі “Жуль Верн”? (Геаграфію)
60. Прозвішча настаўніцы Даніка Мальца з аповесці “Сірочы хлеб” пані Мар’і. (Анджэеўская)
70. Герой камедыі “Паўлінка” Янкі Купалы, які быў настаўнікам. (Якім Сарока)
80. Назавіце твор Вячаслава Адамчыка, адкуль узяты радкі: “Толькі адна Часлава Карлаўна – маладзейшая за ўсіх, далікатная з твару, з прыгожым, дзіўным для мяне прозвішчам – Вератынская – прыходзіла ў школу кожны дзень па-новаму і хораша адзетая. Ласкава з намі віталася, нязвыкла кіўнуўшы галавою, лёгка і сцішна ўсміхнуўшыся куточкам вільготнага, як у дзіцяці, рота, – шчодра – густыя яе валасы свежа рассыпаліся, мякка адсвечваючы залацістай чырванню, і на вушах мігатліва калыхаліся цяжкія завушніцы”. (“Урок арыфметыкі”)
Сектар “Любімы настаўнік пісьменніка”
10. У якога вядомага пісьменніка, аўтара ўрыўка “Дарэктар”, хатнім настаўнікам быў Іван Васільевіч Міцкевіч, па-вулічнаму – Яська Базылёў? (У Якуба Коласа)
20. У якога пісьменніка, аўтара аповесці “Сірочы хлеб”, настаўнікамі былі Мар’я і Міхаіл Пранеўскія, якія вучылі любіць высокае і сапраўднае ў паэзіі? (У Янкі Брыля)
30. Якому пісьменніку настаўніца Кацярына Іванаўна Грыневіч у восьмым класе задала заданне напісаць п’есу для школьнай пастаноўкі, якая стала першым варыянтам яго твора “Млын на Сініх Вірах”? (Уладзіміру Караткевічу)
40. Якому пісьменніку, аўтару “Палескай хронікі”, у школьныя гады настаўнік Міхась Іванавіч Пакроўскі параіў не пакідаць пісаць вершы, даў зразумець, што творчасць – не толькі талент, але і цяжкая праца? (Івану Мележу)
50. У якой паэткі, аўтаркі верша “Люблю наш край– старонку гэту…”, настаўніцай была сапраўдная францужанка, Эмілія Манэ, маці Уладзіславы Станкевіч, жонкі Янкі Купалы? (У Канстанцыі Буйло)
60. На якога паэта, аўтара верша “Продкі”, асаблівы ўплыў зрабіў настаўнік А.Нікіценка, які падчас вучобы ў Смаленску сустракаўся з А.Твардоўскім, М.Ісакоўскім? (На Алеся Пісьмянкова)
70. Якую паэтку ў Парэцкай сярэдняй школе Пінскага раёна настаўнік рускай мовы і літаратуры Цудзіла Фёдар Фёдаравіч натхніў і блаславіў на філалогію, дапамагаў выпускаць рукапісны альманах “Ясельда”? (Яўгенію Янішчыц)
80. У якога паэта любімымі настаўнікамі былі Ефрасіння Міхайлаўна Карабань і Алесь Антонавіч Карабань, ад якіх будучы аўтар верша “Бацьку” чуў правільную, пявучую мову? (У Рыгора Барадуліна)
Сектар “Знакамітыя дзеці настаўнікаў-пісьменнікаў”
10. Каміла (у замужжы Асіповіч) – беларуская піяністка, педагог, удзельніца вызвольнага паўстання на тэрыторыі Беларусі 1863–1864 гадоў, дачка пачынальніка нацыянальнай літаратуры, якога сучаснікі называлі Беларускім Дударом. (Дачка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча)
20. Данііл Канстанцінавіч – стваральнік і першы дырэктар музея Якуба Коласа, заслужаны дзеяч культуры Беларускай ССР. (Сын Якуба Коласа)
30. Галіна Максімаўна – захавальніца літаратурнага архіва сям’і, аўтарка шэрагу прац, прысвечаных жыццю і творчасці бацькі, беларускага пісьменніка, і маці, Леанілы Усцінаўны Чарняўскай, педагога, празаіка, перакладчыка. (Дачка Максіма Гарэцкага)
40. Максім Адамавіч – беларускі паэт, класік беларускай літаратуры, аўтар зборніка вершаў “Вянок”. (Сын Адама Ягоравіча Багдановіча)
50. Валянціна Аркадзьеўна – літаратуразнаўца, перакладчыца, аўтар аповесці-эсэ пра бацьку-паэта “Лясному рэху праўду раскажу”. (Дачка Аркадзя Куляшова)
60. Фёдар Іванавіч Фёдараў – беларускі фізік-тэарэтык, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Герой Сацыялістычнай Працы. (Сын Янкі Маўра)
70. Таццяна Іванаўна – беларускі крытык, літаратуразнаўца, доктар філалагічных навук, аўтар раздзелаў у падручніку па беларускай літаратуры для вучняў 9-га класа, у тым ліку пра свайго бацьку: “Якуб Колас”, “Іван Шамякін”, “Уладзімір Караткевіч”. (Дачка Івана Шамякіна)
80. Павел Іванавіч – літаратуразнавец, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, аўтар прадмовы да дзесяцітомнага выдання твораў бацькі-пісьменніка. (Сын Івана Навуменкі)
Пасля выканання задання настаўнік прапануе разгледзець фотаздымкі пісьменнікаў-педагогаў і іх дзяцей (на мультыбордзе).
Фотаздымкі можна спампанаваць тут.
Падвядзенне вынікаў гульні, аб’яўленне пераможцы.