Вялікі Воўк і маленькая Пчолка. Тэатральная пастаноўка для тэатра батлейка для дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту (паводле беларускай народнай казкі)

- 16:44ДОШКОЛЬНОЕ ОБРАЗОВАНИЕ, Дошкольное образование. Сценарии, Методичка

Інсцэніроўка беларускай народнай казкі для тэатра батлейка, дзе ўсе ролі, за выключэннем Скамароха, які з’яўляецца апавядальнікам, выконваюць дзеці старэйшага дашкольнага ўзросту.

 

Вольга САРОКІНА,
музычны кіраўнік
ДУА “Дзіцячы сад № 19 г. Ліды”,
Гродзенская вобласць
sorokina_1979@bk.ru

 

У нашай дашкольнай установе прыкладаюцца намаганні для адраджэння цікавасці дзяцей і дарослых да беларускага лялечнага тэатра батлейка: рукамі педагогаў і бацькоў створана аўтэнтычная двух’ярусная скрыня, да кожнага спектакля абнаўляецца набор персанажаў.

Але падчас сваёй працы я сутыкнулася з недахопам мастацкага матэрыялу для пастановак: традыцыйныя батлеечныя спектаклі на рэлігійныя тэмы занадта складаныя для ўспрымання і прайгравання іх дзецьмі, а ў перыядычных выданнях практычна адсутнічаюць сцэнарыі батлеечных спектакляў менавіта для дашкольнікаў. Уся справа ў тым, што не ўсе лялечныя спектаклі падыходзяць для гэтага віду тэатра, тут трэба ўлічваць характэрныя асаблівасці менавіта вашай скрыні: колькі там ярусаў, якія лакацыі задзейнічаны. Напрыклад, у нашай батлейцы верхні ярус – гэта традыцыйная беларуская хатка, а ніжні – лес. Таму месца дзеяння ў казцы павінна быць абмежавана толькі гэтымі лакацыямі. Характар перамяшчэння лялек у батлеечным спектаклі таксама ўносіць свае абмежаванні, таму неабходна прадумваць загадзя ўсе элементы і траекторыі перамяшчэнняў герояў. У сувязі з гэтым я прыйшла да неабходнасці стварэння сцэнарыяў батлеечных спектакляў.

Дзеці старэйшага дашкольнага ўзросту з’яўляюцца не толькі гледачамі, але і непасрэднымі ўдзельнікамі спектакляў батлейкі – з дапамогай інтанацый свайго голасу і рухаў лялькі яны ажыўляюць казкі.

Хачу прапанаваць інсцэніроўку беларускай народнай казкі для тэатра батлейка, дзе ўсе ролі, за выключэннем Скамароха, які з’яўляецца апавядальнікам, выконваюць дзеці старэйшага дашкольнага ўзросту.

 

Мэта: выхаванне ўстойлівай цікавасці да беларускай мовы сродкамі фальклору; далучэнне выхаванцаў да міру тэатра батлейка.

Праграмныя задачы:

– працягваць развіваць цікавасць дашкольнікаў да тэатра батлейка;
– развіваць творчыя здольнасці, уменне перадаваць у ролі настрой, характар персанажа, выразнасць вобраза;
– выхоўваць каштоўныя зносіны да багаццяў беларускай мовы.

Падрыхтоўчы этап

1 Стварэнне лялек для батлейкі.
2 Выраб неабходных дэкарацый для двух паверхаў батлейкі.
3 Размеркаванне роляў згодна пажаданням і здольнасцям дзяцей.
4 Пошук і стварэнне музычнага суправаджэння спектакля.
5 Работа па тэксце інсцэніроўкі: над выразнасцю маўлення, мізансцэнамі.
6 Авалоданне дзецьмі прыёмамі лялькаваджэння ў тэатры батлейка.
7 Рэпетыцыя з дэталямі дэкарацый і рэквізіту з музычным суправаджэннем.

Матэрыял і абсталяванне: касцюм Скамароха для дарослага, лялькі на шпянях (трус, воўк, конь, пчолка), аўдыязапісы, тэатр батлейка з дэкарацыямі, музычны цэнтр.

Дзеючыя асобы: Скамарох – дарослы; Трус, Воўк, Конь, Пчолка – дзеці.

 

Ход мерапрыемства 

Скамарох. На ўскрайку лесу ў прыгожай, маленькай хацінцы жыў трусік.

Пад музыку на верхнім ярусе батлейкі з’яўляецца Трусік.

Трусік.

У маёй хацінцы
Пад лясной ялінкай
Добра я жыву,
Песенькі пяю.

 

Скамарох. І вось аднойчы ён пайшоў у лес.

Пад гучанне вясёлай мелодыі Трусік перасоўваецца на ніжні ярус батлейкі, “у лес”.

Скамарох. І як вы думаеце, каго ён там сустрэў? Злога Ваўка.

З іншага боку батлейкі пад музыку на ніжнім ярусе з’яўляецца Воўк.

Воўк. Я – вялікі, злы Воўк. Я хачу цябе з’есці.

Скамарох. Маленькі Трусік задрыжаў і як мага хутчэй пабег дадому.

Пад музыку Трусік і Воўк знікаюць, з’яўляюцца на верхнім ярусе батлейкі, у хаце.

Воўк. Ой, якая ў цябе прыгожая хатка. Я тут буду жыць, а цябе – з’ем!

Трусік. Ой-ой-ой! (Уцякае з хаты, перасоўваецца на ніжні ярус батлейкі)

Скамарох. Бяжыць Трусік, бяжыць, а насустрач яму Конь.

Пад музыку з супрацьлеглага боку выходзіць Конь.

Трусік. Ой, Конік, дарагі Конік, дапамажы мне! Я не магу ўвайсці ў сваю хату. Там вялікі Воўк, ён хоча мяне з’есці.

Конь. Не, Трусік, я не магу табе дапамагчы. Я не вялікі і не дужы. Воўк мяне таксама можа з’есці.

Трусік (уздыхае). Бывай!

Пад музыку знікаюць.

Скамарох. Бяжыць наш Трусік далей, а насустрач яму Сабака.

Пад гучанне музыкі з процілеглых бакоў батлейкі з’яўляюцца Трусік і Сабака.

Трусік. Ой, Сабака, дарагі Сабака, дапамажы мне! Я не магу ўвайсці ў сваю хату. Там вялікі Воўк, ён хоча мяне з’есці.

Сабака. Не, Трусік, я не магу табе дапамагчы. Я не вялікі і не дужы. Воўк мяне таксама можа з’есці.

Трусік (уздыхае). Бывай!

Пад музыку Сабака знікае.

Трусік (плача). Што мне беднаму рабіць?

Пад музыку з’яўляецца Пчолка.

Пчолка. Чаго, Трусік, плачаш, ж-ж-ж-ж?

Трусік. Ой, Пчолка, малюсенькая Пчолка! Я не магу ўвайсці ў сваю хату. Там вялікі Воўк, ён хоча мяне з’есці. Конь не можа мне дапамагчы. Сабака не можа мне дапамагчы. І ты мне не зможаш дапамагчы. Ты маленькая.

Пчолка. Я маленькая, але я табе дапамагу. Хадзем у тваю хатку.

Пад музыку Пчолка і Трусік заходзяць у хату.

Воўк. Прэч адсюль. Я жыву ў гэтай хаце. Я вас з’ем.

Скамарох. А маленькая Пчолка лятае і лятае.

Пад гучанне музыкі “Палёт чмяля” Рымскага-Корсакава Пчолка лятае.

Пчолка. Зараз уджалю Ваўка!

Воўк. Ой-ой-ой!

Пчолка. Раз уджалю… другі… трэці…

Скамарох. Вялікі Воўк схапіўся і пабег з трусікавай хаты. Ажно пяткі заблішчалі.

Пад музыку Воўк знікае.

Трусік. Вось так я зноў жыву ў сваёй хатцы.

Пчолка. А я прылятаю да Трусіка ў госці.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий