Казка пра матчыну любоў. Сцэнарый мерапрыемства да Дня маці ў старшай групе

- 17:14ДОШКОЛЬНОЕ ОБРАЗОВАНИЕ, Дошкольное образование. Сценарии, Методичка

Выхаванне павагі да маці; развіццё маральных якасцей дашкольнікаў сродкамі музычнага мастацтва, беларускага фальклору.

 

Яўгенія ЛОМАЦЬ,
музычны кіраўнік
ДУА “Смаргонскі дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці”,
Гродзенская вобласць

 

Мэта: выхоўваць цікавасць, любоў і павагу да беларускай нацыянальнай культуры.

Задачы:

– узбагачэнне сферы эстэтычных пачуццяў на аснове ўспрымання разнастайных па характары і змесце музычных твораў ;
– выхаванне пазітыўнага стаўлення да музычнага мастацтва як да агульначалавечай каштоўнасці;
– вывучэнне беларускіх народных твораў;
– выхаванне жадання актыўна праяўляць сябе ў музычна-выканальніцкай і творчай дзейнасці;

– выхаванне павагі да маці; развіццё маральных якасцей дашкольнікаў сродкамі музычнага мастацтва, беларускага фальклору.

 

Ход мерапрыемства

Пад музыку («А ў Марусі хата на памосце», гурт “Бяседа”) дзеці ўваходзяць у залу.

Вядучая. Дарагія, мілыя, самыя добрыя і любімыя нашы мамы! Хай сыдзе ўвесь смутак і спраўдзяцца вашы мары! Хай людзі ўсяго свету дораць вам дабро і ўсмешкі! Няхай вашы рукі застаюцца ў памяці вашых дзяцей самымі пяшчотнымі! Няхай цяпло і святло вашых вачэй азараюць іх жыццёвы шлях. Са святам вас, з Днём маці!

Дзеці (чытаюць вершы).

Мая мама добрая такая,
Мая мама проста залатая! 
А ўжо так мяне матулька любіць! 
Кожны раз і песціць, і галубіць,
І да сэрца горне, і мілуе, 
І так шчыра-моцна пацалуе, 
І прамовіць ласкавае слоўца, 
І сама засвеціцца – як сонца
Больш, чым сонейка на небе, 
Дзецям мамачка патрэбна, 
Бо яна так дзетак любіць, 
Іх выхоўвае, галубіць: 
Колю, Васю, Таню, Мішу, 
Надзю, Юлечку-малышку.
Так надзейна, так утульна 
Побач з родненькай матуляй. 
І ніхто, ніхто на свеце 
Не заменіць маму дзецям!

 

Дзеці садзяцца на крэслы.

Вядучая. А зараз мы пачынаем нашу гicторыю. (Гучыць любая фонавая павольная музыка.) У адным беларускім мястэчку жыла-была Мама, і было ў гэтай Мамы шмат дзетак. Бацька дзетак памёр, але Мама ўсяляк спрабавала зрабіць так, каб дзеткі ўсё мелі і былі шчаслівымі.
Танец «Сланечнік» (муз. В.Карпанава, сл. Л.Пранчака)    

Усе дзеткі былі таленавітыя: пелі, танцавалі, гралі на музычных інструментах. Хлапчукі марылі граць у рок-гурце, а дзяўчаты таксама марылi стаць артысткамі. Кожны дзень дзятва забаўлялася.

Беларуская народная песня «Саўка ды Грышка»

Шчаслівымі і вясёлымі былі дзеткi. Штодня яны гулялi ў гульнi. Вельмі любiлі гуляць у «Пярсцёначак».

Беларуская народная гульня «Пярсцёначак»

Дзяўчаты вельмі любілі танцаваць пад акампанемент баяна, на якім па-майстэрску граў старэйшы брат.
Жартоўны танец «Беларуская полька»

Вядучая. Вельмі Мама любіла сваіх дзетак, а тыя вельмі любiлi яе. Зранку ўсё было нагатавана, прыбрана. Цэлы дзень яна старалася быць са сваімі малюпахамі, а ўвечары, калі дзетак укладала ў ложкі і калі яны засыналі, ішла на працу. 

Дзеці.

Першы голас, які я пачула на свеце, 
Быў голас маці. 
Калыханку пад месяцам і на дасвецці 
Спявала мне маці. 

Гэта – першая песня 
І першае слова 
Зямлі маёй весняй. 
Гэта – ціхая ласка 
І міру ахова. 
Дзякуй, маці, за песню! 

Калыханка (муз. В.Раінчыка,сл. Г.Бураўкіна)

Вядучая. Але час ішоў, і дзецi станавіліся дарослымі, жаніліся і з’язджалi з мястэчка ў розныя гарады ды краiны.  
Мама вельмі сумавала па сваіх дзетках. Яна часта тэлефанавала ім і прасіла: 
“Прыедзьце да мяне, прывязіце ўнучат. Я так хачу паглядзець на іх, прытуліць, пацалаваць…” 

Але яе дзеткі казалі, што зараз якраз не маюць часу, але крыху пазней абавязкова прыедуць.

Так ішлі гады, а дзеткі ўсё не ехалі. Пра ўсё яны забылі: і пра Маму, і пра свае мары дзяцінства. 
Паступова Мама перастала звяртаць увагу на тое, як яна апранаецца, што есць; перастала сустракацца і размаўляць з іншымі людзьмі. Вочы ў яе згаслі. Толькі музычныя інструменты нагадвалі ёй пра дзетак і трымалі пры жыцці. 

Маці перастала выходзіць на вулiцу. Двор зарос высокай травой. Хата пахілілася i пачала выглядаць, як у жахлівых казках.

Людзі пачалі баяцца гэтага месца, а жанчыны пачалі палохаць сваіх непаслухмяных дзетак тым, што прыйдзе злая цётка і забярэ іх у сваю жудасную хатку. 
Так Мама, якую забылі дзеткі, пераўтварылася ў Бабу-Ягу. Не, яна не была злая, але суседзі самі страшыліся яе, з-за таго што яна пазбягала людзей.
 І вось аднаго разу ляцелі над хатай, дзе жыла Маці, анёлы.

Гучыць музыка, па зале «лятаюць анёлы», спыняюцца, чытаюць вершы:

Высока на ўзгорку,
Між сосен і хвой,
Хаціна малая
Стаіць над ракой.
Далёка дарога
З той хаты відна,
Жыве ў ёй
Старэнькая маці адна.
Праз вокны на шлях
Паглядае штодзень, –
А можа, хто едзе,
А можа, хто йдзе!
А потым падыдзе
Ціхом да сцяны –
На картках там
Дочкі яе і сыны.
I маці ўздыхае,
Бо помніць яна,
Калі з іх каторы
Хадзіць пачынаў.
Яшчэ прыгадала,
I пала сляза,
Якое хто першае
Слова сказаў.
Былі яны разам
У тыя гады,
Цяпер разышліся,
Каторы куды!

Анёл 1. Ці чуеш ты, як матчына сэрца стогне?
Анёл 2. Так, яно рвецца ад жалю! Трэба дапамагчы (анёлы сядаюць каля Мамы)!

Вядучая. Сабралі анёлы ўсе Маміны слёзкі, улілі іх у мяхі дуды, і паляцелі да дзетак, а потым як зайгралі. Сум і туга паліліся і растапілі зацягнутыя павуціннем і каменнем сэрцы дзетак. Кінулі яны ўсе свае справы і паляцелі да сваёй матулі. 
Дзецi (акружаюць матулю).
– Мамачка, любая, як мы даўно цябе не бачылі!
– Прабач ты нас, сваіх дзетак, за тое, што цябе кінулі-пакінулі, забыліся пра цябе.
– Мы заўжды будзем з табой! 

Танец «Мама» («Матуля», З.Вайцюшкевіч)

Вядучая. А Маме, як любой маме, нічога больш і не трэба. Толькі, каб дзеткі яе былі здаровенькія, шчаслівыя і яе любілі. 
Узрадавалася Мама, што дзетак сваiх убачыла, і адразу змянілася. Перастала плакаць і стала ўсміхацца. Разам яны ўсе заспявалі і затанцавалі.

Беларуская народная песня «Зайграй жа мне, дударочку»

Вядучая. А зараз прапаную пагуляць.

Беларуская народная гульня «Гарлачык»

Вядучая. Ажываць пачала хатка. Паправiлi сыночкі дах і плот, вычысцілі дочкi дворык і ніколі больш не кідалі сваю матулю. Дзецi часта тэлефанавалі і прыязджалі да сваёй Матулі, прывозілі да яе ўнукаў. А яна жыла доўга і шчасліва. 

Дзеці (чытаюць вершы).

Ласкавая, мілая, светлая 
Любімая мама мая. 
Яна, як бярозка, прыветная, 
Што свеціцца ля ручая.
Яна, нібы яснае сонейка, 
Што ззяе над роднай зямлёй. 
Прашу я ў Бога здароўечка 
Для мамачкі любай маёй. 
Прашу я ў Госпада міласці 
Для ўсіх, хто шануе яе, 
Каб вочы ад шчасця свяціліся 
У добрых, як мама, людзей.
Не пакрыўджу цябе, 
З тваіх сцежак не збочу, 
Засланю ад нягоды. 
Я хачу, каб свяціліся радасцю вочы 
І жыла ты заўсёды!

Вядучая. Калі вы не хочаце, каб ваша мама стала Бабай-Ягой, то даглядайце, клапаціцеся і, галоўнае, любіце сваю маму. Толькі так яна назаўжды застанецца самай шчаслівай матуляй у свеце. 

Танец «Маці» (муз. В.Карпанава, сл. Л.Пранчака).    

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий