План-канспект факультатыўнага занятку “Вялікая Айчынная вайна савецкага народа (у кантэксце Другой сусветнай вайны)” у 9-м класе па тэме “Вялікая Айчынная вайна ў гісторыі майго краю”

- 13:14II И III СТУПЕНИ, ИСТОРИЯ И ОБЩЕСТВОВЕДЕНИЕ, История и обществоведение. Сценарии

Мэта: навучыць вучняў апрацоўваць і аналізаваць знойдзеную інфармацыю,  удасканальваць навыкі публічнага выступлення на аснове сабранага краязнаўчага матэрыялу.

Людміла ШАПУЦЬКА,
настаўнік гісторыі і грамадазнаўства
ДУА “Уселюбская сярэдняя школа”
Навагрудскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

Мэта: навучыць вучняў апрацоўваць і аналізаваць знойдзеную інфармацыю, удасканальваць навыкі публічнага выступлення на аснове сабранага краязнаўчага матэрыялу.

Задачы ўрока:

– развіваць навыкі пошукава-даследчай дзейнасці, самастойнай работы, удзелу ў дыскусіі;

– выхоўваць у вучняў адказнасць за гістарычную памяць аб Вялікай Айчыннай вайне ў сям’і, у сваім населеным пункце, пачуццё высокага патрыятызму на прыкладзе гераізму і самаахвярнасці сваіх землякоў.

Тып урока: урок-канферэнцыя.

Формы арганізацыі дзейнасці вучняў: індывідуальная, калектыўная, інтэрактыўная.

Матэрыялы і абсталяванне: вучэбны дапаможнік для 9-га класа “Вялікая Айчынная вайна савецкага народа (у кантэксце Другой сусветнай вайны)”, вучэбны дапаможнік для вучняў 5–9-х класаў “Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны”, кніга “Памяць” Навагрудскага раёна, мультыборд.

Афармленне дошкі: дата, тэма ўрока.

Эпіграф: “Балюча ўсведамляць, колькі новых жыццяў так і не з’явілася на свет, колькі дзяцей не стала дарослымі, колькі лёсаў абарвалася з-за бяздумных ідэй, сляпой нянавісці і крывавай жорсткасці. Абавязак жывых перад паўшымі – знайсці вінаватых у масавым генацыдзе, зберагчы памяць аб тых страшных падзеях і не даць бядзе зноў разгуляцца на нашай святой зямлі”, – са звароту Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнка да суайчыннікаў з выпадку 80-годдзя трагедыі ў Хатыні.

 

Ход урока

І Арганізацыйны момант

Настаўнік вітаецца з вучнямі, правярае гатоўнасць класа да ўрока.

– Час перамагае толькі памяць. Калі людзі забываюць мінулае, то яны асуджаны на тое, каб перажыць яго яшчэ раз. Памяць пра Вялікую Айчынную вайну ў шматпакутнай гісторыі нашай краіны, у лёсе нашага краю і кожнай сям’і трагічная і гераічная.

 

ІІ Актуалізацыя ведаў

– Наш сённяшні ўрок-канферэнцыя прысвечаны тэме “Вялікая Айчынная вайна ў гісторыі майго краю”. Занятак будзе праводзіцца на аснове сабраных краязнаўчых матэрыялаў, а дакладней, выканання заданняў рубрыкі “Ствараем летапіс вайны”. Эпіграфам да ўрока стануць словы са звароту Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнка да суайчыннікаў з выпадку 80-годдзя трагедыі ў Хатыні. (Зачытваем зварот, ставім асноўную мэту і вызначаем задачы ўрока).

 

ІІІ Мэтаматывацыйны этап

На аснове заданняў рубрыкі “Ствараем летапіс вайны” вучні фармулююць праблемнае поле канферэнцыі:

1. Ураджэнцы майго краю на фронце, на акупіраванай тэрыторыі і ў савецкім тыле.

2. Мая вёска ў гады вайны.

3. Вялікая Айчынная вайна ў гісторыі маёй сям’і.

4. Назаўжды ў памяці народнай.

Стаўлю праблемнае пытанне: Чаму вайна заўсёды становіцца часам грубага парушэння правоў чалавека?

Па першым пытанні вучні прэзентуюць сабраны матэрыял аб земляках, удзельніках вайны (Кокала К.К., Новіку К.К., Марцулю М.А., Дзешуку А.І., Люсі Сечка, Журко І.К.). Прэзентацыя праходзіць у музеі, каля стэндаў “Яны абаранялі Радзіму” і “Сцежкамі партызанскай славы”.

Першапачатковае замацаванне

Работа ў групах, абмеркаванне пытанняў:

– Чаму яны паступалі так, нягледзячы на пагрозу смерці?

– Якія этапы ў іх жыцці падыходзяць пад азначэнне цяжкіх?

Звяртаю ўвагу на тое, што на вайне лёгка не бывае; яны былі маладымі, хацелі жыць, але любоў да Радзімы і нянавісць да ворага былі мацней.

Па другім пытанні вучань расказвае аб роднай вёсцы Уселюб у гады вайны на аснове аналізу дакументальнага матэрыялу – успамінаў відавочцаў-аднавяскоўцаў (Дадатак 1).

Стаўлю пытанне: Ці пераконвае цябе сабраны матэрыял у гераізме і самаахвярнасці тваіх землякоў?

Па трэцім пытанні звяртаю ўвагу на тое, што па ініцыятыве пасольства Ізраіля ў Рэспубліцы Беларусь у нашы дні адбываецца ўшанаванне праведнікаў народаў свету – так называюць тых, хто ў час Вялікай Айчыннай вайны ратаваў асоб яўрэйскай нацыянальнасці.

У Беларусі сёння налічваецца больш за 550 праведнікаў народаў свету. Адзін з іх, Пэнда Іван Канстанцінавіч, пражываў ва Уселюбе. Аб ім расказаў праўнук Пэнда Мікіта (Дадатак 2).

Даў станоўчы адказ на пытанне:

– Ці ахоплівае цябе пачуццё гонару за свайго прадзеда?

Па чацвёртым пытанні матэрыялы рубрыкі падрыхтаваны ў форме электроннай карты нашай мясцовасці, на якой адзначаны месцы ўшанавання памяці аб бязвінна загінуўшых земляках. Кожны вучань расказаў аб помніку, які знаходзіцца ў яго вёсцы.

https://docs.google.com/presentation/d/1YYH50m4JBtrCMGG4CnCvmCxKq12Yv3OE/edit?usp=sharing&ouid=102016528849241886093&rtpof=true&sd=true

Вучні прадстаўляюць вынікі сваёй пошукава-даследчай краязнаўчай работы, абмяркоўваюць, дзе могуць быць выкарыстаны атрыманыя матэрыялы.

 

ІV Замацаванне

З мэтай кантролю за засваеннем прадстаўленага матэрыялу вучням прапаноўваецца тэст.

Тэст

1. Брыгада імя Дзяржынскага ў 1943 годзе была развернута ў складзе атрадаў імя Дзяржынскага, імя Жданава, імя Варашылава.

а) правільнае сцверджанне;
б) няправільнае сцверджанне.

2. Атрад імя Катоўскага базіраваўся паблізу вёсак Зенявічы і Пліса.

а) правільнае сцверджанне;
б) няправільнае сцверджанне.

3. Напішыце назву буйнейшай карнай аперацыі супраць партызан летам 1943 года ў нашай мясцовасці. _______________________________

4. Люся Сечка пасмяротна ўзнагароджана __________________________

5. Знайдзіце памылку.

Працяглы час Навагрудскі райкам ЛКСМБ разам са штабам брыгады імя Чапаева знаходзіўся ў вёсцы Чарэшля.

6. Адкажыце на пытанні:

1) У якім годзе ў вёсцы Уселюб у памяць аб загінуўшых у гады вайны быў пастаўлены помнік па ўшанаванню памяці 61 жыхара, якія загінулі на франтах і ў партызанскіх баях, помнік-скульптура воіна?

2) У якім годзе на брацкай магіле савецкіх воінаў і партызан, дзе пахаваны восем воінаў 348-й стралковай дывізіі 35-га стралковага корпуса 3-й арміі 2-га Беларускага фронту і тры партызаны брыгады імя Кірава злучэння Баранавіцкай вобласці, якія загінулі 08.07.1944 года ў баях за вызваленне вёскі Уселюб, устаноўлены абеліск?

7. Устанавіце адпаведнасць.

1

Кокала Казімір Купрыянавіч

 

А

У блакадным Ленінградзе знаходзіўся 900 дзён. Быў паранены 2 разы.

2

Новік Уладзімір Канстанцінавіч

 

Б

Узнагароджаны Ордэнам Вялікай Айчыннай вайны і Ордэнам Чырвонай зоркі

3

Дзяшук Аляксандр Іванавіч

 

В

У студзені 1945 года пры наступленні на Кенігсберг быў цяжка паранены ў левую руку, пасля чаго быў накіраваны ў ваенны шпіталь горада Тыльзіт

 

V Рэфлексія

– Што новага вы даведаліся пра свой населены пункт.

– З якімі праблемамі вы сутыкнуліся, ажыццяўляючы пошукавую дзейнасць?

– Што яшчэ можна зрабіць у будучым?

– Назавіце аднакласніка, які сабраў самы багаты і цікавы матэрыял.

 

VІ Каменціраванае выстаўленне адзнак

 

VІІ Падвядзенне вынікаў

Адказваючы на праблемнае пытанне да ўрока-канферэнцыі, падкрэсліваем, што вайна парушае асноўнае канстытуцыйнае права чалавека – права на жыццё. Гаворым аб тым, што вайна Вялікай застанецца назаўжды, таму што новыя пакаленні, верныя справе сваіх бацькоў, дзядоў і прадзедаў, захаваюць гэтую Памяць і перададуць яе нашчадкам. Такая ж задача стаіць і перад вамі.

 

Дадатак 1

Матэрыял для расказу пра вёску Уселюб у гады вайны

Жыхары Уселюба ўспрынялі пачатак вайны па-рознаму. На плошчы, каля магазіна, было людна. Гарэлка і іншыя тавары ішлі нарасхват. Мясцовая ўлада, нікому нічога не гаворачы, збіралася наўцёкі. Далёка чуліся бомбавыя ўдары. Самалёт-рама, з крыжамі на крылах, некалькі разоў абстраляў Уселюб. Праз некаторы час з’явіліся дзевяць юнкерсаў і пачалі бамбіць мястэчка. Праз Уселюб адыходзілі часці Чырвонай Арміі. Вёску ахапіў пажар: амаль поўнасцю выгарэла вуліца Віленская, была пашкоджана большасць будынкаў у мястэчку. Ужо на трэці дзень з пачатку вайны ў мястэчка Уселюб увайшлі баявыя часці немцаў. Хутка была створана мясцовая ўлада. Атрад паліцаяў узначаліў “свой” тутэйшы жыхар Гаспер Уладзімір Андрэевіч. У канцы чэрвеня, калі немцы дастаткова асвоіліся, мясцовая ўлада загадала ўсім камуністам і служачым сельпо з’явіцца на плошчу. Кожны павінен быў мець пры сабе лапату. На плошчы каля векавога явара стаяў грузавік.

Вось як успамінае гэтую падзею Зэйдаль М.В., мясцовы жыхар: “На плошчы каля грузавіка стаяў пузаты немец і каля дзясятка ўзброеных салдат. Сабраных мясцовых жыхароў было чалавек дваццаць. Немец выклікаў кіўком пальца і пытаў: “Ці камуніст ?” Уселюбскі тлумач Янц Аляксандр і немец разбіраліся хутка, кожны з выкліканых пакаштаваў сілу нямецкага кулака. Янчук Станіслаў, які быў камуністам, Галянеўскі Мікалай,які быў памочнікам у графа і жыў на ўсіх дастатках, яўрэй Моўшка-шавец і дэпутат Юльян Дударэвіч былі пасаджаны ў машыну. Апошняга, Дударэвіча, выратавала пані Аўгустоўская (жонка былога мэра Уселюба), якую ён уратаваў ад ссылкі ў Сібір. Астатніх машына вывезла назаўсёды. Служачыя сельпо вярталіся дамоў з лапатамі, якімі маглі б капаць сабе магілу. Ад гэтай думкі халадок ішоў па спіне, і расла помста ў сэрцах”. У цяжкую каляю ўваходзіла жыццё акупіраванага Уселюба. Галоўны бургамістр Уселюба Дойка Станіслаў і стараста Мазура Пётр узяліся кіраваць людзьмі. У парку расстрэльвалі мірных жыхароў. Па падазрэнні ў сувязі з партызанамі былі расстраляны Кудзя Міхаіл Андрэевіч, Кудзя Мікалай Андрэевіч, Галянеўскі Міхаіл Васільевіч, Манюк Антаніна Сяргееўна. Яны былі расстраляны ў парку і там жа пахаваны. Пазней на гэтым месцы ў памяць аб людзях, якія бязвінна загінулі, будзе ўстаноўлены памятны знак як напамін сучаснікам аб жахах вайны. Ва Уселюбе без жыхароў засталіся стаяць шэсцьдзясят будынкаў. У парку амаль кожную ноч чуліся стрэлы. Кожны з іх – гэта абарванае людское жыццё. Многія жыхары Уселюба дапамагалі партызанам: збіралі патрэбную інфармацыю, выпякалі хлеб, даглядалі раненых. Жыццё ва Уселюбе стала невыносным. Многія хлопцы вырашылі ісці ў партызаны.

Адным з праяўленняў акупацыйнай палітыкі нямецкіх улад у час Другой сусветнай вайны быў масавы вываз працаздольнага насельніцтва на работы ў Германію. 16 жніўня 1943 года немцы і паліцаі акружылі вёску Уселюб. Юнакам і дзяўчатам, якія атрымалі так званыя павесткі, было загадана з’явіцца да школы. Каля школы ўжо стаялі грузавыя крытыя машыны. Машыны выехалі са Уселюба ў суправаджэнні аховы. Так яны даехалі да Наваельні.

8 ліпеня 1944 года вёска Уселюб была вызвалена 69-м стралковым корпусам 49-й арміі ва ўзаемадзеянні з партызанскай брыгадай імя Ф.Э.Дзяржынскага. Шмат партызан і мірных жыхароў закатавалі немцы. Толькі па Уселюбскім сельскім Савеце іх налічваецца 50 чалавек. 125 чалавек сельсавета загінулі ці прапалі без вестак на франтах Вялікай Айчыннай вайны. У памяць аб загінуўшых у гады вайны ў 1969 годзе ў скверы вёскі Уселюб быў пастаўлены помнік па ўшанаванні памяці 61 жыхара, якія загінулі на франтах і ў партызанскіх баях. Помнік – скульптура воіна. Таксама ва Уселюбе знаходзіцца брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан. У парку пахаваны восем воінаў 348-й стралковай дывізіі 35-га стралковага корпуса 3-й арміі 2-га Беларускага фронту і тры партызаны брыгады імя Кірава злучэння Баранавіцкай вобласці, якія загінулі 08.07.1944 года ў баях за вызваленне вёскі Уселюб. У 1954 годзе на магіле быў устаноўлены абеліск. 

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий